Наведванне 4-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска
- 9
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 14 снежня 4-ю гарадскую клінічную бальніцу імя М.Я.Саўчанкі.
Тут Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з лячэннем хворых на каранавірус і пагутарыў з самімі пацыентамі. Такія мерапрыемствы ўжо сталі традыцыйнымі ў яго графіку.
Як расказаў Прэзідэнту галоўны ўрач бальніцы Вацлаў Янушка, усяго ў клініцы 888 ложкаў, 70% з іх аддадзены пад кавідных пацыентаў. Бальніца прадаўжае аказваць усе паслугі па сваім профілі, праўда, у меншым аб'ёме.
"Трэба разумець, што акрамя кавід-хворых хапае і іншых: і сардэчна-сасудзістыя, і дыябетыкі, і анкалогія. Таму вы правільна робіце, што аказваеце дапамогу людзям і па іншых хваробах, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Самае галоўнае - утрымацца на гэтых ложках. Непажадана пашырацца".
На думку Кіраўніка дзяржавы, не варта ператрымліваць хворых у медыцынскіх установах, калі яны ідуць на папраўку. "Калі чалавек дома далечваецца, ён сябе камфортней адчувае і хутчэй выздараўлівае. Размова не ідзе аб тым, што мы павінны выпіхваць людзей. Але калі дынаміка добрая, чалавек ідзе на выздараўленне, нельга яго трымаць. Паводле статыстыкі, 0,31% людзей (нават працэнта няма) даводзіцца вяртаць назад. Гэта добры паказчык. Гэта значыць выпрацавана добрая сістэма, пажадана яе ўтрымаць, каб анкалагічныя койкі не перапрафіляваць пад кавід", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Ён заўважыў, што расійскія медыкі прагназуюць у сваёй краіне ўсплёск анкалогіі ў бліжэйшыя гады: на фоне пандэміі стала менш праводзіцца прафілактычных мерапрыемстваў. "Нам трэба за гэтым пытаннем уважліва сачыць. Насельніцтва трэба абследаваць, каб мы своечасова выяўлялі злаякасныя пухліны і іншыя хваробы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час сустрэчы з калектывам бальніцы Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яго візіт не быў запланаваны. "Я прыехаў да вас нечакана: хацеў паглядзець, як вы працуеце. Толькі ўчора вечарам сказаў, што прыеду да вас", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён падзякаваў медыкам за цярплівасць і стойкасць пры рабоце ў такіх няпростых умовах. "Дзякуй вам вялікі за тое, што вы робіце. Калі нешта трэба, нават асабістыя нейкія праблемы, звяртайцеся, будзем старацца дапамагчы", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанні медыцынскіх работнікаў, Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь можа наладзіць вытворчасць уласнай вакцыны ад каранавіруса. Ён растлумачыў, што цяпер разглядаюцца тры асноўныя варыянты процідзеяння распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі: закупка расійскай вакцыны, арганізацыя ў Беларусі вытворчасці вакцын з расійскага штама, а таксама распрацоўка ўласнай вакцыны.
"Я не выключаю, што нам давядзецца задзейнічаць усе тры варыянты. Нам трэба будзе купіць вакцыну, каб тэрмінова правакцынаваць групу рызыкі (гэта ўрачы і медсёстры перш за ўсё). Нам нядрэнна было б наладзіць вытворчасць. Справа нават не ў тым, што мы потым зможам прадаць яе, але трэба для сябе і сваіх людзей вырабіць вакцыну. Таму пойдзем усімі гэтымі напрамкамі. І калі напрацоўкі нашых вучоных сур'ёзныя, будзем займацца ўласнай вакцынай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, расійскі бок гатовы прадаставіць Беларусі ўсё неабходнае, каб наладзіць тут вытворчасць вакцыны.
"Чаму я не выключаю вытворчасці ўласнай? Я ўпэўнены, што гэта зараза (каранавірус. - Заўвага) застанецца з намі назаўсёды. Таму нам патрэбна будзе вакцына. І не толькі сёння-заўтра, але і паслязаўтра, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Калі мы навучымся вырабляць самі, атрымаем вопыт, значыць, у нас будуць добрыя спецыялісты, вучоныя, добрыя медыкі, і ахова здароўя такім чынам будзе развівацца. Наогул біятэхналогіі - гэта вялікая перспектыва", - падкрэсліў ён. Прапановы па вырабе ўласнай вакцыны кіраўніку дзяржавы прадставілі спецыялісты з Віцебска і вучоныя з Нацыянальнай акадэміі навук.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў свеце цяпер вядзецца барацьба за распрацоўку і вытворчасць вакцыны. "Мяне што насцярожвае ў гэтай вакцыне - бойка за грошы. У гэтым круцяцца мільярды долараў, і ўсе пачалі біцца за гэтыя грошы, часам не беручы пад увагу адказнасць і за вакцыну, і тых людзей, якія ў гэтым выпадку на выпрабаваннях", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Усе акрэсленыя варыянты плануецца абмеркаваць на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы з удзелам зацікаўленых бакоў.