Дзяржаўны візіт у Рэспубліку Зімбабвэ
- 22
- 2:25
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 студзеня прыбыў з дзяржаўным візітам у Зімбабвэ. Гэта найвышэйшы пратакольны статус візіту.
Самалёт Кіраўніка дзяржавы зрабіў пасадку ў аэрапорце сталічнага горада Харарэ. Беларускага лідара сустрэў асабіста Прэзідэнт краіны Эмерсан Мнангагва.
Рота ганаровай варты, гімны дзвюх краін, залпы з салютных установак - усё як і належыць у адпаведнасці з пратаколам пры дзяржаўным візіце. Але было шмат і нацыянальнага каларыту. Мясцовая традыцыя - на прэзідэнтаў надзелі гірлянды з жывых кветак. А песні і танцы пад барабанную музыку адразу акунулі ў атмасферу Афрыканскага кантынента. У аэрапорт таксама прыехала шмат мясцовых жыхароў - прыхільнікаў лідара Эмерсана Мнангагвы, якія вельмі жвава віталі кіраўнікоў дзяржаў.
Аляксандр Лукашэнка і Эмерсан Мнангагва паехалі на адным аўтамабілі, на якім былі ўстаноўлены два прэзідэнцкія штандары. У праграме двухбаковых стасункаў на вышэйшым узроўні - нефармальная вячэра.
Афіцыйная частка перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і Эмерсана Мнангагвы запланавана на 31 студзеня. Кіраўнікі дзяржаў сустрэнуцца ў фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе - з удзелам членаў дэлегацый з абодвух бакоў.
З удзелам лідараў краін таксама пройдзе цырымонія перадачы тэхнікі беларускіх вытворцаў у рамках завяршэння другой фазы праграмы па механізацыі фермерскіх гаспадарак Рэспублікі Зімбабвэ і старт трэцяй фазы праграмы. Мерапрыемства адбудзецца на базе Інстытута сельскай гаспадаркі Зімбабвэ.
Беларуская дэлегацыя пачала ўжо работу ў Харарэ. У першай палове дня прайшоў беларуска-зімбабвійскі бізнес-форум, на якім падпісаны ўжо шэраг двухбаковых дакументаў. Дзелавыя сустрэчы і перагаворы прадоўжацца і ў дні візіту.