Адкрыццё мемарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці
- 30
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 чэрвеня прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна.
Кіраўнік дзяржавы аддаў даніну памяці загінулым жыхарам вёскі Боркі і навакольных пасёлкаў, была аб'яўлена мінута маўчання. Аляксандр Лукашэнка агледзеў аб'екты мемарыяльнага комплексу, усклаў кветкі да асноўнай кампазіцыі мемарыяла "Беларусь - журботная маці", пагутарыў з ветэранамі, удзельнікамі мерапрыемства. Ён таксама запаліў памінальную свечку ў памяць аб загінулых у капліцы перад абразом Божай маці.
Боль і гора, перажытыя ў гады вайны, сталі для наступных пакаленняў беларусаў сапраўднай траўмай, заявіў Прэзідэнт у час цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага комплексу.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты год праходзіць пад знакам свяшчэннага для жыхароў краіны свята - юбілею Вялікай Перамогі. "Яна падарыла нам 75 гадоў мірнага жыцця. Жыцця, за якое Беларусь заплаціла вельмі дорага", - падкрэсліў беларускі лідар.
Самым неспасціжным наступствам той вайны ён назваў генацыд мірнага насельніцтва. "Боль, гора і пачуццё незаменнай страты, якія зведаў наш народ, сталі для наступных пакаленняў беларусаў сапраўднай траўмай", - заявіў Прэзідэнт.
"Чытаючы ўспаміны відавочцаў, гледзячы на жахлівыя фота і кінахроніку злачынстваў гітлераўскіх акупантаў, мы ніколі не зможам зразумець, як салдаты, у якіх ёсць маці, якія самі спазналі шчасце бацькоўства, змаглі забіваць бяззбройных людзей. Асабліва дзяцей. І нават не забіваць - кідаць у калодзежы жывымі. Як яны не ўбачылі ў нашых старых людзях, жанчынах і дзецях хоць нейкі напамін аб сваіх родных людзях. Знішчалі бяздушна і метадычна, нават немаўлят узнімалі на штыкі, эканомячы патроны...", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта гучыць дзіка і страшна, але нельга сабе дазволіць падбіраць паблажлівыя словы, успамінаючы зверствы, якія чыніліся на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. "Не можам, таму што забытыя эмоцыі - гэта першы крок да забыцця падзей, якія іх выклікалі", - падкрэсліў ён.
"Мы ніколі не забудзем, як губяць душы ідэі расавай перавагі чалавека над чалавекам. Ніколі, таму што нават пасля падзення гітлераўскага рэжыму ідэі фашызму не засталіся ў мінулым. Яны жывуць у тых, хто сёння разбурае помнікі воінам-вызваліцелям, хто гераізуе здраднікаў і калабарацыяналістаў, пакланяецца нацысцкай сімволіцы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, гэта сведчыць аб тым, што свет не атрымаў урокі, асобныя дзяржавы і ўрады па-ранейшаму, як гэта было напярэдадні Другой сусветнай, не заўважаюць, а часам падтрымліваюць праявы радыкалізму ў грамадстве, а часам адкрытага тэрарызму.
"Скажу адкрыта: фашызм, нянавісць пад лозунгам дэмакратыі беларусы на сваёй зямлі не прапусцяць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы прадоўжым выхоўваць сваіх дзяцей на каштоўнасцях міру і чалавечага жыцця".
Прэзідэнт выказаў перакананне, што дзіця, якое ў свядомым узросце хоць раз у жыцці наведае адзін з беларускіх мемарыялаў з падобнай гісторыяй, ніколі не дапусціць нават думкі аб тым, што на зямлі ёсць людзі, нявартыя жыць і быць свабоднымі.
"Кожныя новыя пакаленні беларусаў мы будзем гадаваць, перадаючы ім памяць не толькі аб подзвігах іх продкаў, але і аб болі, які зрабіў наш народ мацнейшым, навучыў берагчы мір, спакой. Беларусь будзе помніць, каб і іншыя краіны не забывалі, хто заплаціў за Вялікую Перамогу самую вялікую цану, вызваліў заваяваныя гітлераўскай Германіяй землі і выратаваў народы ад генацыду. Няхай сімвалы мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Боркі пранясуць гэту праўду праз стагоддзі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўная агульная задача - абараніць краіну. "Няма больш мірных людзей, чым мы - беларусы. Мы вельмі пакутавалі ў сваёй гісторыі, практычна ніколі не былі суверэннымі і незалежнымі. Гэтыя суверэнітэт і незалежнасць, у адрозненне ад многіх, перш за ўсё савецкіх, народаў, на нас зваліліся нечакана. Мы атрымалі 20 з нечым гадоў таму асколак велізарнай імперыі. Без кіраўніцтва, Урада, грошай. Ды што без грошай - есці не было чаго", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, атрымаўшы незалежнасць, беларускі народ за зусім кароткі прамежак часу пабудаваў прыгожую, квітнеючую, ціхую і спакойную краіну.
"Ствараючы ўсё гэта разам з вамі, я думаў аб тым, што не толькі мы, але перш за ўсё нашы дзеці павінны атрымаць гэты кавалачак зямлі і жыць на ім сваім розумам без бізуна, не ў лапцях. Прыгожымі, спакойнымі і мудрымі, - адзначыў Прэзідэнт. - Але я ўявіць не мог, што праз 75 гадоў пасля перамогі над нацызмам і праз чвэрць стагоддзя пасля таго, як мы пачалі выбудоўваць гэты ціхі і спакойны дом, імя якому - Беларусь, нам зноў давядзецца (няхай мірным шляхам на сённяшні дзень) адстойваць гэты мір і спакой".
"Я ніколі не думаў, што ў Беларусі могуць з'явіцца людзі, якія хочуць зламаць, знішчыць краіну, знявечыць памяць і ўсё то, што зрабіў наш беларускі народ", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што няма чагосьці небяспячнага і страшнага на сённяшні дзень, ніякай катастрофы, у тым ліку ў свядомасці людзей, але "нам пастаянна падкідваюць, нагнятаючы абстаноўку".
"Ацэньваючы мае дзеянні і ўчынкі ў гэты вельмі небяспечны момант для суверэнітэту і незалежнасці краіны, хачу, каб вы разумелі мяне. Што здрадзіць, зламаць і знішчыць тое, што мы з вамі стваралі чвэрць стагоддзя, нікому не будзе дазволена. Мы павінны захаваць нашу спакойную і мірную краіну ў імя загінулых дзеля гэтага, у імя дзетак, якія не бачылі, што такое дзіцячы сад, школа. Мы павінны захаваць сваю краіну. І мы яе захаваем", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка даручыў прадставіць да ўзнагарод стваральнікаў мемарыяльнага комплексу ў Борках. "Гэта душэўны помнік, тое, што трэба", - падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт даў высокую ацэнку таму, як у бетоне і скульптурах удалося перадаць усё задуманае. Больш таго, усё рэалізавана ў сціслыя тэрміны.
Размаўляючы з удзельнікамі памятнай цырымоніі, Аляксандр Лукашэнка анансаваў хуткае павышэнне працоўных пенсій.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час збору подпісаў часам узнімалася пытанне аб пенсіях. "Пенсія, вядома, невялікая. Што маем, тое маем. Але я ўчора Урад папрасіў (Указ яшчэ не выйшаў). У нас дзесьці ў чацвёртым квартале планавалі павысіць пенсіі. Тым не менш, я папрасіў, каб перанеслі тое павышэнне сюды. У нас няшмат ёсць грошай. Мы павінны ветэранам, пенсіянерам дапамагчы. Наколькі гэта магчыма. Гэта не папулізм, не дзеля нейкіх выбараў, я ніколі гэта не рабіў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але калі ветэраны, пенсіянеры ўзнімаюць пытанне, хоць 10-20 долараў, але трэба дабавіць цяпер, каб вам было лягчэй", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што выбраны шлях рэагавання на пандэмію, у прыватнасці рашэнне не спыняць вытворчасці і эканоміку, фактычна дало магчымасць захаваць краіну. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта не бравада. "Я бачыў шмат месяцаў таму, што ад нас хочуць. Справа ў тым, што ў нас ужо краіны да гэтага часу не было б. Нам бы прынеслі долар або расійскі рубель...", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але мы працуем сёння, хоць неяк дыхаем. А хацелі, каб мы не дыхалі. Я ведаю, чаго яны хацелі. Не атрымалася. Далей вы больш зразумееце, што гэта праўда", - дадаў беларускі лідар.
У час размовы Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што меў на ўвазе, гаворачы аб тым, што жанчына ў Беларусі пакуль не можа ўзначаліць краіну.
Рэагуючы на рэпліку са словамі падтрымкі ад адной з жанчын, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Што я ваш, я гэта дакладна ведаю. Мяне спрабуюць цяпер з жанчынамі сутыкнуць. Памятаеце, я аднойчы сказаў, што ў Беларусі пакуль жанчына не можа быць прэзідэнтам. Шэраг прычын назваў, але выхапілі з кантэксту Канстытуцыю".
"Што я меў на ўвазе: у нас Канстытуцыя такая, што нават мужчыну цяжка несці гэту ношу. А калі яе загрузіць на жанчыну, яна паваліцца бедная. Гэта я меў на ўвазе, а не таму, што я не паважаю жанчын", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі б не было жанчын, а не быў бы Прэзідэнтам", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён дадаў, што не атрымаецца проціпаставіць яго жанчынам.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў важнасць таго, каб людзі мелі сваю зямлю за горадам. "Самае галоўнае - не кідайце зямлю, жывіце на зямлі. Пандэмія паказала: у каго ёсць дом у вёсцы, яны старых павывозілі, з Мінска асабліва, абласных цэнтраў, - і старыя не захварэлі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне шмат свабодных месцаў у вёсках, каля іх, дзесьці нязручныя палі. Прэзідэнт заявіў, што будуць дадзены адпаведныя даручэнні старшыням райвыканкамаў, каб гэтыя зямельныя ўчасткі выдзелілі і прапанавалі людзям.
Такі вопыт работы ўжо ёсць на прыкладзе гарадскога пасёлка Копысь, які добра знаёмы Аляксандру Лукашэнку. "Мы паказалі ў Копысі, як трэба зрабіць. Гэтыя свабодныя ўчасткі ў вёсках, усюды абгародзім, разаб'ём на ўчасткі па 10-15 сотак і ў інтэрнэце выставім. Хто хоча, калі ласка, танна аддадзім людзям, каб яны пабудавалі які-небудзь дом. І гэтым самым мы ўтрымаем неперспектыўныя хутары і вёскі", - упэўнены беларускі лідар.
"Я хачу, каб людзі, асабліва якія жывуць у гарадах, мелі гэты кавалачак зямлі. Гэта ваша багацце", - падкрэсліў Прэзідэнт.