Рабочая паездка ў Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці
- 30
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць.
Кіраўнік дзяржавы азнаёўся з ходам палявых работ у вобласці, сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна, а таксама наведаў сельскагаспадарчае прадпрыемства "Алекшыцы" і комплекс па адкорме і дагадоўванні буйной рагатай жывёлы ў Бераставіцкім раёне.
Як праінфармаваў Прэзідэнта намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, у краіне ўжо ўбрана трэць плошчаў збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы, грэчкі і проса). Прычым Брэсцкая вобласць набліжаецца да паловы, а Віцебская ледзь перасягнула 15% плошчаў.
Намалочана па рэспубліцы амаль 2,1 млн т збожжа. Але калі тэмпы ўборачнай значна вышэйшыя за мінулагоднія, то ўраджайнасць, наадварот, крыху ніжэйшая. Безумоўны лідар тут Гродзенская вобласць: ураджайнасць у рэгіёне 49,3 ц/га. Для параўнання: у Гомельскай вобласці ўсяго 20,3 ц/га.
"Выходзіць на 6% у дзень (размова пра плошчы ўборкі пасеваў збожжавых. - Заўвага), тады будзе больш-менш", - такую задачу паставіў Прэзідэнт Мінсельгасхарчу.
Яшчэ адразу пасля прылёту Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што надвор'е ў Беларусі ў гэты час непрадказальнае. "Гаварыў на селектары: то засушыць, то залье", - сказаў ён.
У гэтым плане Прэзідэнт нагадаў аб сваім даручэнні зрабіць акцэнт на культурах ранняга выспявання, асабліва ў паўночных раёнах. Практыка гэтага года паказвае правільнасць такога падыходу. "Добра, што былі азімыя ячмень, рапс. Удалося ўбраць пятую частку на пачатак жніўня", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Асаблівая ўвага была ўдзелена ўраджайнасці і тэхналогіям вырошчвання лёну. Аляксандра Лукашэнку запэўнілі, што льнозаводы і льнокамбінат будуць поўнасцю загружаны сыравінай. Але па доўгім валакне ў Віцебскай вобласці, у адрозненне ад астатніх рэгіёнаў, заданне не будзе выканана.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў гэта як негатыўны факт, паколькі Віцебшчына - ільнасеючая вобласць. Ён прапанаваў паспрабаваць пасеяць лён на эксперыментальным полі Прэзідэнта. Зрабіць усё па тэхналогіі і ацаніць вынік.
"Лён церабіць трэба заканчваць. Ёсць план - трэба яго выконваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Традыцыйна кіраўнік дзяржавы больш цікавіўся не поспехамі, а праблемнымі пытаннямі. "Што насцярожвае ва ўсім комплексе ўборачнай? У дадзеным выпадку па Гродзенскай вобласці", - спытаў ён.
Аднак, як запэўнілі Прэзідэнта, ні ў вобласці, ні ў раёне, ні на прадпрыемстве праблемных момантаў няма. Усе пытанні вырашаюцца ў рабочым парадку.
"Што насцярожвае па рэспубліцы?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
"Усе пытанні вырашаны з Вашай дапамогай. І з палівам, і з камбайнамі", - адказаў Намеснік Прэм'ер-міністра Леанід Заяц.
Пры наведванні комплексу па адкорме і ўтрыманні буйной рагатай жывёлы ў Бераставіцкім раёне Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выкараніць факты падзяжу буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках, а з нядбайных арганізацый перадаваць цялят туды, дзе яны будуць належным чынам дагледжаны.
На жаль, у шэрагу гаспадарак застаецца праблема высокага падзяжу.
"Наогул не павінна быць падзяжу. Акрамя выключных выпадкаў. Трэба забіраць. Пакуль у іх (у нядбайных гаспадарках. - Заўвага) не адпрацуюць тэхналогіі. Павінна быць стаўленне да нованароджанага цяляці, як да дзіцяці. - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Чаму з нядбайных гаспадарак не прывезці яму жывёлу і не аддаць?! Ён не адмовіўся б. У тых, хто не ўмее ўтрымліваць цялят да месяца, - забіраць. Гэта жалезабетонна павінна быць".
Ён падкрэсліў, што гэта пытанне трэба аператыўна вырашыць, і на гэту тэму Аляксандр Лукашэнка больш не мае намеру размаўляць ні з кіраўніцтвам Мінсельгасхарча, ні з губернатарамі.
На ферме Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім даручэнні перавесці за пяцігодку дойны статак у сучасныя малочнатаварныя комплексы. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна ствараць добрыя ўмовы для ўтрымання і адкорму жывёлы.
"Нам трэба не тое каб падабрацца да нейкага адзінага тэхналагічнага працэсу, але вызначыцца", - сказаў ён.
У прадаўжэнне тэмы рэканструкцыі малочнатаварных ферм пад сучасныя малочнатаварныя комплексы Аляксандр Лукашэнка наведаў у "Алекшыцах" нядаўна пабудаваныя кароўнікі і будынак даільна-малочнага блока. Гэтыя аб'екты былі ўзведзены за год. Па праекце кошт будаўніцтва склаў Br13,7 млн. Аднак па факце чакаецца, што ён знізіцца да Br12,3 млн.
Асноўнае пытанне, што раней ужо даручаў Прэзідэнт, - вызначыць аптымальны варыянт як па функцыянале, так і па кошце. Без непатрэбнай эканоміі, але і не трацячы лішнія сродкі.
"А то мы палацы будуем, а не ведаем, колькі гэта каштуе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў, што трэба ўсё дакладна палічыць, паколькі на гэты момант кошт ад рэгіёна да рэгіёна істотна адрозніваецца. Напрыклад, як нядаўна дакладвалі Прэзідэнту, у Мінскай вобласці будаўніцтва малочнатаварнага комплексу каштуе Br10 млн.
Што датычыцца ў цэлым развіцця малочнай галіны ў Гродзенскай вобласці, то, паводле слоў губернатара Уладзіміра Караніка, за год значна павялічылася пагалоўе жывёлы, расце надой на адну карову.
Усяго ў гэтым годзе ў рэгіёне плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 15 малочнатаварных комплексаў (два ўжо ўведзены).
"Вось тое, што трэба рабіць. Старэнькая ферма. Паставіць даільны блок і два кароўнікі. А астатняе прыстасаваць пад цялят і адпаведнае", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
У час наведвання сельгаспрадпрыемства "Алекшыцы" ў Бераставіцкім раёне Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў рэгіёне. На полі азімай пшаніцы ва ўрочышчы Падбагонікі Аляксандра Лукашэнку сустрэлі мясцовыя камбайнеры. Ім якраз падвезлі гарачае харчаванне, і аграрыі запрасілі Прэзідэнта далучыцца да трапезы.
У меню - гарохавы суп, бульбяное пюрэ і катлета, агародніна, хлеб і гарбата з булачкай.
"Ну як кормяць? Нічога? Нічога", - станоўча ацаніў першае Аляксандр Лукашэнка.
Перакусіўшы, Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з вяскоўцамі работу збожжаўборачных камбайнаў "Гомсельмаша".
У Гродзенскай вобласці адна з самых вялікіх нагрузак на адзін камбайн - больш за 300 га. Усяго ў гэтым годзе ў рэгіёне плануецца ўвесці ў строй 147 новых камбайнаў розных мадыфікацый.
На палях працуе ў тым ліку адносна новая мадэль GS2124. Упершыню яна паступіла ў гаспадаркі ў мінулым годзе, і цяпер сумесна з пяццю звёнамі "Гомсельмаша" ідзе працэс яе даводкі.
Мясцовыя камбайнеры станоўча ацэньваюць гэту тэхніку. Стваралася мадэль па даручэнні Прэзідэнта на замену імпартным аналагам.
Старую тэхніку Кіраўнік дзяржавы патрабуе не складзіраваць пад плотам. "Не трэба выкідаць. Трэба аддаць Зайцу (Намеснік Прэм'ер-міністра Леанід Заяц. - Заўвага), ён забярэ на паўночныя раёны. Трэба па-гаспадарску ставіцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, ён мае намер на сваім узроўні пасля завяршэння ўборачнай кампаніі сур'ёзна вярнуцца да пытання насення і сартоў айчыннай селекцыі.
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на гэтай тэме яшчэ ў пачатку тыдня ў Камянецкім раёне і цяпер зноў да яе вярнуўся. Пакуль у сельскай гаспадарцы краіны выкарыстоўваецца вялікая колькасць замежнага насення. Ёсць і насенне сартоў айчыннай селекцыі, але ў шэрагу выпадкаў па тых ці іншых параметрах яно ўступае замежнаму.
"Трэба працаваць з вучонымі. Трэба іх варушыць, - сказаў Прэзідэнт. - Скончыцца ўборка - трэба вярнуцца да гэтага пытання. На маім узроўні збяромся і паглядзім, падумаем. Трэба ўзварухнуць вучоных. Вось і ўсё. Гэта мы ўсё асобна павінны паглядзець. І няхай рыхтуюцца. І не проста расказваць, якія героі, а што дрэнна".
Калі ўсё было б добра, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, то ў гаспадарках не куплялі б імпартнае насенне, тым больш яно і даражэйшае за айчыннае.
"Таму па насенным матэрыяле нам трэба разбірацца. І прытым па ўсіх культурах", - падкрэсліў беларускі лідар.
"І другое - мы павінны разгледзець, акрамя азімых рапсу і ячменю, што яшчэ нам крыху раней можна сеяць, асабліва на поўначы. Пакуль не зменім севазвароты на поўначы і пакуль не знойдзем патрэбныя культуры, яны (у паўночных раёнах. - Заўвага) будуць цялёпкацца. Ну і, вядома, - дысцыпліна і парадак", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
У час рабочай паездкі ў Бераставіцкі раён Аляксандр Лукашэнка закрануў і кадравае пытанне, якое ляжыць у плоскасці вызначэння кандыдатуры на пасаду Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.
Раней на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі Кіраўнік дзяржавы даручаў аператыўна падабраць кандыдатуру на вакантную пасаду Міністра пасля таго, як Ігар Брыло быў назначаны на пасаду памочніка Прэзідэнта - інспектара па Віцебскай вобласці.
Як стала зразумела ў ходзе дыялогу Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам, на пасаду міністра ў тым ліку рэкамендаваўся першы намеснік аблвыканкама Юрый Валяваты.
"Дык а чым цябе не задавальняе першы намеснік па вёсцы?" - спытаў Прэзідэнт губернатара.
Уладзімір Каранік адказаў, што першы намеснік яго цалкам задавальняе, але ўсе людзі гасударавы, і Юрыя Валяватага прапаноўвалі ў ліку іншых кандыдатур для назначэння на пасаду Міністра.
Да размовы падключыўся памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. "У Міністэрстве сельскай гаспадаркі галоўнае - гэта камандуючы фронтам, а не начальнік генштаба. Таму што ўсё вырашаецца на месцах. Таму першы намеснік губернатара, не ў крыўду кажучы, больш мае рычагоў уплыву, чым міністр сельскай гаспадаркі", - вобразна і па-ваеннаму выказаў ён пункт гледжання.
"Усё ж такі Міністэрства сельскай гаспадаркі павінна займацца сваёй справай. Яно павінна займацца новымі прарыўнымі нейкімі напрамкамі, тэхналогіямі", - згадзіўся Прэзідэнт.
У веданні міністэрства павінна быць і агульная стратэгія. "А ўсё астатняе тут (на месцах. - Заўвага)", - падкрэсліў беларускі лідар.