Нарада аб праектах указаў па развіцці Парка высокіх тэхналогій

  • 7
  • 3:49

Неабходна надаць новы імпульс развіццю IT-галіны, прычым не толькі для рэзідэнтаў ПВТ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 красавіка на нарадзе аб праектах указаў па развіцці Парка высокіх тэхналогій.

"У лістападзе мінулага года мы ўжо абмяркоўвалі работу нашага Парка высокіх тэхналогій з улікам абстаноўкі, якая склалася вакол Беларусі. Неабходна надаць новы імпульс развіццю галіны, забяспечыць максімальна спрыяльныя ўмовы працы (мы аб гэтым дамовіліся). Прычым не толькі для рэзідэнтаў ПВТ, але і для ўсіх айчынных IT-кампаній, наогул для ўсіх айцішнікаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт паставіў задачу: ствараць прадукт для патрэб нацыянальнай эканомікі і экспарту. "Задача сур'ёзная. Але апошнія некалькі гадоў у нас задач лёгкіх не бывае", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

"Цяпер наш ПВТ, які доўгі час аўтарытэтныя спецыялізаваныя выданні называлі "раем для праграмістаў" і "Крэмніевай далінай Усходняй Еўропы", хочуць задушыць эканамічна. Такія спробы робяцца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт заявіў аб гатоўнасці краіны рэагаваць на сітуацыю, рабіць высновы і генерыраваць адпаведныя рашэнні: "Мы прывыклі прымаць такія выклікі і дастойна адказваць на іх. Калі не хочуць нас бачыць у адной частцы планеты, мы, зразумела, ідзём у іншую частку".

"Мне ўнесены праекты прававых актаў аб развіцці Парка высокіх тэхналогій. Падыход нестандартны. Але ў гэтай сферы практычна заўсёды патрабуюцца крэатыўныя рашэнні", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што размова ідзе аб другім дыханні і раней недаступных гарызонтах для парка і ўсёй беларускай IT-галіны. "Трэба асвоіць новыя рынкі, замясціць заходнія інвестыцыі азіяцкімі", - абазначыў арыенціры Аляксандр Лукашэнка.

"І наогул, калі недзе ствараецца дастойны прадукт, якія б ні былі перашкоды, гэты прадукт будзе запатрабаваны, яго купяць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, сёння трэба яшчэ раз абмеркаваць прапановы і дамовіцца аб прывядзенні нарматыўнай базы ў адпаведнасць з прынятымі рашэннямі. "Хацеў бы пачуць ад прысутных, як мы можам максімальна паскорыць работу і калі атрымаем канкрэтны вынік", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў Урад і кіраўніцтва ПВТ, а таксама іншых адказных асоб: "Проста сёння недзе сядзець, выбачайце за гэта слова, пад плінтусам, адседзецца, не атрымаецца. Патрэбны вынік. Няма выніку - ніякія тлумачэнні, ніякія размовы не прымаюцца".

На нарадзе, акрамя агульных тэм у IT, абмяркоўваліся таксама тэндэнцыі ў развіцці тэхналогій штучнага інтэлекту і перспектывы беларускіх кампаній у гэтай прагрэсіўнай галіне, якая хутка расце. Па выніках нарады Кіраўнік дзяржавы падтрымаў унесеныя яму на разгляд праекты прававых актаў аб развіцці Парка высокіх тэхналогій, якія змяшчаюць нестандартныя падыходы.