Наведванне ААТ "Мотавела"

  • 27
  • 4

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка наведаў вытворчую пляцоўку на Партызанскім праспекце ў Мінску, дзе размешчаны ТАА "МотаВелаЗавод" і ААТ "Мотавела".

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб перспектывах развіцця айчыннай мотавелатэхнікі і прапановах па далейшым выкарыстанні вытворчай пляцоўкі ААТ "Мотавела".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў па-гаспадарску, па-народнаму падыходзіць да развіцця ААТ "Мотавела", дзе на гэты час ёсць шмат незадзейнічаных тэрыторый.

"Трэба зрабіць па-дзяржаўнаму, па-народнаму. Трэба па-гаспадарску падысці да гэтай тэрыторыі. Гэта залатое дно. Але ніякага жылля. Тут павінна быць вытворчасць, і высокатэхналагічная вытворчасць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, важна і арыентацыя на экспарт прадукцыі. "Калі ласка, арандуйце і прадавайце прадукцыю на экспарт, - сказаў Прэзідэнт. - І тут, у цэнтры Мінска, з задавальненнем прыйдуць людзі і будуць працаваць".

Кіраўнік дзяржавы даручыў кіраўніку Камітэта дзяржкантролю яшчэ раз прааналізаваць неабходнасць зносу тых ці іншых будынкаў, каб не падыходзіць да гэтага пытання агулам. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба разумна выкарыстоўваць гэту вялікую тэрыторыю, размешчаную практычна ў цэнтры Мінска. Тым больш што некаторыя будынкі на працягу многіх гадоў фарміруюць гістарычнае аблічча сталіцы ўздоўж Партызанскага праспекта.

"Трэба паглядзець. Гэта, калі хочаце, культурная нейкая каштоўнасць. Я не мінчанін, але я ўсё жыццё ездзіў па праспекце дадому, на работу сюды, калі дэпутатам быў. Мне прыемна было глядзець на гэтыя будынкі. Трэба паглядзець на прадмет таго, можа, дах трэба замяніць, можа, яшчэ што-небудзь. Узяць незалежных людзей, не тых, якія рабілі гэту рэвізію", - адзначыў беларускі лідар.

"Паглядзіце, якая прыгажосць. Тут жа дрэвы векавыя", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, аглядаючы тэрыторыю "Мотавела".

У якасці магчымага варыянта выкарыстання тэрыторыі абмяркоўвалася размяшчэнне тут Мінскага гарадскога тэхнапарка. Цяпер значная частка тэрыторыі "Мотавела" не выкарыстоўваецца. Частка будынкаў сталі непрыгоднымі, патрабуюць рамонту і рэканструкцыі, а часам і зносу. З плошчаў, якія засталіся, адна палова задзейнічана пад вытворчасць, уключаючы магутнасці мотавелазавода, а другая - пад лагістыку і паслугі. Пасля выканання ўсіх работ на пляцоўцы, навядзення парадку і ўводу ў эксплуатацыю незадзейнічаных плошчаў, доля вытворчых памяшканняў павінна ўзрасці да 70%, арганізацый сферы лагістыкі і паслуг складзе 20%, а яшчэ 10% выдзеляць пад грамадскую зону. Ёсць таксама планы па размяшчэнні тут дзяржаўнай карпарацыі сельскагаспадарчай прамысловасці, арганізацыі адзінага маркетынгавага цэнтра магазінаў Міністэрства прамысловасці.

Прэзідэнт у асноўным падтрымаў выказаныя прапановы, але звярнуў увагу, што мотавелазавод павінен па-ранейшаму размяшчацца ў трэцім корпусе, але пры яго мадэрнізацыі трэба зрабіць акцэнт на арганізацыі выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі, каб максімальна павялічыць лакалізацыю вытворчасці мотавелатэхнікі. Для такіх прадпрыемстваў можна прадугледзець і пэўныя льготы.

"На ўсёй пляцоўцы трэба выпрацаваць ільготныя ўмовы. Недзе больш будзе льгот, дапусцім, у велазавода, а недзе менш", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Трэба зрабіць узорны тэхнапарк і па яго ўзоры развіваць у іншых гарадах і месцах", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з тэрыторыяй, праінспектаваўшы стан спраў у час паездкі на аўтобусе, даў указанні.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што неабходна Указам прапісаць тыя ці іншыя льготы і вызначыць дакладныя ўмовы для тых, хто будзе ў далейшым працаваць на гэтай пляцоўцы.

Кіраўніку дзяржавы быў прапанаваны варыянт вырашэння праблемных пытанняў, звязаных з існуючымі даўгавымі абавязацельствамі ААТ "Мотавела" і яго ліквідацыяй. Прэзідэнт у цэлым план адобрыў і даручыў падрыхтаваць адпаведны праект Указа. Пры гэтым дзейнічаць аператыўна, не губляючы часу,  каб пачаць рамонтныя, аднаўленчыя работы на тэрыторыі "Мотавела" пры надыходзе добрага надвор'я. 

"Уносьце прапановы, не зацягваючы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі мы хочам нечага, трэба пачынаць ужо сёння".

"У гэтай пяцігодцы мы павінны мець суперузорную вытворчасць на гэтай пляцоўцы, і мотавелазавод застанецца такім жа брэндам для беларусаў, як некалі быў. Мы павінны ўсё зрабіць, каб атрымаць добрую вытворчасць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Лінейку прадукцыі, паводле яго слоў, трэба пашыраць, у тым ліку шляхам вытворчасці электрамабіляў, паколькі гэта найбольш экалагічны від транспарту. Прэзідэнт таксама зрабіў акцэнт на тым, што важна павялічваць лакалізацыю, арганізоўваць уласную вытворчасць дэталей і камплектуючых. "Пытанне нумар адзін для цябе - не толькі аднаўленне вытворчасці і яе падваенне, а лакалізацыя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да дырэктара мотавелазавода Мікалая Ладуцькі. - Зборачная вытворчасць - гэта добра. З'ездзіў у Кітай, у Расію, Еўропу, прывёз запчасткі, звярнуў, скруціў, усё добра. Не, мы павінны рабіць самі".

"Трэба перспектыўную вытворчасць (па выпуску мотавелатэхнікі. - Заўвага) развіваць і да канца пяцігодкі давесці яе да ідэальнага стану", - падагульніў Прэзідэнт.

Пасля таго, як Кіраўнік дзяржавы агледзеў тэрыторыю, на якой размяшчаецца мотавелазавод і іншыя арганізацыі, што арандуюць плошчы ў ААТ "Мотавела", ён адказаў на пытанні працоўнага калектыву МВЗ. "Так жыць нельга, - сказаў Прэзідэнт наконт некамфортных умоў, у якіх вымушаны працаваць супрацоўнікі мотавелазавода. - І вы так больш жыць не будзеце".

Прэзідэнт расказаў аб рашэнні размясціць на цяперашняй тэрыторыі "Мотавела" Мінскі гарадскі тэхнапарк, але асноўнай вытворчасцю тут застанецца выраб мотавелатэхнікі. "Мы яго павінны на базе трэцяга корпуса стварыць. Гэта будзе самае добрае, прыгожае і перадавое прадпрыемства, дзе вы будзеце працаваць і за пяцігодку павялічыце вытворчасць тэхнікі ў два разы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"У цэнтры горада мы захаваем гэту пляцоўку як вытворчую, але чыстую. Тут не будзе ні ліцця, ніякіх нафтапрадуктаў, гэта будзе чыстая пляцоўка. І другая асаблівасць гэтай пляцоўкі тэхнапарка будзе ў тым, што гэта будзе выключна вытворчасць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ніякіх пасрэднікаў і нават ніякага гандлю, за выключэннем толькі, калі тут будуць базіравацца людзі, якія будуць гандляваць прадукцыяй на экспарт".

Гаворачы аб кампаніях, якія могуць быць размешчаны ў тэхнапарку, Прэзідэнт прывёў у прыклад прыватнае прадпрыемства, якое ён сёння наведаў у час азнаямлення з пляцоўкай "Мотавела": "У яго ёсць рынкі, ён бачыць перспектыву. Гавару, якая праблема? Плошчаў не хапае. Мы вырашылі гэта пытанне па плошчах. Хопіць і вам плошчаў і яму. І нават ён вам аказвае дзесьці падтрымку, дапамогу ў нейкія моманты. Гэта добрыя кантакты".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў розны час былі выпрабаваны розныя шляхі развіцця мотавелавытворчасці, у тым ліку продаж прыватнаму бізнесу. "Спрабавалі ўсё. І прыйшлі да высновы, што ніякаму прыватніку мы не патрэбны. Мала добрых прыватнікаў, якія сёння гатовы працаваць для людзей", - заўважыў Прэзідэнт. Мотавелазавод вярнуўся пад дзяржаўнае кіраванне і было вырашана аднавіць тую славу, якая была ў прадпрыемства ў савецкія часы.

Пры правядзенні цяперашняй мадэрнізацыі мотавелазавода Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць умовы для максімальнай лакалізацыі. "Мы павінны камплектуючыя, запчасткі ў цэлым вырабляць тут. Слухайце, мы цягнем з Кітая камплектуючыя, збіраем іх тут. Гэта ж вялікія грошы, вялікія затраты, іх жа трэба адтуль прывезці, а потым на той рынак вывезці гатовы веласіпед. Таму мы павінны максімальна рабіць тут", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна абараніць беларускага вытворцу веласіпедаў на сваім рынку. Ён адзначыў, што айчынны вытворца цяпер займае каля трэці веласіпеднага рынку ў Беларусі. За бліжэйшую пяцігодку гэту долю трэба павялічыць да 50-60%, а затым развіваць далей, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам трэба свой рынак заняць. Як гэта зрабіць - гэта справа Урада, - сказаў Прэзідэнт. - А так атрымліваецца, мы прадаём недзе гэтыя веласіпеды, а ў Беларусі ўсяго 30%".

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў да зімы стварыць у корпусе, дзе працуе мотавелазавод, нармальныя ўмовы працы для супрацоўнікаў, і ў будучым яшчэ раз наведаць прадпрыемства, каб правесці рэвізію дадзеных сёння даручэнняў.

Плануецца таксама на тэрыторыі тэхнапарка арганізаваць адзіны выставачны павільён узораў машынабудаўнічай тэхнікі, якая вырабляецца ў Беларусі.

"На працягу трох гадоў мы павінны поўнасцю прывесці ў ідэальны стан гэту тэрыторыю і скончыць усялякія дзеянні з мотавелазаводам і іншымі памяшканнямі. Што не трэба - да восені прыбяром, да лета ўсё знясём, - паабяцаў Прэзідэнт. - І на працягу трох гадоў створым вельмі добрую вытворчасць. За гэту пяцігодку мотавелазавод павінен грымець на ўвесь свет, як некалі было ў савецкія часы".

У час размовы з работнікамі мотавелазавода Кіраўнік дзяржавы расказаў, як часта катаецца на веласіпедзе і якім мадэлям аддае перавагу.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што любіць веласіпеды з дзяцінства і катаецца на іх да гэтага часу, асабліва калі ўмовы надвор'я не даюць магчымасці бегаць на лыжаролерах. "Вельмі шкадую, што я трэніруюся не на "Аісце". Хоць у мяне адзін ёсць", - сказаў Прэзідэнт. - Я веласіпедам займаюся ў час бездарожжа і часам летам. Але кожны дзень я на велатрэнажоры хаця б тры-пяць мінут. Кожную раніцу, і сёння ў тым ліку, я кручу веласіпед, гэта вельмі карысна для сэрца".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што веласіпедаў у яго хапае, паколькі на іх трэніруюцца і яго дзеці. "Вось я ім і раздаю гэтыя веласіпеды. Мой веласіпед ужо ўвесь свет бачыў, ужо лічылі, колькі ён каштуе. Мне яго падарылі, яму гадоў пяць. Але, зноў жа, не ваш", - дадаў ён.

Сам Кіраўнік дзяржавы аддае перавагу веласіпедам з карбонавымі рамамі. Такія мадэлі, лічыць ён, неабходна вырабляць і ў Беларусі. "Спачатку збіраць будзем, а ў далейшым, можа, і вырабляць. Канкурэнцыя там вельмі вялікая. Таму галоўнае разумець самім, што веласіпед - гэта для здароўя самае лепшае. Лепш, чым футбол, хакей", - адзначыў Прэзідэнт.

"Калі б у нас была сапраўдная дыктатура, я наогул забараніў бы па Мінску ездзіць на аўтамабілі - толькі на веласіпедах. Вось гэта было б здорава. Але гэта немагчыма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ён "заўзяты прыхільнік" развіцця вытворчасці веласіпедаў у краіне і веласіпеднага спорту. "Таму што ён даступны ўсім", - растлумачыў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне аднаго з журналістаў, Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на ўкіды, што ў яго нібы ёсць нейкі асабісты палац. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што калі нехта нешта зможа знайсці ў гэтым плане, то ён абавязкова запросіць туды СМІ і публічна пакажа.

"Наогул у чым справа: я вось гляджу за гэтымі збеглымі, мы ж ведаем усе іх планы. Вось цяпер яны (заклікаюць. - Заўвага): санкцыі, санкцыі! Супраць мотавелазавода. А мы хочам у Еўрасаюз прадаваць веласіпеды і гэтак далей. Ну, калі нашым людзям патрэбны санкцыі, няхай яны ім (апанентам улады, якія заклікаюць да санкцый. - Заўвага) падзякуюць, - сказаў Прэзідэнт. - Але ім трэба падняць людзей да вясны. Гэта ў іх пытанне нумар адзін".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што адзін з напрамкаў для расхіствання сітуацыі быў выбраны па аналогіі з нібыта знойдзеным у Расіі "палацам Пуціна": "Яны ж крычалі ў Маскве, так? Думаюць: вось гэта трэба нам у Беларусі. Трэба знайсці "палацы Лукашэнкі". "Палац Пуціна" - значыць, трэба "палац Лукашэнкі". І паказаць".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аўтары анансаванага матэрыялу аб палацы ідуць на хлусню, аб чым сведчаць існуючыя матэрыялы іх абмеркавання. На заўвагу аднаго, што ў Лукашэнкі на самай справе няма палацаў, другі адказаў, што гэта глупства, чым страшнейшая хлусня, тым больш ёй вераць. "Ну як фашысты", - канстатаваў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што "мы кантралюем сітуацыю, бачым".

"Дайшлі да таго, што дзесьці прыватныя дамы ў людзей, дзе там большы дом, яны спрабуюць яго сфатаграфаваць і карцінку вывесіць. Дык вось, як рэагаваць на гэта - усё, што яны пакажуць, які б ні быў фільм, я табе абяцаю: я цябе запрашу і асабіста пакажу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да журналіста, які задаў пытанне.

"Я хачу, каб вы разумелі: чвэрць стагоддзя я Прэзідэнтам працую, і калі б ужо недзе нейкія мільярды, як яны гавораць, ці палацы былі, мяне ўжо спаласавалі б налева-направа. Таму калі нехта знойдзе палац Лукашэнкі, адразу ж засяляйцеся. Я вам публічна аб гэтым гавару, - падкрэсліў беларускі лідар. - Я ў сваёй дзяржавы нічога не ўкраў, не ўзяў".

"Таму вам проста хачу паўтарыцца, сказаўшы аб тым, што ў мяне ёсць "палац". Па-мойму, 7х8 домік, дзе я вырас з маці. Вось гэта мой палац. Усё. Усё астатняе належыць дзяржаве", - заявіў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што апаненты ўлады імкнуцца ўсё рабіць, каб зламаць краіну, і галоўная іх мэта - Прэзідэнт: "Ім трэба разварушыць народ. А як разварушыць? Трэба нешта знайсці супраць улады. А перш за ўсё трэба знесці галаву. А галава - гэта Прэзідэнт. Вось і ўся іх палітыка". "Усё робіцца для таго, каб зламаць краіну. Украіна пала. Па перыметры ўсе постсавецкія рэспублікі разваліліся, а вось гэта Беларусь яшчэ трымаецца. Яны ж добра разумеюць, прабачце за нясціпласць маю, што трымаецца ў асноўным за кошт таго, што гэты Лукашэнка перашкаджае. Таму яго трэба зваліць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"І калі б я вам яшчэ расказаў... Гэта ўжо Камітэт дзяржбяспекі вам у бліжэйшы час раскажа, колькі сюды тратылу завезлі і нават пластыду. Хто спецыяліст, той ведае. Гэта не Аўтуховіча група (тэрарыстычная група Мікалая Аўтуховіча, дзейнасць якой нядаўна спынілі праваахоўныя органы. - Заўвага). Гэта ўжо новыя. Добра, што іх прыкрылі. І там арсеналы. Навошта? - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. - Таму ім трэба зламаць, а нам трэба выстаяць, і мы гэта зробім".