Наведванне ААТ "Агракамбінат "Юбілейны" ў Аршанскім раёне
- 23
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці наведаў ААТ "Агракамбінат "Юбілейны".
Гаспадарка перадавая і ўзорная. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у такія трэба прыязджаць, каб проста паглядзець і адпачыць.
Прэзідэнт цікавіўся работай агракамбіната "Юбілейны". Прадпрыемства ўтварылася ў выніку аб'яднання шэрага больш дробных гаспадарак, што дало магчымасць сканцэнтраваць вытворчыя сілы і кармавую базу.
Размова ў тым ліку ішла аб падыходах у сяўбе азімых культур, уключаючы азімы ячмень, перавагі якога напярэдадні разглядаліся ў ходзе рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы ў Шклоўскі раён. Гэта культура важная для забеспячэння паўнацэннай кармавой базы ў жывёлагадоўлі.
Падрабязна распытаў Аляксандр Лукашэнка і аб шэрагу іншых аспектаў у рабоце агракамбіната, у тым ліку па пытаннях забяспечанасці тэхнікай.
Ужо ў маштабе краіны абмяркоўваўся ход нарыхтоўкі травяністых кармоў. Аб гэтым далажыў кіраўнік Мінсельгасхарча Ігар Брыло. Рэгіёны вытрымліваюць ранейшы план, сітуацыя складваецца пазітыўна.
Асобнае пытанне - нарыхтоўка ў палімерную плёнку. Частка матэрыялу закуплялася па імпарце, ёсць і беларускія аналагі, але іх кошт таксама даволі высокі. І тут строгае патрабаванне Прэзідэнта, у тым ліку ў разрэзе імпартазамяшчэння.
"На вельмі строгі кантроль Ураду, каб гэта плёнка была на працягу года. Гэта перспектыўная тэхналогія, - даручыў Прэзідэнт. - Для Віцебшчыны гэта паратунак. Але трэба, каб гэта танней было. Плёнка павінна быць. І гэта тэхналогія павінна быць таннай, даступнай для слабых гаспадарак. Калі будзе танны гэты працэс, нікога не трэба ўгаворваць".
Аляксандр Лукашэнка спытаў і аб тым, як Міністр ацэньвае развіццё Віцебшчыны ў пытанні АПК. "Мне патрэбны вынік. Парадак тут павінен быць. Патрэбна дысцыпліна. Будзе дысцыпліна - праблем не будзе", - падкрэсліў ён, адзначыўшы, што гэта пытанне па вобласці павінна быць на асаблівым кантролі ў Міністра.
Кіраўнік дзяржавы ў агракамбінаце азнаёміўся з работай малочнатаварнага комплексу "Купалінка". Тут ён звярнуў увагу на яшчэ адно важнае пытанне, якое патрабуе ўвагі ў АПК, - захаванасць жывёлы. "За падзеж жывёлы адкажаце галавой", - папярэдзіў беларускі лідар.
Ён нагадаў, аб чым гаварыў напярэдадні, - у свеце высокі попыт на прадукты харчавання. "Мы можам прадаць па добрай цане сваю прадукцыю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання Кіраўніка дзяржавы абмяркоўваліся і праблемныя пытанні ў рэгіянальным разрэзе. Адно з іх - меліярацыя. Аляксандр Лукашэнка даў канкрэтныя ўказанні наконт гэтага, даручыўшы вызначыць схему фінансавання і аб'ёмы работ.
"Трэба ў гэтым годзе, Заяц (віцэ-прэм'ер Леанід Заяц. - Заўвага) добра ведае гэту праблему. Трэба, каб унеслі прапанову, як будзем меліяраваць і як фінансаваць, вызначыць прапорцыю, аб'ёмы", - сказаў Прэзідэнт.
"Вельмі вялікая праблема. Асобна трэба нам пагаварыць па меліярацыі. Важнейшае пытанне", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама закрануў пытанні развіцця сыравінных зон. Ён падкрэсліў, што ў гэтай рабоце нараўне з дзяржаўнымі павінны ўдзельнічаць і прыватныя сельгасарганізацыі.
Кіраўнік дзяржавы бачыць перспектыву ў далейшым узбуйненні гаспадарак у АПК: "Мы ўсё роўна будзем ісці да буйных кампаній".
Паводле яго слоў, гэтага патрабуюць сучасныя рэаліі - аб'ядноўвацца, далучаць землі.
Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што ў пэўнай перспектыве і такая буйная гаспадарка, як "Юбілейны", таксама можа значна прырасці тэрыторыямі.
Адначасова Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на падрыхтоўку кадраў на базе такіх гаспадарак. "Трэба кадры расціць свае", - падкрэсліў ён.
На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка ў агракамбінаце наведаў машынны двор, азнаёміўся са станам і абслугоўваннем тэхнікі. Абмеркавалі і шэраг практычных пытанняў, уключаючы ўстройства пакрыцця пляцоўкі. У выбары паміж асфальтам і бетонам Прэзідэнт аддае прыярытэт другому.
Яшчэ адзін практычны аспект - пошук аптымальнага рашэння для ацяплення майстэрняў у зімовы перыяд, каб было не толькі эфектыўна, але і не затратна.
У час сустрэчы з працоўным калектывам агракамбіната "Юбілейны" Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць скарыстацца добрай кан'юнктурай цэн на прадукты харчавання на сусветным рынку і ў бліжэйшыя пару гадоў добра спрацаваць у сельскай гаспадарцы.
"Для сельскай гаспадаркі настаў залаты век. Сітуацыя цяпер складваецца такая, што нам трэба кроў з носа гэты і наступны год спрацаваць добра ў сельскай гаспадарцы. Таму што ваша прадукцыя, асабліва за межамі краіны, каштуе вялікіх грошай. Цэны на прадукты харчавання падскочылі неймаверна. Таму трэба ўмець узяць тое, што мы павінны. Для сельскай гаспадаркі, адкрыта кажу, настаў такі залаты век. Колькі ён працягнецца, ніхто не ведае. Але я перакананы, што гэты і наступны гады будуць нашымі - тыя, хто займаецца сельскагаспадарчай вытворчасцю і вырабляе прадукты харчавання, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму як бы ні было цяжка, вы павінны ў гэтыя гады ўзяць свае грошы. Для таго, каб паправіць матэрыяльнае становішча, недзе з крэдытамі разлічыцца і далей спакойна працаваць".
Аляксандр Лукашэнка пахваліў агракамбінат "Юбілейны" за добрую працу: "Вы малайцы, працуеце нядрэнна. У нейкім сэнсе вы ўзор для Віцебскай вобласці, ды і для краіны па асобных пытаннях. У тым плане, як трэба выбудоўваць гаспадарку. Пасевы добрыя, заўваг амаль няма".
Прэзідэнт адзначыў перавагі работы ў сельскай гаспадарцы, што і сам у свой час адчуў на пасадзе кіраўніка гаспадаркі. "Усё жывое, і бачыш вынік сваёй працы", - сказаў ён.
У сувязі з гэтым ён параіў, каб па магчымасці і дзеці работнікаў агракамбіната звязвалі сваю будучыню з сельскай гаспадаркай. Тым больш для перспектыўных дзяцей з сельскай мясцовасці ёсць магчымасць мэтавага набору ў ВНУ, а спецыяльнасці ў сферы АПК цяпер вельмі запатрабаваны. "Так, тут несалодка, тут заўсёды цяжка, але тут цікава. Я ўпэўнены", - заўважыў беларускі лідар.
"Вам яшчэ раз дзякуй за тое, што вы рызыкнулі працаваць у сельскай гаспадарцы і працуеце. Ведаю, што ўсё складваецца не зусім проста. Але ваша гаспадарка нядрэнная. У вас у руках усё для таго, каб жыць нармальна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў апошнія гады ў сельскай мясцовасці ствараюцца камфортныя ўмовы для жыцця і працы людзей.
Прэзідэнт нагадаў, што па яго патрабаванні ў Беларусі атрымалі развіццё аграгарадкі. Іх мэтай якраз і было стварэнне ў вёсцы больш камфортных умоў для жыцця, каб замацаваць людзей у рэгіёнах. Аднак усё гэта не дасць выніку, калі не стварыць рабочыя месцы і дастойныя ўмовы працы, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Але яны будуць нішто, калі не будзе добрай тэхнікі, добрых комплексаў - машынны двор, збожжаток, калі не будзе добрых умоў працы. У нас, дарэчы, спачатку быў перакос: аграгарадкі стварылі, а тэхналогіі і тэхніка адставалі. А цяпер пачынаем падцягваць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта працэс не хуткі, не адна гаспадарка, а іх тысячы. Але за пяцігодку краіна будзе іншай і ў сельскай гаспадарцы таксама, калі скарыстаемся гэтым момантам, калі прадукты харчавання падаражэлі (па ўсім свеце. - Заўвага)".
"Калі будуць нармальныя ўмовы жыцця (гэта перш за ўсё) і работы, людзі сюды прыйдуць", - адказаў Кіраўнік дзяржавы на пытанне, якія меры трэба прыняць для замацавання моладзі ў сельскай мясцовасці.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў свой час, будучы кіраўніком гаспадаркі, сутыкнуўся з праблемай лішку рабочых кадраў, і гэта, на яго думку, горш, чым недахоп. "Але і дэфіцыту быць не павінна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што ўмовы работы для аграрыяў за апошні час істотна змяніліся, з'явілася сучасная высокапрадукцыйная тэхніка, якая не толькі аблягчае працу чалавека, але і замяняе працу многіх людзей. "Мы будзем усё роўна, як і ва ўсім свеце, ісці да таго, што колькасць насельніцтва ў вёсцы збыткоўнай не будзе. Будуць толькі тыя, хто павінен працаваць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Калі б Беларусь не захавала такія вялікія формы гаспадаркі, як калгасы і саўгасы, а пайшла па шляху драбнення на фермерскія гаспадаркі, то адток людзей з сельскай мясцовасці быў бы яшчэ большым, упэўнены Прэзідэнт. Аднак у краіне захаваны і тыя і іншыя формы гаспадарання ў вёсцы, што дае магчымасць аграпрамысловаму комплексу спакойна развівацца. "Недзе больш фермераў, недзе менш, нехта адыходзіць, нехта прыходзіць і гэтак далей. Некаму рэдка, але перадаём стратныя калгасы і саўгасы. Але насельніцтва ўсё роўна будзе скарачацца. Я спрабую ўтрымаць колькасць насельніцтва (у вёсцы. - Заўвага), хоць, калі глядзіш па статыстыцы, у нас значна ў вёсцы насельніцтва скарачаецца. Але яго дастаткова, таму што тэхніка іншая прыходзіць", звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Умовы трэба нармальныя ствараць і больш нічога. А людзі самі будуць выбіраць. Павалілі ўжо ў горад, а там жа з работай не так проста, і ўжо некаторы адток пайшоў", - прадоўжыў беларускі лідар.
Прэзідэнт нагадаў, што па яго патрабаванні ў Беларусі атрымалі развіццё аграгарадкі. Іх мэтай якраз і было стварэнне ў вёсцы больш камфортных умоў для жыцця, каб замацаваць людзей у рэгіёнах. Аднак усё гэта не дасць выніку, калі не стварыць рабочыя месцы і дастойныя ўмовы працы, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Але яны будуць нішто, калі не будзе добрай тэхнікі, добрых комплексаў - машынны двор, збожжаток, калі не будзе добрых умоў працы. У нас, дарэчы, спачатку быў перакос: аграгарадкі стварылі, а тэхналогіі і тэхніка адставалі. А цяпер пачынаем падцягваць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта працэс не хуткі, не адна гаспадарка, а іх тысячы. Але за пяцігодку краіна будзе іншай і ў сельскай гаспадарцы таксама, калі скарыстаемся гэтым момантам, калі прадукты харчавання падаражэлі (па ўсім свеце. - Заўвага)".
Ён падкрэсліў, што дзяржаўная маладзёжная палітыка ў Беларусі нацэлена на ўсебаковую падтрымку дзяцей як у частцы іх выхавання, навучання, медыцынскай дапамогі, так і адносна мер падтрымкі пры працаўладкаванні ў малых населеных пунктах. "Прычым мы дапамагаем як ні адна дзяржава ў свеце, хоць мы не самая багатая дзяржава. Дапаможам з дзеткамі. Але вы павінны разумець, што дзеці - гэта ваша, вы іх нараджалі і вы павінны перш за ўсё за іх адказваць, а потым - дзяржава", - адзначыў Прэзідэнт.
У Беларусі, паводле яго слоў, укладзены каласальныя грошы ў сферу аховы здароўя, у тым ліку для аказання якаснай дапамогі маці і дзецям. Дарэчы, сітуацыя з каранавірусам пацвердзіла, што краіна выбрала правільны шлях як у развіцці айчыннай медыцыны ў цэлым, так і ў стратэгіі барацьбы з COVID-19. "Вытрымалі. Малайцы! - пахваліў Прэзідэнт. - У нас вынікі (мы ж іх бачым) лепшыя, чым у любой іншай краіне свету, а горшыя за ўсіх - у Амерыкі. Багатыя ЗША, а ў іх горш за ўсіх".
Дзяржаўная падтрымка аказваецца і сферы адукацыі, асабліва ў частцы забеспячэння навучальнага працэсу для дзяцей з сельскіх раёнаў. "Мы ствараем аднолькавыя ўмовы для ўсіх. Я заўсёды арыентую ВНУ: вы паглядзіце на глыбінку, на рэгіёны, там у дзетак не такія магчымасці, як у Мінску. А мы ВНУ запаланілі мінскімі школьнікамі, і студэнты, як толькі якая заварушка, яны ў першых радах. Таму што яны не ад зямлі, не бачылі гэтага нармальнага жыцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта на кандыдатаў з рэгіёнаў часта робіцца стаўка пры падборы кіруючых кадраў у краіне: "Бяром з рэгіёнаў людзей, каб наверх падымаліся адсюль людзі: кіравалі краінай, міністрамі былі і гэтак далей".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўказаў на дырэктара агракамбіната "Юбілейны" Аляксандра Фірсіна. "Ты прыгледзься да яго, яго пара ўжо адсюль забіраць, - звярнуўся Прэзідэнт да губернатара Віцебскай вобласці Аляксандра Субоціна. - Ён ужо выхаваў не аднаго чалавека, у яго кагорта маладых спецыялістаў, якія гатовы ўзначаліць гаспадарку".
"Нядрэнна было б мець такіх кіраўнікоў больш і наверсе. І іх трэба падымаць наверх, каб яны разумелі, як жыць, што рабіць, як працаваць", - дадаў Прэзідэнт.
Ён запэўніў, што дзяржава прадоўжыць ствараць умовы для замацавання моладзі ў вёсцы. "Але пажадана, каб і вы былі душой з гэтай зямлёй, - сказаў беларускі лідар. - Калі вашы дзеці будуць прывязаны да зямлі, ніякае замацаванне не трэба. Яны прыедуць, атрымаюць адукацыю, спецыяльнасць, прыйдуць да кіраўніка і скажуць: "Я гатовы ўперціся і рабіць у цябе вось гэта, а ты мне дапамажы дом пабудаваць". Любы кіраўнік заўсёды гэта зробіць. Гэта ваша выхаванне, як вы будзеце выхоўваць вашых дзяцей".
Прэзідэнту было зададзена пытанне, ці будзе дзяржава ва ўмовах санкцый і далей падтрымліваць рэканструкцыю мясцовых дарог. "Не проста будзе. Мы павінны ўзмацніцца цяпер", - запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для гэтага ёсць усе магчымасці. Аснова асфальту - нафтапрадукт - бітум, а для Беларусі нафта ў дадзены момант даступна па цане ў параўнанні з сусветным узроўнем. Што датычыцца бетону для пакрыцця дарожнага палатна, то ў краіне таксама мадэрнізаваны адпаведныя вытворчасці, ёсць неабходныя магутнасці. "Таму чаму сёння не будаваць дарогі і не рамантаваць? Нам і будаваць іх няшмат трэба, нам трэба гэтыя ўтрымліваць. Мы прынялі праграму будаўніцтва і мадэрнізацыі мясцовых дарог. Мы не адстаём. Там тысячы кіламетраў дарог. Мадэрнізуем, аднаўляем. І няма ў нас прычыны, каб пад нейкімі санкцыямі згарнуць гэту работу, - заявіў Прэзідэнт. - Будзем рамантаваць. І асабліва мясцовыя дарогі. Ад раённага цэнтра да аграгарадка за пяцігодку ўсе дарогі павінны быць. Двухпалосныя, нам не трэба там аўтабаны, але ў добрым стане. І ад вобласці да ўсіх раёнаў дарогі павінны быць нармальныя".
Гаворачы пра санкцыі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў запатрабаванасць таго, што вырабляецца ў краіне: "Адзенне, прадукты харчавання, наша тэхніка... Мы не паспяваем выконваць заказы, якія нам паступаюць на прадпрыемствы. Вось і санкцыі... Таму не трэба перажываць. Нас душаць санкцыямі гадоў 20. Ну цяпер больш жорсткія санкцыі ўвялі".
Пытанне аб ініцыятыве абавязковага нашэння школьнай формы задала адна з работніц прадпрыемства, адзначыўшы, што ў бацькоў узнікае пытанне аб асартыменце, даступнасці і цане. "Чуў пра гэта. Шырокага распаўсюджвання не атрымала, але абавязкова займуся гэтым пытаннем так, як вы сказалі: даступнасць, цана. Абяцаю, што ніхто там на кішэнь працаваць не будзе", - паабяцаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу на асартымент: "Павінна быць вялікая колькасць разнастайнасці. Не павінна быць як у савецкія часы - не ўлева, ні ўправа. Так, не павінна быць разбэшчанасці, як модна гаварыць, дрэс-код. Але не трэба заганяць дзяцей у нейкую вузкую прастору. Гэта разнастайнасць павінна быць дастатковай. Абяцаю гэтым заняцца. І паглядзім па цане. Я не думаю, што там нехта будзе загінаць цану. Ды гэта і пад кантролем усё. Да 1 верасня мы адрэгулюем гэта пытанне. Не перажывайце. Галоўнае, каб было каго апранаць у гэта адзенне".
Адказваючы на пытанні работнікаў агракамбіната "Юбілейны", Прэзідэнт растлумачыў, на якіх умовах могуць вярнуцца ў Беларусь тыя, хто раней збег з краіны.
"Пабеглі за мяжу, а сёння 95% (яны пішуць ужо адкрыта) хочуць назад вярнуцца: "Вось калі б Аляксандр Рыгоравіч дараваў і адкрыў граніцу..." 95% вярнуліся б. Я не супраць: хто ў турму, хто куды - хто што заслужыў. Трэба вяртацца. Вы там не прыжывяцеся", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, многія краіны, куды ехалі збеглыя з Беларусі, сталі потым прымаць бежанцаў з Украіны, але ў далейшым сутыкнуўшыся з праблемамі з-за моцнай міграцыі, пачалі скарачаць аказанне дапамогі перасяленцам з іншых дзяржаў. "Нашы там ужо на падхваце, усе хочуць дадому", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.