Сустрэча з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым
- 5
- 3:13
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Азіі ў цяперашняй абстаноўцы ў свеце трэба не ўпусціць момант і смялей браць на сябе лідарскія функцыі. Аб гэтым ён заявіў 13 кастрычніка на сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым, якая адбылася ў Астане на палях саміту Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (НУМДА).
"Вялікі дзякуй за запрашэнне. Я сапраўды шчыра не проста адчуваю, - я лічу, як сёння сказаў, настае час Азіі. Азія, Усход - людзі вельмі акуратныя, асцярожныя, вывераныя. Гэтыя паводзіны Азіі не павінны стаць прычынай таго, што Азія ўпусціць гэты момант. Усе цяпер шукаюць, на каго б абаперціся. І так здарылася, што ШАС і ваша арганізацыя (НУМДА. - Заўвага), якая была створана па ініцыятыве Казахстана тут, - гэта, я вам скажу, моцна. І тое, што вы цяпер пачалі развіваць гэту арганізацыю, ператвараць яе ў глабальную, - гэта вельмі правільна. Таму трэба смялей браць руль кіравання светам у рукі і кіраваць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Касым-Жамарт Такаеў падкрэсліў, што рады бачыць Аляксандра Лукашэнку, асабліва ў Астане, і падзякаваў за ўклад у работу саміту.
Прэзідэнт Казахстана канстатаваў, што Азія паказвае вельмі добрыя вынікі ў сваім развіцці, і гэта, безумоўна, рэгіён з вялікай будучыняй у плане эканомікі. "Вядома, у Азіі лакаматывам выступае Кітай. Але ёсць і іншыя дзяржавы", - адзначыў ён. Касым-Жамарт Такаеў у прыватнасці згадаў В'етнам, які таксама быў прадстаўлены на саміце. Гэта краіна з вялікай эканомікай, якая бурна развіваецца.
Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтым тэзісам, але падкрэсліў і значную ролю Казахстана ў Азіі. "Вы сказалі аб тым, што так, ёсць вельмі сур'ёзныя буйныя дзяржавы ў гэтай арганізацыі. Але я не лічу, што Казахстан маленькая дзяржава і не здольна ўнесці ўклад у тое, каб усё ж такі азіяцкія арганізацыі сёння дамінавалі ў свеце. І вы многае зрабілі для гэтага", - адзначыў ён.
"Лічбы сведчаць самі за сябе. У нас ВУП амаль $190 млрд па гэтым годзе будзе. Гэта больш, чым эканомікі ўсёй Цэнтральнай Азіі. Я не для таго, каб пахваліцца. Гэта статыстычны факт", - згадзіўся казахстанскі лідар.
Што датычыцца двухбаковых адносін з Беларуссю, Касым-Жамарт Такаеў запэўніў, што з яго боку будзе рабіцца ўсё магчымае, каб эфектыўнае і шматбаковае супрацоўніцтва прадаўжала развівацца.
"Мы настроены абсалютна на станоўчы лад, танальнасць. Я пастаянна гавару і членам Урада, што трэба рабіць усё магчымае, каб нарошчваць гэты аб'ём. Ці то гандаль, інвестыцыйнае супрацоўніцтва, сумесныя праекты. У прынцыпе, няма падстаў біць трывогу, нічога такога страшнага не адбываецца. Проста трэба выкарыстоўваць існуючыя магчымасці. Вы лепш пра іх ведаеце, паколькі даўным-даўно знаходзіцеся ў тэме", - сказаў Прэзідэнт Казахстана.