Прыём на стары Новы год

  • 28
  • 11:53

Беларусь, нягледзячы на сціплае месца на карце свету, можа дазволіць сабе праводзіць незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 студзеня на прыёме ад імя Прэзідэнта на стары Новы год.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў гэтым годзе ён як ніколі рады сустрэчы з гасцямі свята. "Гэты год прымусіў усіх нас паглядзець на свет і сваё месца ў ім вельмі шырока раскрытымі вачамі. З аднаго боку, 2020-ы надзеў на нас маскі, з другога боку - з некага зняў іх, сарваў. Мы лепш даведаліся адзін пра аднаго. У некім расчараваліся, на жаль. А ў некім знайшлі апору. Мы ўбачылі беларусаў, якія ў востры гістарычны момант засталіся адданыя гонару і сумленню, што ў наш прагматычны век асабліва каштоўна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ пару гадоў таму ў гэтай зале ён папярэджваў, што беларускую дзяржаву будуць прабаваць на зуб: варта яна ці не сваёй незалежнасці. "Час праверыў нас і даў адказ: увогуле, варты. У 2020-м нам фактычна аб'явілі вайну. І развязана яна была не супраць Прэзідэнта, дзяржслужачых, сілавых структур, а супраць моцнай дзяржавы ў цэлым. Дзяржавы, якая, нягледзячы на сціплае месца на карце свету, можа дазволіць сабе праводзіць незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта ў гэтым прычына. Калі б мы былі слабымі, з намі разабраліся б без гэтых падзей і без вайны. Калі б мы былі вельмі моцнымі, дапусцім, як Кітай, нам не выстаўлялі б такія прэтэнзіі. Хоць і Кітай хісталі, ды яшчэ як: помніце ганконгскія падзеі?"

Ён заўважыў, што суверэнітэт краіны немагчымы без моцнай улады. "Гэта вельмі важна ў той момант, калі мы блізка падышлі да таго, каб пералапаціць нашу Канстытуцыю. А моцная ўлада - гэта не адзін чалавек. Гэта нацыя, гатовая з'яднацца, калі дзяржава знаходзіцца пад ударам. Мы выстаялі (пакуль выстаялі), таму што былі адзіныя ў імкненні захаваць мір і гістарычную праўду, свой уклад жыцця і менталітэт. Разварушыліся, праўда, не адразу. Але разварушыліся. Доўга запрагалі - цяпер едзем, - сказаў беларускі лідар. - Таму аб'яўлены Год адзінства - гэта не столькі задача на будучыню, як бясспрэчны факт і наш адказ нядобразычліўцам: беларусы былі і будуць адзіным народам".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што частка гасцей цяперашняга свята ў выніку сваёй прафесійнай дзейнасці заўсёды на вачах, некаму давялося стаць публічным чалавекам, каб смела і адкрыта выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.

"Вы, можа, нават не да канца ўсвядомілі, што перагарнулі не проста чарговую старонку нашай незалежнай гісторыі, вы перавярнулі ў найкарацейшы перыяд часу свядомасць людзей, прынамсі, большасці нашага грамадства. Вы паказалі, што значыць любіць Радзіму не на словах, а на справе. Паказалі, што значыць быць сапраўдным патрыётам. Мы прайшлі праз выпрабаванні, якія зламалі не адзін народ, але мы ўзялі лёс у свае рукі. Мы прачнуліся, і гэта лепшае, што магло з намі, беларусамі, адбыцца. Згадзіцеся, Беларусь заслугоўвае, каб мы бераглі яе і даражылі сваім нацыянальным статусам. Статусам грамадзяніна моцнай і незалежнай краіны", - сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: каб захаваць гэты статус, сёння мала абараняцца - трэба стаць актыўным іграком у глабальным свеце, у тым ліку інфармацыйным. "Перш за ўсё ў інфармацыйным, таму што цяпер асноўныя "баявыя дзеянні" праходзяць на гэтым полі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Не час для далікатнасці, хоць гэта і супярэчыць нашаму нацыянальнаму характару. Каб выжыць, трэба зрываць маскі і называць рэчы сваімі імёнамі. Прыгожае слова "фэйк" - гэта звычайная хлусня, а постпраўда - самая прымітыўная маніпуляцыя свядомасцю чалавека. Але гэтым і іншым тэхналогіям мы, як раней, проціпаставім класічную аб'ектыўную і сумленную журналістыку, - сказаў Прэзідэнт. - Нам трэба проціпаставіць прафесійныя поспехі, спартыўныя перамогі і творчыя дасягненні ў імя нашай краіны. Многім вельмі важна навучыцца адрозніваць дабро і зло".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер больш увагі ўдзяляюць інтэрнэту, прынята лічыць, што традыцыйныя СМІ - і газеты, і тэлебачанне - сябе ўжо зжылі. Аднак гэтыя каналы камунікацыі ігнараваць нельга, перакананы ён. Прэзідэнт адзначыў, што "розныя Telegram-каналы - гэта вельмі моцная зброя", але з часам, лічыць Кіраўнік дзяржавы, яны страцяць сваю значнасць. "Не адмаўляйцеся ад класікі, - заклікаў ён. - Гэта трэба зберагчы".

Паводле задумы арганізатараў святочны вечар будзе праведзены ў стылі "Вечароў на хутары ля Дзіканькі". Паводле слоў Прэзідэнта, гэта выклікае пэўныя асацыяцыі: як у Гогаля - прыгожая жанчына на самай справе аказваецца ведзьмай. "У нас сёння ў зале ўсе прыгажуні, таму я доўга думаў, сказаць гэта, не сказаць... Але, думаю, вы мяне зразумееце. Я супраць жанчын нічога не маю. Наадварот, вы добра ведаеце, што я схіляюся перад жанчынамі, а тым больш прыгожымі. Дык вось, увесь мінулы год пад выглядам прыгожых лозунгаў і прадуманых вобразаў нам таксама спрабавалі прасунуць далёкія ад чаканняў і патрэб грамадства ідэі. Не мне вам расказваць, хто якія палітычныя мэты і асабістыя выгады меў. Але дзякуй, што годна адказалі на гэты выклік", - падзякаваў гасцям вечара Аляксандр Лукашэнка.

"Можа, і не трэба было ў такой святочнай атмасферы гаварыць пра сур'ёзныя рэчы. Але гаварыць па-будзённаму я не мог, таму што па-іншаму не ацэніш ваш асабісты ўклад у вырашэнне задач дзяржаўнага маштабу. Бо кожны з вас аказаўся ў эпіцэнтры ўзрыўнога палітычнага жыцця краіны. І я не дарэмна схіляўся перад жанчынай і не дарэмна гаварыў, што я "жаночы прэзідэнт": на плошчах і вуліцах ваявалі мужыкі, але і дзяўчаты нашы не адсталі ад мужыкоў, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Гэты час вызначыў сваіх герояў".

Прэзідэнт асабліва адзначыў прафесіяналізм і смеласць журналістаў і аператараў, якія, паводле яго слоў, сталі ў адзін рад з сілавікамі. "Гэта тыя дзяўчаты, пра якіх я гаварыў, - растлумачыў ён. - Не меншую мужнасць праявілі нашы спартсмены, артысты, урачы, педагогі, дзяржслужачыя. Менавіта такія людзі сёння знаходзяцца ў гэтай зале".

"Хачу каторы раз падкрэсліць (гэта, напэўна, як ніколі важна, таму што расслабляцца нельга): ніколі не сумнявайцеся ў маёй рашучасці. Я ніколі не адступлю. Па-першае, акрамя гэтай краіны ў мяне нічога няма. Я нарадзіўся, жыў і буду жыць тут. Тут будуць жыць мае дзеці. Як і вашы, я ўпэўнены. Нас нідзе ніхто не чакае. Па-другое, я глыбока перакананы, што мы маем рацыю, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Так, мы дапускалі памылкі. Кожны бачыць сваю памылку ў пройдзеным шляху, і я таксама. Гэта не сістэмныя памылкі, гэта не сістэмныя промахі. І калі  мы будзем проста аналізаваць падзеі (гэта трэба рабіць), рыдаць і стагнаць па той ці іншай падставе, але не атрымаем урокі, гэтыя падзеі паўторацца, але ў большых маштабах. Нам трэба атрымаць урокі. І гэта галоўнае, што мы павінны зрабіць у бліжэйшы час, у тым ліку на Усебеларускім народным сходзе".

У час святочнага вечара Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэны, медалі і Падзякі Прэзідэнта дзяржаўным дзеячам, артыстам і супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі.

Ордэнам Айчыны ІІ ступені быў узнагароджаны Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч. Ордэн Айчыны ІІІ ступені з рук Кіраўніка дзяржавы атрымалі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік. Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева і Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч удастоены ордэна Пашаны.

Медалём "За адвагу" ўзнагароджаны спецыяльны карэспандэнт тэлеканала СТБ Рыгор Азаронак, медалём "За працоўныя заслугі" - аглядальнік аддзела выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Андрэй Мукавозчык і галоўны саветнік прэс-службы Прэзідэнта Валерый Шульга, медалём Францыска Скарыны - рэдактар аддзела выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Дзмітрый Крат і спецыяльны карэспандэнт тэлеканала АНТ Ігар Тур.