Наведванне 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска

  • 26
  • 5

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 27 лістапада 6-ю гарадскую клінічную бальніцу Мінска.

Як далажыў Аляксандру Лукашэнку галоўны ўрач медустановы Ігар Юркевіч, медыцынскую дапамогу хворым на каранавірус аказваюць больш як тысяча супрацоўнікаў. З пачатку эпідэміі ў клініцы дапамаглі 5,5 тыс. людзей з інфекцыяй COVID-19. Цяпер ва ўстанове знаходзяцца 767 пацыентаў, з іх 28 - у рэанімацыі.

Сярэдняя зарплата ва ўстанове за кастрычнік склала звыш Br2,2 тыс., пры гэтым ва ўрачоў - больш як Br3,3 тыс., у сярэдняга медыцынскага персаналу - Br2,4 тыс., у іншых супрацоўнікаў - Br1,36 тыс. "Ва ўрачоў рэанімацыі зарплата каля Br7-9 тыс., - падкрэсліў Ігар Юркевіч. - Людзі прывыклі да добрай падтрымкі і з задавальненнем працуюць. Маладыя спецыялісты кватэры пабудавалі за кошт гэтых надбавак".

"Яны робяць вялікую справу. Калі ў "чырвонай" зоне чалавек працуе, няхай ён і атрымлівае (высокую зарплату. - Заўвага)", - сказаў Прэзідэнт.

Заслухаўшы даклады, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй лячэння грамадзян і накіраваўся ў блок з пацыентамі, якія захварэлі на каранавірус. Затым Кіраўнік дзяржавы наведаў Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі. Тут яму расказалі, як арганізавана працэдура данацыі. Паводле слоў урачоў, штодзень у цэнтры абслугоўваюць 120-150 донараў крыві, плазмы і трамбацытаў. "Кожны донар абследуецца на колькасць антыцелаў", - растлумачылі Прэзідэнту.

Сярод донараў, якія здавалі кроў у аддзяленні, аказалася і ўрач. "Яна павінна лячыць людзей, а вы з яе яшчэ і кроў бераце", - пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы зноў выказаўся аб жаданні польскіх улад пераманіць у сваю краіну беларускіх медыкаў. "Нам трэба сваіх хворых лячыць, але мы гатовы і ім дапамагчы. Але толькі давайце па-чалавечы: вам трэба - мы да вас адправім брыгаду, дапаможам", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

У 6-й гарадской клінічнай бальніцы адбылася таксама сустрэча Прэзідэнта з работнікамі гэтай медустановы. Падчас сустрэчы Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь яшчэ ў час першай хвалі пандэміі выбрала правільны шлях барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. Ён падкрэсліў, што высокая захваральнасць на каранавірус з'яўляецца вельмі сур'ёзнай праблемай для краіны і для яго як яе кіраўніка, хоць Беларусь ужо сутыкалася з ёй у першую хвалю і напрацавала пэўны вопыт.

Прэзідэнт нават правёў вобразныя паралелі паміж беларускай арміяй людзей у белых халатах і арміяй Савецкага Саюза ў гады Другой сусветнай вайны: калі ў пачатку, у 1941 годзе, было яшчэ мала вопыту, зладжанасці дзеянняў, то да 1945-га ўсё кардынальна змянілася. "Цяпер у нас армія ўжо не тая, што была ў 41-м годзе, ужо ідзе 45-ы год, вайна заканчваецца, армія ў нас магутная, і вы, камандзіры і байцы гэтай арміі, ужо зусім іншыя людзі. У нас ёсць пэўны вопыт. Гэта галоўны вывад барацьбы з кавідам у Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ пры з'яўленні каранавіруса папярэджваў, што вельмі важна ў процідзеянні інфекцыі не дапусціць панікі. "Галоўнае пры лячэнні такіх хворых - гэта псіхіка. Гэта тое, пра што я вам інтуітыўна гаварыў у свой час, калі ў нас пачала развівацца гэта хвароба. Паніка, псіхіка і, як я гаварыў, каронапсіхоз - цяпер ужо ўсе гэты тэрмін засвоілі, - адзначыў Прэзідэнт. - Вы мой пункт гледжання ведаеце, ён не змяніўся з таго часу. Ён умацаваўся, я ў сваіх перакананнях умацаваўся. Некаторыя з вас, якія, будзем гаварыць шчыра, мала верылі ў тое, што я гаварыў, нарэшце зразумелі, што я ў нечым меў рацыю".

Кіраўнік дзяржавы чарговы раз падкрэсліў, што каранавірус даўно перастаў быць толькі медыцынскай праблемай. "Гэта ўжо не проста ваша (урачоў. - Заўвага) праблема, гэта палітычная ўжо, эканамічная хвароба. Калі трэба адгарадзіцца ад некага - закрываюць граніцу пад выглядам кавіду, калі нехта на некага хоча націснуць палітычна - выкарыстоўваюць кавід", - звярнуў увагу ён.

"Важна, што ўвесь свет пераканаўся, што мы тады прайшлі гэты шлях правільна, - канстатаваў беларускі лідар. - Мы гэты шлях прайшлі дастойна - адзіныя ў свеце".

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што ў курсе тых праблем, якія абмяркоўвае медыцынская супольнасць, у тым ліку ў сваіх прафесійных Telegram-каналах. І некаторыя нібыта непакояцца за дакладнасць статыстыкі па смяротнасці ў краіне. "Не трэба перажываць. Ніхто нікога тут не падманвае, гэта нікому не патрэбна. Некаторыя кажуць: вось, фальсіфікуюць... Але нам гэта навошта? Аб чым гэта сведчыць? З пункту гледжання палітыкі, напэўна, было б лепш, каб нашых гэтых пратэстуноў на месца паставіць (але яны і так бачаць): палова тэсціруемых з плюсам - гэта Мінск", - адзначыў Прэзідэнт.

"Зразумела, мы ж цягаемся па гэтых вуліцах, асабліва па нядзелях, "захоўваючы" сацыяльную дыстанцыю", - іранічна дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Давайце не будзем слухаць тых пісак, якія сёння ў інтэрнэце пачынаюць каціць хвалю. Смяротнасць ніколі не схаваеш. Так, можаш паставіць дыягназ "астма", "пнеўманія" і гэтак далей, але агульная колькасць смяротнасці нікуды не дзенецца. Скончыцца год, уся статыстыка будзе ў наяўнасці, і медыкі дакладна будуць ведаць паказчыкі па смяротнасці. Але тым не менш чаму на гэтым хайпуюць і посцяць у інтэрнэце? Вострая тэма, трэба разварушыць яе, - сказаў Прэзідэнт. - Ніхто нічога не ўтоіць. Мы жывём у такім свеце, што ўтаіць немагчыма, нават вядучыя краіны гэтага зрабіць не змогуць".

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў у хуткім часе наведаць шэраг устаноў аховы здароўя, занятых у лячэнні хворых на каранавірус. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што з наведвання 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска пачнецца серыя яго візітаў па медыцынскіх установах рэгіёнаў краіны. Прэзідэнт, паводле яго слоў, мае намер наведаць бальніцы ў кожнай з абласцей Беларусі, каб асабіста ўпэўніцца ў тым, што дапамога аказваецца на высокім узроўні, і вывучыць, як удасканаліць працэс лячэння.

У якасці магчымых месцаў наведвання Кіраўнік дзяржавы назваў Магілёў, Гродна і Мінскую вобласць. "Гэта толькі пачатак. Я маю намер пабываць ва ўсіх абласцях, - сказаў ён. - Калі вельмі востры перыяд - трэба ўдасканальваць сістэму, і мы бачым, чаго не хапае". У прыватнасці, калі быў выяўлены недахоп апаратаў камп'ютарнай тамаграфіі, партыя гэтых апаратаў была закуплена і пастаўлена ў Беларусь пры садзейнічанні Міхаіла Гуцарыева.

"Павінен вас папярэдзіць, каб вы разумелі: у гэты перыяд, калі сусветная эканоміка спынілася, і нам няпроста. Мы ж не маем ад нафты, газу велізарных фінансавых рэсурсаў. Нам няпроста ў гэты перыяд траціць вялікія грошы. У гэты перыяд толькі за год на вас і на лячэнне ад кавіду мы патрацім з бюджэту 800 мільёнаў долараў, лічыце, амаль мільярд. Гэта каласальная сума, і гэта ўсё бюджэтныя грошы. У нас жа бясплатная, як кажуць, медыцына. Нічога яна не бясплатная - гэта медыцына за кошт бюджэту, гэтак жа як і адукацыя. Таму гэта вельмі вялікія грошы", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"Даплаты ніхто не здыме, гэта ўстаноўлена Указам Прэзідэнта, ніхто не мае права адмяніць гэты Указ", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што з-за гэтых дадатковых выплат работнікі аховы здароўя ў агульнай статыстыцы па ўзроўні заработнай платы значна апярэджваюць шэраг іншых катэгорый бюджэтнікаў. Па сутнасці, ужо цяпер дасягнуты той узровень сярэдняй зарплаты медработнікаў, які планавалася забяспечыць да канца пяцігодкі.

Цяпер, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, стаіць задача падцягнуць узровень заработнай платы работнікаў іншых сфер.

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу і на іншыя меры дзяржаўнай падтрымкі сістэмы аховы здароўя, у тым ліку закупку абсталявання, аснашчэнне сучасных рабочых месцаў для ўрачоў з усім неабходным інструментарыем.

На сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы медыкі адзначылі, што ў час першай хвалі захваральнасці адчувальнай была таксама дапамога валанцёраў і спонсараў, а да гэтага этапу такія віды падтрымкі практычна адсутнічаюць. "Галоўная прычына ў тым, што наш народ расслабіўся, - сказаў у адказ Прэзідэнт. - Тады быў востры перыяд, усе крычалі, баяліся... А цяпер думаюць: ды чаго там. Па-першае, а па-другое, там шмат было палітыкі. Вельмі многія лавілі хайп. Хайп злавілі, запосціліся - і ўсё нармальна, больш нічога не трэба".
 
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што Беларусь справіцца з сітуацыяй сваімі сіламі. "Давайце мы самі будзем лячыць", - адзначыў ён. А вось наконт дзейнасці валанцёраў паабяцаў дапамагчы: "Проста мы іх не арганізавалі. Валанцёры павінны быць. Вывучыце гэта пытанне, асабліва ў Мінску, - па валанцёрах. Трэба дапамагчы".

Гаворачы аб тым, як наладжана работа па процідзеянні каранавіруснай інфекцыі, Прэзідэнт згадаў фарміраванне спецыяльных штабоў у рэгіёнах і важную ролю мясцовых органаў улады. "Дзякуй богу, што ў нас існуе вертыкаль улады. І вы, напэўна, заўважылі, што асноўны ўдар нашых пратэстуноў наносіцца па Прэзідэнту і вертыкалі ўлады. Давай, дэмакратыя, усе павінны выбірацца... Мы гэта праходзілі ў перыяд Гарбачова, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ж выбіралі ўсіх - кіраўнікоў прадпрыемстваў, дырэктараў. Ну што, давыбіраліся? І краіну страцілі, і Саюз разваліўся. Нам гэту падлянку хочуць падкінуць цяпер".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выступае за ўнясенне паправак у Канстытуцыю і ўпэўнены ў неабходнасці скарэкціраваць паўнамоцтвы Прэзідэнта. "Я прыхільнік новай Канстытуцыі. Не таму, што дэмакратыю нейкую патрэбна. Не ў дэмакратыі справа, - сказаў ён. - Мяне што ў гэтай сітуацыі хвалюе: незнаёмаму прэзідэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга. Будзе бяда".

"У нас вельмі сур'ёзная Канстытуцыя. Казахстан, Расія, мы - бадай, вось тры прагрэсіўныя дзяржавы, якія маюць такую сур'ёзную Канстытуцыю, дзе ад рашэння прэзідэнта залежыць усё. З гэтага пункту гледжання, разумеючы, што не дай бог прыйдзе чалавек і захоча развязаць вайну і іншае... Так, трэба нам стварыць новую Канстытуцыю, але выгадную для нашай краіны, каб потым краіна не абвалілася", - растлумачыў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт пракаменціраваў прапановы праводзіць выбары ў парламент па партыйных спісах, а адпаведна - ствараць партыі. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што рэалізацыя гэтых ініцыятыў пагражае расколам у грамадстве, узнікненнем груп з рознымі інтарэсамі. "Усё гэта добра, калі ты гэта ў іншых бачыш - партыйныя спісы і іншае. Але калі вы гэтага хочаце, і народ за гэта прагаласуе - так і будзе. Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю. З новай Канстытуцыяй я ўжо з вамі Прэзідэнтам працаваць не буду. Таму супакойцеся, спакойна гэта пераносьце. І я ніколі не дапушчу таго, каб, прымаючы новую Канстытуцыю, нехта сфальшывіў або потым выбары па новай Канстытуцыі нехта сфабрыкаваў. Нават калі буду ведаць, што гэта будзе не тое, што я хачу. Чаму? Таму што беларускі народ павінен прайсці тое, што ён павінен прайсці. Лепш цяпер, без вайны, горш, калі нам гэту вайну падкінуць".

На сустрэчы з калектывам бальніцы Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў краіне павінны навучыцца вырабляць сваю вакцыну ад каранавіруса.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што расійскае кіраўніцтва прапанавала Беларусі штам вакцыны, каб у краіне змаглі арганізаваць яе вытворчасць. Паўдзельнічаць у фінансаванні хацеў і расійскі бізнес. "Але я прыхільнік, каб дзяржаўнае прадпрыемства гэта рабіла. У нас прадпрыемствы могуць вырабляць гэту вакцыну, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Яшчэ незразумела, можа, гэта зараза застанецца назаўсёды і нам, як ад грыпу, давядзецца прышчэплівацца. Таму трэба вырабіць гэту вакцыну".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі знойдуць магчымасць, каб арганізаваць вытворчую лінію на базе прадпрыемства "Белмедпрэпараты".

Размаўляючы з супрацоўнікамі медустановы, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў сістэме вышэйшай медыцынскай адукацыі плануюцца сур'ёзныя змяненні. "Мы вельмі сур'ёзна з наступнага года зменім сістэмы вышэйшай адукацыі. Асноўная ўвага будзе ўдзелена мэтаваму напрамку: ты накіраваў абітурыента ў медуніверсітэт, ён вучыцца, ты яму дапамагаеш і плаціш стыпендыю - забірай яго на работу", - расказаў Прэзідэнт.

Урачы закранулі таксама жыллёвае пытанне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сваім жыллі маюць патрэбу прадстаўнікі многіх прафесій, не толькі ўрачы. Ён нагадаў, што цяпер асаблівая ўвага ўдзяляецца будаўніцтву арэндных кватэр, развіццю гарадоў-спадарожнікаў.

"Калі чалавек атрымае гэтыя чатыры сцяны - гэта падарунак. Гэта танна, для краіны пад'ёмна. І гэтым шляхам трэба ісці для таго, каб забяспечыць спецыялістаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У час сустрэчы з калектывам бальніцы Аляксандр Лукашэнка таксама агучыў агучыў вытрымкі з даных спецслужбаў, у якіх апісваецца стаўленне заходніх палітыкаў да падзей у Беларусі і іх планы адносна краіны.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, інфармацыю "аб тым, што адбываецца вакол Беларусі" ён атрымаў літаральна напярэдадні ад Камітэта дзяржаўнай бяспекі. "Гэта арыгіналы", - заявіў Прэзідэнт.

Першымі Аляксандр Лукашэнка прывёў словы польскага прэм'ера: "Будучыня Беларусі прынцыповая для Польшчы. Заходнія тэрыторыі Беларусі гістарычна належаць Польшчы... Варшава зрабіла мноства канкрэтных крокаў для дапамогі беларускай рэвалюцыі: фінансавая падтрымка праз польскія і польска-амерыканскія праграмы салідарнасці з ахвярамі рэжыму Лукашэнкі, запрашэнне беларускіх студэнтаў, спрашчэнне правіл перасячэння граніцы, падтрымка незалежных СМІ".

Паводле слоў Прэзідэнта, афіцыйныя асобы Польшчы заклікаюць НАТА заснаваць спецыяльныя сілы бяспекі ў складзе арміі краін Балтыі і Польшчы. Паводле задумы, гэта армія можа быць задзейнічана для барацьбы з беларускай уладай. "Перамога рэвалюцыі ў Беларусі - таксама нацыянальны інтарэс Польшчы", - прадоўжыў зачытваць заявы польскага прэм'ер-міністра Аляксандр Лукашэнка.

Агучваючы наступную інфармацыю, Прэзідэнт заўважыў: "Гэта размова адбылася 31 жніўня: "Час для прамых перагавораў паміж рэжымам і апазіцыяй яшчэ не настаў. Рэжым Лукашэнкі яшчэ вельмі з'яднаны, армія і КДБ падтрымліваюць яго, а рабочыя наогул не падтрымліваюць ніякай рэвалюцыі. Цяпер мы павінны чакаць і ісці за  развіццём падзей".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Польшча прапаноўвала стварыць у Беларусі сітуацыю, каб яе эканоміка абвалілася, рубель абясцэніўся, а паліцы ў магазінах сталі пустымі. "Мы павінны пераканаць Турцыю, Грэцыю, Азербайджан, Арменію не экспартаваць прадукты харчавання з-за небяспекі каранавіруса", - агучыў чарговыя задумы палякаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў верасні польскі ўрад прыйшоў да высновы, што змяніць сітуацыю ў Беларусі ваеннымі сіламі пакуль нельга.

"Аднак трэба быць гатовымі да гэтага сцэнарыя ў любым выпадку. Мы павінны вырашыць дзве праблемы. Першая: мы павінны падрыхтавацца да ваеннага вырашэння праблемы, запусціць адпаведныя механізмы, якія неабходны для гэтага вырашэння. Другая: мы павінны прадэманстраваць Расіі, што супраць выкарыстання ёю любых узброеных структур у Беларусі", - заяўлялі ў Польшчы.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка таксама агучыў вытрымкі з размовы Паўла Латушкі з міністрам замежных спраў Чэхіі. Паводле слоў беларуса, "у дэмакратычнай апазіцыі ніколі не было такіх добрых шанцаў звергнуць дыктатуру ў Беларусі, як цяпер". Ён заяўляў аб неабходнасці міжнароднага прызнання так званага каардынацыйнага савета. "Каардынацыйны савет лічыць, што галоўная мэта ў тым, каб ізаляваць працэс канстытуцыйнай рэформы, прапанаваны Лукашэнкам", - прадоўжыў цытату Прэзідэнт.

"Ніякая Канстытуцыя ім не патрэбна, ніякія канстытуцыйныя пераўтварэнні ім не патрэбны, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі прымем новую Канстытуцыю, там будзе размеркаванне ўлады. А ім патрэбны Прэзідэнт з цяперашняй уладай".

Таксама, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, каардынацыйны савет у час кантактаў з Захадам выступаў за ваеннае вырашэнне сітуацыі ў Беларусі.

У кастрычніку Польшча сутыкнулася з палітычным крызісам. Пандэмія прывяла да эканамічных праблем. "Урад мае патрэбу ў альтэрнатыўных рашэннях. Неабходна скарыстаць рэвалюцыю ў Беларусі ў сваіх інтарэсах. Калі Пуцін хоча нармалізаваць адносіны з Захадам, ён павінен здаць Лукашэнку", - прывёў словы польскага прэм'ера Прэзідэнт. Гэтыя заявы ён назваў асабліва цынічнымі і ўнікальнымі.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ніколі не прасіў расійскае кіраўніцтва аб дапамозе. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Уладзімір Пуцін, даведаўшыся аб падзеях у Беларусі, сам прапанаваў падставіць плячо. Ён разумеў: наступнай будзе Расія.

У зводках КДБ таксама былі даныя аб размове міністра замежных спраў Украіны з нямецкім калегам: "Мы страчваем нашы магчымасці, не прымаючы рашучых мер. Еўрасаюзу трэба ўвесці сур'ёзныя санкцыі супраць Беларусі, каб паралізаваць дзейнасць дзяржавы, бізнесу і вытворчасцей".

"Ім ужо што патрэбна? - выказаў неўразуменне Прэзідэнт. - Нават расіяне на мяне заўсёды крыўдзіліся: "Чаму ты ўкраінцаў падтрымліваеш?"

Аднак, нягледзячы на братэрскія адносіны паміж беларускім і ўкраінскім народамі, пад Кіевам усё роўна з'явіўся цэнтр інфармацыйнага ўздзеяння на Беларусь, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Простыя людзі да нас вельмі добра ставяцца, па-чалавечы, таму што мы да іх па-братэрску ставіліся, - дадаў ён. - Але які цынізм: спазняемся, трэба хутчэй душыць Беларусь".

Кіраўнік дзяржавы таксама агучыў выступленне аднаго з міністраў замежных спраў ЕС на пасяджэнні напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Малдове: "Мы плануем выціснуць Расію з Украіны і Малдовы. Будзем садзейнічаць інтэграцыі гэтых краін у НАТА, што магчыма нават у рамках "Усходняга партнёрства".

На гэтым жа пасяджэнні выступіў прадстаўнік ЗША: "У Расіі мы хочам паскорыць працэс дэзынтэграцыі: мясцовыя ўлады павінны атрымаць больш паўнамоцтваў, цэнтральная ўлада павінна быць абмежавана. Мы будзем падтрымліваць унутраны канфлікт у расійскім грамадстве. Існуючае кіраўніцтва ў Расіі можа страціць уладу з-за падзей у Беларусі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Захад зацікаўлены ў крызісе ў Беларусі, які падарваў бы пазіцыі Расіі. На думку палітыкаў ЕС, надышоў гістарычны шанц спыніць расійскі ўплыў. "Вось у чым галоўны сэнс, і мы бар'ер на гэтым шляху. На нас павінны патрэніравацца", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Але, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, сярод лідараў краін Еўрапейскага саюза ёсць і тыя, якія станоўча ацэньваюць лад беларускай дзяржавы. Называць іх Прэзідэнт не стаў, але зачытаў заявы: "Беларусь праводзіць правільную палітыку, захоўваючы сваю эканоміку ў руках дзяржавы. Беларусь не існавала б без моцнага дзяржаўнага ладу. Мы рэалізуем свой нацыянальны шлях развіцця на аснове дзяржаўных кампаній і банкаў. Прэзідэнт Лукашэнка правільна разумее, што ў кіраўніцтве павінна быць адзінства. Мы павінны вучыцца на вопыце Беларусі, у нас павінна быць моцная ідэалагічная аснова".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што падзяліўся гэтай інфармацыяй, каб людзі разумелі яго настроі і дзеянні. "І каб некаторыя ацанілі свае дзеянні", - дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусі ёсць чым адказаць на агрэсію, у тым ліку і ваенную. "Усе мы хочам суверэнітэту і незалежнасці, але незалежнасць вельмі дарагая рэч. Калі беларускі народ гатовы ўтрымліваць гэту незалежнасць, змагацца за яе, чаго б нам гэта ні каштавала, давайце будзем змагацца. Каб чарговы раз нас зноў не адкідвалі і не абувалі ў лапці і не адпраўлялі запрэжанымі ў калёсы. Вось усё пытанне і мой настрой як чалавека. Адсюль і мае дзеянні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Завяршаючы сустрэчу з калектывам медустановы, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што раніцай падпісаў Указ аб назначэнні Дзмітрыя Піневіча Міністрам аховы здароўя. "Вялікі аванс у сувязі з кавідам", - падкрэсліў Прэзідэнт.