Рабочая паездка ў Мінскую вобласць
- 13
- 2
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць 13 чэрвеня азнаёміўся з арганізацыяй вытворчасці рэактыўных снарадаў у Беларусі.
Пасля прылёту Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё пацікавіўся ў губернатара Мінскай вобласці, як умовы надвор'я, якія ўсталяваліся, уплываюць на ўраджай.
"Ну што, падсыхае?" - спытаў Прэзідэнт.
"Нераўнамерна", - адказаў Аляксандр Турчын.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў удзяліць асаблівую ўвагу захаванасці травяністых кармоў. Збожжавыя, паводле яго слоў, яшчэ можна будзе дакупіць у выпадку неабходнасці, а вось травяністыя неабходна нарыхтаваць у максімальным аб'ёме.
Пасля прыбыцця на адно з прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці выканалі адказныя асобы тое, што абяцалі па наладжванні вытворчасці айчынных боепрыпасаў.
"Паважаны таварыш Галоўнакамандуючы, у мэтах выканання Вашага даручэння па арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь вытворчасці найбольш выкарыстоўваемых тыпаў боепрыпасаў мы арганізавалі адпаведную работу", - далажыў Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус. Паводле яго слоў, у лістападзе 2022 года гэта работа была пачата, і на дадзены момант ва ўстаноўленым парадку на прадпрыемствах ДВПК і Мінпрама вырабляюць больш за паўсотню корпусна-механічных частак для такога тыпу боепрыпасаў.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб запуску ў Беларусі серыйнай вытворчасці самага масавага тыпу боепрыпасаў РС 122 мм. Затым Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналагічным працэсам зборкі рэактыўных снарадаў.
"Аказваецца, гэта вельмі патрэбна для арміі", - заўважыў беларускі лідар. Таму што важную ролю ў сутыкненнях адыгрывае не толькі высокадакладнае сучаснае ўзбраенне, але і больш простае - аўтаматы, кулямёты, гранатамёты. "Ракеты ракетамі, высокадакладная зброя, самалёты, верталёты, "Леапарды", "Брэдлі", якія знішчаюцца гэтак жа, як і савецкія танкі і БМП (мы гэта ўбачылі нядаўна ў выніку першага этапу контрнаступу)... Добра, што мы далёка не ўлезлі ў дарагія рэчы, якія мы і вырабіць не зможам, а трэба было б закупляць. А вось на зямлі ўсё гэта і плюс аўтаматы, гранатамёты, кулямёты - яны вырашаюць вялікія-вялікія праблемы", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, цяпер запатрабаваны і такія віды ўзбраення, як, напрыклад, рэактыўныя сістэмы залпавага агню "Шквал" (мадэрнізаваныя "Грады"). Яны вельмі патрэбны і вырашаюць вялікія праблемы на фронце. Адпаведна неабходны і боепрыпасы да іх.
"Я не гавару, што тое (дарагое высокадакладнае ўзбраенне. - Заўвага) не патрэбна. Патрэбна. Але без гэтага (уласнага больш простага ўзбраення. - Заўвага) ніякай перамогі на фронце не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Тэхніка тэхнікай, але патрэбны боепрыпасы для яе", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. Таму па яго даручэнні ў вельмі сціслыя тэрміны была арганізавана ўласная серыйная вытворчасць боепрыпасаў і ў хуткім часе яна павінна разгарнуцца на поўную моц.
"Выйдзем на 10-12 тыс. У нас жа "дыктатура" і, калі жымануць, то і 15 тыс. Дзмітрый Аляксандравіч Пантус збярэ", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Асобную ўвагу Прэзідэнт удзяліў умовам захоўвання боепрыпасаў. Ён нагадаў, што па ўсёй краіне з мінулых часоў захавалася шмат сховішчаў для ядзернай зброі. У пачатку свайго прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка пабываў у адным з такіх сховішчаў, дзе размяшчаліся боепрыпасы да стратэгічных "Таполяў". І тады ў няпростай эканамічнай сітуацыі пад значным знешнім націскам Прэзідэнту давялося прыняць рашэнне аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. "Так у жыцці склалася, што цяпер даводзіцца вяртаць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Пасля наведвання прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ. Журналісты заўважылі, што, паводле версіі заходніх СМІ, Расія імкнецца размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю да саміту НАТА, які пройдзе ў Вільнюсе 11-12 ліпеня, і гэтыя дзеянні трактуюцца як спроба ядзернага шантажу. Прэзідэнта папрасілі расставіць кропкі над "i", спытаўшы, навошта ў Беларусі ядзерная зброя і якія ўмовы яе захоўвання і выкарыстання.
"Расія ні да чаго не імкнецца. Не ў Расіі справа", - адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі было яго просьбай і настойлівым патрабаваннем да расійскага боку, каб гарантаваць бяспеку нашай краіны.
"Спачатку я прасіў Пуціна. Потым я настойліва па-сяброўску запатрабаваў - вярні мне пакуль гэту зброю (тактычную, а не стратэгічную ядзерную зброю. - Заўвага). Мне яе дастаткова", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт на гэтым этапе не бачыць неабходнасці для размяшчэння стратэгічнай ядзернай зброі, напрыклад расійскіх "Таполяў": "Навошта мне стратэгічная, тыя ж "Таполі"?.. Хоць мы цяпер рыхтуем пляцоўкі і пад гэтыя ўзбраенні. Яны ўсе жывыя-здаровыя, акрамя адной. Таму калі трэба, мы ў любы момант..."
"Але "Таполя" - гэта міжкантынентальная ракета. Я што, з Амерыкай збіраюся ваяваць? Не. Таму мне пакуль дастаткова гэтай (тактычнай ядзернай. - Заўвага) зброі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта было маё патрабаванне. Гэта не Расія мне навязвала. Чаму? Таму што з ядзернай дзяржавай, як вы ўсе кажаце, ніхто яшчэ ў свеце не ваяваў. І я не хачу, каб з намі ваявалі. Пагроза такая ёсць? Ёсць. Я павінен прадухіліць гэту пагрозу", - растлумачыў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што адной з першых яго прапаноў расіянам было ўзброіць ядзернымі боегалоўкамі некалькі беларускіх "Паланэзаў". Але гэта аказалася вельмі складаным. Таму прынялі рашэнне перадаць тактычную ядзерную зброю, папярэдне падрыхтаваўшы сховішчы. "Усё гатова. Думаю, пройдзе некалькі дзён, і мы будзем мець тое, што мы і прасілі. І нават крыху больш", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Умовы, створаныя для захоўвання такой зброі, па строгасці патрабаванняў, якія неабходна выконваць, параўнальныя, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, з аперацыйным блокам бальніцы. Беларускі бок выканаў усе патрабаванні, і нават расіяне, калі прыехалі, ахнулі. "Кажуць: "Хіба такое магчыма?" Так, магчыма, - заўважыў Прэзідэнт. - Мы ўсё падрыхтавалі, і рэалізуем тую праграму, якую з Прэзідэнтам Расіі намецілі".
Гаворачы аб прычынах размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі, Прэзідэнт сказаў: "Навошта гэта патрэбна? Каб ні адна нага якой-небудзь сволачы не ступала больш на беларускую зямлю".
А прычына прымянення такой зброі, паводле яго слоў, можа быць толькі адна - агрэсія супраць Беларусі. "І адказ будзе неадкладным. Я гэта раней гаварыў ужо некалькі разоў", - дадаў беларускі лідар.
Падкрэсліўшы значную магутнасць той ядзернай зброі, якая будзе размешчана ў Беларусі, Кіраўнік дзяржавы заявіў: "Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсць такая зброя. Гэта зброя стрымлівання".
Аднак сітуацый, калі давялося б яе прымяніць, зразумела, хацелася б пазбегнуць. "Не дай бог мне давядзецца прымаць рашэнне на прымяненне гэтай зброі ў сучасны час. Але ніякага вагання не будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Разважаючы аб выбарах у Злучаных Штатах, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанне, хто будзе чарговым кандыдатам на пасаду прэзідэнта і выйграе выбарчую гонку, не такое важнае. "Байдэн там, не Байдэн. Што скажуць, тое і робіць. Ён што, сам прымае рашэнні? - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. - Прымаюць адпаведныя людзі. Таму там неверагоднае можа адбыцца".
Паводле апытанняў, Джо Байдэн прайграе Дональду Трампу. Але і гэты факт ні аб чым не сведчыць, падкрэсліў Прэзідэнт.
"Вы ведаеце, як праводзяцца выбары ў ЗША. Па пошце або грошы заплацілі - ва урну накідалі. Гэта жах! Мы святыя. Наша "дыктатура" святая ў параўнанні з іх "дэмакратычнымі" выбарамі. Гэта кашмар. Калі ўсе гэтыя нюансы ўлічыць, то хто яго ведае, што там адбудзецца, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Але калі перамагае Трамп... Адна справа перадвыбарная кампанія, калі ўсе могуць прыгожа гаварыць. Але гаварыць - гэта адно, а вырашаць пытанні - гэта зусім іншае. Машына ў Амерыцы працуе, і супраць гэтай машыны ніводны прэзідэнт не пойдзе. Таму што ў яго і паўнамоцтвы іншыя, чым, дапусцім, у Лукашэнкі або Пуціна".
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Дональд Трамп больш рашучы і можа прымаць рашэнні наперакор тым, хто кантралюе сітуацыю. "Яму давядзецца (калі нават не ў поўным аб'ёме, але часткова) выконваць свае абяцанні па спыненні вайны. Таму што вельмі яўна ён аб гэтым сказаў: "Суткі - і я вырашыў бы пытанне". Будзем за яго балець, каб ён прыйшоў да ўлады і за суткі спыніў гэту натаўскую машыну, якая сёння ваюе супраць Расіі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама расказаў журналістам, чаму прыняў рашэнне аб памілаванні Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі.
"Што датычыцца Рамана Пратасевіча, тут усім зразумела і вядома. Перад ім былі пастаўлены ўмовы. Разумеючы ўсё, што адбывалася да таго, пасля таго, - ты робіш гэта, мы робім гэта. Гэты хлопец зрабіў усё, што паабяцаў. Гэта не таму, каб захаваць сабе жыццё або не трапіць у турму. Не. У чалавека была перакананасць: ён прызнаўся, што няправільна зрабіў. Мы праверылі: на фронце ён не быў, нікога не забіваў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Сітуацыя з Соф'яй Сапегай была іншай. Яна грамадзянка Расіі, і яшчэ да суда яе планавалі выдаць расійскім праваахоўным органам. Але працэс зацягнуўся да немагчымасці, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым, паводле яго слоў, падтрымлівалася сувязь з яе бацькамі.
"Як некаторыя кажуць, закахалася. І яна ўлезла ў гэта. Так, вінаватая. Але гэта не наша грамадзянка, у нас сваіх хапае. Забіралі недзе паўгода - не забралі. Валакіта не з нашага боку, - расказаў Прэзідэнт. - А маральна: закахалася ў хлопца, і пасля яго памілавалі і адпусцілі, а дзяўчына будзе там сядзець?"
Калі ў Беларусь прыбыў губернатар Прыморскага края Алег Кажамяка, было вырашана вызваліць Соф'ю Сапегу, каб яна змагла вярнуцца на радзіму.
Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на папрокі ў яго адрас наконт памілавання дзяўчыны: "Я вас чую. Лічуся з вашым меркаваннем. Але, паверце, вы не ўсё ведаеце. Я ніколі не быў здраднікам і да канца буду ісці. Гэтых "лахушак" і іншых - там памілавання ўжо не было б. Таму што яны столькі шкоды краіне прынеслі. І гэта яны вінаватыя больш за ўсё. Мы ж бачым у дэталях, як яны цягнуць нашых ашалелых і любіцеляў крыху падзарабіць, выпіць, пракалоцца і гэтак далей. Кажуць - полк Каліноўскага. Там менш за дзвесце чалавек, ужо, можа, і сто сёння: загінула вельмі шмат. Яны ў шоку: "Хачу вярнуцца. Я ў дыктатуры буду жыць". А нельга вярнуцца: не пускаюць, загараджальныя атрады ззаду".
"Гэтыя арганізатары накшталт "лахушак-ціхушак" грошы мільёнамі атрымліваюць - мы гэта таксама бачым. Яны грошы прысвойваюць, а гэтых дурняў - каго на фронт, каго ў Беларусь, каб дыверсіі ўчынялі, - перакідваюць. Хто больш за ўсё вінаваты? Гэтыя мярзотнікі. Але і гэтым даравання не будзе, таму што ў іх кроў на руках. За гэта яны будуць адказваць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі стварылі спецыяльную камісію, каб грамадзяне, якія выехалі за мяжу, маглі без апасенняў вярнуцца ў краіну. "Калі мы гэты працэс запусцілі, яго трэба прымяняць усебакова, - дадаў ён. - Калі б яны ўяўлялі заўтра нам пагрозу і была небяспека паўтарэння 2020 года, то, вядома, я ніколі на гэта не пайшоў бы".
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў чуткі аб перанесеным ім захворванні: "Усё, што было напісана, - гэта жудасная няпраўда. Проста мне давялося пераносіць усё гэта на нагах. На нагах лепш хваробу не пераносіць".
Прэзідэнт раней ужо расказваў, што перанёс адэнавірус. Гэта даволі распаўсюджаная хвароба. "Не такая заразная, як каранавірус, але нічога добрага і прыемнага няма. Адыходзіць ад гэтага, як мне сказалі спецыялісты, чалавек будзе доўгі час, аднаўляцца канчаткова. Тры месяцы, можа. А ўсё, што пісалі, што ў ЦКБ (Цэнтральная клінічная бальніца Масквы.- Заўвага) мяне вазілі, яшчэ нешта - я нават не ведаю, дзе гэта ЦКБ. І потым. Гэта глупства і тупасць неймаверная. Калі б мне патрэбна была дапамога, то да мяне на працягу некалькіх гадзін з той жа ЦКБ Пуцін прыслаў бы дзясятак урачоў", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму ўсё гэта хлусня, і вы гэтаму не верце. Я быў на нагах, бегаў, нават у хакей гуляў. Але я зразумеў, што на нагах лепш не пераносіць гэта, таму што даўжэй будзеш папраўляцца. Як у мяне і адбылося, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы не хвалюйцеся, я яшчэ жывы і жыць буду!"