Рабочая паездка ў Светлагорскі раён Гомельскай вобласці
- 34
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 21 чэрвеня рабочую паездку ў Светлагорскі раён Гомельскай вобласці.
Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага комплексу "Ала", які размешчаны на месцы аднайменнай вёскі, спаленай нацыстамі ў гады вайны.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што год 75-годдзя Вялікай Перамогі стаў годам вяртання да памяці аб трагічным лёсе беларускага народа. "Пачынаючы з храма-помніка, дзе напярэдадні 9 мая мы паставілі свечку ахвярам і героям Вялікай Айчыннай вайны, прадаўжаем ісці дарогай смутку па слядах жорсткіх злачынстваў нацызму. Учора мы былі ў вёсцы Боркі. Сёння тут, на месцы спаленай вёскі Ала. Заўтра ў Брэсце - успомнім герояў, якія першымі сталі на шляху захопнікаў", - сказаў Прэзідэнт.
"Цяпер, калі подзвіг нашага народа ставіцца пад сумненне, мы робім усё, каб тыя, хто да гэтага часу лічыць, што Гітлер "нёс славянам цывілізацыю", засвоілі ісціну. У вачах ворага беларусы, украінцы і рускія не былі людзьмі. Фашысты прыйшлі на нашы землі, каб па загадзе фюрэра знайсці "чалавечы матэрыял", які будзе апрацоўваць палі і карміць вялікую германскую нацыю", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што супраціўленне, з якім сутыкнуўся агрэсар, стала для мірных жыхароў фатальным. Дух непакорнасці ворагу - вось, што хацелі знішчыць гітлераўскія акупанты, сеючы смерць і жах на сваім шляху.
"Тут, у вёсцы Ала, якая стала апошнім прыстанішчам для жыхароў навакольных паселішчаў, было спалена амаль дзве тысячы чалавек, больш за палову з якіх - дзеці. Гэта дванаццаць Хатыняў!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Беларусь ніколі не дапусціць адраджэння ідэй нацызму на сваёй зямлі. Беларусь ніколі не дазволіць перапісаць гісторыю і здрадзіць памяці пераможцаў, якія выратавалі свет ад катаў. Няма даравання зверскім злачынствам", - сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што боль у нашых сэрцах да гэтага часу не сціхае, але горкая праўда ў тым, што чым далей ад страшэнных падзей вайны, тым больш зацягваюцца душэўныя раны і заціхаюць эмоцыі. "Чалавечая памяць такая, што яна паступова пачынае забываць. І тое, што нельга забываць, калі мы не будзем нагадваць. І такія помнікі - гэта помнікі-напаміны нашым дзецям, унукам і ўсім, хто прыйдзе пасля нас", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што праз гады кожнаму новаму пакаленню будзе складаней і складаней усведамляць пакуты і страты, якія выпалі на долю іх продкаў, будзе цяжка ўявіць жорсткасць і лёгкасць, з якімі фашысты пазбаўлялі жыцця старых, жанчын, немаўлят, паверыць у шчырую гатоўнасць людзей памерці за Радзіму.