Наведванне Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы
- 22
- 5
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 8 снежня рабочую паездку ў Мінскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Стаўбцоўскую цэнтральную раённую бальніцу.
Галоўны ўрач бальніцы Святлана Глебка расказала Прэзідэнту аб арганізацыйна-штатнай структуры ўстановы і яе матэрыяльна-тэхнічнай базе, кадравай рабоце.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер пры падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў акцэнт будзе рабіцца на мэтавай падрыхтоўцы. "Нам трэба дакладна вызначыцца. На мэтавай аснове набіраем, а месцы застаюцца - будзем дабіраць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што цяпер асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца развіццю міжраённых бальніц. Такіх у Мінскай вобласці чатыры: у Барысаве, Маладзечне, Салігорску і Слуцку. "Мы хочам з навукова-практычных цэнтраў Мінска, з абласных бальніц многія аперацыі перанесці ў міжраённыя бальніцы, і раённыя падцягваць", - сказаў ён.
Асобна галоўны ўрач спынілася на лячэнні хворых на каранавірус. Сёння на шпіталізацыі ў Стаўбцоўскай ЦРБ знаходзіцца 121 пацыент з COVID-19. Паводле слоў Святланы Глебка, за апошнія некалькі дзён захваральнасць на каранавірус знізілася. Калі ў лістападзе за суткі рэгістравалася 20 пацыентаў, то апошнія дні - па 12.
"Калі з 20 да 12 упала, гэта ўжо добры спад. Дай бог, каб у краіне так было. Будзем спадзявацца, што мы ўсё ж такі выйшлі на гэта плато. Бачыце, пайшло ўжо зніжэнне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы з калектывам Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як некаторыя журналісты, у тым ліку і з Расіі, спрабавалі вясной расхістаць сітуацыю ў Стоўбцах і расказвалі людзям няпраўду аб сітуацыі ў раёне. "Я проста хачу вам падзякаваць. Вам - асабліва. Вы аказаліся палітычна моцнымі людзьмі. Было няпроста, але вы справіліся. Вы проста малайцы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі будзе патрэбна якая-небудзь дапамога, мы пастараемся дапамагчы".
Прэзідэнт растлумачыў, што прыехаў у Стоўбцы, каб даведацца, як аказваецца дапамога хворым на каранавірус на раённым узроўні. "На маёй памяці мы гэту бальніцу рамантавалі, дабудоўвалі, перабудоўвалі. Звычайная раённая бальніца, якая дзякуючы вам стала незвычайнай. Галоўны ўрач просіць адно: каб гэта бальніца была апорай хаця б па напрамку траўматалогіі. Мы разгледзім гэта пытанне", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што, наведаўшы бальніцу ў Стоўбцах, яшчэ раз пераканаўся: абстаноўка з каранавірусам у краіне складаная, але абсалютна кантралюемая".
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі створана цалкам эфектыўная сістэма аховы здароўя і ламаць яе няма неабходнасці. Высокатэхналагічную дапамогу аказваюць на ўзроўні рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, далей ідзе ўзровень абласных бальніц, міжраённых цэнтраў. Цяпер, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, важна перадаваць вопыт і навыкі ўрачоў РНПЦ на наступны ўзровень - урачоў у абласцях. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што для спецыялістаў, якія праводзяць высокатэхналагічныя аперацыі, устаноўлены спецыяльныя прыбаўкі да заработнай платы.
"Гэта каб вы імкнуліся расці па кар'ернай лесвіцы", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на эфектыўнасць работы міжраённых цэнтраў. Прэзідэнт лічыць, што ў Стаўбцоўскай ЦРБ можна стварыць такі спецыялізаваны цэнтр па траўматалогіі. Кіраўнік дзяржавы таксама паабяцаў у хуткім часе правесці рэканструкцыю і затым дааснасціць іншыя раённыя бальніцы краіны. "Амаль усюды ўжо адрамантавалі, - сказаў беларускі лідар. - У нас у асноўным усё на добрым узроўні. Можа, недзе пару раённых бальніц засталося. Мы за гэту пяцігодку іх поўнасцю прывядзём у парадак... Мы іх давядзём да ладу. Але самае галоўнае - іх аснасціць".
"Будзем вас аснашчаць. Галоўнае, каб вы ў Польшчу не збеглі", - з доляй гумару дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава ўкладвае значныя фінансы ў развіццё сістэмы аховы здароўя, але разам з тым заклікаў усіх праяўляць вялікі клопат аб уласным здароўі, весці здаровы лад жыцця. "Бясплатная меддапамога садзейнічае таму, што людзі не сочаць за сабой", - заўважыў ён.
Закранаючы пытанне заработнай платы ў сферы аховы здароўя, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з-за наяўнасці даплат медыкам за работу з кавіднымі пацыентамі ўзровень сярэдняй заработнай платы ва ўрачоў ужо дасягнуў памеру, запланаванага да канца пяцігодкі. Цяпер стаіць задача захаваць гэты ўзровень і пасля завяршэння пандэміі.
Адказваючы на пытанні медыкаў, Прэзідэнт таксама прапанаваў зрабіць Усебеларускі народны сход канстытуцыйным органам. "Я так думаю (не ведаю, падтрымаеце вы ці не): Усебеларускі народны сход трэба зрабіць канстытуцыйным органам. Каб быў такі орган, які кантраляваў бы галоўныя напрамкі нашага развіцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, парадак дня Усебеларускага народнага сходу будзе канчаткова сфарміраваны пасля калядных свят. Само мерапрыемства пройдзе ў канцы студзеня - пачатку лютага. "Нам трэба зацвердзіць пяцігодку - як мы будзем рухацца ў сацыяльна-эканамічным развіцці. Галоўнае - эканоміка, да чаго мы будзем імкнуцца. Людзі павінны быць сарыентаваны на пяць гадоў наперад. Другое пытанне - палітыка. Вы самі яго падкінулі: Канстытуцыя і іншае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама прапанаваў выбіраць дэлегатаў на Усебеларускі народны сход на пяцігадовы тэрмін. Працаваць яны будуць на грамадскіх пачатках. Пры гэтым іх роля і статус значна павысяць: ім будуць падсправаздачныя кіраўнікі парламента, міністры і губернатары.
"Калі мы знімаем некаторыя абавязкі з Прэзідэнта, іх жа трэба некуды перадаваць. Ва Урад і парламент гэтыя паўнамоцтвы не падыходзяць. Куды іх перамяшчаць? Трэба шукаць такі орган. У нас ёсць Усебеларускі народны сход. Таму некаторыя паўнамоцтвы давядзецца перадаць, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Калі растварыць паўнамоцтвы Прэзідэнта, якія перадаюцца парламенту, Ураду, міністрам, губернатарам, будзе поўны бардак, які мы ў сярэдзіне 90-х перажылі. Таму патрэбны орган, які ўсіх імгненна стабілізаваў бы. Ён будзе выступаць ад імя народа, працоўных калектываў. Гэта не паўтарэнне дэпутацкага корпуса: яны як выбіраліся, так і будуць. Я прыхільнік таго, каб усё вырашалі вы. Народ павінен вырашаць".
Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў і рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта аб увядзенні санкцый у адносінах да Кіраўніка беларускай дзяржавы і Нацыянальнага алімпійскага камітэта краіны.
"Трэба нам звярнуцца ў суд. Няхай Бах (Томас Бах, кіраўнік МАК. - Заўвага) і банда раскажуць, у чым мая віна, што я сваю краіну абараняю?! Ну дык вы мяне падтрымліваеце ў гэтай палітыцы ў пераважнай большасці, і я абараняю сваю краіну. Я абараняю вас. За што ж мяне караць, каб я не прымаў удзел у нейкіх мерапрыемствах... Ды я 25 гадоў не прымаў у іх удзел, перажыву і далей! Але навошта ж вы так робіце? І потым, вы што, сабралі Міжнародны алімпійскі камітэт, усе краіны, сотню з нечым, абмеркавалі гэту тэму? Баяцца з-за кавіду высунуць нос з нары!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Няхай сабе я, перажыву. Але дзяцей вы навошта чапаеце?! - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Ну якія санкцыі яны ўвялі? Не запрашаць на мерапрыемствы? Я 25 гадоў да вас не ездзіў і вытрымаю, не паеду. Мяне больш за ўсё закранула - дзеці. Абсалютна беспадстаўна".
Прэзідэнт нагадаў аб рашэнні МАК, прынятым у 2016 годзе, аб часовым адхіленні Паралімпійскага камітэта Расіі ад удзелу ў Паралімпіядзе ў Бразіліі. "Помніце, яны некалі супраць Расіі ўсім фронтам пайшлі? Амерыканцы крыкнулі "фас", і яны паперлі, - сказаў беларускі лідар. - Паглядзім, ці падтрымае нас Расія".
"Вось такі "справядлівы" ў нас свет!.. Запомніце: няма справядлівасці ў свеце. Калі ты выбудоўваеш справядлівую палітыку, нікому не патрэбны будзеш, ты будзеш ворагам", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.