Рабочая паездка ў Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці

  • 47
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 красавіка наведаў з рабочай паездкай Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці.

Пасля прылёту ў Касцюковічы Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё пацікавіўся, як выканана праграма па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна вобласці. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка далажыў, што праграма ў цэлым спрацавала.

Аляксандр Лукашэнка анансаваў сур'ёзную размову аб рэалізацыі гэтай праграмы. Кіраўнік дзяржавы даручыў на канец ліпеня - пачатак жніўня запланаваць у рэгіёне адпаведную нараду, на якой плануецца заслухаць справаздачу кіраўніка рэгіёна і паўднёва-ўсходніх раёнаў. "Сур'ёзная будзе размова, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Ну а потым паглядзім усходнюю частку Гомельскай вобласці".

Пры азнаямленні з ходам веснавых палявых работ у Філіяле № 1 "Цэмагра" Беларускага цэментнага завода ў Касцюковіцкім раёне Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне цяпер актыўна займаюцца меліярацыяй. Прэзідэнт падкрэсліў, што і самі гаспадаркі павінны падключацца да культуртэхнічных работ, але іх трэба зацікавіць у гэтай працы, а затраты кампенсаваць. "Падумайце, як гэта зрабіць", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць навядзення парадку на зямлі. Прэзідэнт яшчэ раней даручаў вырашыць праблему са старымі будынкамі былых ферм, якія не выкарыстоўваюцца цяпер. Гэтыя аб'екты, як падкрэсліваў Аляксандр Лукашэнка, не павінны быць "помнікамі безгаспадарчасці", а вызваленыя землі неабходна выкарыстаць пад патрэбы сельскай гаспадаркі.

У час цяперашняй паездкі Прэзідэнт зноў вярнуўся да гэтага пытання, даручыўшы знесці закінутыя будынкі ферм і іншыя такія пабудовы, а землі ўзараць. "Трэба падключыць МНС і ваенных, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - У нас вельмі шмат безгаспадарчасці на зямлі. Значыць, трэба мабілізоўвацца".

Мінсельгасхарч сумесна з аблвыканкамамі вызначыў структуру пасяўных плошчаў сельскагаспадарчых раслін на 2024 год. У адпаведнасці з ёй яравую сяўбу з улікам перасеву загінулых азімых плануецца правесці на плошчы 2,4 млн га, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці - 336,2 тыс. га. Гатоўнасць тэхнікі па краіне забяспечана і падтрымліваецца на ўзроўні 95%. Вядуцца работы па падрыхтоўцы кормаўборачнай тэхнікі для нарыхтоўкі травяных кармоў.

"Не ведаю, з чаго вы зыходзілі, павялічваючы або памяншаючы плошчы. Таксама хачу вас папярэдзіць: кукуруза, кукуруза, кукуруза… Нас вучоныя папярэджваюць, што мы павінны сеяць бабовыя. Таму кукурузай засеяць, а потым кіслым сіласам карміць жывёлу - гэта таксама нядобра. Нам трэба больш сенажу. Трэба вельмі акуратна на будучы год усё спланаваць, каб да севазвароту мы не вярталіся, г.зн. трэба на корманарыхтоўку звярнуць сур'ёзную ўвагу. За гэта будзе сур'ёзнае спагнанне", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ, у Беларусі прадаўжаецца сяўба яравых сельскагаспадарчых раслін, ужо засеяна звыш 1 млн га, або 45% ад плана і 105% да ўзроўню мінулага года (у Магілёўскай вобласці - 43% ад плана і 116% да мінулагодняга ўзроўню). Але па асобных культурах ёсць адставанне.

"Ападкі - гэта не пытанне. Два-тры дні - і поле сухое, асабліва цяпер. Цяпер трэба па-ваеннаму сеяць. Па-ваеннаму. Дзень і ноч. Трэба цяпер укінуць збожжа ў глебу. Надвор'е будзе цёплае, вільгаць сыходзіць, таму трэба своечасова кінуць збожжа, - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы павысіць тэмпы работ. - Дзесьці трэба папрасіць механізатараў, дзесьці трэба ўладу даць такую, якую Сталін у гады вайны не меў. Да 9 мая мы павінны пасеяць усё, і кукурузу ў тым ліку. Таму трэба працаваць дзень і ноч. Ад гэтага нікуды не дзецца".

"Я толькі хацеў бы вас папярэдзіць, каб мы не селі на белага каня, шашку нагала і пайшлі. Трэба акуратна абыходзіцца і з рапсам, і з азімым ячменем. Гэтыя культуры патрабуюць пэўных умоў надвор'я", - адзначыў Прэзідэнт.

Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы даручыў звярнуць таксама на сяўбу і вырошчванне лёну, каб забяспечыць перапрацоўку якаснай сыравінай. "Каб у нас пасевы былі нармальныя. Нельга трымаць на кароткім павадку нашу фабрыку і льнозаводы. У Оршы збяромся - будзеш гэтай восенню даваць справаздачу", - падкрэсліў беларускі лідар.

На полі Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з узорамі новай і адноўленай тэхнікі айчыннай вытворчасці, агледзеў тэхніку для збору камянёў на палях.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што пасля яго даручэнняў па зборы камянёў "нашы збеглыя мярзотнікі затурбаваліся", што да гэтай працы прыцягваюць людзей, у тым ліку школьнікаў, студэнтаў, ваенных, у той час як у іншых краінах для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльная тэхніка.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не толькі цяпер, але і ў часы яго работы ў аграрным сектары такая тэхніка была ў наяўнасці.

"Але трэба грошы лічыць. Не ўсюды яе запусціш", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што такая тэхніка мэтазгодна на тых глебах, дзе сапраўды шмат камянёў. А дзе іх менш, лепш скарыстаць ручную працу.

"Усё мы маем. Толькі трэба глядзець, як выкарыстоўваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажылі Прэзідэнту, айчынная машына на 40% таннейшая за польскія аналагі. На гэты момант лакалізацыя 85%, але працуюць над тым, каб давесці яе да 100%.

Прадэманстравалі Аляксандру Лукашэнку і шэраг іншых айчынных агрэгатаў. Напрыклад, сучасную сеялку.

Прэзідэнт таксама даручыў працаваць над патанненнем кошту вытворчасці.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на пытанне забеспячэння захаванасці тэхнікі: "У нас вельмі добрая тэхніка, але ў нас пакуль няма адказнасці людзей за тэхніку".

Гэта ў першую чаргу задача профільнага міністра і кіраўнікоў рэгіёнаў - выбудаваць гэту работу на належным узроўні.

Акрамя таго, Прэзідэнту ў Касцюковічах прадэманстравалі новую аўтакраму Белкаапсаюза.

Аўтамагазін "Купава" выраблены Мінскім аўтамабільным заводам. Як праінфармавала старшыня праўлення Белкаапсаюза Інеса Караткевіч, за два гады спажыўкааперацыяй ужо набыта 86 такіх машын. У гэтым годзе будзе пастаўлена яшчэ 118 адзінак. Усяго ж на працягу некалькіх гадоў Белкаапсаюзу неабходна закупіць 414 аўтакрам. Кошт адной машыны амаль Br225 тыс., яна можа перавозіць да 5,5 т тавару.

"Гэта машына адпавядае ўсім патрабаванням: і тэхналагічным, і тэхнічным, і санітарным. Усім абсталявана", - адзначыла Інеса Караткевіч.

Аляксандр Лукашэнка таксама паразмаўляў і з прадаўцом аўтакрамы Людмілай, падзякаваўшы ёй за працу.

"Дзякуй табе, Люда, за абслугоўванне людзей. Праца няпростая, але ўдзячная: людзі вельмі ўдзячныя, калі прыязджаеш, так? Тым больш усё ёсць, што ў магазіне, проста аб'ёмы іншыя. А большага аб'ёму табе, напэўна, і не трэба?" - сказаў пра асартымент Прэзідэнт.

"Большага не трэба. Вельмі добрая машына. Зручная, прасторная. Шмат халадзільнікаў і маразільная камера. Я задаволена машынай", - падзялілася сваім меркаваннем Людміла.

"Гэта значыць, гэтай машыне быць, яна зручная?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

"Зручная", - запэўнілі Кіраўніка дзяржавы.

"Калі вы ўстановіце кантроль за работай гэтых машын, вы зніміце праблему па абслугоўванні", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Інесы Караткевіч, Белкаапсаюз правёў інвентарызацыю, і высветлілася, што на балансе падпарадкаваных яму арганізацый 633 аўтамагазіны, 414 цалкам зношаны.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне закупкі новых аўтакрам для Белкаапсаюза. Пры гэтым асноўныя затраты павінны легчы на спажыўкааперацыю, дапамогуць ёй аблвыканкамы.

У той жа час Прэзідэнт запатрабаваў не забываць і пра існуючы аўтапарк, пры магчымасці займацца аднаўленнем старых машын: "Гэта будзе ў два разы танней, чым ты купіш новую, а зробяць такую ж".

У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў змяненні ў рабоце індывідуальных прадпрымальнікаў.

"Мы там парадак навялі. Рашэнні прыняты адпаведныя - іпэшнікам ты будзеш тады, калі трапіш у спіс гэтых іпэшнікаў, г.зн. (будзеш ажыццяўляць. - Заўвага) той від работ, які будзе дазволена ІП. А то ў нас усе сталі іпэшнікамі, і працаваць няма каму. Парадак трэба навесці. Гэта не значыць, што мы ўсіх загонім у стойла. Не. Але павінен быць парадак", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Наступным пунктам у праграме рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы стала наведванне ў Касцюковічах новага Цэнтра культуры.

Раённы цэнтр культуры раней размяшчаўся ў двухпавярховым будынку 1949 года пабудовы. Капітальны рамонт з моманту будаўніцтва не праводзіўся. Тэхнічны стан не адпавядаў сучасным патрабаванням, што прад'яўляюцца да арганізацыі і правядзення культурных мерапрыемстваў. У 2020 годзе было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага будынка, які адкрыўся ў канцы 2021 года.

У будынку ёсць усё неабходнае і сучаснае абсталяванне. На базе цэнтра таксама ажыццяўляе сваю работу раённы Дом рамёстваў і дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў.

Аляксандр Лукашэнка не адмаўляе, што такія ўстановы патрэбны, але заклікаў усё рабіць дбайна і з акцэнтам на падтрымку тых ці іншых канкрэтных відаў дзейнасці. Інакш кажучы, каб укладаць грошы не ў сцены, а менавіта ў людзей.

"Не павінна быць празмернасці  і "палацаў", - арыентуе беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што бюджэтныя грошы ў тым ліку неабходны для сфер адукацыі або аховы здароўя.

"Я за тое, каб і рамёствы, якія павінны быць, і нейкі краязнаўчы музей, і бібліятэкі (былі. - Заўвага). Павінна гэта быць. Але павінна быць аптымальна", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт азнаёміўся з работай майстроў, у тым ліку паразмаўляў з народным майстрам Валянцінай Волкавай, якая займаецца ткацтвам.

"Вось гэта трэба падтрымліваць, развіваць. Але ці трэба "палацы" для гэтага. Можа, зарплату большую даць, яшчэ нечага. Вось гэтаму чалавеку трэба станкі рабіць, зарплату. Вось гэта золата - рамёствы старадаўнія - мы іх вельмі беражом, падтрымліваем", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка папрысутнічаў на рэпетыцыі выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба "Зубр" і ўзорнага харэаграфічнага калектыву "Мазаіка" Касцюковіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Адным з нумароў быў танец вальс. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі пабудаваны такі палац, то не толькі дзяўчаты, але і ўсе мужчыны павінны навучыцца добра танцаваць, бо апошнім часам многія гэтага не ўмеюць.

Кіраўніку дзяржавы падарылі тканы ручнік, а ён падарыў цэнтру мультыборд.

Аляксандр Лукашэнка таксама пагутарыў з жыхарамі Касцюковічаў.

"Я спрабаваў прыкінуць, колькі ж я гадоў не быў у вас? Пяць? Гэта не так шмат, калі ўлічыць, што ў нас гарадоў вельмі многа. Але вы ж у нас тут "крайнія". Не апошнія, а самыя-самыя крайнія, на граніцы. Шчыра кажучы, крыху здзівіўся, што вы ўсё захавалі ў парадку і на зямлі нядрэнна працуеце - гэта вельмі важна, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я паглядзеў, у якой прыгажосці вы жывяце: шчыра кажучы, зайздрошчу, і ёсць чаму павучыцца іншым раённым цэнтрам".

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час у Беларусі была прынята праграма па развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці. Летам плануецца падвесці вынікі гэтай працы. Мясцовыя ўлады лічаць, што прадугледжаныя льготы трэба прадоўжыць. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён не супраць, але толькі калі праведзеная работа дала вынік. "Трэба паглядзець, што ж вы зрабілі з таго, аб чым мы дамаўляліся. Калі зрабілі - значыць, будзем рухацца наперад", - паабяцаў ён.

"А ўвогуле, дзякуй вам. Малайцы. Вы жывяце ў прыгожым горадзе. Гэта Мінск на ўсходзе нашай цудоўнай краіны і ў тым ліку ў Магілёўскай вобласці. За гэта вам вялікі дзякуй - за тое, што вы сапраўдныя. Нутром адчуваю, што вы сапраўдныя. Мастацкая самадзейнасць, рамёствы - усё сваё. Гэта тое, чаму сёння можа пазайздросціць буйны горад, у тым ліку і сталіца. Гэта вялікая справа, мы будзем падтрымліваць вас у гэтым плане. Усё, што ў вас тут адбываецца, у мяне ў сэрцы. Асабліва тое, што вы захавалі ткацтва. Вы захоўваеце нашы старажытныя традыцыі. Таму я гавару: вы сапраўдныя, патрыятычныя. Пакуль вы ёсць, будзе краіна незалежнай, суверэннай і ніхто нам не страшны. Калі мы з гэтага шляху звернем - усё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Я не кажу, што мой гэты прыезд блізкі  - памятаеце? - "чарнобыльскаму шляху" Прэзідэнта. Сёння мы ўжо менш аб гэтым гаворым, таму што зразумелі, што выратавалі сваю краіну, вось гэтыя 25% тэрыторыі. Тут не проста трэба жыць - тут людзі жывуць, тут нараджальнасць нават вышэйшая, чым у цэлым па рэспубліцы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава прадоўжыць матэрыяльна падтрымліваць шматдзетныя сем'і, паколькі сітуацыя з нараджальнасцю - самая вялікая праблема для многіх краін, у тым ліку і для Беларусі. "Мы пакуль адказвае за гэту зямлю, і для нас гэта вельмі важна, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Трое дзяцей - без размоў, без чаргі павінны атрымліваць жыллё. Пра чацвярых, пяць я ўжо і не кажу: гэта ўсяляк павінны падтрымліваць".

Адно з пытанняў ад жыхароў райцэнтра датычылася далейшых перспектыў развіцця ў Беларусі атамнай энергетыкі.

"Напэўна, наша грамадства перахварэла ўжо постчарнобыльскім сіндромам", - сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што вельмі перажываў, прымаючы рашэнне аб будаўніцтве АЭС, улічваючы чарнобыльскую спадчыну. Падтрымку аказала Расія, грунтоўна вывучаўся міжнародны вопыт, у тым ліку пры садзейнічанні МАГАТЭ.  

Гаворачы пра Чарнобыльскую катастрофу, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў жыцці ўсякае бывае. Тады адыграў сваю ролю і чалавечы фактар.

"Усякае можа быць. Але гэта не значыць, што трэба спыніцца, нічога не рабіць і чакаць, што з неба шчасце табе ўпадзе. Мы рызыкнулі. Я рызыкнуў, а вы зрабілі. Сёння мы разумеем, што зрабілі правільна. Гэта самы чысты від энергіі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Будавалі мы яе не толькі, каб атрымаць электрычнасць, - гэта перш за ўсё, але я хацеў, каб у нас у Беларусі з'явілася новая школа. А будаўніцтва, эксплуатацыя пацягнулі за сабой адукацыю. Сёння ў нас ёсць свае спецыялісты. І я хацеў навучыць беларусаў гэта рабіць".

Цяпер ужо і беларускія спецыялісты маюць магчымасць працаваць за мяжой на будаўніцтве АЭС, і сваю першую станцыю Беларусь больш як на трэць будавала сама, а інжынеры, тэхналогіі былі расійскія.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі зрабілі мудра, пабудаваўшы БелАЭС, нягледзячы на ўсю крытыку і націск з боку Польшчы і Літвы. "Што датычыцца Захаду - нягоднікі поўныя. І нашы збеглыя - сволачы і мярзотнікі", - адзначыў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што апаненты ў свой час прапаноўвалі закрыць тады яшчэ будуемую БелАЭС. Ён жа, у сваю чаргу, заклікаў не спяшацца і паглядзець, што робяць самі заходнія краіны.

"Польшча, якая ініцыявала вось гэту брахню ў адносінах да нас, плануе дзве атамныя станцыі пабудаваць у першы час. Літва, страціўшы Ігналіну… Нармальная была станцыя, магла працаваць. Да розуму трэба было даводзіць і атрымліваць электраэнергію на ўсю Літву. Сёння купляюць па шалёных цэнах", - заўважыў беларускі лідар.

Негатыўныя наступствы, у тым ліку па цане на энерганосьбіты, атрымалі і ў іншых краінах ЕС, якія прынялі рашэнне закрыць свае АЭС, пераарыентуючыся на энергію ветру і іншыя аднаўляльныя крыніцы.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што будаўніцтва БелАЭС дало магчымасць пашырыць выкарыстанне электраэнергіі. У тым ліку для патрэб транспарту, ацяплення жылля.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер ім паступова авалодвае думка аб магчымасці будаўніцтва яшчэ адной станцыі, але над гэтым пытаннем яшчэ думаюць, рашэнне пакуль не прынята.

"Другая пляцоўка (раней як альтэрнатыва Астравецкай, дзе пабудавана БелАЭС, была вызначана Краснапалянская пляцоўка) знаходзіцца на ўсход ад Магілёва. Я сёння думаю: калі будзем будаваць другую АЭС, мы дзе гэтыя рэактары размесцім?" - падзяліўся Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што размясціць яшчэ два рэактары ў Астраўцы было б танней, але Кіраўнік дзяржавы не выключае, што новае будаўніцтва, калі будзе прынята такое рашэнне, трэба разгарнуць на ўсходзе краіны: "Я ўсё ж такі схіляюся да таго, што ў нас на захадзе ёсць станцыя. Павінна яна быць і на ўсходзе". Гэтыя словы жыхары Касцюковіч сустрэлі апладысментамі.

"Я ж яшчэ не прыняў рашэння. Мы проста думаем, - адразу папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. - Мы супастаўляем, думаем. І потым, зразумела, патрэбны грошы. Іх трэба сёння пазычыць, крэдыт узяць, каб паступова разлічвацца, як за гэту станцыю. Таму яшчэ шмат пытанняў з гэтай справай. Але я хацеў бы, калі я не паспею пры сваім палітычным жыцці гэта зрабіць, ну хаця б пачаць. А потым вы ўсё роўна пабудуеце, куды дзявацца".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што будаўніцтва другой АЭС было б сур'ёзным крокам наперад і параўнаў гэта з развіццём у касмічнай сферы. Палёт першага беларускага касманаўта, паводле слоў Прэзідэнта, стаў вяршыняй агульных дасягненняў і напрацаваных кампетэнцый Беларусі ў касмічнай галіне.

Жыхары горада пацікавіліся ў Кіраўніка дзяржавы яго меркаваннем наконт удзелу беларускіх спартсменаў у летніх Алімпійскіх гульнях у нейтральным статусе.

"Забаранілі ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцця, камандных відах спорту. Ці трэба беларускім спартсменам удзельнічаць у такой "Алімпіядзе", на такіх умовах?" - спыталіся ў Прэзідэнта.

"Тое, што гэтыя нягоднікі вытвараюць у спорце, лепшым спорт не робіць. Асабліва алімпійскі рух. Вы ведаеце, у мінулыя часы на час алімпіяд войны спыняліся - гэта былі мірныя-мірныя спаборніцтвы. У што яны цяпер ператварыліся (як і ўсё астатняе), вы бачыце. Наконт удзелу. Я ўжо неяк гаварыў: гэта справа спартсменаў. Вядома, хацелася, каб, як гэта належыць, гімн, сцяг і іншае. Але я разумею спартсменаў: гэта іх жыццё. Разумеючы гэта, я аб гэтым не гавару і не настойваю ні на адным з варыянтаў", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта справа спартсмена. Калі ён вырашыць удзельнічаць у Алімпіядзе, ён яшчэ больш злым будзе. Вы ж разумееце, настрой і злосць у спорце немалаважнае мае значэнне. Але калі ўжо ты адабраўся і едзеш туды ў нейтральным статусе, набей ім морду, пакажы ім, што ты сапраўдны беларус. Мы ўсё роўна будзем разумець, што ты беларус, і калі ты выйдзеш пераможцам - гэта для нас добрая тэма для таго, каб мы ім яшчэ і палітычна морду набілі", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: беларусы не павінны здавацца. У савецкія часы, нагадаў ён, на ўвесь народ аказваўся вельмі моцны націск, у тым ліку і ў спорце, але Савецкі Саюз быў першым. "Чым больш на цябе націскаюць, тым большае супраціўленне", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што сочыць за расійскімі спаборніцтвамі і беларусы, напрыклад біятланісты, паказваюць там сябе найлепшым чынам. "І я разумею, што ў нас біятлон жыве, таму што школа біятлона ў Расіі вельмі моцная, сусветнага ўзроўню. І калі мы іх перамагаем, значыць, мы штосьці можам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Заўтра мы вернемся ў гэту еўрапейскую, сусветную сям'ю. І мы ім пакажам, што мы можам. А спартсмен няхай вызначыцца сам: хоча паехаць - няхай едзе і выступае, але толькі дастойна выступае, каб мы ім ганарыліся. Я ні на каго націскаць не буду і настойваць не буду", - сказаў Прэзідэнт.

Адна з жыхарак горада пацікавілася меркаваннем Кіраўніка дзяржавы аб сучасных выпускных у школах, якія ўсё больш ператвараюцца ў шоу на лімузінах і з наведваннем забаўляльных устаноў.

"Да таго, аб чым вы сказалі, стаўлюся вельмі негатыўна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, - кампаніяй, калектывам. Патанцуюць і сустрэнуць світанне. Гэта вельмі важна".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нельга дапускаць расслаення і дзяржава робіць усё, каб стварыць усім дзецям для вучобы ў школе роўныя ўмовы і магчымасці. "Гэтага трэба прытрымлівацца, і нельга пасля заканчэння агульнаадукацыйнай сярэдняй школы рабіць тое, што вы кажаце. Нейкі там "круцяк" табе дапамог ці ты багацейшы - ты лімузін заказаў, прыехала тваё дзіця ў школу. А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна, - заявіў Прэзідэнт. - Я публічна гавару: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта дрэнна".

Што датычыцца правядзення выпускных, Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць гэта пытанне на строгі кантроль: "Члены Урада тут, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Вазьміце гэта строга на кантроль".

"Не трэба. Душа павінна быць. Мы - душэўныя людзі. Школа, калектыў, бацькі - яны павінны збірацца, вызначыцца. Прыгожа (каб было. - Заўвага). Лепш з бацькамі - хаця б першая частка. Потым бацькоў ужо дадому адправяць. У сярэдзіне гэтай урачыстай часткі (выпускнікі. - Заўвага) пабудуць самі. І сустрэнуць світанне", - дадаў Прэзідэнт.

Жыхары Касцюковічаў падарылі Кіраўніку дзяржавы зменшаную копію памятнага знака паэтам і пісьменнікам Касцюковіцкага раёна, які ўстаноўлены каля Цэнтра культуры. "Мы спадзяёмся, што гэты падарунак прынясе толькі добрае і светлае Вам, кожнаму беларусу і нашай краіне", - з такімі словамі яны ўручылі свой падарунак Прэзідэнту.

"Дзякуй вам вялікі. Яшчэ раз паўтараю: дзякуй, што вы сапраўдныя. Будзьце такімі - сапраўднымі беларусамі. І сябруйце - суседзі побач", - сказаў беларускі лідар.

Папрасіў Аляксандр Лукашэнка не забываць і пра жыхароў Украіны: людзі ўцякаюць ад вайны і маюць патрэбу ў дапамозе, а значыць, іх усяляк неабходна падтрымліваць. "Не забывайце, што ўкраінцы - гэта таксама нашы людзі", - заклікаў ён.