Адкрыццё пуцеправода "Полацкі" ў Віцебску
- 13
- 5:46
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 ліпеня прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця рэканструяванага пуцеправода "Полацкі" ў Віцебску.
На ўрачыстае адкрыццё развязкі запрасілі работнікаў будаўнічых арганізацый, якія рэканструявалі мост, і мясцовых жыхароў.
"Самы цяжкі час блукання па пакутах у Віцебску завершаны. Я ўяўляю, якая была бяда ў горадзе, калі гэтага пуцеправода не было, а быў стары. Але якая была праблема і бяда, калі гэты стары пуцеправод закрылі на паўтара года, можа, крыху больш, і пачалі будаўніцтва гэтай развязкі. Згадзіцеся, што без гэтага цуда-збудавання Віцебск існаваць не мог. І далей было б горш і горш", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, яму нават не верыцца, што пуцеправод быў рэканструяваны за такі кароткі прамежак часу. "Дзякуючы вам абнаўленне "Полацкага" пуцеправода завершана на некалькі месяцаў хутчэй. Вельмі важна, што мы гэта здаём да нашага "Славянскага базару": прыедуць госці і ўбачаць сучасны прыгожы горад, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Атрымалася вельмі сучасная зручная развязка. Гэта помнік на стагоддзі, які мы пакідаем нашаму славянскаму гораду. Гэта важнейшая дарога, і мы яе зрабілі".
Паводле слоў губернатара Віцебскай вобласці Мікалая Шарснёва, на рэканструкцыю моста першапачаткова адводзілася чатыры гады, аднак будаўнікі справіліся крыху больш як за паўтара года. Вялікія плошчы пад транспартнай развязкай плануюць выкарыстоўваць пад аўтастаянкі, разгрузіўшы такім чынам цэнтральную частку горада: пляцоўкі каля аўтобуснага і чыгуначнага вакзалаў і рынку.
Прэзідэнта таксама папрасілі пасадзейнічаць у завяршэнні будаўніцтва кальцавой вакол Віцебска. На ўчастку працягласцю 10 км неабходна пракласці дарогу, на работы патрэбна Br120 млн.
"Гэта трэба рабіць. Я лічу, што ўсе гарады трэба абыходзіць, не толькі вялікія, але і малыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Размова пра будаўніцтва Паўночна-заходняга абходу Віцебска прадоўжылася ў час сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з мясцовымі жыхарамі і будаўнікамі пуцеправода "Полацкі". Гэту тэму закранулі прадстаўнікі працоўных калектываў.
"Я вельмі рады, калі моладзь не толькі хайпуе і посціць у інтэрнэце, але і непакоіцца аб нейкім Паўночна-заходнім абходзе, пуцеправодах і гэтак далей. Значыць, у нашай нацыі ёсць будучыня, - адказаў Прэзідэнт. - Я згодны, што гэта трэба зрабіць. Мы павінны падумаць, як прафінансаваць гэты ўчастак. Але праекта яшчэ няма. Зробіце праект - я падстаўлю плячо. Грошы на гэта мы пазычым, адназначна. Вакол усіх гарадоў (у Магілёве таксама маленькі ўчастак застаўся) мы зрабілі гэтыя абходы, трэба, каб і вакол галоўнага славянскага горада быў гэты абход. Тое, што ў гэтай пяцігодцы зробім, я вам абяцаю. І нават калі Прэзідэнтам не буду, грошы знойдзем".
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Я ведаю, што такое будаўніцтва, што такое будаўнікі. Вось наказ усім начальнікам: каб у будаўнікоў, маставікоў не было нараканняў на зарплату. Мы нічым не ўтрымаем нашых людзей тут, у Беларусі, калі не будзем плаціць нармальную зарплату.
Прэзідэнт адзначыў, што будаўнікам часта даводзіцца працаваць у цяжкіх умовах: і ў замаразкі, і пад дажджом. "Гэта людзі, якім трэба плаціць нармальную зарплату", - падкрэсліў ён.
"Добра, што мы захавалі нашы калектывы мостабудаўнікоў, далёка не кожная краіна можа пабудаваць мост. Мы гэта ўмеем рабіць. Але, каб не страціць гэтых людзей, яны павінны атрымліваць дастойную заработную плату", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гаворыць аб гэтым не таму, што ў краіне праходзяць прэзідэнцкія выбары. "Калі не працаваць, то і зарплаты няма. Вось і ўсе выбары. Але калі ёсць работа, калі за паўтара года ствараюцца такія "помнікі" (рэканструкцыя пуцеправода "Полацкі". - Заўвага), гэта дарагога каштуе", - рэзюмаваў ён.