Нарада па пытаннях сітуацыі на граніцы
- 9
- 5:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў сілавікам узмацніць работу па ахове дзяржаўнай граніцы і прадухіленні фактаў яе парушэння. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 5 жніўня на нарадзе па пытаннях сітуацыі на граніцы.
У пачатку нарады Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў кіраўніцтва практычна ўсіх асноўных сілавых структур для таго, каб абмеркаваць сітуацыю, якая складваецца не толькі на заходняй і часткова паўднёвай граніцы Беларусі. Размова таксама аб тым, што адбываецца вакол краіны, і перш за ўсё што датычыцца палітыкі блока НАТА.
"У гэтым кантэксце вельмі важна пачуць ваш пункт гледжання па пазіцыі брацкай нам Украіны. Народ блізкі, народ родны, але кіраўніцтва Украіны, праводзячы антынародны курс там, узяло арыентацыю канфрантацыі. Мы не гаворым, куды яны там - на Захад, на Усход ідуць, на Поўдзень - няважна. Гэта іх справа вызначацца. Але ў аснове іх палітыкі ляжыць канфрантацыя. І для нас гэта дадатковая пагроза, якіх мы не мелі раней", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"З сённяшняга дня ні адна нага на тэрыторыю Беларусі з сумежнага боку, ці то з Поўдня або з Захаду, ступіць не павінна. Як вы будзеце гэта рабіць - вось пасля гэтай нарады абмяркуем, - зберацеся ў Дзяржсакратара. Тут Міністр МУС, Міністр абароны. Закрыйце кожны метр граніцы. Мы не дарэмна ўкладвалі каласальныя сродкі ў пагранічныя войскі, у нашы наогул сілавыя структуры. Народ наш павінен адчуваць сябе спакойна, ён павінен ведаць, што ёсць мужыкі, якія гатовы іх абараніць, - заявіў беларускі лідар. - Вось гэта мы павінна зрабіць. Элементарна. Не дай бог, яны (сумежныя краіны. - Заўвага) пачнуць рэалізоўваць тактыку выдварэння людзей, якіх яны туды пазвалі (размова аб нелегальных мігрантах. - Заўвага), праз афіцыйныя прапускныя пункты. Гэта ўжо... Вы ведаеце наступствы, яны - таксама. Таму няхай думаюць. Мы іх папярэдзілі, а яны няхай думаюць".
"Мяч на іх баку. Але дайсці да таго, каб забіваць людзей і паўжывых выкідваць на нашу тэрыторыю... Ну нацысты і ўсё, чаго аб іх гаварць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, апошнія падзеі на заходніх граніцах Беларусі, перш за ўсё з Літвой і нават Польшчай, насцярожваюць.
"Думаю, што калі супаставіць усе фактары і факты, якія мы назіраем апошнім часам, прайшоўшы сем або восем этапаў так званай каляровай рэвалюцыі, у іх у плане нічога не засталося. Таму вярнуліся да даўно апрабаванай тактыкі - шантажу, націску. І ўжо дайшлі да сілавых пагроз", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад. Адна з пагроз заключаецца ў тым, што нібыта на нелегальных мігрантаў будуць канцэнтраваць у афіцыйных пунктах пропуску: "Паміж, дапусцім, Літвой і Беларуссю. Гэта па некалькі соцень ужо і, можа, тысячу чалавек. І пад пагрозай зброі выціскаць на тэрыторыю Беларусі".
Прэзідэнт наконт гэтага адзначыў, што такія дзеянні сумежнага боку, калі гэта адбудзецца, будуць пагражаць канфліктам, бо пагранічнікі згодна з законам павінны абараняць граніцу і не дапускаць яе парушэння.
"Таму складваецца вельмі небяспечная, прама скажам, абстаноўка. Але сказаць, што мы не прадбачылі гэта і не меркавалі, будзе няправільна. Таму мы ў свой час, і я перш за ўсё вас арыентаваў на тое, каб вы былі вельмі ўважлівыя ў гэтым плане да нашых "сяброў-таварышаў" - суседзяў, асабліва на Захадзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы папрасіў Дзяржсакратара Савета Бяспекі, якому было даручана абагульніць матэрыялы, выказаць сваю пазіцыю аб тым, што адбываецца на заходнім напрамку. У кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Прэзідэнт пацікавіўся яго пунктам гледжання, як рэагаваць у такім выпадку. "Тое, што яны там прынялі закон страляць у мігрантаў, біць, душыць, цкаваць, - ну нягоднікі поўныя. Але гэта ж іх права, яны паказалі свой твар. Нас павінны хваляваць перш за ўсё апошнія метры нашай граніцы. І тут найвялікшая адказнасць перш за ўсё, Анатоль Пятровіч (Старшыня Дзяржпагранкамітэта Беларусі Анатоль Лапо. - Заўвага), на вас", - сказаў беларускі лідар.