Наведванне Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра

  • 31
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 чэрвеня наведаў Свята-Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр.

У Свята-Успенскім саборы манастыра знаходзіцца адна з найбольш шануемых хрысціянскіх святынь Беларусі - Жыровіцкі абраз Божай Маці. У мінулым годзе, напярэдадні 550-годдзя аднойдзення гэтага цудатворнага абраза і 500-годдзя з дня заснавання манастыра, комплекс у Жыровічах быў прыведзены ў належны для яго статусу стан.

Кіраўніка дзяржавы ля ўвахода ў сабор прывітаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У храме Аляксандр Лукашэнка запаліў свечку ля Жыровіцкага абраза Божай Маці і прыняў удзел у кароткім малебне.

Прэзідэнт у час наведвання Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра абмеркаваў з яго прадстаяцелем і кіраўніцтвам Беларускай праваслаўнай царквы добраўпарадкаванне манастыра і яго тэрыторыі.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што гэта месца, як і ў цэлым Жыровічы, павінна быць жамчужынай. "Жыровічы ў нас аграгарадок. І частка гэтага аграгарадка - манастыр і храм. На працягу гэтага года трэба прадставіць мне план мадэрнізацыі паселішча поўнасцю - ад цэнтра да ўскраін. Па прынцыпе Копысі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тое, што я бачыў, гэта нядобра. Трэба прывесці ў ідэальны стан. Гэта павінна быць жамчужына. Я вам абяцаю, што грошы мы поўнасцю пад патрэбнасці выдзелім. Але па-гаспадарску".

Таксама ў час наведвання Прэзідэнта абмяркоўвалася і магчымае ўзвядзенне новага будынка на тэрыторыі манастыра, дзе будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка свяшчэннаслужыцеляў. Пакуль гэта пытанне знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі.

"У нас жа сярод свяшчэннаслужыцеляў ужо бытуе ідэя аб канцэнтрацыі ўсіх нашых творчых сіл (выкладчыкаў, студэнтаў, слухачоў) тут?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Мітрапаліта Веніяміна, планы аб пераносе Мінскай духоўнай акадэміі ў Жыровічы сапраўды абмяркоўваюцца. Але яе размяшчэнне ў сталіцы мае шэраг пераваг. "Гэта магчымасць узаемадзеяння са свецкімі ўніверсітэтамі, бібліятэкамі. І там выкладчыкам лягчэй дабірацца на заняткі. Але семінарыя будзе тут адназначна, - адзначыў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. - Мы цяпер арыентуемся на тое, што ўзровень адукацыі трэба падняць на новы ўзровень".

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да месца пахавання Мітрапаліта Філарэта за Крыжаўзвіжанскім храмам манастыра, дзе ўшанаваў памяць першага ў гісторыі незалежнай Беларусі кіраўніка Праваслаўнай царквы і пакінуў на яго магіле карзіну з белымі ружамі. Гэта любімыя кветкі Уладыкі, якія Прэзідэнт заўсёды дарыў яму пры жыцці.

Мітрапаліт Філарэт узначальваў Беларускую праваслаўную царкву больш за два дзясяткі гадоў. Пры ім у Беларусі былі адроджаны ўсе епархіі, якія гістарычна існавалі, аднавілі дзейнасць мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы. Намаганнямі Яго Высокапраасвяшчэнства аднавіла дзейнасць Мінская духоўная семінарыя, былі заснаваны Мінская духоўная акадэмія, духоўнае вучылішча, школа катэхізатараў, адбудаваны сотні храмаў. Дзейнасць Уладыкі Філарэта атрымала шырокую вядомасць як у блізкім, так і далёкім замежжы, але беларусы больш за ўсё цанілі яго як светлага і чыстага душой чалавека.

Важнае значэнне асобы Мітрапаліта Філарэта для развіцця беларускага грамадства і дзяржавы Прэзідэнт падкрэсліў у час сустрэчы з духавенствам, якая прайшла ў манастыры. Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў адданае служэнне Уладыкі сваёй краіне, яго мудрае духоўнае настаўніцтва. "Мы вельмі дружныя былі, вырашалі адну задачу. Думаю, што ён сёння глядзіць на нас зверху і, безумоўна, адабрае тое, што мы цяпер робім", - сказаў беларускі лідар.

"Жыровічы - святыня праваслаўнага свету, беларускіх вернікаў і не толькі. Тут пабывалі і заўсёды будуць прыязджаць людзі з усяго свету", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, на працягу трох гадоў тэрыторыю манастыра і сам аграгарадок прывядуць не проста ў належны выгляд, а зробяць сапраўдную жамчужыну.

"Мы разам нямала зрабілі: пабудавалі нямала храмаў, адраджаем прыходы, адкрываем нядзельныя школы, аднаўляем святыні беларускай зямлі. Тут нямала зроблена, але трэба закончыць, каб гэта жамчужына (Жыровіцкі манастыр. - Заўвага) атрымала адпаведную агранку. Месца цудоўнае", - заявіў Прэзідэнт. Ён даручыў аб'явіць конкурс на аднаўленне і мадэрнізацыю манастыра і храмаў і ўжо да канца года пачаць рэалізоўваць той з праектаў, які пераможа ў конкурсе.

Асобна Кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць стварэння камфортных умоў для навучання ў духоўнай семінарыі, размешчанай на тэрыторыі манастыра. "Трэба паглядзець, што мы яшчэ не зрабілі для семінарыстаў. Будучыя свяшчэннаслужыцелі - гэта не толькі аснова праваслаўнай царквы, але і значны камень у фундаменце беларускай дзяржаўнасці. Яны павінны дастойна навучацца і дастойна тут жыць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Размаўляючы з духавенствам, Прэзідэнт адзначыў спробу зламаць праваслаўе ў Беларусі.

"На жаль, мы перажываем неспакойныя часы. Не буду канкрэтызаваць. Проста нагадаю, што на фоне гэтай пандэміі, як яе назвалі, нас спрабавалі спачатку расхістаць і, як сёння ўжо відаць, зламаць. І нават не паставіць на калені. Усё ішло да таго, каб мы зніклі як дзяржава і народ", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Спачатку бліцкрыг, які не ўдаўся, затым заігрыванне з народам (кветачкі і іншыя блюзнерствы). На жаль, і храмы былі падключаны да гэтага. Была спроба падключыць амаль усе каталіцкія, і многія паддаліся гэтаму. І ў нас сярод праваслаўных былі пэўныя хістанні, з якімі на сённяшні дзень і Уладыка, і Праваслаўная царква справіліся. Гэта таго варта, супакойвацца нельга", - сказаў Прэзідэнт.

Пасля гэтых няўдалых спроб зламаць краіну знешнія сілы перайшлі да мацнейшай інфармацыйнай атакі і эканамічнага ўдушэння, заявіў кіраўнік дзяржавы. "Застаўся апошні этап - інтэрвенцыя", - адзначыў ён.

"У гэтым глабальным процістаянні ёсць асобныя эпізоды, якія маюць фундаментальнае значэнне для існавання беларускай нацыі. Адзін з іх (мы гэта назіраем апошнім часам, і з нашым Патрыярхам нядаўна абмяркоўвалі гэту тэму) - гэта спроба зламаць праваслаўе ў Беларусі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым праціўнікі беларускай дзяржавы ідуць правераным шляхам, жадаючы аб'явіць аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царкве. "Пісьмы пайшлі ў Канстанцінопаль, да нашага Патрыярха (ён пра гэта мне гаварыў), ды і тут мы ўжо бачым гэты разварот. Наталлі Іванаўне (Качанавай. - Заўвага) я даручыў, каб яна ажыццяўляла паміж дзяржавай, кіраўніцтвам краіны і Уладыкам кантакт. Каб мы, не дай бог, скажу па-народнаму, не праспалі гэты момант. Мы павінны зрабіць усё, каб галоўны наш здабытак - канфесійны мір - захаваць у Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларускі лідар звярнуў асаблівую ўвагу на спробы звонку расхістаць сітуацыю як у міжканфесійных адносінах, так і ў міжнацыянальных. "Пачынаюць біць і па міжнацыянальных адносінах, проціпастаўляючы палякаў беларусам, беларусаў - рускім, яўрэям, татарам і гэтак далей", - адзначыў ён.

У Беларусі на працягу доўгага часу пражываюць вернікі розных канфесій. На тэрыторыі краіны ёсць прадстаўнікі больш як ста нацыянальнасцей. І заўсёды яны жылі ў міры і згодзе, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "І калі (я ў гэта нават не веру), але калі раптам успыхне міжнацыянальная варожасць, аб чым я ўчора гаварыў на ўскраіне нашай краіны (у час наведвання Свіслацкага раёна. - Заўвага), калі ўспыхне міжрэлігійная варожасць, мы краіну не ўтрымаем, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гэтага не будзе, я адразу гавару. Але мы павінны быць гатовы да ўсяго. Мы не павінны дапусціць, каб у нашай краіне, мірнай, спакойнай, дзе існуюць і мірна ўжываюцца асноўныя, галоўныя канфесіі, былі парушаны нашы святыні і наша вера".

"Нам разам з праваслаўнай царквой і іншымі ўдзельнікамі міжрэлігійнага дыялогу, на жаль, даводзіцца ратаваць нашы традыцыйныя векавыя асновы. І парушыць мы іх не павінны. Мы ведаем, да чаго гэта вядзе, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - У Беларусі, дзе народ з часоў Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага маліўся аб адзінстве і пазбаўленні ад міжусобіц, прытрымліваючыся запаветаў гэтых святых, мы ні ў якім разе не павінны гэтага дапусціць".

Прэзідэнт адзначыў асаблівую ролю Беларускай праваслаўнай царквы ў захаванні міжканфесійнага міру. "Аснова гэтага ўсяго, зразумела, - самая вялікая і магутная Праваслаўная царква. Устаіць Праваслаўная царква ў любой праваслаўнай дзяржаве - дзяржава будзе, рухне - будзе цяжка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Радасна, што наша Праваслаўная царква падзяляе нашу заклапочанасць і гатова працаваць на яднанне нашага народа", - дадаў Прэзідэнт. Ён прапанаваў абмеркаваць, што яшчэ можна зрабіць кожнаму з бакоў, каб умацаваць мір і згоду на беларускай зямлі.