Наведванне Нацыянальнага аэрапорта Мінск i Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі № 407
- 26
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня азнаёміўся з перспектывамі развіцця авіяцыйнай галіны Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы наведаў Нацыянальны аэрапорт Мінск, дзе яму далажылі аб развіцці інфраструктуры аэрапорта, перспектыўных планах. У тым ліку аб транспартных зносінах са сталіцай па чыгунцы, паркінгах.
Размова ішла і пра будаўніцтва новага пасажырскага тэрмінала. Ён неабходны на перспектыву ў сувязі з ростам пасажырапатоку, які ў Нацыянальным аэрапорце пераадольваў ужо планку 5 млн чалавек у год. Калі гаварыць пра далейшыя планы, то, зразумела, для зручнасці дастаўкі ў аэрапорт большай колькасці пасажыраў у далейшым спатрэбяцца і прадуманыя рашэнні ў транспартных зносінах са сталіцай па чыгунцы. Пры гэтым важна рацыянальна падысці да справы. "Каб мы не будавалі дубліруючых, паралельных нейкіх шляхоў, а выкарыстоўвалі тое, што ёсць", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць адпаведны праект па рэканструкцыі аэрапорта з будаўніцтвам тэрмінала і чыгуначнай веткі, каб дэталёва яго разгледзець: "Давайце дамовімся: калі будзе гатовы праект, мы асобна яго разгледзім".
Прынцыповы падыход - планаваць і рабіць на перспектыву.
"Мы ж усё на перспектыву робім. Калі сёння з-за існуючых абставін нешта не патрэбна, то трэба разумець, што гэта заўтра будзе запатрабавана", - арыентуе Прэзідэнт.
Асобнае даручэнне Прэзідэнта датычыцца старой узлётна-пасадачнай паласы аэрапорта. Другую пабудавалі ў 2019 годзе. Па зразумелых прычынах цяпер транспартны паток не такі, як у ранейшыя гады, але Аляксандр Лукашэнка патрабуе не забываць пра першую паласу. Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, на ёй выконваецца бягучы рамонт.
"Майце на ўвазе, што гэта паласа павінна быць у рабочым стане. Нармальным стане. Пабудавалі другую. Гэта не павінна быць кінута. Паласа павінна быць у ідэальным стане. Трэба ў любых абставінах рабіць гэта", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
У цэлым, як было даложана Прэзідэнту, аэрапорт, нягледзячы на складанасці з-за ўведзеных санкцый, вырашае ўзнікаючыя праблемы і цяпер стабільна працуе, не мае праблем у забеспячэнні матэрыяламі і абсталяваннем. Па асобных пазіцыях наладжана вытворчасць на айчынных прадпрыемствах, па некаторых - пастаўкі з дружалюбных краін, напрыклад, Кітая.
Аляксандр Лукашэнка на аўтобусе агледзеў тэрыторыю аэрапорта і наведаў ААТ "Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі № 407", дзе азнаёміўся з тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам паветраных суднаў, работай прадпрыемства.
Як расказаў генеральны дырэктар Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі Уладзімір Пякарскі, сёння вытворчыя магутнасці прадпрыемства цалкам загружаны. Доля экспарту ў аб'ёме выручкі за першае паўгоддзе склала 98,8%.
На тэрыторыі завода ўзводзіцца комплекс змыўкі і фарбавання паветраных суднаў. Завяршыць будаўніцтва плануюць у першым квартале 2024 года. Пасля выхаду комплексу на поўную магутнасць дадатковая выручка для завода складзе больш за Br13 млн, экспарту - $4 млн. Пашыраць напрамкі дзейнасці плануюць таксама за кошт асваення тэхнічнага абслугоўвання новых тыпаў самалётаў, вырабу дэталей і зборачных адзінак, вырабу і рамонту сродкаў наземнага абслугоўвання, камплектуючых вырабаў паветраных суднаў.
Кіраўнік дзяржавы наведаў ангар тэхнічнага абслугоўвання і рамонту паветраных суднаў, дзе азнаёміўся з размешчанымі тут вытворчымі ўчасткамі. Пасля Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з працоўным калектывам завода і іншых арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск.
"Дзякуй, што асвоілі новы завод", - падзякаваў работнікам прадпрыемства Прэзідэнт.
Ён нагадаў, як прымалася рашэнне аб пераносе вытворчай пляцоўкі Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі. Да 2018 года ён размяшчаўся на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1. Але з-за шэрага абставін было вырашана перанесці завод у Нацыянальны аэрапорт Мінск. Аднак усё было не так проста, як здаецца на першы погляд, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Паступала шмат прапаноў і аб ліквідацыі прадпрыемства: маўляў, завод не патрэбны, тут рамантуецца нейкая савецкая старызна.
"Мяне пераконвалі, што гэта не трэба. Я нібыта і згадзіўся, але задаў тым людзям, якія ўносілі прапанову, адно пытанне: а што будзем рабіць з людзьмі? Не проста з людзьмі, якіх трэба заняць. Зразумела, паўтысячы чалавек занялі б, гэта не праблема. Гэта высокакваліфікаваныя людзі, вы значыць. Такія людзі вельмі дорага каштуюць. Што мы будзем з імі рабіць? Яны куды пойдуць? Адказу не было. Таму мною было прынята рашэнне аб вынасе таго завода з беларускай сталіцы і размяшчэнні тут", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Будаўніцтва новай вытворчай пляцоўкі было пад асаблівым кантролем у Прэзідэнта. "Многія былі пакараны за тармажэнне будаўніцтва. Але ў рэшце рэшт мы пабудавалі гэты завод. Да наведвання завода і даклада вашага дырэктара я не думаў, што вы так разгорнецеся. Проста малайцы. Галоўнае, што вы знайшлі свае нішы. Вы навучыліся рабіць не толькі тое, што вы рабілі там, на старым заводзе, але і шмат новага. Вы займаецеся імпартазамяшчэннем. Таму я вам шчыра гавару: вы проста малайцы, і я вам за гэта вельмі ўдзячны. Будзем у гэтым напрамку рухацца. Усіх "вінаватых" вывучыць і прадставіць да дзяржаўных узнагарод", - даручыў беларускі лідар.
У час сустрэчы з працоўнымі калектывамі арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава знойдзе выйсце з любой сітуацыі і ў бядзе свае прадпрыемствы не пакіне.
"Вы менш звяртайце ўвагі на той націск, які ажыццяўляецца з боку шалёнага Захаду на нашы прадпрыемствы, у тым ліку аэрапорт, "Белавія". Мы знойдзем выйсце з любой сітуацыі і ў бядзе свае прадпрыемствы не пакінем, - запэўніў Прэзідэнт. - Калі пасля Ryanair пачалося гэта шаленства, я пілоту свайго самалёта сказаў: ты перадай хлопцам, што мы ў бядзе іх не пакінем, і ты мне гавары пры чарговым палёце, што трэба зрабіць. Ён мне да самалёта дакладваў, мы прымалі рашэнні. Таму ў бядзе мы нікога не пакінем".
"Свет узаемазалежны, і толькі вар'яты могуць разбурыць гэту залежнасць. Нічога ў іх не атрымаецца. Мы прарвёмся. Ім не патрэбны канкурэнты, таму яны нас душаць. Але гэта добрая ацэнка для нас", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, перанос Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі на тэрыторыю Нацыянальнага аэрапорта Мінск стаў новай вяхой у жыцці прадпрыемства.
"Я нават яго не назваў бы заводам: да гэтага трэба ставіцца як да пачатку. Гэта першы крок у гэтым напрамку. Мы будзем рабіць усё, каб падтрымліваць напрамкі рамонту і абслугоўвання, а можа, стварэння, будаўніцтва сваіх самалётаў. Мы гэта будзем пашыраць. У нас дзве такія буйныя пляцоўкі: у Баранавічах ваенны завод і тут грамадзянскі. Калі вы асвоіце штосьці з ваенных напрамкаў, я буду толькі ўдзячны і падтрымліваць. Калі там штосьці будуць для вас рабіць, для грамадзянскіх, я таксама падтрымліваю гэта. Але, стварыўшы вытворчасць легкавых аўтамабіляў, у мяне такая шалёная думка (калі я паспею гэта пачаць пры сваім прэзідэнцкім жыцці) - калі нам удасца разгарнуцца і вырабляць свой лятальны апарат, я буду шчаслівы. Значыць, мая новая мара можа здзейсніцца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вось у мяне ёсць такая шалёная думка па паглыбленні вытворчасці грамадзянскіх самалётаў. Мы асвоілі рамонт, тэхнічнае абслугоўванне. Прэтэнзій практычна да вас няма з боку заказчыкаў. Будзем рухацца далей".
Адзін з работнікаў Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі спытаў пра вытворчасць аўтамабіляў "Джылі" ў Беларусі. Размова ішла аб планах выпусціць да 60 тыс. аўто. "Мы іх выпусцім", - пацвердзіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, як у Беларусі стваралася вытворчасць легкавых аўтамабіляў (гэта, дарэчы, Кіраўнік дзяржавы таксама называў сваёй марай) - пасля доўгіх перагавораў з рознымі кампаніямі партнёрам у выніку выступіў кітайскі бок. "Мы ў гэтым годзе вырабім 60 тысяч аўтамабіляў, якія вельмі добра сябе зарэкамендавалі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У пытанні работніка прадпрыемства былі адзначаны перавагі гэтых аўтамабіляў, якія добра зарэкамендавалі сябе на айчынным рынку. Ён абгрунтавана становіцца народным, даводзіцца нават некаторы час стаяць у чарзе, каб яго купіць.
"Месяцы стаіце ў чарзе - гэта ўжо вялікі зрух. У мой час гадамі стаялі, не маглі купіць. Гэта вялікі плюс. Але дрэнна, што даводзіцца стаяць у чарзе. З аднаго боку. З іншага боку, я рады, што з'явіўся попыт на гэты аўтамабіль. У першыя месяцы былі сумненні. Але я спадзяваўся, што людзі ўсё роўна будуць купляць гэты аўтамабіль. Ён добры, ён наш. І пры ўсіх недахопах (мне давялося часта падключацца да пытанняў рамонту і запчастак) мы ўсё ж такі трымаем гэта на кантролі і будзем выпускаць гэты аўтамабіль", - сказаў Прэзідэнт.
"Мы дамовіліся з кітайцамі аб ліцэнзійнай вытворчасці сваіх аўтамабіляў. Вызначылі, па-мойму, два брэнды. Таму ў нас будзе свой беларускі аўтамабіль. Калі мы ўжо за гэта зачапіліся, то мы дойдзем да вытворчасці ўласнага абсалютна, амаль 100%-га аўтамабіля беларускага. Якаснага аўтамабіля", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, як у Беларусі стваралася вытворчасць легкавых аўтамабіляў (гэта, дарэчы, Кіраўнік дзяржавы таксама называў сваёй марай) - пасля доўгіх перагавораў з рознымі кампаніямі партнёрам у выніку выступіў кітайскі бок. "Мы ў гэтым годзе вырабім 60 тысяч аўтамабіляў, якія вельмі добра сябе зарэкамендавалі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на пытанне пра палёт беларускі на МКС, Кіраўнік дзяржавы расказаў, што палёт Марыны Васілеўскай запланаваны на першы квартал 2024 года. Магчыма, ён адбудзецца ў сакавіку 2024-га.
Прэзідэнт нагадаў пра гісторыю арганізацыі палёту прадстаўніка Беларусі на МКС і дамоўленасці, дасягнутыя з кіраўніцтвам Расіі і "Раскосмасу": "Я Прэзідэнту Расіі сказаў, што беларусы неяк засядзеліся на зямлі. Лятаюць усе, і афрыканцы ў тым ліку, малайцы. Але чаму беларусы не лятаюць? Ён гаворыць: "Сапраўды". Далей пачалі весці перагаворы з "Раскосмасам". У гэтай расійскай карпарацыі была адна ўмова, якую ў далейшым і выканаў беларускі бок, - каб у космас адправілася жанчына".
"Мы плануем, што яна паляціць у першым квартале наступнага года, можа, у сакавіку. Гэта звязана з аварыяй на МКС (перанос тэрмінаў палёту на наступы год. - Заўвага), - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Так, наша дзяўчына паляціць. Дублёр таксама вызначаны. Мы гэта рыхтуем, ніякія абставіны на гэта паўплываць не могуць".
Кіраўніка дзяржавы спыталі аб выступленні айчынных спартсменаў на II Гульнях краін СНД і ці не з'яўляецца боязь канкурэнцыі ў міжнародным спорце адной з прычын санкцый у адносінах да беларускага спорту і атлетаў.
"Яны (на Захадзе. - Заўвага) баяцца канкурэнцыі, паказваюць свой нораў, яны хочуць нас нахіліць, як заўсёды, яны змагаюцца за сусветнае панаванне. І гэта толькі элемент. Таму спорт стаў даўно вялікай палітыкай. Таму націскаюць па ўсіх напрамках. Яны вытрымалі, выстаялі, і нашы хлопцы і дзяўчаты па ўсіх відах спорту выступаюць і выдаюць добрыя вынікі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт канстатаваў, што ў асноўным на Гульнях выступаюць маладыя спартсмены, якім яшчэ трэба будзе ў перспектыве сябе праявіць: "Некаторыя гавораць: "Ну чаго, там жа няма алімпійскіх нейкіх чэмпіёнаў і гэтак далей..." Дык вось галоўнае - гэта будучыня. І тое, што мы такую вялікую колькасць медалёў заваявалі, - гэта добра".
Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт існуючага меркавання, што ў адсутнасць міжнародных спаборніцтваў можа ўпасці ўзровень спартсменаў. "А чаго ён упадзе? Я вельмі проста сказаў: калі вы (беларускія спартсмены. - Заўвага) будзеце выйграваць у адной краіны - Расіі. Выйграеце ў Расіі - мы будзем у шакаладзе, і мы вам будзем плаціць, будзем вас падтрымліваць і гэтак далей, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - І расіяне для нас сёння - асноўныя канкурэнты. І мы пакуль да іх не дацягнуліся. Яны на першым месцы і залатых медалёў у іх у два або тры разы больш. Таму няма ніякіх праблем для спартсменаў. Ідзіце, трэніруйцеся і выйгравайце".
У гэтым плане Беларусь і Расія супрацоўнічаюць у спартыўнай сферы. Арганізаваны ўдзел беларускіх атлетаў ва ўнутраных спаборніцтвах у Расіі, а расіяне, наадварот, удзельнічаюць у спаборніцтвах у Беларусі.
А на санкцыі Прэзідэнт параіў не звяртаць увагі. І гэта датычыцца не толькі спорту: "Мы на гэта не павінны звяртаць увагі. Калі толькі (чалавечая ж галава такая) загрузіў сябе гэтымі санкцыямі, тады і працаваць не трэба. Можна спасылацца, што ў нас санкцыі, цяжка і гэтак далей. А што, ад гэтага вам лягчэй будзе? Таму ніякіх санкцый! Так, няпроста, так, складана. А калі нам было лягчэй? Заўсёды было складана. Таму што мы - канкурэнты".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не бачыць ніякіх праблем з падрыхтоўкай спартсменаў. "Рана ці позна вымушаны будуць нас вярнуць у міжнародны чэмпіянат", - упэўнены ён.
Прэзідэнт таксама адзначыў ініцыятыву аб правядзенні Гульняў краін БРІКС, што абмяркоўваў і з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Я яго падтрымаў і пахваліў за тое, што ён ініцыюе спаборніцтвы БРІКС". Члены гэтага аб'яднання - Бразілія, Расія, ПАР, Кітай і Індыя - вялікія сусветныя дзяржавы з вялізным насельніцтвам.
"Калі толькі ў БРІКС (будуць арганізаваны спаборніцтвы. - Заўвага), мы адразу далучымся да гэтых спаборніцтваў. І многія краіны далучацца. І алімпійскі рух, які ёсць цяпер (Бах узначальвае), разваліцца. Таму што ўсе змагаюцца за грошы - рэклама. А чым больш гледачоў - па паўтара мільярда ў Індыі і Кітаі, - вось вам і рэклама, вось вам і грошы. Таму яны таксама там (у Міжнародным алімпійскім камітэце. - Заўвага) не дурні. Яны разумеюць, што яшчэ такіх некалькі крокаў і яны разваляць гэты рух", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Вяртаючыся да тэмы II Гульняў краін СНД, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на важнасці выступленняў перспектыўных спартсменаў на такой міжнароднай пляцоўцы, хоць ёсць і пэўныя прэтэнзіі па некаторых відах спорту. Вынікі асобна падвядуць пасля заканчэння Гульняў. "Спорту быць. Спорт - гэта здароўе. Спорт высокіх дасягненняў цягне масавы спорт за сабой. А гэта наша з вамі здароўе. Вытрымалі мы не такі націск", - рэзюмаваў беларускі лідар.
У Аляксандра Лукашэнкі таксама пацікавіліся, як ён ацэньвае перспектывы вяртання заходніх авіякампаній у Беларусь і ці гатовы іх прыняць тут.
"Хоць заўтра, - адказаў Прэзідэнт. - Мы людзі не агрэсіўныя. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы ні з кім не збіраемся ваяваць. Я вам гавару гэта пастаянна. Мы мірныя людзі. Мы хочам з усімі супрацоўнічаць".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яшчэ на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці ён даручыў Ураду і Міністэрству замежных спраў прапанаваць заходнім суседзям план добрасуседства і міру.
"Цяпер мы жывём перш за ўсё за кошт Усходу - супрацоўнічаем з Расіяй, Кітаем. Але не трэба забываць пра высокатэхналагічны Захад. Яны побач, яны нашы суседзі - Еўрасаюз. І адносіны з імі страчваць нельга. Мы да гэтага гатовы, але з улікам нашых уласных інтарэсаў. Паверце, настане час (цяпер такая турбулентнасць, гаворачы на вашай мове, складанасці вялікія) - у 2024-2025 годзе, я ўпэўнены, адбудуцца сур'ёзныя змяненні ў свеце ў тым ліку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"І з палякамі трэба размаўляць. Я даручаў Прэм'ер-міністру звязацца з імі. Калі яны хочуць, давайце размаўляць, наладжваць адносіны. Мы суседзі, а суседзяў не выбіраюць, яны ад бога. Але ў іх 15 кастрычніка парламенцкія выбары і, вядома, ім трэба цяпер нагнятаць, нагнятаць абстаноўку для таго, каб паказаць, што яны правільна ўзбройвалі і пераўзбройвалі краіну. Таму да 15 кастрычніка яны наўрад ці пойдуць на нейкія істотныя змяненні, выгадныя ім і нам. Яны шмат патрабуюць ад нас і просяць, але мы на гэта пайсці не можам, таму што гэта супярэчыць нашым інтарэсам", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што Польшча не сама па сабе нагнятае абстаноўку ў рэгіёне - яе падштурхоўваюць да гэтага Злучаныя Штаты. "Амерыканцы зрабілі стаўку на Польшчу. Але палякі - людзі не дурныя. Гэта нашы людзі, славяне. Яны ўсё цудоўна разумеюць. Пацерпім, паглядзім. Мы адкрыты для супрацоўніцтва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адно пытанне Прэзідэнту датычылася планаў па перааснашчэнні пасажырскага аўтапарка ў краіне. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што новыя адзінкі грамадскага транспарту пастаянна закупляюцца для патрэб гарадоў і рэгіёнаў, асабліва прыкметны гэты працэс у сталіцы. І ён будзе прадоўжаны - у бліжэйшы час за кошт бюджэтных сродкаў будуць заменены на новыя каля 150 аўтобусаў і 50 тралейбусаў. Тым больш што ў Беларусі вырабляецца айчынная тэхніка.
"Нашы аўтобусы вельмі папулярныя. Мы не паспяваем задавольваць патрэбнасці, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Канкурэнты нас пачынаюць прыдушваць, спасылаючыся на тое, што там пажар у аўтобусе ў Піцеры, яшчэ чагосьці... Цяпер дзяржкамісія працуе. Я накіраваў, каб разабраліся, у чым там пытанне. Жудасная канкурэнцыя, але мы яе вытрымаем. Гэта добрыя, якасныя аўтобусы".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на адсутнасць якіх-небудзь сур'ёзных недахопаў пры эксплуатацыі айчынных аўтобусаў у Беларусі і абазначыў магчымыя прычыны таго, што адбываецца з імі за межамі краіны. "У Беларусі не гараць. Дык у чым пытанне? Ёсць пытанні, - сказаў Прэзідэнт. - Мы будзем за гэтыя рынкі змагацца праз якасць".
"Хутка, як мне здаецца, вы ўжо і не будзеце карыстацца грамадскім транспартам, - з гумарам заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - У нас у Мінску ў сярэднім два аўтамабілі на сям'ю. А некаторыя маюць і тры, і чатыры".
"Калі ласка, перамяшчайцеся. Хоць паліва будзе каму купляць - паліва ў нас хапае", - дадаў ён.
Разам з тым, апошнім часам усё больш прыкметны пераход на электратранспарт як асабісты, так і грамадскі, што пазітыўна для Беларусі ва ўмовах работы АЭС. "Гэта самы выгадны, самы эфектыўны від паліва. Будзем у гэтым напрамку рухацца, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Электратранспарту быць. Пачынаючы ад легкавога аўтамабіля да аўтобусаў і іншага. Я гэтаму ўдзяляю вялікую ўвагу. Даўно пачалі мы гэтым займацца і не прагадалі".
Атрымлівае развіццё таксама выкарыстанне электрычнасці для ацяплення і абслугоўвання жылых дамоў, заўважыў Прэзідэнт. "Я вас падштурхоўваю, каб у сваіх кватэрах не прыродны газ падводзілі, а электрычнасць", - сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў будучым Беларусі будзе карысна і другая АЭС. Прапанова пабудаваць яе на ўсходзе краіны ўжо агучвалася Прэзідэнтам, і такая магчымасць вывучаецца.
Работнік Нацыянальнага аэрапорта Мінск, выхадзец з Данбаса, падзякаваў Аляксандру Лукашэнку ад імя жыхароў Данбаса, і асабліва дзяцей, за дапамогу і падтрымку. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падтрымка і аздараўленне дзяцей будуць прадоўжаны.
"Планавалі, плануем і будзем планаваць! І не толькі планаваць, але будзем падтрымліваць дзяцей. Вы бачыце: яны прыязджаюць сюды за цішынёй. Для іх дзіка быць у краіне і не чуць гэтых разрываў, не бачыць гэтых смярцей, гэтага голаду. І тое, што заходнікі спрабуюць узбудзіць спачатку па Пуціну, цяпер па мне сітуацыю ў свеце - ледзь не да крымінальнай адказнасці прывесці - гэта проста смешна, я абсалютна за гэта не перажываю. Наадварот, мы разумеем, што так трэба дзейнічаць. Дзеці ні ў чым не вінаватыя. І мы дамовіліся з Пуціным, што будзем фінансаваць гэтыя паездкі з саюзнага бюджэту. Мы гэта рабілі і будзем рабіць, нягледзячы ні на якія папрокі", - сказаў Прэзідэнт.
А нядобразычліўцам Аляксандр Лукашэнка параіў разабрацца з рэальнай праблемай вывазу з Украіны дзяцей на Захад у якасці донараў: "Дзяцей з Украіны вывозяць. Расчляняюць і дастаюць органы. Вось з тымі няхай разбяруцца".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытаннем аздараўлення дзяцей з Данбаса ў Беларусі займаецца фонд Аляксея Талая. "Гераічны чалавек. Ён у асноўным сюды прывозіць людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Як ім не дапамагчы? Дапаможам мы сёння людзям - Бог гэта ўсё бачыць. Дзесьці і нам дапаможа. Таму дзяцей мы будзем падтрымліваць", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.