Наведванне ТАА "ММПЗ-груп" у Мёрах
- 30
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 жніўня наведаў завод па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ТАА "ММПЗ-груп" у Мёрах.
Прыбыўшы на прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка, як і звычайна, адразу перайшоў да справы: "Давайце пачнём з сыравіны. Вытворчасць, склад гатовай прадукцыі".
"Мы ж не можам куляцца: папрацавалі, спынілі, зноў папрацавалі, спынілі. Тут жа людзі працуюць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Людзей трэба ратаваць".
Прэзідэнт азнаёміўся з выставай прадукцыі завода, пацікавіўся аб'ёмамі вытворчасці і наяўнасцю сыравіннай базы. Кіраўніку дзяржавы было даложана, што магутнасці прадпрыемства разлічаны на вытворчасць да 150 тыс. т белай бляхі ў год. Гэта прадукцыя запатрабавана як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. Як растлумачыў віцэ-прэм'ер Юрый Назараў, адметнасць завода ў тым, што тут вырабляюць самую тонкую белую бляху на постсавецкай прасторы. Яна выкарыстоўваецца для ўпакоўкі ў харчовай, парфумернай, нафтахімічнай прадукцыі. У Беларусі аб'ём рынку - амаль 30-35 тыс. т.
"Мы пераканаліся, што ўсё гэта патрэбна. І тое, што мы пачалі рабіць, - гэта вельмі патрэбнае. Гэта імпартазамяшчэнне, і як мінімум 35 тыс. т мы можам спажываць унутры Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што прадпрыемства павінна абслугоўваць 100% беларускага рынку: "Цяпер шанц. Сёння мы свабодныя. Вы (маецца на ўвазе Захад. - Заўвага) супраць нас драконаўскія меры? Да пабачэння! Мы павінны выбудаваць, заняць свой рынак".
"Ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута. У нас прадпрыемстваў такіх няма. Гэта суперпрадпрыемства. Тут проста трэба закасаць рукавы і вырабляць прадукцыю, збываць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, паводле першапачатковых планаў прадпрыемства ўжо даўно павінна было выйсці на праектную магутнасць. Але яны былі правалены, адзначыў Намеснік Прэм'ер-міністра Юрый Назараў.
Цяпер Урад разлічвае, што на поўную моц завод пачне працаваць у 2024 годзе.
"Каб на працягу тыдня тут быў завод з дырэктарам. Ніякага банкруцтва, ніякага антыкрызіснага кіраўніка. Будзе дырэктар - ён будзе займацца крызісам. Трэба спыніць усю гэту балбатню", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Азнаёміўшыся з вытворчасцю і выпускаемай заводам прадукцыяй, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з работнікамі прадпрыемства.
"Самы галоўны вынік майго наведвання сёння: мы ўжо дамовіліся аб двух Героях Беларусі, якія выканаюць даручанае ім і атрымаюць зоркі героя. Гэты завод павінен нараджаць новых герояў для Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт у час сустрэчы з завадчанамі.
Каму менавіта пастаўлена задача вывесці работу завода на поўную магутнасць узамен на самае высокае ў Беларусі званне Кіраўнік дзяржавы не стаў удакладняць. Але кіраваць прадпрыемствам стане намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Уладзімір Дзьяканаў.
"Імёны не называю пакуль. Калі выканаюць тое, што абяцалі, я выканаю сваё абяцанне", - сказаў Прэзідэнт.
Работнікі прадпрыемства нагадалі, што раней у Беларусі існавала традыцыя называць установы і прадпрыемствы імёнамі вядомых суайчыннікаў. Яны прапанавалі аднавіць гэту традыцыю.
"Абсалютна вас падтрымліваю. Вось будзе ў вас мінімум два героі (я думаю, больш) - назавіце іх іменем гэты завод. Я вас падтрымаю, падпішу ўказ", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
"Адзінае, супраць чаго я выступаю, гэта помнікі. "Вось давайце помнік Лукашэнку, Пятрову, Сідараву!" Слухайце, мы выконваем сваю работу, якія помнікі? - дадаў Прэзідэнт. - Давайце будзем ад канкрэтнага: вазьміце нядаўна хлопцы, нашы пілоты, загінулі, адвёўшы самалёт ад Баранавіч. Праз год мы паставілі на тым месцы помнік. І яны заслужылі гэта. Калі нехта заслугоўвае - калі ласка. Але гэта не павінна быць нейкай модай".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, калі прымалася рашэнне аб будаўніцтве ў Мёрах новага завода з прыцягненнем прыватнага інвестара, дзяржава падтрымала гэты праект. Паколькі такое прадпрыемства пасадзейнічала б развіццю раёна. Але ўласнікі сваё абяцанне не выканалі, сарваўшы тэрміны ўвядзення вытворчасці ў эксплуатацыю і пачаўшы звальняць людзей. Больш таго, яны аказаліся нячыстымі на руку.
У выніку дзяржава ўмяшалася ў сітуацыю і завод нарэшце выйшаў з прастою і пачаў працаваць.
"Ваш кіраўнік з сённяшняга дня - паўнапраўны дырэктар. Ніякіх банкруцтваў, ніякіх вытворчасцей - там чорт ведае што панавыдумлялі. З сённяшняга дня вы працуеце як прадпрыемства беларускае, дзяржаўнае. У сувязі з тым, што прыватнікі не выканалі свае абавязацельствы, завод быў канфіскаваны", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе даўгі прадпрыемства дзяржава бярэ на сябе. "Вы сёння функцыянуеце як беларускі завод у Мёрах. У вас з сённяшняга моманту генеральны дырэктар. Юрыдычна гэта будзе аформлена на працягу двух дзён. Ніякага банкруцтва, ніякай цяганіны. Ніякія вы не банкруты, - яшчэ раз падкрэсліў ён. - Цудоўная вытворчасць, трэба працаваць".
"Мы ўклалі ў вас нямала грошай. Мы былі вымушаны выкупляць вашы даўгі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, былыя ўладальнікі завода яшчэ на стадыі будаўніцтва ўкралі ў прадпрыемства шмат грошай. Раней паведамлялася, што інвестар уклаў у прадпрыемства амаль 400 млн еўра. Для гэтага банкамі былі выдадзены беспрэцэдэнтныя крэдыты. "Завод гэты столькі каштаваць не можа. Гэта мы бачым у першым прыбліжэнні. Значыць, тыя, хто абяцаў пабудаваць гэты завод, узялі крэдыты ў банках, заказалі, прывезлі абсталяванне, пабудавалі завод. Дорага. Дзе грошы? Гэта галоўнае пытанне да тых, хто сёння знаходзіцца ў следчым ізалятары", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе, хто праходзяць па крымінальнай справе, павінны кампенсаваць нанесены дзяржаве і людзям урон. "Калі яны не зразумелі, што ў Беларусі рана ці позна з цябе спытаюць: дзе ўкраў і колькі ўкраў, - звярнуў ён увагу. - Недапушчальна красці. Таму грошы "ў касу" - заўтра прыходзьце. Калі ваша хадайніцтва будзе, разгледжу яго на працягу тыдня".
"У крыўду мы нікога з вас не дадзім. Таму вы можаце спакойна працаваць. Завод будзе працаваць менавіта так, як мы некалілі думалі. Вось мэта майго прыезду, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Я хачу, каб вы працавалі, таму што вы - гэта ўвесь Мёрскі край. Калі ваш завод будзе працаваць, гэта пацягне ўвесь край уверх".
У час размовы з працоўным калектывам прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне аб шляхах пераадолення эканамічных санкцый.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ва ўмовах санкцыйнага націску важна ведаць стан спраў на прадпрыемствах, удзяляць увагу кожнаму, своечасова вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць: "Мы павінны прайсці кожнае прадпрыемства і паглядзець, што яму не хапае. Вось я і прыехаў паглядзець, чаго вам не хапае. Добры бізун - вось, што трэба. Можа, не столькі для вас, колькі для асобных, хто тут знаходзіцца". Прэзідэнт упэўнены, што калектыў Мёрскага завода гатовы працаваць нават у няпростых умовах, паколькі ў вытворчасці ёсць будучыня, яе прадукцыя неабходна і запатрабавана: "Я ведаю, што вы з задавальненнем будзеце працаваць. Вы асвоілі гэту складаную тэхніку, гатовы рабіць тонкі ліст, які робяць адзінкі прадпрыемстваў у свеце. Заказы ёсць. Вы гатовы працаваць, але цягамоціна... Узнікла праблема - яе трэба вырашаць, вырашаць імгненна. Нас паспрабавалі санкцыямі задушыць. Нават вас не задушылі - вы былі фактычна непрацуючае прадпрыемства. А тыя, хто працуе, ім хто перашкаджае працаваць?"
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што попыт на айчынную прадукцыю цяпер вялікі, прычым гэта датычыцца ўсёй лінейкі сельскагаспадарчай тэхнікі і камплектуючых да яе. "З Расіі немцы, амерыканцы пайшлі, якія купілі там заводы, - у нас адкрыўся рынак. Міністр прамысловасці дакладвае: мы не паспяваем для Рассельмаша ў Расіі камплектуючыя, якія яны просяць нас, зрабіць на Гомсельмашы", - сказаў беларускі лідар.
"Попыт на нашу прадукцыя вялізны, - падкрэсліў Прэзідэнт. Гэта час магчымасцей, і толькі тыя выйдуць з крызісу памацнелымі, хто будзе бегчы. Пойдзем пяшком - нас дагоняць і раздавяць, затопчуць".
"Паглядзіце ў Польшчы. Самая агрэсіўная ў адносінах да нас дзяржава. Не разумею - навошта? У нас жывуць этнічныя палякі, нармальныя людзі. Нядрэнна працуюць. Адзінкі ёсць ачумелыя, дык у нас і беларусаў такіх хапае, - сказаў беларускі лідар. - Нармальна можна жыць і працаваць. Чаго ім (палітыкам Польшчы. - Заўвага) не хапае? Рэйтынг іх лідараў ужо ніжэйшы за 30%".
"Яны селі на амерыканскую кабылу і скачуць па Еўропе. Немцы іх ненавідзяць ужо навокал, але церпяць. Чаму? Таму што амерыканцы іх падтрымліваюць. Яны ўжо гатовы частку Украіны забраць, Беларусь яны цалкам гатовы праглынуць. Не атрымаецца, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта да часу. Там няма з кім сёння размаўляць".
Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на рыторыку і паводзіны некаторых палітыкаў, якія ўводзяць санкцыі, бізнес шукае шляхі ўзаемадзеяння. "Калі ім патрэбна вось гэта "золата", якое вы робіце (размова пра запатрабаваную прадукцыю ММПЗ. - Заўвага), абходнымі шляхамі, хоць як, цераз Афрыку, Азію, але мы яго прададзім, гэты тавар. І прадаём", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Калі на прыкладзе ММПЗ гаварыць аб цяжкасцях у пастаўцы сыравіны з-за санкцый, то яны, на думку Кіраўніка дзяржавы, таксама вырашальныя, таму што па тых жа самых прычынах расійскі металургічны рынак прасеў, там гатовы, вобразна кажучы, па чайнай лыжцы вывозіць метал тым, хто жадае яго набыць.
Прэзідэнт упэўнены, што ў цяперашніх умовах у мёрскага завода ёсць усё неабходнае для эфектыўнай працы. Адзначаецца невялікі дэфіцыт кваліфікаваных спецыялістаў, чалавек 60-80, але гэта пытанне Прэзідэнт прапанаваў вырашаць праз прыцягненне студэнтаў апошніх курсаў ВНУ і іх фінальнае навучанне тут, на месцы. "Але патрэбна жыллё. Жыллё ёсць. Трэба - падтрымаем. Але гэты завод самы сучасны, яго нельга загубіць. Гэта малады завод для моладзі, - заявіў беларускі лідар. - Беражыце гэта прадпрыемства, для вас няма і не будзе ніякіх праблем, таму што прадукцыя, якую вы вырабляеце, патрэбна ва ўсім свеце".
Адказваючы на пытанні працоўнага калектыву, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ісці па шляху стварэння буйных вытворчасцей у невялікіх гарадах, як гэта было, напрыклад, у Мёрах, немэтазгодна. Паколькі туды ідзе вялікая колькасць кадраў і ў выніку рабочых рук у сельскай гаспадарцы становіцца недастаткова.
"Вы, як пыласос, з вёскі выцягнулі вялікую колькасць рабочых рук. А нам трэба і людзей карміць, Віцебшчына павінна сябе забяспечваць. Нам трэба, каб людзі на палях працавалі. А ў палях не хапае людзей. Таму гэта не той шлях, па якім мы пойдзем і будзем у маленькіх гарадах або паблізу гэтых гарадоў будаваць такія вытворчасці (буйныя заводы накшталт ММПЗ. - Заўвага)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Самым аптымальным варыянтам Прэзідэнт лічыць арганізацыю ў кожным раёне невялікай вытворчасці максімум на 60 рабочых месцаў. І адпаведныя даручэнні па стварэнні такіх аб'ектаў былі даведзены кіраўнікам райвыканкамаў: "Кожнаму старшыні райвыканкама даручана на працягу гэтага года стварыць такую вытворчасць, каб людзі былі на рабоце, працавалі і маглі зарабіць".
Што датычыцца будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў (дзіцячых садоў, школ, бальніц і да т.п.), то гэтым будзе займацца дзяржава, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Дзяржава ж, паводле яго слоў, будзе таксама старацца аказваць падтрымку пры будаўніцтве жылля, але ў гэтым грамадзяне павінны ў асноўным разлічваць на ўласныя сілы і садзейнічанне работадаўца. "Вы павінны самі зарабляць і будаваць разам з прадпрыемствам. Мы будзем падтрымліваць ваша прадпрыемства, каб вы будавалі арэнднае жыллё, каб гэта жыллё належала вашаму заводу. Прыйшоў на завод - атрымлівай кватэру, пайшоў - да пабачэння. Вы скажаце: прывязваем людзей да завода, да працы. А куды дзявацца?" - сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама звярнуў увагу на асабістую ініцыятыву мясцовага насельніцтва і іх адказнасць за развіццё рэгіёна, у якім яны жывуць: "Памятайце, што галоўная рухаючая сіла - гэта вы. Вы павінны працаваць, зарабляць, будаваць сабе жыллё з дапамогай дзяржавы і берагчы свой край. Не спадзявайцеся, што да вас нехта прыйдзе і нешта зробіць. Ведайце, што гэта ваша месца, для вас і вашых дзяцей, дзе вы будзеце жыць і працаваць".
Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы з калектывам Мёрскага металапракатнага завода пракаменціраваў чуткі аб падатку на збор ягад і грыбоў.
"Адкуль у вас гэта? Пакуль я Прэзідэнт - які падатак на грыбы і ягады?! - здзівіўся пытанню Аляксандр Лукашэнка. - Як мы возьмем з чалавека падатак, як падлічым ягады і грыбы? Гэта дзікасць, дурасць поўная. Ніколі гэтага не было і быць не можа".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што людзі могуць спакойна, не турбуючыся пра нейкія падаткі, збіраць грыбы, ягады і іншыя дзікаросы, прадаваць іх, нарыхтоўваць. Гэта датычыцца і жыхароў прыгранічных рэгіёнаў, грамадзян іншых дзяржаў, якім таксама дазволена збіраць дзікарослыя расліны ў беларускіх лясах. "Чаму я сваім людзям павінен забараніць збіраць ягады і грыбы і прадаваць? Гэта глупства поўнае! Ды больш вы збірайце грыбоў, ягад і гандлюйце, - сказаў беларускі лідар. - Я, наадварот, прыхільнік таго, каб людзі на месцы зараблялі больш".
Прэзідэнт таксама прыгадаў аб тым, што ў свой час па ініцыятыве санітарна-эпідэміялагічных службаў была спроба забараніць людзям прадаваць уздоўж дарог прадукцыю з уласнага падворка, у тым ліку і сабраныя ў лесе грыбы і ягады. Матывавана гэта было клопатам аб бяспецы грамадзян. Аднак Кіраўнік дзяржавы запярэчыў, што людзі самі адказныя за сваё здароўе і здольны разабрацца, дзе і што ім купляць, таму лічыць патрэбным дазваляць такі гандаль.