Наведванне агульнавайсковага палігона Абуз-Лясноўскі ў Брэсцкай вобласці

  • 45
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 кастрычніка наведаў агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі ў Брэсцкай вобласці, дзе азнаёміўся з айчыннымі распрацоўкамі ваенна-прамысловага комплексу.

Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі беспілотныя авіяцыйныя комплексы, якія стаяць на ўзбраенні арміі, а таксама перспектыўныя распрацоўкі. Асноўную ўвагу Прэзідэнт удзяліў беларускім узорам.

"Ты ж не проста паказваеш у адзіным экзэмпляры ўзор. Любы ўзор цяпер на фронт і ён ваюе? - удакладніў Аляксандр Лукашэнка ў Старшыні Дзяржкамваенпрама Дзмітрыя Пантуса. - Хто купляе - таму і будзем прадаваць. Непажадана, вядома, каб нашы ўзоры ваявалі ва Украіне: усё ж такі свае людзі".

Сярод прадстаўленых мадэлей былі беспілотнікі-разведчыкі, ударныя комплексы і разведвальна-ўдарны беспілотны верталёт, аналагаў якому ў свеце няма. Падобная тэхніка ёсць толькі ў ЗША, але яе эфектыўнасць значна ніжэйшая. Прычым цікава, што амерыканцы не дзеляцца гэтай распрацоўкай са сваімі партнёрамі.

"Гэта значыць, мы на зямлі бачым усё? Наколькі ён будзе ўстойлівым у баі? Колькі можаце вырабіць у месяц? Якая эфектыўнасць? Узялі на ўзбраенне?" - Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся кожнай распрацоўкай.

Як далажылі Прэзідэнту, частка вырабаў стаіць на ўзбраенні, часта праходзіць выпрабаванні, а некаторыя перададзены арміі на паддоследную эксплуатацыю. Праграмнае забеспячэнне і сістэмы кіравання ў беларускіх беспілотнікаў таксама беларускай вытворчасці.

Свае распрацоўкі прадставіла і Акадэмія навук. Іх узоры таксама запатрабаваны за мяжой. У планах - удасканаленне тэхнікі.

"Старайцеся хутчэй", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Акрамя беспілотных лятальных апаратаў, на палігоне Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі і іншыя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Сярод іх оптыка-электронныя комплексы для аховы граніц і аб'ектаў інфраструктуры, лазерная і электрамагнітная зброя, рабатызаваны агнявы комплекс, баявыя і разведвальныя машыны, мадэрнізаваныя бронетранспарцёр і танк Т-72БМ2, аснашчаны абаронай ад процітанкавых ракетных комплексаў.

Характарыстыкамі і адметнымі асаблівасцямі тэхнікі Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў тым ліку і ў членаў экіпажаў. "70 выстралаў, 67 траплянняў", - адказалі ваенныя.

"З пункту гледжання сучаснай вайны патрэбны больш сучасныя танкі?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы мадэрнізуем, і яны не горшыя за Т-90", - адказаў Міністр абароны Віктар Хрэнін.

"Значыць, трэба свае танкі прывесці ў парадак - і нармальна, - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ён кажа, што гэта добры танк, будзем на яго арыентавацца. Давайце будзем да розуму гэтыя танкі даводзіць".

У той жа час Прэзідэнт пацікавіўся, ці актуальна наогул выкарыстанне танкаў у сучасных баявых дзеяннях. "Квадракоптары і барацьба з імі, станцыі РЭБ сёння мяне больш уражваюць, чым танкі", - адзначыў ён.

"Толькі танкам можна забяспечыць актыўнасць абароны", – падкрэсліў Міністр абароны.

"Гэта значыць, танкам быць? Таму трэба мадэрнізаваць. Трэба выходзіць на больш істотныя аб'ёмы мадэрнізацыі", - паставіў задачу Галоўнакамандуючы.

Прэзідэнт азнаёміўся таксама з індывідуальнымі медыцынскімі камплектамі для рознага віду аказання першай дапамогі - як групе пацыентаў, так і індывідуальныя, разлічаныя на аднаго пацярпелага.

Як растлумачылі Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны Аляксандр Малюх, у новай версіі медыцынскай укладкі, прызначанай для аказання меддапамогі невялікаму падраздзяленню ваеннаслужачых, прадстаўлена амаль 50 найменняў лекавых сродкаў і медвырабаў, у асноўным беларускай вытворчасці. У індывідуальнай - каля 20. Абодва медыцынскія камплекты можа выкарыстоўваць ваеннаслужачы, які не мае медыцынскай адукацыі, але пры гэтым прайшоў спецыяльную падрыхтоўку. Гэтыя віды ўкладак даюць магчымасць аказваць першую дапамогу практычна пры любых надзвычайных сітуацыях.

Пасля агляду тэхнікі Аляксандр Лукашэнка з назіральнага пункта азнаёміўся з баявым прымяненнем беспілотных лятальных апаратаў, комплексным баявым прымяненнем сродкаў барацьбы з БЛА, прымяненнем шматузроўневай аўтаматызаванай сістэмы кіравання батальённай тактычнай групай.

У час наведвання агульнавайсковага палігона Абуз-Лясноўскі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раней былі маштабныя планы па аснашчэнні войскаў на мільярды долараў да 2030 года. Пры гэтым да мадэрнізацыі арміі і існуючага ўзбраення Беларусь падыходзіць ужо чацвёрты ці пяты раз. "У ходзе аперацыі ў Сірыі і да ўкраінскай аперацыі мы якраз абмяркоўвалі шляхі мадэрнізацыі нашых Узброеных Сіл. І там былі завоблачныя планы, я прызнаю гэта, - ваенныя выкацілі там план гэты да 2030 года на мільярды долараў", - расказаў беларускі лідар.

Але калі пачалася спецаперацыя, то яе рэаліі паказалі неабходнасць скарэкціраваць падыходы і Беларусь атрымала адпаведныя вывады. "Сёння мы зразумелі, што ніякай перамогі ў нашай лясіста-балоцістай мясцовасці, як ваенныя кажуць... А поўнач Украіны да Кіева - прыкладна, як у Беларусі, у нас крыху складаней нават. Вось без нагі салдата, БТР, танкаў, бранятэхнікі і іншага перамогі ніякай не будзе. Ды і абараняцца гэта тэхніка прыдатная", - сказаў Прэзідэнт.

"Можна захапіцца расказамі са СМІ і іншых людзей з блогасферы і зайсці вельмі далёка, патраціўшы вялікія грошы, а выніку не дасягнуць, якога хацелі б. Таму, робячы вывады, урокі, мы напэўна, разоў у пяць, а можа і больш, зможам скараціць фінансаванне, але дасягнуць таго выніку, які нам патрэбны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

І вопыт паказаў, што ваенныя аддаюць перавагу больш простай, але мадэрнізаванай і надзейнай тэхніцы. Напрыклад, правераны танк Т-72, мадэрнізаваныя ўзоры якога знаходзяцца на ўзбраенні і ў беларускай арміі. Ёсць шмат выпадкаў, калі выходзіць са строю самы сучасны танк з рознымі опцыямі і ваеннаслужачыя не ведаюць, што з ім рабіць. "Хлопцы хочуць, каб было проста і надзейна. А ўсялякія навароты добрыя, але да пары да часу", - канстатаваў беларускі лідар.

Прадэманстраваны Прэзідэнту танк Т-72 пасля мадэрнізацыі з выкарыстаннем беларускіх распрацовак ВПК не ўступае самым сучасным танкам. "Гэта наш шлях. Мы пачалі мадэрнізацыю гэтых танкаў. І цяпер будзем паскарацца і ўзмацняць гэту мадэрнізацыю, - расказаў беларускі лідар. - Галоўнае - вучыць людзей. Калі ўсе экіпажы танкістаў у нас будуць так працаваць, як гэтыя хлопцы, тады нам вайна не страшная".

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў журналістам, што беларускія беспілотныя лятальныя апараты зарэкамендавалі сябе добра, і попыт на іх ужо вялікі.

"Напэўна, мы больш абаронены сёння, чым наш узровень для нанясення ўдараў. Гэта адпаведныя беспілотнікі. Зразумела, гэта не ракетнага тыпу, больш простыя, якія патрэбны сёння салдату ў баі. Яны вельмі важныя, але гэта іншы сегмент, чым тыя ж распіяраныя "Байрактары" (турэцкі ўдарны аператыўна-тактычны беспілотнік. - Заўвага) або іранскія "Шахіды", дзе выкарыстоўваюцца ракеты. Тут іншы сегмент, вельмі патрэбны нашым ваеннаслужачым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларуская армія перш за ўсё нацэлена на абарону сваёй тэрыторыі, а не на нападзенне, таму і распрацоўваюцца адпаведныя ўзоры ўзбраення. "Тут мы, вядома, лідары ў свеце, і гэта не менш важна, чым мець такія беспілотнікі, якія могуць наносіць удары па пэўных цэлях. Дзясятак вось такіх зялёных машын могуць поўнасцю закрыць паўднёвую граніцу нашай краіны з Украінай ад беспілотнікаў і іншых паветраных цэлей, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Усе сістэмы дапрацаваны, працуюць нядрэнна. Усе яны паразілі цэлі. Гэта добра. Будзем працаваць далей. Ёсць над чым працаваць. Але попыт на іх вялікі. Я не маю на ўвазе Украіну - да Украіны яшчэ".

Адказваючы на пытанне пра фэйкі аб нібыта тайнай мабілізацыі ў краіне, Кіраўнік дзяржавы сказаў, што Беларусі на сённяшні дзень ніякая вайна не патрэбна.

"Не звяртайце ўвагі на гэта. Мы сёння нікуды не збіраемся ісці. Генерал Хрэнін правільна і дакладна сказаў: калі вы не хочаце з намі ваяваць, значыць, вайны не будзе", - падкрэсліў беларускі лідар.

Калі ж хтосьці прыйдзе з вайной на беларускую зямлю, то, зразумела, што ўсе стануць на абарону краіны. "Куды дзявацца? Калі мы хочам абараніць сваю зямлю, свой дом, сваіх дзяцей. Не хочам - Hande hoch (рукі ўгору на нямецкай мове. - Заўвага) і пайшлі. Усё вельмі проста. Але на сённяшні дзень ніякай вайны. Нам яна не патрэбна. Палезуць - ну вось мы трэніруемся. Можна нас за гэта крытыкаваць, і мяне ў тым ліку. Але, я лічу, усё трэба рабіць, трэба разлічваць на свае сілы, - падкрэсліў беларускі лідар. - Я зноў не адмаўляў. Я рыхтуюся да вайны. 25 гадоў мінімум. Не я прыдумаў: хочаш міру - рыхтуйся да вайны. Я і рыхтуюся як галоўнакамандуючы. Таму што патрабаванне будзе перш за ўсё з мяне".

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў апусціцца на зямлю і растлумачыў, як праходзіць мабілізацыя. Чалавек атрымлівае павестку або яму паведамляюць нейкім іншым шляхам, пасля чаго прыходзіць у ваенкамат. Там ужо, зыходзячы з яго ваенна-ўліковай спецыяльнасці, чалавека накіроўваюць у войскі. "Няхай прывядуць хоць адзін прыклад, калі мы запрасілі чалавека ў ваенкамат, далі яму, груба кажучы, ружжо і адправілі ў часць, - прапанаваў беларускі лідар. - Няхай апусцяцца на зямлю і пакажуць вам, журналістам, куды мы накіравалі гэтых людзей. А вы паедзеце туды і пагаворыце з імі або пабудзеце на трэніроўках. Калі такія ёсць".

Прэзідэнт чарговы раз нагадаў, што Беларусь у гэтым выпадку зноў жа атрымлівае ўрокі з вопыту некаторых недахопаў мабілізацыі ў Расіі. "Чалавеку паслалі павестку, а яго даўно няма. Некаторыя памерлі і іншае. Таму пастаўлена ваенным задача праз ваенкаматы адпрацаваць - першае - сістэму апавяшчэння. Не заўсёды павесткай па-даўнейшаму можна запрасіць чалавека. Значыць, гэта або SMS-паведамленне, або радыё, або праз кіраўнікоў і гэтак далей. Гэта значыць адпрацаваць шляхі, як дастукацца да чалавека, якога мы хочам мабілізаваць. Далей: знайшлі яго, запрасілі ў ваенкамат, удакладнілі, паглядзелі на яго - падыходзіць/не падыходзіць. Усё, ідзі, хлопец, адпачывай. Вось якая ў нас мабілізацыя: паклікалі, паглядзелі, абмерылі параметры, груба кажучы, ідзі працуй! Якая тут мабілізацыя?!" - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён растлумачыў, што пакуль проста ідзе зверка спісаў, і гэта робіцца кожны год на рэгулярнай аснове. Часам асобныя часці даўкамплектоўваюцца шляхам правядзення праверачных збораў. "Гэта мы праводзім гадамі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у ваеннага кіраўніцтва, ці праводзіцца цяпер недзе праверачны збор. Яму далажылі, што не.

Прэзідэнт таксама нагадаў, што для Беларусі вельмі важная тэрытарыяльная абарона, і гэтаму напрамку ён заўсёды ўдзяляў асаблівую ўвагу. "Кожны павінен умець абараняць свой дом. Мы таксама праверкі гэтыя праводзілі", - сказаў ён.

І яшчэ адзін від войскаў на базе сельскіх саветаў - народнае апалчэнне. "Гэта значыць кожны павінен умець ваяваць, страляць. Як мая маці гаварыла: "Сынок, вучыся - за плячыма насiць не трэба". У мяне і ў сям'і такі падыход, нягледзячы на тое што я Прэзідэнт. Мае дзеці ўсе ваенныя. І нават малодшы. Яны рыхтуюцца сябе абараніць і не толькі сябе - краіну трэба абараняць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Трэба супакоіцца. Кожны павінен рабіць сваю справу, калі мы хочам, каб не было вайны", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў журналістам, што пасля фарміравання структуры ўлады ў Беларусі згодна з  абноўленай Канстытуцыяй і надзялення УНС шырокімі паўнамоцтвамі, ніякай дэцэнтралізацыі ўлады не адбудзецца. Тым больш што УНС сам па сабе не новы для Беларусі орган. "УНС будзе толькі стратэгіяй займацца і кантролем за выкананнем гэтай стратэгічнай задачы. Таму як быў Прэзідэнт Кіраўніком дзяржавы, ён і застанецца", - сказаў ён.

Тое ж самае будзе датычыцца і тых, хто ўзначаліць краіну пасля дзеючага Прэзідэнта. І Кіраўнік дзяржавы, і Урад, і іншыя дзяржаўныя органы будуць валодаць адпаведнай уладай. "Нават мы дэмакратызуемся ў тым плане, што Вярхоўны і Канстытуцыйны суды, ЦВК з-пад Прэзідэнта выведзены ва Усебеларускі народны сход. Каб не было ніякіх намёкаў, што, дапусцім, ЦВК палічыла не так. Ці суддзі ад некага залежныя і іншае", - заўважыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё будзе рабіцца строга ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Больш таго, законапраекты, якія абмяркоўваліся напярэдадні ў Прэзідэнта, у тым ліку аб Усебеларускім народным сходзе, будуць паказаны людзям, каб улічыць розныя меркаванні і прапановы. "І вы там не ўбачыце, што Лукашэнка нешта будзе назначаць. Усебеларускі народны сход - вышэйшы орган прадстаўнічай улады - выключна выбарным шляхам усё будзе ажыццёўлена. За выключэннем людзей, якія будуць займаць месцы згодна з пасадай. Дапусцім, дзеючы Прэзідэнт, Прэм'ер-міністр, дэпутаты парламента, сенатары, якія выбраны ўжо народам. Яны прадстаўляюць большую частку народа", - сказаў Прэзідэнт.

У склад УНС будуць уваходзіць і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, але не прадстаўнікі партый. "Партыі будуць сябе прапаноўваць у парламент. Там будуць партыйцы. І яны ўсе трапяць у склад УНС", - паведаміў аб дэталях механізма Кіраўнік дзяржавы.

Ён назваў звычайнай хлуснёй, што ён, нібыта, усіх будзе асабіста назначаць у складзе УНС. "УНС - гэта выбарны орган. Усё будзе ісці ад народа. І няма такой неабходнасці Лукашэнку там усіх назначаць. Ну а ўжо тыя "буракападобныя" таварышы - яны туды не трапяць. Гэта дакладна. Іх ніхто не выбера. Гэта ворагі народа. Ворагам народа там рабіць няма чаго. Людзі са сваім пунктам гледжання - калі ласка, па пэўных правілах, якія для ўсіх будуць устаноўлены. Калі ім будзе аказаны давер на выбарах, яны туды трапяць", - запэўніў Прэзідэнт.

Што датычыцца прэзідэнцкіх выбараў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будзе так, як было: "Народ будзе выбіраць Прэзідэнта". Хаця ён больш прыхільнік кітайскага варыянта, дзе Старшыня КНР выбіраецца прафесіяналамі - членамі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. І пры гэтым ніхто не можа сказаць, што ў кіраўніка КНР недастаткова паўнамоцтваў. 

"Магчыма, і нам трэба было да гэтага прыйсці. Я прыхільнік гэтага. Але я адчуў і зразумеў, што народ наш яшчэ не гатовы да таго, каб аддаць сваё права камусьці, нават давераным асобам УНС, выбіраць Прэзідэнта. Важна часам не ў якой форме ты Прэзідэнта выбіраеш, а якія функцыі і паўнамоцтвы ён можа мець, - лічыць беларускі лідар. - Мне здаецца, што спяшацца тут ні ў якім разе нельга. Гэта ўжо, можа, пры другім-трэцім Прэзідэнце вы вырашыце гэта пытанне. Каб зноў не абвінавацілі, што я пад сябе гэта раблю: "УНС, ён жа іх назначыў, і яны яго выберуць…".

"Таму пакуль народ, гэта значыць ты (звяртаючыся да журналіста, які задаў пытанне. - Заўвага) будзеш вызначаць: трэба мяняць Прэзідэнта - не трэба, будзе гэты ці які-небудзь іншы. Усё будзе больш дэмакратычна, чым калі-небудзь. Запомніце: больш дэмакратычна, чым калі-небудзь!" - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэзідэнт сказаў, што не верыць у магчымасць трэцяй сусветнай вайны, але падкрэсліў, што апасацца і прадбачыць трэба ўсё.

"Прадбачыць трэба ўсё і апасацца ўсяго. Хто сёння можа сказаць, што не выбухне трэцяя сусветная вайна? Мы як ніколі блізкія да яе. Але я не веру, што трэцяя сусветная вайна будзе. Таму што небяспека ў тым, што трэцяя сусветная вайна прывядзе да знішчэння ўсіх і ўся. Ну каму хочацца сёння памерці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Еўропа перш за ўсё занепакоена тым, каб не пачалася трэцяя сусветная. "Яна пачнецца, калі толькі, не дай бог, будзе прыменена ядзерная зброя. Хоць гэта таксама не факт. Зброя зброі не роўная. Але не дай бог, вядома. Гэта будзе зусім іншая карцінка", - сказаў Прэзідэнт.

Улічваючы, што ў Беларусі апошнія дні прайшлі фактычна ў фармаце бацькоўскага тыдня - 21 кастрычніка ўпершыню адзначаецца Дзень бацькі, а 14 кастрычніка адзначаўся Дзень маці, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся меркаваннем, што з'яўляецца галоўным для бацькоў і іх дзяцей у цяперашняй неспакойнай абстаноўцы.

"Самае галоўнае цяпер для бацькоў, проста скажу, каб ваш сынок або дачушка раніцай маглі прачнуцца з усмешкай, усміхнуцца бацькам, паесці, каб вы маглі ў цёплай вадзічцы пакупаць дзіця, і можа, не адзін раз. І самі душ прыняць. І не мыць туалетную паперу, як гэта сёння рэкамендуюць вар'яты на Захадзе. Каб мы жылі нармальным жыццём. А яшчэ дакладней скажу: каб мы будучы год пражылі хаця б так, як гэты. Не горш. Галоўнае, каб не было горш. Вы бачыце, што адбываецца ў свеце. Гэта асноўнае", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў жыхароў Еўропы цяпер вельмі шмат праблем, і яны патрабуюць ад сваіх улад іх вырашэння. Праўда, насустрач ім ідуць далёка не заўсёды.

"Людзі просяць, людзі просяць, людзі просяць. А чаго вы іх просіце? Яны ж ад вас незалежныя, і вы ад іх незалежныя. У Вялікабрытаніі пасмешышча: які народ там выбіраў Ліз Трас? Ядзерная краіна, на ўсялякі выпадак, ядзерная дзяржава. Вельмі багатая і адыгрывае адну з ключавых роляў у свеце. Пасмешышча", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Нядаўна Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Ліз Трас падала ў адстаўку. Цяпер у краіне жартуюць (і гэта нават не жарт, а факты), што дзеці, якія нарадзіліся некалькі месяцаў таму, перажылі ўжо двух манархаў і прэм'ераў.

"Лепш не скажаш. Такая ў іх дэмакратыя. Нам такая дэмакратыя не патрэбна. Учора пры абмеркаванні шэрага ключавых законаў, якія датычацца ўлады, пераразмеркавання, надзялення ўладай, я катэгарычна папярэдзіў распрацоўшчыкаў, усіх, хто там былі - вярхі нашай краіны: рабіце толькі для сябе. Гэта не новы тэзіс, я і да выбараў аб гэтым гаварыў. Сваё, сваё, толькі для сябе. Не глядзіце на тое, што будуць нам падкідваць нейкую дэмакратыю, рыначную эканоміку і іншае. Я гэта даўно ўжо зразумеў і адчуў. Таму трэба рабіць толькі для сябе, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба жыць сваім розумам. Трэба рабіць тое, што выгадна нам. Да чаго гатовы мы, наш народ".

"Можаце рэгуляваць цэны - рэгулюйце. Можаце кіраваць прадпрыемствамі - кіруйце. Не можаце кіраваць гэтымі прадпрыемствамі - тады глядзіце на прыватызацыю. Калі яны развальваюцца, лепш каму-небудзь прадаць. Калі цэны не можаш кантраляваць, рэгуляваць, не лезь у гэты працэс. Гэта значыць, трэба зыходзіць з рэчаіснасці. Калі нам патрэбны гэтыя квадракоптары і станцыі знішчэння квадракоптараў, давай будзем іх рабіць. Калі не патрэбны - не трэба", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што "рыначны" Захад ужо сам стаў рэгуляваць цэны, прычым на энерганосьбіты чужых дзяржаў. А на фоне рашэння Саудаўскай Аравіі і іншых членаў АПЕК+ знізіць здабычу нафты супраць гэтай краіны ўжо рыхтуюцца ледзь ці не ўводзіць санкцыі.

"Вось вам рыначная эканоміка. А дэмакратыя? - сказаў Прэзідэнт. - Вось, калі б гэта ў Мінску "дэмакратызавалі" дубінкамі - гэта катастрофа, аўтарытарызм, дыктатура, а ў Францыі можна. Вось і ўся дэмакратыя".

Журналісты пацікавіліся ў Прэзідэнта, ці не трэба на фоне правядзення контртэрарыстычных мерапрыемстваў абмяжоўваць перамяшчэнне на беларускай граніцы? Паколькі ў краіне дзейнічае бязвіз для суседзяў, штодзённа ў Беларусі прымаюць перасяленцаў з Украіны. "Дапамагаць людзям трэба, але дзе гарантыя, што сярод тысяч бежанцаў не схаваецца тэрарыст?" - спыталі яны.

"Адказваю адкрыта: гарантыі ніхто даць не можа. Але свет вельмі адкрыты, узаемазалежны. Тэрарысты, калі яны і будуць атакаваць нас, яны не будуць хадзіць прама: у іх даўно вызначаны шляхі. Так, яны ў натоўпе могуць схавацца, але гэта вельмі рызыкоўна і небяспечна, у іх дастаткова іншых шляхоў. Спецслужбы гэта ведаюць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Пакуль мы спраўляемся. Будзем старацца справіцца".

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна праваахоўнікі абясшкодзілі банду тэрарыстаў. "І гэта яшчэ не ўсё. Яны сабраліся ўчыняць на тэрыторыі нашай краіны злачынствы. Што яшчэ трэба для доказу таго, што нам спакойна жыць не дадуць? Так, можна закрыць уезд, можна забараніць. Але вы не думайце, што мы не працуем на пунктах пропуску і перасячэння. Сучасныя сродкі кантролю даюць нам такую магчымасць працаваць. Гэта па-другое", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"А па-трэцяе, што, у нас унутры краіны не хапае "свядомых", свалачэй, ідыётаў і нягоднікаў, якія за пяцьсот долараў, як вы бачылі, гатовы сёння ўчыняць нейкія там дзеянні і злачынствы? Таму свет такі, што чорт яго ведае, адкуль чакаць гадасці. Думаю, што нам трэба проста працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт у час размовы з журналістамі пракаменціраваў інфармацыю, якая з'явілася ў інтэрнэце, аб аб'яўленні яго ў вышук Службай бяспекі Украіны.

"А чаго мяне аб'яўляць? Я тут. Калі трэба СБУ, няхай прыедуць сюды. Калі захочуць мяне ўбачыць - калі ласка", - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка на ўкіды.

Гэтымі днямі інфармацыя аб гэтым пачала распаўсюджвацца ў інтэрнэце. Аднак пазней сама СБУ абвергла гэта.

"А хто табе афіцыйна пацвердзіць? Трэба спачатку ўкінуць, паглядзець рэакцыю. Я вам сказаў, рэакцыя мая першапачатковая такая: прыязджайце, не пытанне. Пры вас сустрэнуся з імі, пагавару. Бяспеку на сваім участку тэрыторыі забяспечым на сто працэнтаў. Мы адкрытыя людзі, нам баяцца няма чаго", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам, што Служба бяспекі Украіны запытала сустрэчу з беларускімі калегамі.

"Павінен прыадкрыць сакрэт, інсайд: гэта ж СБУ два дні таму папрасіла аб сустрэчы нашых спецыялістаў. Я гавару: добра, давайце сустракацца, якія пытанні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што самыя галоўныя тэмы абмяркоўвацца па-за публічнай плоскасці. "Гэта я па сваім характары... Мяне часта крытыкуюць: так, магчыма, не трэба было б пра гэта гаварыць. Я адкрыты. Вось тое, што я гавару, яно так і ёсць. Ніякага падману", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Размаўляючы з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў свой пункт гледжання на беларускую нацыянальную ідэю: "Нацыянальная ідэя - гэта тое кароткае, кампактнае, што цябе павінна захапіць адразу. Вось глянуў, рот раскрыў і дыхаць не можаш. Можа, я памыляюся. Гэта мой пункт гледжання. Але я пакуль такой ідэі не бачу".