Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць
- 46
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 12 чэрвеня рабочую паездку ў Віцебскую вобласць.
У першую чаргу Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў губернатара сітуацыяй у сельскай гаспадарцы, ходам нарыхтоўкі кармоў. Ён звярнуў увагу на факты бесталковасці ў сельскай гаспадарцы, калі нарыхтаванае ў рулонах сена застаецца доўга на палях і мокне пад дажджом, страчваючы сваю якасць.
"Я не збіраюся вас вучыць тэхналогіям. Кармы будуць няякасныя - зноў будзем змагацца з падзяжом жывёлы", - звярнуў увагу беларускі лідар.
"Я ведаю, што вы зацікаўлены (у добрых паказчыках работы. - Заўвага), але атрымліваецца іншым разам наадварот. Звярніце ўвагу. Якасць і яшчэ раз якасць!" - заклікаў Прэзідэнт.
У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у бліжэйшыя 2-3 гады вырашыць праблему збору і перапрацоўкі бытавога смецця. "Давядзецца гэту вышыню браць штурмам. Гэта вельмі важны напрамак", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Гэта непарадак, што мы вывозім на звалкі, закопваем, ствараем горы вакол. Гэта адзін з напрамкаў, якім трэба займацца. Па-першае, гэта рэнтабельна, а па-другое, мы экалогію падцягваем, ачышчаем краіну. Гэта ж і працоўныя месцы, і сыравіна для прамысловасці. Гэтым давядзецца вельмі моцна займацца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што багатая Швейцарыя па 80-90% перапрацоўвае асобных відаў адходаў. "А мы да 50% падысці не можам", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы ў Полацку прадэманстравалі выстаўку камунальнай тэхнікі, у тым ліку абсталяванне для кацельняў. Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць пашыраць выкарыстанне мясцовых відаў паліва, што важна з пункту гледжання замяшчэння імпарту энерганосьбітаў.
У час праведзенай пасля гэтага нарады на тэму сітуацыі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі многае зроблена ў плане стварэння новай тэхнікі для работы ЖКГ. "Гэта галоўнае. Па-першае, тэхніка магутная, не танная, і не ўсё ў нас у парадку з абслугоўваннем гэтай тэхнікі ў ЖКГ, як і ў сельскай гаспадарцы. Гэта звязана і з узроўнем падрыхтоўкі кадраў. Але гэта ўжо не будучае. Гэта - рэальнасць. Ужо многія арганізацыі ЖКГ маюць такую тэхніку. І без гэтай тэхнікі няма чаго размаўляць аб парадку ў ЖКГ", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што тэма нарады прадыктавана жыццём, паколькі практычна ўсё насельніцтва краіны штодзень карыстаецца жыллёва-камунальнымі паслугамі. "І тое, наколькі людзі задаволены іх якасцю і даступнасцю, уплывае непасрэдна на настроі ў грамадстве. Такім чынам, у значнай ступені фарміруе сацыяльна-палітычную абстаноўку і ўзровень даверу да дзеючай улады", - заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў кастрычніку 2017 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе па пытаннях развіцця ЖКГ была разгледжана работа гэтай галіны. Вызначана, што камунальная сфера павінна стаць прыярытэтам нумар адзін для кіраўнікоў рэгіёнаў. У далейшым адпаведныя рашэнні былі замацаваны ў Дырэктыве № 7.
"Сёння, як мне дакладваюць, зроблена многае ў плане празрыстасці фарміравання тарыфаў, зніжэння сабекошту і забеспячэння акупнасці практычна ўсіх відаў паслуг, павышэння надзейнасці інжынерных сетак і абсталявання. Мы не павінны забываць, што асноўным крытэрыем эфектыўнасці работы сістэмы ЖКГ з'яўляецца ацэнка якасці аказваемых паслуг спажыўцом, звычайным чалавекам. І пакуль у адрас галіны чуваць крытыка, заспакойвацца рана", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што некалі, сустракаючыся з кіраўніком ініцыятыўнай групы, папрасіў, каб прадаўжалі збор подпісаў, хоць іх была ўжо дастатковая колькасць. "Я тады папрасіў не таму, што нам не хапае подпісаў. Мы атрымліваем вялізны масіў інфармацыі знізу - аб тым, што там адбываецца. Уся яна аналізуецца, і асноўныя пытанні, якія хвалююць людзей, выкрышталізоўваюцца - і на стол Прэзідэнту. Пастаянна да чвэрці ўсіх пытанняў - гэта паслугі ЖКГ і што трэба рабіць з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Месяц таму ў плане кантролю за выкананнем маіх даручэнняў была вызначана гэта нарада. Гэта рашэнне не ўчарашняга дня", - растлумачыў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў перадвыбарны перыяд любая заява, дзеянне, крокі Прэзідэнта цяпер разглядаюцца "альтэрнатыўшчыкамі" пад павелічальным шклом, усюды шукаюць падводныя камяні. "Ніякіх падводных камянёў. Проста нам трэба займацца гэтым пытаннем, вельмі важным, хвалюючым нашых людзей. Мы і ў далейшым будзем гэтымі пытаннямі займацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адрэагаваў на некаторую публікуемую інфармацыю негатыўнага характару аб тым, што да яго прыезду ў Полацк у горадзе заняліся работамі па добраўпарадкаванні: "Ёсць арыгіналы, якія перажываюць за тое, што напярэдадні прыезду Прэзідэнта давялося горад "вылізаць" - падмесці вуліцы, пафарбаваць лаўкі... Ёсць такія, невялікая колькасць людзей: усё, што добра - дрэнна, што дрэнна - таксама дрэнна", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў: усё, што зроблена, застанецца жыхарам горада. "Я, прыехаўшы сюды, убачыўшы чысты і акуратны горад, з сабой яго не павязу. Гэта ўсё застанецца тут. Таму не хвалюйцеся, жыхары роднага Полацка, нічога не звязём", - сказаў Прэзідэнт.
Вяртаючыся да тэмы нарады, Прэзідэнт звярнуў увагу, што адносна якасці паслуг ЖКГ даволі часта чуваць крытыка. Пры гэтым, вядома, ёсць розныя людзі, у тым ліку і так званыя скаржнікі, але іх адзінкі. "Але і да іх трэба прыгледзецца, бо і яны часам праўду гавораць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Ёсць людзі, якія скардзяцца, якім і дапамагчы няма каму. І мы павінны ім дапамагчы, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Адмахвацца ні ад каго не трэба. Там, дзе неабходна, трэба дапамагчы людзям".
Так, у 2019 годзе кожны пяты зварот грамадзян, што паступіў у Адміністрацыю Прэзідэнта, датычыўся нездавальнення работай камунальных службаў. У гэтым годзе тэндэнцыя захоўваецца. Часцей за ўсё скардзяцца на якасць капітальнага і бягучага рамонту, і тут Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што часам сапраўды работы праводзяцца вельмі дрэнна.
Акрамя таго, людзі скардзяцца на неналежнае ўтрыманне пад'ездаў, аднак, звярнуў увагу Прэзідэнт, часам у дрэнным стане пад'ездаў вінаваты самі жыльцы.
Чуваць крытыка і наконт недастатковага добраўпарадкавання двароў і населеных пунктаў, тут таксама важны ўдзел не толькі ўлад з прыцягненнем бюджэтных сродкаў, але і ініцыятыўны ўдзел саміх грамадзян.
"Шмат нараканняў на работу нядаўна створанай службы 115. Гэта як хуткая дапамога. Гэта правільнае было рашэнне. І гэту службу трэба мець незалежна ад ЖКГ. Гэта служба павінна знаходзіцца ў райвыканкаме, недзе ў іншай арганізацыі, куды паступаюць усе скаргі ад насельніцтва. Набраў нумар 115 - табе дыспетчар адказаў, зафіксаваў скаргу, аддаў выканаўцу, і пракантралявала гэта служба, як выконваецца даручэнне. Добрая сістэма, але нараканняў шмат", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён даручыў ва Урадзе вельмі сур'ёзным чынам разабрацца, як функцыянуе гэта служба. "Каб тут не было фармалізму, каб яна працавала як хуткая дапамога", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час нарады Аляксандр Лукашэнка выказаўся на карысць спрашчэння ўмоў для набыцця зямельных участкаў за межамі вялікіх гарадоў. Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі хапае маляўнічых мясцін, дзе можна набыць невялікія ўчасткі, у тым ліку ў вёсках, на хутарах, для вядзення прысядзібнай гаспадаркі, выезду за горад з сям'ёй. Каштоўнасць такіх участкаў асабліва павысілася ў цяперашняй няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі.
"Пандэмія падштурхнула нас да таго, каб людзі пайшлі ў вёскі і сталі купляць гэтыя ўчастачкі, - сказаў ён. - Хачу звярнуцца да беларусаў, каб яны не страцілі гэту магчымасць набыць у вёсцы, на аддаленым хутары кавалачак зямлі, аднавіць дом, які там закінуты, або пабудаваць невялікую "будку", як у народзе кажуць, каб у выхадныя туды прыехаць, старых адвезці на нейкі час, як цяпер, у час пандэміі".
"Не адмаўляйцеся ад прысядзібных участкаў, дзе вы самі нарадзіліся, жылі. А калі ёсць закінутыя - купіце іх. Гэта ж капейкі сёння каштуе. Заўтра вы можаце азалаціцца гэтымі ўчасткамі", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, разумеючы каштоўнасць такіх набыткаў, ужо купляюць участкі грамадзяне суседніх краін, Расіі і Украіны, напрыклад.
Кіраўнік дзяржавы даручыў адказным службовым асобам прапрацаваць пытанне аб спрашчэнні ўмоў для набыцця ўчасткаў за межамі гарадоў для тых беларусаў, хто хоча ўкласці ў гэта сродкі. Неабходна зрабіць так, каб рашэнне прымалася без лішняй цяганіны на месцах. "Заплаціў грошы - атрымаў дакумент на валоданне зямлёй", - акрэсліў асноўны прынцып Прэзідэнт.
"На гэта трэба звярнуць сур'ёзную ўвагу", - падкрэсліў ён.
На нарадзе таксама ішла размова аб неабходнасці больш шырокага выкарыстання мясцовых відаў паліва. Аляксандр Лукашэнка даручыў актыўней выкарыстоўваць у краіне мясцовыя віды паліва, а таксама кансалідавана рэалізоўваць адпаведную прадукцыю на экспарт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, напрыклад, торф, шчэпкі, пілавінне літаральна валяюцца пад нагамі. "А мы ездзім і выпрошваем прыродны газ і нафту. Вось гэта трэба выкарыстоўваць, і ў Віцебскай вобласці гэта навучыліся рабіць. Такі вопыт трэба распаўсюджваць на ўсю краіну, таму што драўніны, якая гіне, у нас сёння дастаткова", - сказаў беларускі лідар.
"Малайцы, разгарнуліся па пелетах. Пабудавалі імгненна гэтыя заводы. Пачалі вырабляць паліва", - пахваліў Прэзідэнт.
Разам з тым ён даручыў ва Урадзе прапрацаваць пытанне, каб вытворцы пелет не канкурыравалі адзін з адным на еўрапейскім рынку, дзе вялікі попыт на такую прадукцыю. "Пачнём канкурыраваць там адзін з адным, саб'ём цану, у мінус пойдзем па рэнтабельнасці. Вазьміце ў адны рукі рэалізацыю прадукцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Праблемы галіны да канца не вырашаны. І сёння пасля дэталёвага абмеркавання мы павінны знайсці адказы на ўсе існуючыя пытанні", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён запатрабаваў далажыць, якія вузкія месцы ёсць у сістэме ЖКГ, хто і на якім этапе недапрацоўвае для забеспячэння яе эфектыўнага функцыянавання, ці ёсць цяпер неабходнасць удасканалення дзяржаўнага рэгулявання гэтай сферы. "Патрэбны аб'ектыўны аналіз сітуацыі і дакладныя дзелавыя прапановы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама пагутарыў з мясцовымі жыхарамі, на сустрэчы прысутнічалі і прадстаўнікі СМІ.
Гараджане чакалі Кіраўніка дзяржавы на пляцоўцы ля гарвыканкама, дзе Аляксандр Лукашэнка праводзіў нараду па развіцці ЖКГ.
Прэзідэнт адзначыў цяперашнюю эпідсітуацыю, што ў Віцебскай вобласці з гэтай праблемай сутыкнуліся раней, чым у іншых рэгіёнах. З другога боку, тыя, хто перахварэў, ужо могуць не асцерагацца ні другой, ні трэцяй хвалі з улікам набытага імунітэту. "Перажывём. Не такое перажывалі", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
Людзі задавалі Аляксандру Лукашэнку розныя пытанні, звярталіся з прыватнымі просьбамі. Па ўсіх з іх Прэзідэнт даручыў разабрацца і аказаць неабходную дапамогу. У прыватнасці, гэта датычылася пытанняў шматдзетнай маці, вырашэння бытавых пытанняў.
Журналіст МТРК "Мір" пацікавіўся ў Кіраўніка дзяржавы яго меркаваннем аб падзеях вакол банка Газпрама ў Беларусі.
"Шчыра скажу, у нюансы пакуль не акунуўся. У дэталях не ведаю, што там адбываецца. Але я даручыў Старшыні Камітэта дзяржкантролю (там фінансавая міліцыя гэтым займаецца). Цяпер у вялікіх аб'ёмах ідуць аператыўныя і следчыя мерапрыемствы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Нават вы як журналіст, напэўна, бачылі гэтыя неправамерныя дзеянні замежнага банка ў Беларусі. Мы гэта таксама бачылі. Зразумела, вы ведаеце наш парадак: ніхто нікому не даў права займацца несправядлівымі справамі, у тым ліку гэтаму банку", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што па дарозе ў Полацк у верталёце прачытаў асноўныя матэрыялы ў адносінах да банка і заявы. "Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто не мае, гэта яны там...", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Слухайце, яны ўсе былі не толькі ў яго намеснікамі. Гэта адна шайка-лейка. Мы гэта бачым з 2016 года. Мы гэта бачылі. Навошта ж ты на іх валіш сёння. Ты быў кіраўніком, яны ў цябе намеснікамі. І ўсё, што там рабілася, магло без кіраўніка адбывацца? Не", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ёсць поўная інфармацыя, што "гэта яго былі задумы, ён утварыў гэтыя структурныя пракладкі тыпу "Прыватлізінгу".
"Працавалі па гэтым банку і па іх з 2016 года. Выявілі вывад грошай, замежныя рахункі, замежная ўласнасць іх. На Кіпры. У Латвіі рахункі, Лондане... - расказаў Прэзідэнт. - Але іншаземцы інфармацыю нам (з 2016 года мы прасілі) прадаставілі толькі ў снежні мінулага года. Праваахоўныя органы актывізавалі гэтыя дзеянні. Таму з'явіліся пытанні".
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў задаць адпаведнаму чалавеку пытанне, чаму ён пайшоў у прэзідэнты. "Калі рыльца ў пуху, не лезь туды. Таму што цябе размачаліць сам народ. Чаго палез - таму што зразумеў, што да яго прыйдуць і надзенуць наручнікі. А ў нас жа цяпер выгадна займацца палітыкай, каб стаць вязнем сумлення. Вось чаму ён пайшоў туды. Але гэта яму не дапаможа", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што гэты чалавек цяпер "крычыць: датычны - не датычны, улады націскаюць на кагосьці..." "Як перад богам клянуся, што мне гэта цяпер у перадвыбарнай кампаніі не патрэбна. Таму што будуць крычаць: баіцца некага...", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Я нікога не баюся! І мне гэта сітуацыя нявыгадная, але нягоднікаў трэба было спыняць, таму што пачалі хаваць канцы ў ваду. Не атрымалася", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго інфармацыі, затрымана прыкладна 15 чалавек. "Але ён не разумее іншага. Калі яго саўдзельнікаў адправілі на нары, яны ўжо ўчора вечарам усё расказалі. За дзве гадзіны прынеслі $14 тыс., потым яшчэ $600 тыс. або $800 тыс. Там зліткі золата, карціны, усё прынеслі адразу, толькі не чапайце. З імі акуратна абышліся. Яны ўсё расказваюць. Таму яму давядзецца гэта ўсё расказаць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасць на Кіпры, як пры такой "лукашэнкаўскай дыктатуры" ён стварыў гэту ўласнасць, як ён хабары даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся... Гэта ўсё трэба расказаць беларусам. І яны няхай потым вызначацца. Але вязнем сумлення мы яго не зробім", - сказаў Прэзідэнт.
Ён заявіў, што ў гэтым выпадку па выніках расследавання будзе запрошаны Інтэрпал і замежныя спецыялісты, каб яны прааналізавалі дакументы. "Расіян, амерыканцаў, еўрапейцаў, і аддам ім дакументы. І няхай яны зробяць высновы на адпаведнасць дзеянняў праваахоўных органаў нашым законам. І будуць адказваць у адпаведнасці з законам. Трэба - сядуць. Перад законам усе роўныя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы не думайце, што там з боку Лукашэнкі нейкі накат. Ніякага накату няма. Мне гэта цяпер і не трэба было", - запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што папрасіў аднаго з членаў Урада сказаць згаданаму чалавеку: "Праўда і толькі праўда! Другое - усё, што ўкраў, вярні народу. Можа, суд гэта ўлічыць". "А Старшыні КДК, які займаецца гэтым пытаннем, я даручыў, каб ён народу ўсё выклаў, расказаў што ёсць. Каб яны не думалі, што тут ідзе нейкі штучны накат. Нам ён не патрэбны", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка наведаў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку. Сюды ён прыехаў пасля нарады ў будынку райвыканкама на тэму развіцця сферы ЖКГ.
"Думаю, зайду ў храм і хоць свечку пастаўлю. Я даўно ўжо быў у вас", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы запаліў свечку, пакланіўся крыжу і мошчам прападобнай Ефрасінні Полацкай. Затым Аляксандру Лукашэнку далажылі аб ходзе рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы. Гісторыя рэстаўрацыйных работ паказала, што аб храме многае было невядома.Прэзідэнт паразмаўляў з археолагамі - студэнтамі Полацкага ўніверсітэта. Кіраўнік дзяржавы ўспомніў, як і ён сам у студэнцкія гады выязджаў на археалагічныя раскопкі, у тым ліку на Дняпры. "Знаходзілі старажытныя прылады працы, пачынаючы са скрабкоў", - дадаў ён.
"Дзякуй вам за работу. Жывіце мірна, дружна і абавязкова тут", - даў наказ беларускі лідар.