Удзел у рэспубліканскім суботніку
- 27
- 7:03
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў дзень рэспубліканскага суботніка 22 красавіка працаваў на добраўпарадкаванні дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь".
Кіраўнік дзяржавы ў складзе сваёй брыгады высаджваў дрэвы на тэрыторыі комплексу. Цяпер тут з'явіўся невялікі дубовы гай: у азнаменаванне 80-годдзя хатынскай трагедыі высаджана 80 дубоў. На суботніку ў "Хатыні" прынялі ўдзел і прадстаўнікі працоўных калектываў, актывісты ГА "БРСМ", якія займаліся прыбіраннем і азеляненнем комплексу, падсыпкай і выраўноўваннем грунту.
Перад пачаткам работ Аляксандр Лукашэнка разам з дырэктарам "Хатыні" Артурам Зельскім азнаёміўся з добраўпарадкаваннем мемарыяльнага комплексу. "Трэба кожны год нешта рабіць. Кожны год нешта адметнае прыўносіць", - сказаў Прэзідэнт, аглядаючы тэрыторыю. Адной з такіх "адметнасцей", адзначыў ён, стала адноўленая на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу царква.
"Царква цудоўна ўпісалася ў гэты антураж. Нібыта там заўсёды была. Прычым гэты стыль вытрымалі XVIII стагоддзя, не перабралі, - адзначыў Артур Зельскі. - Тое, што зроблена тут у 2022 годзе, сувымерна толькі са стварэннем самога мемарыяла. Удыхнулася ў мемарыял новае жыццё. І гэта цалкам ваша заслуга". Паводле слоў дырэктара "Хатыні", за месяц мемарыяльны комплекс наведалі больш за 10 тыс. чалавек.
"Брэсцкая крэпасць і Хатынь - месцы міжнародныя, вядомыя. Таму іх, зразумела, трэба падтрымліваць на самым высокім узроўні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падзяліўся, чаму важна займацца азеляненнем мемарыяльнага комплексу: "Вёска - яна прыгожая была, асабліва тут, калі яна патанала ў зеляніне, у кветках вясной... Яблыневы цвет".
Ён асабліва адзначыў, што ўсе мінулагоднія пасадкі прыжыліся. Магчыма, гэта звязана і з тым, з якімі думкамі выконваліся гэтыя работы. "Усё ў прыродзе адчувае, узаемаўвязана. Мы проста гэтага не вывучылі. Па-мойму, мы наогул нічога не ведаем пра прыроду. Таму на яе лепш маліцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У цэлым ён упэўнены, што, добраўпарадкоўваючы мемарыяльны комплекс, удзельнікі суботніка робяць правільную справу.
Аляксандр Лукашэнка ўжо другі год запар у суботнік займаецца добраўпарадкаваннем мемарыяльнага комплексу "Хатынь". А месяц таму наведваў комплекс разам з сынамі ў 80-ю гадавіну хатынскай трагедыі.