Падпісаны Указ аб развіцці Парка высокіх тэхналогій

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка падпісаў Указ № 102 "Аб развіцці Парка высокіх тэхналогій", падрыхтаваны па выніках праведзенай напярэдадні нарады аб развіцці ІТ-галіны ў краіне.

    Дакумент накіраваны на стварэнне ўмоў для далейшага перспектыўнага развіцця ПВТ з апорай на сучасныя тэхналагічныя тэндэнцыі і фактычна адкрывае новую старонку ў гісторыі ІТ-галіны Беларусі.

    Указам прадугледжана з'яўленне ў структуры Парка высокіх тэхналогій кіруючай кампаніі, якая зоймецца інтэнсіўным стратэгічным развіццём ПВТ. Кіруючая кампанія будзе прадстаўляць ПВТ пры ўзаемадзеянні з замежнымі партнёрамі, аказваць рэзідэнтам парка садзейнічанне ў пашырэнні экспарту, выхадзе на новыя рынкі і прыцягненні замежных інвестыцый.

    Пры гэтым усе ўмовы дзейнасці ў парку - прававыя, падатковыя, фінансавыя - захоўваюцца на ранейшым узроўні без якіх-небудзь змяненняў.

    У поўным аб'ёме захоўваюцца і паўнамоцтвы Наглядальнага савета ПВТ, для забеспячэння дзейнасці якога будзе сфарміраваны сакратарыят.