Рабочая паездка ў Талачынскі раён Віцебскай вобласці
- 45
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 лістапада зрабіў рабочую паездку ў Талачынскі раён Віцебскай вобласці.
Кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ "Амкадор-КЭЗ". Прадпрыемства з'яўляецца адзіным у Беларусі вытворцам меліярацыйных машын і аднакаўшовых гідраўлічных экскаватараў на гусенічным і колавым ходзе, а таксама траншэекапальнікаў. Завод таксама вырабляе бульдозеры, тэлескапічныя пагрузчыкі, ачышчальнікі каналаў і касілкі.
У час наведвання прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што выпуск тэхнікі для меліярацыі - эканамічна выгадны напрамак і яго неабходна далей развіваць.
"Трэба развіваць гэты напрамак. Гэта грашовы напрамак, эканамічна выгадны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што адпаведная тэхніка запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, у прыватнасці ў Расіі.
Прэзідэнту далажылі, што прадпрыемства развіваецца ўстойліва. Як вытворчасць у Коханаве, так і ў цэлым холдынг "АМКАДОР". У тым ліку пры крэдытнай падтрымцы дзяржавы рэалізуецца шэраг імпартазамяшчальных праектаў. Кампанія плануе нарошчваць інвестыцыі.
У прыватнасці, вытворчасць у Талачынскім раёне мае патрэбу ў дадатковай рабочай сіле і гатова наймаць людзей. Адзін з бонусаў - садзейнічанне ў вырашэнні жыллёвага пытання.
"Каб утрымаць людзей, трэба, каб было жыллё. А колькі трэба кватэр цяпер?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. Яму адказалі, што ўжо каля 35-40.
Прэзідэнт падкрэсліў, што бачыць у вытворчасці, як і ў населеным пункце ў цэлым, перспектывы. Тым больш што вытворчасць "АМКАДОРа" тут не адзіная. Напрыклад, ёсць дрэваапрацоўчае прадпрыемства, якое рэалізуе праект па выпуску камплектуючых для сучаснага драўлянага домабудавання. Інавацыйныя падыходы дазваляюць будаваць такія дамы вышынёй да васьмі паверхаў.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на запатрабаванасць праекта, у тым ліку ў плане экспартнага патэнцыялу. Пры параўнальна невялікіх укладаннях можна атрымаць добрую аддачу. Зноў жа, задзейнічана мясцовая сыравіна, працоўныя рэсурсы, рэалізуюцца мэты рэгіянальнага развіцця.
"Калі бачыце рынак, то гэта трэба імгненна рабіць. Калі патрэбны гэты праект, мы падтрымаем яго. Дамы трэба будаваць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Калі гэта праект нармальны, значыць, трэба яго праінвесціраваць і пабудаваць. Тым больш гэта працоўныя месцы, сыравіна, якую мы не заўсёды перапрацоўваем".
"Дамы трэба будаваць. Па-мойму, расіяне нешта робяць такое", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Губернатар Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін пацвердзіў, што гэта так. "І да нас хацелі заходзіць літоўцы з гэтым праектам", - дадаў ён.
Прэзідэнт на гэта рэзка і адназначна адрэагаваў: "Каб я блізка не бачыў вашых больш тут літоўцаў, фінаў і іншых. Мы ведаем, як яны заходзілі і як яны пакідалі ўсё і павыходзілі. Мы ведаем гэта. І цяпер, не хачу называць прадпрыемства, ужо мне сігналізуюць, што адны збеглі, фіны. А літоўцы бегаюць, шукаюць, як гэта, каб не кінуць прадпрыемства, а яго добра прадаць. Дык вось яны павінны ведаць, што ніхто нічога не прадасць з замежным капіталам. Гэта будзе нацыяналізавана. Вось і ўсё".
Пасля падрабязнага даклада аб стане спраў у холдынгу і на прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка наведаў вытворчасць і мадэрнізаваныя цэхі.
Увазе Кіраўніка дзяржавы таксама прадставілі шырокую лінейку выпускаемых машын, асноўных вузлоў і камплектуючых, створаных у рамках праграмы па імпартазамяшчэнні, прадэманстравалі работу меліярацыйнай тэхнікі на практыцы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўжо дастаткова створана вытворчасцей па тых напрамках, якія выводзяць нацыю на новы ўзровень. Гэта, напрыклад, БНБК, тэхналогіі ў сферы космасу. Але цяпер трэба звярнуць увагу і паглыбляць кампетэнцыі па раней асвоеных напрамках, у тым ліку ў машынабудаванні. "Давайце будзем развіваць кампетэнцыі і лакалізацыю ў Беларусі. На гэта трэба ісці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У развіццё тэмы Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пленарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара-нарады па пытаннях аднаўлення і выкарыстання ў Беларусі меліярацыйных зямель.
Удзельнікамі семінара-нарады сталі вышэйшыя службовыя асобы, члены Урада, прадстаўнікі міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і іншых дзяржарганізацый, старшыні аблвыканкамаў, кіраўнікі раёнаў і землеўпарадкавальных службаў.
"Сёння размова аб самым важным - аб меліярацыі. Важным, таму што далей цягнуць нельга. Трэба, як ва ўмовах ваеннага часу, загрузіцца і вырашыць гэту праблему. Для гэтага ў нас ёсць усё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што гэта работа пачалася ў 70-я гады мінулага стагоддзя і прадаўжалася амаль 20 гадоў. Па маштабе і значнасці для Беларусі гэта быў, па сутнасці, аналаг плана электрыфікацыі маладога СССР.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, сілы і сродкі ў гэта былі ўкладзены каласальныя. У Беларусі ператварылі частку балот у ворныя палі і адрадзілі сельскую гаспадарку. "Інтэнсіфікацыя вытворчасці, змяненне сельскага побыту - гэта два галоўныя пазітыўныя вынікі той каласальнай работы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
На сённяшні дзень плошча меліяраваных зямель у Беларусі складае 37% ад усіх сельгасугоддзяў - амаль 3 млн га. Асноўная частка - 80% - сканцэнтраваны ў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. "На гэтых землях вырабляецца трэць раслінаводчай прадукцыі, у тым ліку звыш палавіны зялёных кармоў, неабходных для жывёлагадоўлі. Таму пытанне, быць ці не быць меліярацыі ў Беларусі, сёння нават не абмяркоўваецца. Маё жорсткае патрабаванне застаецца ранейшым: кожны кавалачак такой зямлі павінен быць выкарыстаны на карысць краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб фінансаванне гэтых работ ажыццяўлялася ў тым ліку і самімі прадпрыемствамі. "Гэта абгрунтавана. Сёння мы замахнуліся на 8 мільярдаў долараў экспарту. Значыць, грошы можна зарабіць. І па-другое, вы ж гэтыя сельскагаспадарчыя землі будзеце з нашай дапамогай асвойваць для таго, каб гэтыя праекты акупіць потым. Таму мы і прафінансуем вас у нейкай долі. Але і вы павінны ў гэтым паўдзельнічаць. Няхай гэта будзе дзве капейкі, але абавязкова павінны ўкласціся. Каб цанілі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Каб расставіць прыярытэты ў гэтым напрамку, намеціць стратэгію і тактыку, мы сёння і праводзім нашу сустрэчу ў пашыраным складзе", - дадаў ён.
"На парадку дня тэма не новая, але важнейшая для нашай сельскай гаспадаркі. Не буду спрачацца, калі нехта крытыкуе, што мы, можа, не зусім своечасова пачалі гэту другую або трэцюю хвалю па меліярацыі. Мною прынята настойлівае рашэнне, жалезнае рашэнне аб тым, што нам трэба меліярацыя. Нават сёння пытанне ў нас стаіць шырэй - гэта не толькі меліярацыя, гэта культура земляробства. Вядома, меліярацыя - гэта асноўнае звяно. Як бы ні было цяжка, два-тры гады - мы павінны рэалізаваць тыя планы, якія некалі намецілі на дзесяць гадоў. Мы іх не выканалі, не выконваем і ў гэтым годзе. Але я атрымаў запэўненні ўрада і асабіста віцэ-прэм'ера (Леаніда Зайца. - Заўвага), што запланаваныя на бягучы год плошчы меліярацыі будуць выкананы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Сёння, адзначыў Прэзідэнт, беларускія вёскі набываюць новы выгляд. Невялікія вёскі ў іх класічным разуменні знікаюць, на іх месцы з'яўляюцца аграгарадкі. "Вёска становіцца іншай. Не будзе гэтых вёсак старых, якіх у нас сотні тысяч было. Будуць аграгарадкі. Застануцца вялікія вёскі. Праз 10-15 гадоў работы, а можа, і раней будуць толькі аграгарадкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што людзі ў малых населеных пунктах хочуць мець усе выгоды і жыць камфортна, у добрых дамах. "У кожнай вёсачцы і на хутары мы гэта не пабудуем, таму прыйшлі да таго, каб будаваць аграгарадкі. Каб яны былі па ўзроўні жыцця такімі ж, як у горадзе. А паколькі гэта будзе яшчэ аграгарадок у вёсцы, то людзі будуць туды імкнуцца яшчэ ў большай колькасці. Калі мы створым хаця б такія рабочыя месцы, як тут (размова аб прадпрыемстве "Амкадор-КЭЗ" у вёсцы Коханава Талачынскага раёна. - Заўвага) і як у лепшых нашых гаспадарках", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на прывядзенне ў парадак занядбаных прысядзібных участкаў. Нават вакол Мінска, як сказаў Прэзідэнт, "цёмная ноч". "Гэтыя прысядзібныя ўчасткі трэба прыводзіць у парадак, - запатрабаваў ён. - І думаць, што там вырошчваць".
"Акрамя меліярацыі нам трэба ўвесці ў севазварот усе гэтыя прысядзібныя ўчасткі. І мы 100-150 тысяч тон збожжа зможам атрымаць за кошт гэтых зямель", - перакананы Прэзідэнт.
Яшчэ адным актуальным напрамкам для работы, што не церпіць адкладу, Кіраўнік дзяржавы назваў распрацоўку старых ферм. "Мы недзе пабудавалі комплексы, кінулі гэтыя фермы. Падыходзілі да гэтага пытання. Нехта іх драбніў, нехта іх закопваў на месцы на тры метры ў глыбіню. Але ўсё павінна быць распрацавана, прыведзена ў адпаведнасць, і там трэба вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры. Для гэтага ў вас два гады", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
"Перада мной інфармацыя Камітэта дзяржаўнага кантролю і Урада. Скажу адкрыта, яна мяне насцярожвае. Толькі асноўныя моманты. У рэспубліцы на пачатак пяцігодкі налічвалася 412 тыс. га раней меліяраваных зямель, якія знаходзяцца ў сумным становішчы. Проста кажучы, з-за безгаспадарчасці яны ператварыліся ў зарослыя кустоўем канавы і балоты, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Але і мы ў гэтым вінаваты, што гэтаму не ўдзялялі ўвагі. Мы ўсё глядзелі, як бы нам больш збожжа атрымаць, больш мяса, малака прадаць, грошы і гэтак далей. Але мы забылі пра галоўнае, хто прыносіць гэтыя грошы - гэта сельская гаспадарка. Людзі і зямля. Вось зямлі мы ўдзялялі мала ўвагі".
Як дакладваюць Прэзідэнту, у 2021 годзе ў сельгасабарот удалося вярнуць усяго толькі 27,5 тыс. га. Ураду разам з аблвыканкамамі раней была пастаўлена задача ў 2022 годзе падвоіць, а можа і патроіць, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, тэмпы работ. "Тады мы выйдзем на патрэбныя тэмпы. Прычым усе неабходныя рашэнні прыняты, - заўважыў ён. - Спрошчаны парадак вядзення меліярацыйных работ. З рэспубліканскага бюджэту ў гэты няпросты час знайшлі дадатковыя 66 мільёнаў рублёў на асноўныя работы. Яшчэ 15 мільёнаў выдзелілі на закупку айчыннай меліярацыйнай тэхнікі і абсталявання".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэджвае: усе работы павінны быць падлічаны. "Барані вас бог, вы недзе ўкрадзеце або прашлёпаеце хоць адну капейку. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю тут прысутнічае, атрымаў адпаведнае даручэнне. Гэта нядобра, што мы стараемся вывудзіць кожную капейку, а там бесшабашна да гэтага адносяцца. Таму кантроль будзе вельмі жорсткі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Тое ж самае і па тэхніцы. Усё падлічылі: затраты, сабекошт - усё да капейкі. Лішніх грошай няма. Прыкладаць намаганні і ўкладвацца давядзецца ўсёй краіне".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што калі б гэтыя 412 тыс. га меліяраваных зямель сёння эфектыўна выкарыстоўваліся, то экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі вырас бы ў два разы, а ўраджайнасць была б яшчэ вышэйшай.
"Урад запэўніваў, прынятыя меры ў 2022 годзе вернуць у сельскагаспадарчы абарот амаль 55 тысяч гектараў зямлі. Але што мы атрымалі? Да 1 лістапада толькі 31 тысячу. Вось палічыце, колькі вам яшчэ трэба да канца года, як раней гаварылі, здаць у эксплуатацыю зямельных угоддзяў. А да канца года менш за два месяцы. Скажу адкрыта: мяне насцярожвае такое стаўленне. Тым больш, як дакладвае Камітэт дзяржкантролю, існуючыя праблемы і недахопы, а таксама факты безгаспадарчасці з году ў год паўтараюцца. Абазначу асноўныя", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Першае. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што 20 раёнаў рэспублікі ліквідавалі свае арганізацыі, якія адказвалі за меліярацыю. У Віцебскай вобласці - 5 раёнаў, Гродзенскай - 8 раёнаў, Магілёўскай - 7 раёнаў. Прэзідэнт запатрабаваў вызначыцца, дзе патрэбны меліярацыйныя арганізацыі, а ў якіх раёнах можна абысціся без іх. Але парадак у гэтым пытанні павінен быць наведзены, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Вы паглядзіце аптымальна на тыя плошчы, якія мы будзем аднаўляць і, магчыма, дзе будзем дадаткова весці меліярацыю, - сказаў ён. - Плюс, можа, адно-два ПМК трэба недзе дабаўляць. Але пакуль гэтыя трэба адрадзіць і загрузіць іх работай".
"Зразумела, пайшоў адток і супрацоўнікаў, асабліва рабочых спецыяльнасцей. За 6 гадоў колькасць работнікаў зменшылася на 3,5 тыс. чалавек, або амаль на 30 працэнтаў. Без людзей мы нічога не зробім", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу, што беларускія прадпрыемствы, той жа "Амкадор", гатовы абучыць людзей. Тым больш вопыт такі ёсць: у Беларусі ў свой час па просьбе Венесуэлы падрыхтавалі спецыялістаў для сферы будаўніцтва і машынабудавання.
Як паказала праверка, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, прадпрыемствы меліярацыйных сістэм у Навагрудскім, Слонімскім і Смаргонскім раёнах паўгода не маглі выкарыстоўваць тэхніку з-за адсутнасці механізатараў.
Каб прыцягнуць кваліфікаваны персанал, трэба таксама забяспечыць людзям камфортныя ўмовы жыцця ў вёсцы, заўважыў кіраўнік дзяржавы. Перш за ўсё гэта датычыцца жылля. "Мы патаннілі кошт лесу. Трэба - яшчэ патаннім, - заявіў ён. - Лес часам гіне, а мы не можам чалавеку даць гэту рэйку падлогі, плінтус нейкі або бервяно, каб вырабіць дом. Трэба - патаннім, але ўсё гэта павінна быць пад кантролем. Арэнднае жыллё павінна быць: мы павінны аддаць прадпрыемству, а яно ў арэнду людзям".
Другое. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, зашкальвае ўзровень зносу меліярацыйнай тэхнікі. Ёсць факты прастояў па паўтара года з-за рамонтных работ. "Розуму недаступна. Найбольш вострая сітуацыя - у Віцебскай і Магілёўскай абласцях", - канстатаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт нагадаў аб сваіх папярэдніх даручэннях: неабходна аднаўляць старую тэхніку, а самі вытворцы павінны дапамагаць сельгаспрадпрыемствам рамантаваць машыны. "Трэба правесці рэвізію ўсёй гэтай тэхнікі, а дзяржкантроль пракантралюе. Няхай кіраўнік адкажа, чаму пад агароджай стаіць гэта дарагая тэхніка. Усіх узварухнём і кожны адкажа!" - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
Трэцяе. У апошнія гады рэзка ўпала якасць работ, што звычайна на фоне такога стаўлення да справы, заўважыў Прэзідэнт.
"Непрыглядныя прыклады прадаўжаюць выяўляцца абсалютна па ўсіх рэгіёнах краіны. Пры гэтым я павінен сказаць, што ўсе ПМК, я абсалютна перакананы, умеюць якасна ажыццяўляць работу. Дык рабіце. Мабілізуйце людзей. Без жалезнай дысцыпліны і парадку вы нічога не зробіце. І вядома, кулаком людзей сёння цяжка прымусіць працаваць - людзям трэба заплаціць. І нармальна плаціць, і дапамагаць. Людзі за добрыя грошы ў нас гатовы працаваць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але вяршыня ўсіх непарадкаў - агіднае выкарыстанне меліяраваных зямель пасля іх рэканструкцыі".
Так, у дзвюх гаспадарках Пастаўскага раёна 60 га зямель пасля рэканструкцыі зараслі. У Клічаўскім раёне меліяравалі і кінулі 30 га зямель, Клімавіцкім - 25, Навагрудскім - 6.
"Гэта толькі прыклады. А колькі іх кінутых такіх? Але ж у прыярытэтным парадку прывялі ў парадак землі, а вы кінулі іх. За гэта нехта павінен адказаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Чацвёртае. Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на факты прыпісак пры выкананні работ, што, паводле яго слоў, катэгарычна не дапушчальна. Паводле інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю, у арганізацыях Астравецкага раёна прыпіскамі "зарабілі" сабе Br36,5 тыс., Кобрынскага - Br22 тыс., Акцябрскага - амаль Br25 тыс.
"А калі нармальна палічыць, там будуць страты яшчэ большыя. Гэта ўкрадзеныя грошы. Такое бязмежжа недапушчальна. Мала таго, што не выконваеце планы, не выкарыстоўваеце землі, дык яшчэ і прыпіскамі пакрываеце сваю безгаспадарчаць. Калі нехта засядзеўся, як у нас гавораць, забурэў, аслеп і не бачыць умоў, у якіх мы сёння жывём (умовы ваеннага часу, чарговы раз гэта паўтараю), паверце, у мяне хопіць улады прывесці адпаведных людзей да прытомнасці. І Урад, і аблвыканкамы. Я не пагражаю, але сітуацыя такая, што людзі рэдка разумеюць добрае слова і тыя задачы, якія ставяцца ў спакойным рэжыме, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Трэба нам сёння з вамі вырашаць, як павялічыць аб'ёмы работ, знайсці крыніцы фінансавання, забяспечыць тэхнічнае перааснашчэнне профільных прадпрыемстваў. А яшчэ - узмацніць патрабаванне за зробленае і нязробленае".
"Праблемы ў гэтай сферы дасягнулі крытычнага ўзроўню. Яшчэ 5-7 гадоў - і да вырашэння гэтых праблем вяртацца будзе немагчыма. Таму што ў нас не будзе вялікіх сродкаў для таго, каб нанава праводзіць меліярацыю. Нам жа не трэба, як 50 гадоў таму, нешта будаваць з нуля. Цяпер асноўная задача - эксплуатацыя і рэканструкцыя пабудаваных ужо меліярацыйных сістэм. Іх у нас без нечага па рэспубліцы пяць тысяч. Гэта значыць неабходна звычайнае падтрыманне ўсіх збудаванняў у спраўным стане шляхам своечасовага правядзення рэгламентных работ па тэхнічным доглядзе і рамонце, рэканструкцыі шлюзаў-рэгулятараў, паводкавых вадаскідаў і гэтак далей. Як я часта кажу, жалезная дысцыпліна і парадак. Толькі выконвайце тое, што павінны", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Тым больш, на яго думку, патэнцыял ёсць. "Яго проста трэба выкарыстоўваць максімальна", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ўся лінейка тэхнікі вырабляецца ў краіне. Ні ад якога імпарту і санкцый у гэтым пытанні Беларусь не залежыць. "Гэта палова справы ўжо, калі ёсць тэхніка", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, захаваны Інстытут меліярацыі ў сістэме Акадэміі навук Беларусі. Ён займаецца распрацоўкамі навуковага суправаджэння меліярацыйных работ, павышэння эфектыўнасці абслугоўвання меліярацыйнай сеткі. "Вучоны як ніхто іншы павінен растлумачыць усім выгаду меліярацыі. Гэта ж не прыхамаць нейкая. Тэрмін акупнасці праектаў рэканструкцыі асушальных сістэм складае ад 9 да 12 гадоў. Але так было ва ўмовах 2019-2020 гадоў. Пры цяперашніх цэнах, перш за ўсё на збожжа, і з улікам штогадовага прыросту па рэканструюемых аб'ектах меліярацыі (мінімум плюс 40 цэнтнераў кармавых адзінак з гектара) гэта акупнасць усіх затрат зменшыцца да 3-4 гадоў, ну 5, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Назавіце такі праект з акупнасцю 5 гадоў. Любы бізнесмен за яго возьмецца".
"Паслухаем Урад, губернатараў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, што будзе зроблена для выканання запланаваных аб'ёмаў па меліярацыі зямель, а таксама для выхаду на стабільную і эфектыўную работу меліякомплексу. Усё ж такі там 135 арганізацый (22 Мінсельгасхарчу належаць і 113 камунальнай формы ўласнасці), у якіх працуюць амаль 10 тысяч чалавек. Гэтыя людзі павінны мець фронт работы не толькі да канца пяцігодкі. А ўжо сёння разумець, чым будуць займацца ў 2030 годзе, магчыма, і ў 2035-м. Сёння абмяркоўваем, выпрацоўваем і прымаем рашэнні: якія аб'ёмы, крыніцы фінансавання патрэбны. Задача ўсё падлічыць і ўзважыць ставілася неаднаразова", - нагадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы спытаў, якой будзе рэальная эканамічная аддача ад гэтых укладанняў і праведзеных мерапрыемстваў. "Тых, хто будзе выступаць, я папрашу захоўваць рэгламент. Не трэба агітаваць нас, мы ведаем, што трэба рабіць, людзі тут дасведчаныя, усё разумеюць і ведаюць, самасправаздачы таксама нікому не патрэбны. Строга па справе. І пасля вяртання дадому пасля гэтых мерапрыемстваў павінна быць зразумела кожнаму: што рабіць, як і ў якія тэрміны", - рэзюмаваў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў запланаваць у прэзідэнцкім графіку наведванне меліярацыйнага аб'екта, каб на месцы азнаёміцца з работамі ў гэтай сферы.
У час нарады віцэ-прэм'ер Леанід Заяц далажыў аб мерах па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання меліяраваных зямель. Такія землі ёсць ва ўсіх раёнах краіны. "Фонд меліяраваных зямель - гэта важная аснова для фарміравання харчовай бяспекі", - падкрэсліў ён.
Віцэ-прэм'ер агучыў падыходы да вырашэння існуючых праблем у галіне. Акцэнт на эксплуатацыйнае абслугоўванне меліярацыйных сістэм, і тэмпы будуць нарошчваць, як таго патрабуе Прэзідэнт.
Леанід Заяц упэўнены, што пастаўленыя задачы па ўводзе ў абарот раней меліяраваных зямель можна забяспечыць ва ўстаноўленыя тэрміны, для гэтага ёсць усё неабходнае. У тым ліку ў краіне захаваны меліярацыйны комплекс, ёсць праектныя арганізацыі, навукова-даследчы інстытут, а спецыялістаў адпаведнага профілю рыхтуюць у сістэме адукацыі. Ёсць і неабходная айчынная тэхніка, як маглі пераканацца ўдзельнікі семінара-нарады на чале з Прэзідэнтам.
Намеснік Прэм'ер-міністра на нарадзе таксама закрануў тэму крыніц фінансавання закупкі тэхнікі. Будуць выкарыстоўвацца ў тым ліку лізінгавыя схемы. Леанід Заяц далажыў і аб планах па зносе ў вёсцы невыкарыстоўваемых аб'ектаў і ўвядзенні зямель у сельгасабарот.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка на прыкладзе свайго рэгіёна далажыў аб выкананні меліярацыйных мерапрыемстваў і існуючых для гэтага рэсурсах і тэхніцы. Ён папрасіў разгледзець магчымасць штогадовага павелічэння фінансавання меліярацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку на закупку тэхнікі.
"Фінансаваць будзем стабільна. Гэта задача віцэ-прэм'ера, Урада, міністра", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аднак ён яшчэ раз адзначыў, што трэба ўсё ўважліва падлічыць, каб ні ў якім разе не было ніякіх зазораў у бок павелічэння. "Лішніх грошай няма. Эканомія жалезная. Сэканомілі - усё застанецца ў вас", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Брэсцкай вобласці якраз шмат такіх меліяраваных зямель. Ён прапанаваў узяць гэты рэгіён за арыенцір, як далей рухацца ў гэтым напрамку.
Аб стане спраў з меліярацыяй у Віцебскай вобласці расказаў генеральны дырэктар ДП "Віцебскмеліяводгас" - кіруючая кампанія холдынга "ВітМелія" Сяргей Самахвалаў. Ён таксама на заканчэнне свайго даклада ўзняў пытанне фінансавання.
"Яшчэ раз падкрэсліваю: усе грошы ў віцэ-прэм'ера. Усе грошы - крыніцы, дзе ўзяць, як узяць... Ураду, Прэм'ер-міністру - усім пастаўлена жалезная задача. І мы пастараемся прафінансаваць у тых аб'ёмах пасля разлікаў па кошце, - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. - Усё павінна быць абгрунтавана. Лішніх грошай няма. Нават калі б яны былі лішнія, усё роўна ніхто нікому не дазволіць разбойным чынам працаваць".
Ён таксама звярнуў асаблівую ўвагу на забеспячэнне захаванасці тэхнікі, бо пры належнай эксплуатацыі і абслугоўванні яна можа праслужыць значна даўжэй за існуючыя нарматыўныя тэрміны. "Галавой адкажаце за захаванасць тэхнікі", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Падводзячы вынік нарады, Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ставіць жорсткія задачы не проста так. "Паверце, што інфармацыяй я валодаю значна большай, чым прысутныя тут. У разы. І не ўсё магу вам сказаць. Таму ўвогуле я заўсёды гавару: рабіце сваю справу - першае. Другое, эканоміка - наша ратаванне. Калі ў нас будзе ўсё нармальна ў эканоміцы, нам не страшныя ніякія войны, іх проста не будзе. Таму я часам вельмі жорстка стаўлю некаторыя задачы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"І больш за ўсё ўжо праз шмат гадоў работы Прэзідэнтам мяне проста ў шок уводзіць і злуе, калі няма дысцыпліны і парадку. Калі няма сістэмы, калі расхлябанасць нейкая", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры гэтым не з'яўляецца прыхільнікам жорсткіх абмежаванняў. Галоўнае, паводле яго слоў, каб у выніку работа была зроблена. "У адваротным выпадку мы будзем пажынаць бяду. Таму давайце варушыцца. Даравання нікому не будзе за парушэнне нашага сённяшняга дагавору. Фінансаванне - дамовіліся - жалезна павінна быць выканана. Не павінна быць ніякай расхлябанасці", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Асаблівую ўвагу ён таксама звярнуў на прыродаахоўныя мерапрыемствы. "Давайце дагаворымся, што кожны на сваім рабочым месцы павінен займацца сваёй справай. Не забывайце, што закончыцца год, у студзені-лютым месяцы мы вернемся да вашых паказчыкаў па падзяжы жывёлы", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
Не абмінуў Аляксандр Лукашэнка і пытанні завяршэння ўборачнай кампаніі. Не ўсе абяцанні аграрыі выканалі да ўстаноўленага тэрміну, заўважыў ён. "Закончыць трэба дастойна гэты год", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Трэба зрабіць тое, пра што мы з вамі дамовіліся. Іншага шляху ў нас няма. Мы зробім. Мы прафінансуем усе аб'ёмы, якія вы падлічыце. Я яшчэ чаму спяшаюся: калі мы гэта не зробім, нашы дзеці, унукі гэтага не зробяць. Яны ж сядзяць тыкаюць у тэлефоны і думаюць, што там усё расце. Таму нам трэба гэта зрабіць. Акрамя нас ніхто гэтага не зробіць. Як ваенныя гавораць, хто, калі не мы. Таму нам трэба кроў з носа многія рэчы зрабіць, таму што мы бліжэй да зямлі, яшчэ гэта разумеем, мы помнім, як уручную даілі кароў. Цяперашняя моладзь гэтага не разумее. Яны гэтага не зробяць. У тым ліку аб'ектыўна не зробяць. Мы іх не акунулі ў гэта", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Калі мы не збяромся, мы страцім сваю незалежнасць. Таму я вас прашу: зрабіце гэту работу", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў Коханаве Талачынскага раёна незапланавана наведаў прыватную будаўнічую вытворчасць.
Кампанія плануе займацца ўзвядзеннем дамоў з драўніны, а таксама пабудаваць пелетны завод, каб эфектыўна выкарыстоўваць адходы асноўнай вытворчасці.
Праект перспектыўны, а таму выклікаў асаблівую цікавасць у Кіраўніка дзяржавы. Аб ім ішла размова адразу пасля прыезду Аляксандра Лукашэнкі на прадпрыемства холдынга "АМКАДОР", якое размешчана адразу па суседстве.
Але ў адрозненне ад машынабудаўнічага прадпрыемства, дзе была праведзена мадэрнізацыя і асвоены выпуск перспектыўнай тэхнікі для меліярацыі, тут рэалізацыя праекта пакуль только пачынаецца. Ёсць вытворчыя памяшканні, дзе будзе ўстаноўлена абсталяванне і наладжана вытворчасць, усё спланавана. Але ёсць неабходнасць у адносна невялікай фінансавай падтрымцы.
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў разгледзець пытанне і знайсці магчымасці ў той ці іншай форме падтрымаць бізнес-пачынанні. "Тое, што ўзяў гэта памяшканне, у парадак прыводзіш, ды яшчэ вытворчасць ствараеш, - малайчына. Мы дапаможам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка кіраўніку прадпрыемства.
У час рабочай паездкі Прэзідэнт таксама паразмаўляў з журналістамі.
Адно з пытанняў Кіраўніку дзяржавы датычылася наяўнасці некалькіх дакументаў, якія рэгулююць пытанні цэнаўтварэння, - Дырэктывы Прэзідэнта і пастаноў Урада. У сувязі з гэтым Аляксандра Лукашэнку спыталі, якімі з іх трэба кіравацца суб'ектам гаспадарання.
"Я баюся з губернатарамі сустракацца з-за гэтых цэн. Гляджу на іх і думаю: усміхаюцца, значыць, яшчэ цярпіма, вытрымаем", - з гумарам пачаў адказваць на пытанне Прэзідэнт.
"Трэба кіравацца дакументамі. Дырэктыва Прэзідэнта - святое. Ніхто не можа адмяніць указанне Прэзідэнта. Я ведаю, аб чым ідзе размова. Яна не супярэчыць пастанове. Дырэктыва датычылася неадкладнай замарозкі цэн да таго, як будзе прынята пастанова Урада. Пастанова Урада прынята, Дырэктыва выканана, далей дзейнічае пастанова Урада, які ўвёў сістэму цэнаўтварэння. Вось і ўсё, - растлумачыў беларускі лідар. - Усё. Няма патрэбы ў Дырэктыве, яна выканана".
Напярэдадні Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад аб удасканаленні работы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і мерах па ўзмацненні падтрымкі пенсіянераў. Былі агучаны прапановы ўрада па перафармаціраванні работы Фонду сацабароны. У прыватнасці, аб'яднаць у адным дзяржаўным органе поўнасцю ўвесь цыкл пенсійнага і сацыяльнага страхавання (бальнічныя і дзіцячыя дапамогі). Інакш кажучы, каб працэсы назначэння, выплаты пенсій і дапамог, а таксама крыніца іх фінансавання знаходзіліся ў веданні адной структуры - Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (цяпер яны падзелены паміж фондам і ўпраўленнямі сацабароны пры мясцовых органах улады, больш вядомымі ў народзе як "сабесы").
Выслухаўшы ўсе меркаванні, Прэзідэнт прапанаваныя навацыі не падтрымаў. І сёння ў час размовы з журналістамі падрабязна растлумачыў сваю пазіцыю па гэтым пытанні.
Аляксандр Лукашэнка лічыць правільным, што ў свой час было прынята рашэнне акумуліраваць пенсійныя сродкі ў Фондзе сацабароны. Як правільным было і рашэнне стварыць казначэйства, дзе канцэнтруюцца бюджэтныя сродкі. "Гэта ўсё правільна зроблена. У свой час я стварыў казначэйства, каб банкі не жыравалі на бюджэтных грашах і гэтых грашах (у ФСАН для пенсійнага забеспячэння. - Заўвага), - усё гэта ў казначэйстве, агульны мяшок".
Вобразна кажучы, у ФСАН, як у мяшку, накопліваюцца ўсе паступленні для далейшых выплат пенсій і дапамог. "Што прапанавалі? Да гэтага мяшка ўсе райсабесы ўзяць з раёнаў і перадаць у фонд", - коратка сфармуляваў сутнасць навацый Прэзідэнт.
Для прыняцця ўзважанага рашэння Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Турчына і мэра Мінска Уладзіміра Кухарава. "Я кажу: "Вы разумееце, што райсабес - гэта орган улады, ён у райвыканкаме. Мы цяпер адтуль яго забіраем і аддаём у фонд". Фонд ніякай уладай практычна не валодае. І наогул, гэта будзе нейкае змешванне, - расказаў пра ўчарашнюю дыскусію Аляксандр Лукашэнка. - І потым, вы ў людзей, якія ў райсабесе, спыталі? Я ведаю іх меркаванне..."
Ён звярнуў увагу, што ўпраўленні і аддзелы сацыяльнай абароны пры рай- і аблвыканкамах - гэта вялікія структурныя падраздзяленні, дзе працуе шмат людзей. На іх дапамогу і ўдзел у грамадскіх мерапрыемствах, дадатковых сельгасработах пры неабходнасці можа разлічваць кіраўнік рэгіёна. Калі сабесы вывесці з падпарадкавання мясцовых органаў улады і аддаць у структуру ФСАН, як гэта паўплывае на кіруемасць усімі працэсамі, паставіў рэзоннае пытанне Кіраўнік дзяржавы. "З Мінска нехта будзе там глядзець, як гэты аддзел працуе? Дзеля чаго? Каб было ў адных руках, грошы сабралі і з гэтага мяшка будуць размяркоўваць і назначаць? Дык яны, сабесы, і цяпер размяркоўваюць і назначаюць", - сказаў ён.
Да таго ж у людзей ёсць магчымасць прыйсці да губернатара або кіраўніка раёна, каб выказаць прэтэнзіі наконт работы органаў сацабароны. "Калі райсабес не вырашае, яны ідуць у райвыканкам, нават да старшыні. Ён іх прыме. А далей (у выпадку, калі прыняць прапанаваныя змяненні. - Заўвага) старшыня скажа: "Гэта ж не маё, гэта ж там недзе, у Касцевіч у нейкім фондзе", - прывёў гіпатэтычны прыклад Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што цяпер склалася і працуе зладжаная, зразумелая сістэма: "Фонд сабраў грошы. Заяўку райсабес дае, што столькім пенсіянерам патрэбна пэўная сума. Хутка па казначэйстве пералічылі, грошы атрымалі. Працуе сістэма добрая".
"Я не бачу неабходнасці ламаць гэту сістэму. У нас ёсць самы кансерватыўны слой нашага насельніцтва - гэта ветэраны, пенсіянеры. Дык няхай працуе гэта кансерватыўная сістэма, але яна - правераная жыццём, - заявіў аб прынятым рашэнні Прэзідэнт. - Я так прыкінуў усё, і, наколькі я гэта ўяўляў і ўяўляю цяпер, матывацыі няма".
Растлумачыў Аляксандр Лукашэнка і тое, чаму адхіліў прапанову па ўсеагульным пераходзе на лічбавыя працоўныя кніжкі, што таксама абмяркоўвалася ўчора ў час даклада. Пытанне гэта датычылася вельмі вялікай колькасці людзей, бо працоўныя кніжкі ёсць практычна ва ўсіх, і Прэзідэнт у гэтым выпадку не выключэнне.
Сутнасць прапанаваных навацый Прэзідэнт коратка сфармуляваў так: "Кніжку гэту алічбаваць, не трэба нам гэтыя папяровыя кніжкі. Усё ў камп'ютар загналі, сістэму стварылі". Але адразу ў час дыскусіі ўзнікла пытанне забеспячэння бяспекі алічбаваных даных - каб не дапусціць іх уцечкі або страты з-за хакерскай атакі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не бачыць нічога дрэннага ў існаванні звычайных папяровых працоўных кніжак, тым больш што для многіх людзей старэйшага пакалення вельмі важна мець менавіта папяровы дакумент. "Нават я хачу, каб у мяне была працоўная кніжка (у звычайным папяровым выглядзе. - Заўвага). Няхай ляжыць. Мая пойдзе кудысьці ў музей. А Ігар Тур у шафу схавае, няхай ляжыць, дзецям пакажа", - адзначыў Прэзідэнт.
Ініцыятыву поўнага пераводу ў лічбавы фармат працоўных кніжак і адмовы ад папяровых варыянтаў кіраўнік дзяржавы лічыць вельмі нясвоечасовай: "Проста недарэчы. Як быццам няма чым займацца. Калі мы ўзбаламуцім 2,5 млн пенсіянераў (ім і так праблем хапае), усё гэта перавернем, узбаламуцім, за год не зробім, а яшчэ ж колькі грошай патрацім на гэту алічбоўку, колькі тысяч людзей трэба наняць, каб яны правялі гэту алічбоўку..."
"Мы дамовіліся, што паступова, год за годам усё алічбуем, - рэзюмаваў Прэзідэнт. - Не трэба тут рэвалюцыйных узрушэнняў. Па некаторых напрамках, дзе прадугледжвалася кардынальна мяняць сістэму сацыяльнага забеспячэння, я не палічыў неабходным гэта рабіць. Пакуль сістэма спраўляецца. Навошта? Прыйдзе час - паглядзім яшчэ раз на гэта".
У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, ці змянілася неяк у яго за апошнія пару гадоў стаўленне да таго, якім павінен быць беларускі чыноўнік топ-узроўню.
"Нічога новага. Адзінае, што я і патрабую пастаянна: дысцыпліна і парадак. І сістэма. Ёсць сістэма. Яна павінна працаваць, і яна павінна быць дысцыплінаваная і ў парадку. Я гэтага патрабую ад губернатараў, членаў Урада і ўсіх падначаленых. Будзе гэта - будзе працаваць эканоміка. Будзе працаваць эканоміка - ніколі не будзе вайны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.