Перагаворы з Прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны Міларадам Додзікам
- 9
- 2:35
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 19 лютага ў Мінску перагаворы з Прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны Міларадам Додзікам.
"Чытаў аб вашай рабоце ў Беларусі за гэты час. Вітаю вашу работу тут. Вы павінны ведаць галоўнае: калі вам падыходзіць нешта ў Беларусі ў плане тэхналогій і іншых пытанняў у сельскай гаспадарцы, у прамысловасці, ахове здароўя, - мы заўсёды рады аказаць вам дапамогу і падтрымку", - запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўважліва назіраюць за сітуацыяй на Балканах. "Маё стаўленне вы добра ведаеце. Па ўсіх выпадках і пытаннях, якія існуюць, і тых падзеях, якія адбыліся ў дружалюбнай нам Югаславіі. Калі яе проста раздзялілі на часткі. Ведаеце маю пазіцыю, стаўленне да вас у самыя складаныя часы. Я маю на ўвазе Сербію, калі яна падвяргалася бамбардзіроўкам, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ведаем, што вам там часам няпроста, але вы мужна змагаецеся. Мы гэта вітаем. Толькі мужнасць і стойкасць, і сіла сёння, на жаль, могуць вызначыць будучыню той ці іншай краіны, вобласці, раёна, тэрыторыі. Думаю, што вы стойка трымаецеся там, прадстаўляючы інтарэсы праваслаўных людзей і людзей, якія давяраюць і вераць вам. Мы ў гэтым плане на вашым баку. І вы на нас можаце разлічваць. Словам, вы прыехалі да сваіх сяброў".
Міларад Додзік у сваю чаргу цёпла вітаў Кіраўніка беларускай дзяржавы і падзякаваў за магчымасць сустрэцца асабіста: "Я вельмі рады нашай сустрэчы. Вас асабіста я ўспрымаю як сябра нашага народа, больш сказаць - брата". Прэзідэнт Рэспублікі Сербскай нагадаў, што ўпершыню сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам у 2000 годзе ў Іерусаліме ў час святкавання двухтысячагоддзя хрысціянства.
"Нягледзячы на ўсе выклікі, наша дружба прадаўжаецца, - сказаў Міларад Додзік. - Я ведаю, што і ваша краіна таксама пад націскам і санкцыямі Захаду. Мы ў Рэспубліцы Сербскай не дазволілі, каб Боснія і Герцагавіна галасавала за санкцыі. Вядома, нам нялёгка было адолець націск і Бруселя, і Вашынгтона. Але мы засталіся паслядоўнымі ў сваім рашэнні. Усё кіраўніцтва Рэспублікі Сербскай на гэты момант пад брытанскімі і амерыканскімі санкцыямі".