Наведванне Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы

  • 23
  • 4

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 15 снежня рабочую паездку ў Магілёў. Кіраўнік дзяржавы ў час візіту наведаў Магілёўскую абласную клінічную бальніцу, дзе азнаёміўся з работай медыцынскай установы, у тым ліку па аказанні дапамогі хворым на каранавірусную інфекцыю.

Як расказаў Аляксандру Лукашэнку галоўны ўрач бальніцы Анатоль Кулік, цяпер на тэрыторыі бальніцы ідзе маштабнае будаўніцтва - узводзіцца кардыяхірургічны корпус. Яго плануецца здаць у лістападзе 2021 года.

Паводле слоў галоўнага ўрача, у бальніцы працуюць каля 1,5 тыс. супрацоўнікаў. З 853 ложкаў 350 адведзены для хворых на каранавірус. На сённяшні дзень 108 ложкаў свабодныя. "Апошні тыдзень у нас спыненне і змяншэнне па захваральнасці", - заявіў Анатоль Кулік.

"На сённяшні дзень асаблівасць у тым, што паўднёвыя вобласці нармальна сябе адчуваюць. А Магілёўская вобласць - у сярэдзіне. Вышэй, чым паўднёвыя вобласці, таму што яна не перахварэла ў першую хвалю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па традыцыі Прэзідэнт наведаў некалькі аддзяленняў, дзе праходзяць лячэнне хворыя на каранавірус, пагутарыў з урачамі, якія працуюць у "чырвонай зоне", і пацыентамі. Затым Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з калектывам бальніцы. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў медыкаў, хто з іх перахварэў на каранавірус. "Тут наогул палова! У Мінску 20-25% было, не больш, - здзівіўся ён колькасці паднятых рук. - Цяпер хварэць і вам, і мне няма калі. Заканчваецца год - пачынаецца новы. І наогул Новы год - сямейнае свята. Таму я вам жадаю напярэдадні новага года і ў новым годзе наогул ніколі не хварэць. Хоць, як урачы, вы разумееце, што гэта амаль немагчыма ў нашым жыцці".

"Вы проста малайцы, ціха, спакойна робіце сваю справу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Дапамагае ўрачам на гэтым этапе той унікальны вопыт, які быў напрацаваны ў Беларусі ў час першай хвалі захваральнасці. Прэзідэнт нават вобразна параўнаў узровень падрыхтоўкі медыкаў з навыкамі арміі Савецкага Саюза ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны і ў канцы. "Добра, што тады мы прайшлі гэты перыяд, навучыліся ваяваць, навучыліся змагацца з гэтай хваробай, і ўжо сённяшняя армія (людзей у белых халатах. - Заўвага) - гэта не армія 41-га года. Армія ў 41-м годзе і армія ў 44-м - гэта дзве розныя арміі. Таму вы малайцы!" - падкрэсліў беларускі лідар.

Словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў і тым урачам, якім давялося перакваліфікавацца і дапамагаць лячыць пацыентаў з каранавірусам. Паводле даных Кіраўніка дзяржавы, сітуацыя з колькасцю пнеўманій, цяжкіх пацыентаў і тых, хто знаходзіцца на апаратах ШВЛ, стабілізавалася апошнім часам.

Прэзідэнт пахваліў і месцазнаходжанне бальніцы, якая акружана хвойнымі дрэвамі, і ў сувязі з гэтым падзяліўся ўражаннямі ад сваёй паездкі па дарозе ў Магілёў. На гэты раз Кіраўнік дзяржавы прыехаў у абласны цэнтр на аўтамабілі. "Ехаў і думаў, якая прыгожая ў нас краіна! І самае галоўнае, калі ўсе гналіся за вялікімі грашыма (а вялікія грошы - гэта вытворчасць, і ў асноўным гадкая вытворчасць) у свеце, мы ўсё ж такі сваю Беларусь збераглі. Вельмі хацелася б, каб яна была такой жа чыстай не толькі для нас, але і для дзяцей і ўнукаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Раней тэрыторыя бальніцы была акружана палямі, цяпер тут выраслі новыя карпусы. "Дзякуй богу, лес не высеклі. Трэба пабольш вакол высадзіць дрэў. Не трэба блізка дамамі падыходзіць да бальніцы, мы знойдзем месца, дзе пабудаваць жыллё для магіляўчан, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Добрая ў вас бальніца, адно з лепшых месцаў у рэспубліцы, дзе знаходзіцца абласная бальніца. Бальніца прыемная, чыстая, прынамсі там, дзе я прайшоў".

Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб будаўніцтве на тэрыторыі бальніцы кардыяхірургічнага корпуса і папрасілі дапамагчы з абсталяваннем гэтага аддзялення. Прэзідэнт паабяцаў аказаць падтрымку па аснашчэнні корпуса сучасным абсталяваннем.

"Будзе хоць якая капейка - мы гэта накіруем ахове здароўя. Таму што даражэй за жыццё ў чалавека нічога няма, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ваша справа - лячыць людзей, усё астатняе мы забяспечым, як бы ні было цяжка".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што восенню Беларусь атрымала крэдыт ад Еўразійскага банка развіцця. Паводле яго слоў, першапачаткова гэтыя грошы планавалася накіраваць на падтрымку эканомікі ва ўмовах негатыўных наступстваў пандэміі, але ў выніку большая частка пайшла на падтрымку сістэмы аховы здароўя, у прыватнасці на выплату надбавак урачам. "Я думаў, гэтыя $500 млн у эканоміку ўкладу - і мы вышэй за 100% зможам ВУП выдаць у гэтым годзе. Ніводная краіна гэтага не дасягнула. А тут другая хваля пачалася... Дык калі б толькі даплаты, а лякарствы? - заўважыў Прэзідэнт. - Калі ёсць грошы, я, вядома, перш за ўсё аддам іх урачам".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што наступстваў пандэміі не вытрымліваюць нават самыя магутныя эканомікі свету. Толькі Кітай змог утрымаць свае пазіцыі. Беларусь таксама дэманструе нядрэнныя вынікі. "Галоўнае - гэта эканоміка. Будзе працаваць эканоміка - будзе толк. Мы ў гэтым годзе недабяром да 100% ВУП мінулага года зусім крыху, менш за працэнт. Мы стараліся прадаць свой прадукт, малайцы вяскоўцы. Гэта значыць, варушымся, хто як можа", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён запэўніў, што беларуская эканоміка захавае сваю сацыяльную накіраванасць. "Настаўнік, урач, рабочы чалавек - яны хочуць, каб было справядліва", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

У час сустрэчы з медыкамі Прэзідэнт выказаў перакананне ў неабходнасці захаваць цэласнасць і суверэнітэт краіны. "Я хачу, каб вы разумелі маю пазіцыю, яна нязменная: давайце жыць дружна, захаваем краіну (а мы яе захаваем, чаго б нам гэта ні каштавала, і не для мяне, і не для яго - гэта ўжо для ўнукаў). І гэта мая галоўная задача. Усё будзеце вырашаць вы. Абяцаю вам: усё будзеце вырашаць вы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта заява адносіцца таксама і да паправак у Канстытуцыю, якія цяпер рыхтуюцца менавіта з улікам прапаноў і інтарэсаў беларускіх грамадзян.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не імкнецца ўтрымаць уладу любой цаной, аднак і здаваць краіну, склаўшы рукі, таксама не збіраецца. "Я нікуды не пабягу, каб вы ведалі. Нікуды, - заявіў ён. - Добра, што час прайшоў, і людзі ўбачылі, хто рваўся да ўлады. Справа не ўва мне. Я часта гавару: я сваё адпрацаваў. Мне шкада, што будзе пасля гэтага (калі да ўлады прыйдуць тыя, хто цяпер у апазіцыі да дзеючага кіраўніцтва. - Заўвага)".

Падчас размовы з калектывам бальніцы Кіраўнік дзяржавы назваў прыкладны кошт стварэння беларускай вакцыны ад каранавіруса. Паводле яго слоў, на гэта можа пайсці Br5 млн.

Прэзідэнт адзначыў, што ў пытанні вакцынавання грамадзян у Беларусі плануюць ісці трыма шляхамі: у бліжэйшы час закупіць ужо вырабленую вакцыну, каб прышчапіць групы рызыкі, наладзіць у рэспубліцы вытворчасць расійскага прэпарату, а таксама заняцца распрацоўкай уласнай вакцыны.

"Я вельмі рады, што нашы вучоныя замахнуліся на вытворчасць уласнай вакцыны. Упэўнены, што мы ад гэтай заразы (каранавіруса. - Заўвага) нікуды не дзенемся. Яна застанецца з намі, як грып. Значыць, нам патрэбна будзе вакцына. Трэба сваю распрацаваць, спецыялісты ёсць. Трэба брацца за гэта і не баяцца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Там грошы, я паглядзеў, невялікія: недзе каля пяці мільёнаў рублёў. І мы акупім гэта, толькі трэба хутка рухацца ў гэтым напрамку".

Прэзідэнт упэўнены, што беларускім вучоным гэта пад сілу. Гэта пытанне ў хуткім часе будзе абмяркоўвацца на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы.