Інтэрв'ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву "Расія сёння"

  • 10
  • 1:12:25

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 лістапада даў інтэрв'ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву "Расія сёння". У якасці інтэрв'юера выступіў генеральны дырэктар агенцтва Дзмітрый Кісялёў.

МІА "Расія сёння" аб'ядноўвае радыёвяшчанне, стужкі навін, інфармацыйныя парталы, мультымедыйныя міжнародныя прэс-цэнтры, вытворчасць і распаўсюджванне фотакантэнту і інфаграфікі, інфармацыйныя пляцоўкі ў сацыяльных сетках і вытворчасць кантэнту для мабільных дадаткаў.

У час інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на фоне манеўраў НАТА ў суседніх краінах ён вымушаны мець планы і падраздзяленні, часці беларускай арміі, якія будуць рэагаваць на любую спробу тут стварыць канфлікт.

"Вось яны і пачалі гэтыя манеўры ў Польшчы, у Латвіі, Літве і ва Украіне. Што павінен я рабіць як галоўнакамандуючы? Я не павінен ісці на правакацыі, паддацца на гэтыя, але я ж павінен прадбачыць, што адбудзецца, каб не атрымалася, як у 1941 годзе. Сталін усім гаварыў: не паддавацца на правакацыі, не паддавацца, сігналы ішлі з Крамля, а тут ужо вайна фактычна пачыналася. Таму я вымушаны мець планы і падраздзяленні, часці беларускай арміі, якія будуць рэагаваць на любую спробу тут стварыць канфлікт, - сказаў Прэзідэнт. - На граніцы Прыбалтыкі, Польшчы і Украіны. На жаль, яны пабеглі наперадзе нават войскаў НАТА, украінцы, ну, як звычайна. Неба закрылі раней, чым Еўрасаюз і амерыканцы, для беларускіх пералётаў самалётаў, гэтак жа і тут".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Украіна цяпер праводзіць на беларускай граніцы ваенныя вучэнні, да іх прыцягнута 10 тыс. ваеннаслужачых. Паводле заяў украінскага боку, адпрацоўваюцца пытанні барацьбы з нелегальнай міграцыяй. Але, мяркуючы па манеўрах, мэты вучэння зусім іншыя. Яны адпрацоўваюць у тым ліку варыянты вядзення вайны ў лясіста-балоцістай мясцовасці.

"Сёння ў нас у Беларусі ўзнік паўднёвы фланг - яго трэба закрываць. Не мы ініцыятары, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Павінны рэагаваць? Павінны. І я прапанаваў Прэзідэнту (Расіі. - Заўвага): давайце правядзём".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, беларуска-расійскія вучэнні будуць праведзены ў два этапы. Першы пачнецца ў "бліжэйшыя пару месяцаў". "Пакуль мы яшчэ вярстаем планы, але першы этап дакладна зімой правядзём. Да гэтага ўсё гатова, - заявіў Прэзідэнт. - Таму няхай там не перажываюць. Мы такія вучэнні правядзём. І будзем узмацняць гэты фланг".

"У нас цяпер 65 тысяч, напэўна, 70 будзем мець у сувязі з тым, што нам прыкрываць поўдзень трэба, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму 65 тысяч у нас сёння армія. Хутчэй за ўсё, яшчэ на пяць тысяч нам давядзецца гэтыя часці там мець. Не поўнасцю разгорнутыя, а часткова".

У інтэрв'ю Прэзідэнт расказаў аб тым, што Захад прыдумаў фэйк аб намеры Расіі напасці на Украіну: "Яны прыдумалі слізкую ідэю: Расія хоча напасці на Украіну. Канцэнтруюць фэйк. Ну, слухайце, гэта спецаперацыя. Сёння гэта адзін з напрамкаў гібрыднай вайны. Фатаграфуюць зусім іншыя тэрыторыі - там, дзе сканцэнтраваны войскі нашай сумеснай групоўкі, - і выдаюць гэта як кулак браніраваны супраць Украіны. Гэта ва ўсім свеце распаўсюдзілі, каб апраўдаць свае дзеянні".

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым заўважыў: на Захадзе разумеюць, што адначасова трэба адцягнуць беларускую армію і трымаць яе ў напружанні па ўсіх франтах, пакуль Расія нібы будзе "ўрывацца" ва Украіну. "Вось яны і пачалі гэтыя манеўры ў Польшчы, Латвіі, Літве і Украіне. Што павінен я рабіць як галоўнакамандуючы? Я не павінен ісці на правакацыі, але павінен прадбачыць, што адбудзецца, каб не атрымалася, як у 1941 годзе. Сталін усім гаварыў не паддавацца на правакацыі, сігналы ішлі з Крамля, а тут ужо вайна фактычна пачыналася. Таму я вымушаны мець планы і падраздзяленні, часці беларускай арміі, якія будуць рэагаваць на любую спробу тут стварыць канфлікт - на граніцы Прыбалтыкі, Польшчы і Украіны", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне адносна нядаўняй заявы генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга аб магчымасці размяшчэння ядзернай зброі ва Усходняй Еўропе.

"Так. Тады я прапаную Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Якую ядзерную зброю?" - удакладніў Дзмітрый Кісялёў.

"Мы дамовімся, якую. Тую ядзерную зброю, якая будзе найбольш эфектыўна пры такіх абставінах, - адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я ж нездарма сказаў: мы на тэрыторыі Беларусі да гэтага гатовы. Я як руплівы гаспадар нічога не разбурыў (размова аб інфраструктуры, што засталася з часоў СССР, для ядзернай зброі. - Заўвага), усе пабудовы стаяць на месцы".

"Чаму я стаў ворагам для Захаду: не таму, што я дыктатар і іншае. Таму што ўсе пляцоўкі, на якіх стаялі "Таполі" (рухомыя грунтавыя ракетныя комплексы стратэгічнага прызначэння. - Заўвага), акрамя адной, поўнасцю захаваны і да гэтага часу гатовы да выкарыстання. Вы ведаеце, як Захад рэагуе на ядзерную зброю і іншыя рэчы", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў беларускага лідара, першы Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын перш за ўсё ад яго патрабаваў: "Трэба ўзарваць гэтыя пляцоўкі". "Таму што Захад націскаў, амерыканцы націскалі на яго, ён на мяне", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

"Я сказаў - не. Але калі націск быў надзвычайным, каб вы ведалі (я гэта магу даказаць і паказаць), мы ўзарвалі адну пляцоўку. Гэта было ў лесе", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што гэта не проста нейкія невялікія пляцоўкі, а каласальная плошча, у тым ліку спецыяльныя ўкрыцці для ўзбраення. "Яны стаялі поўнасцю ў гэтых закрытых сховішчах. Я гэта ўсё захаваў. І амерыканцы мне пастаянна задавалі пытанні, заходнікі: а навошта? Я да гэтага часу на такія пытанні не адказваў", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб падпісаным у 1994 годзе Будапешцкім мемарандуме, які прадугледжвае ў тым ліку для Беларусі добраахвотную адмову ад права валодання ядзернай зброяй у абмен на пэўныя гарантыі бяспекі.

"Я асабіста падпісваў, хоць гэта не маё тварэнне, я ніколі на гэта не пайшоў бы, калі б не папярэднія нашы ўлады да мяне, гэта я першы год быў Прэзідэнтам. Калі б не гэтыя ўлады, якія стварылі гэты міжнародны дагавор. Я па факце ўжо яго падпісваў, ён парафіраваны быў і гэтак далей, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Больш таго, я пасля гэтага яшчэ некалькі гадоў не выводзіў ядзерную зброю з Беларусі. Ведаеце, чаму я яе вывеў (у парушэнне дагавора я яе пакідаў у Беларусі)? Вы не паверыце, не толькі па патрабаванні амерыканцаў. Але перш за ўсё пад жорсткім націскам Ельцына і ўсёй каманды, якая тады была".

У інтэрв'ю Прэзідэнт Беларусі таксама выказаўся наконт крызісу з бежанцамі і падыходаў Еўрасаюза да гэтай праблемы.

"Калі еўрапейцы разарвалі дагавор аб рэадмісіі, я адкрыта заявіў: ну што ж, вы разарвалі гэты дагавор, перасталі супрацоўнічаць з намі і размаўляць па пытаннях граніцы, ну і Гасподзь з вамі, вашы праблемы. Але я вас, гавару, больш абараняць так, як у мінулым годзе, не буду. Яны ж гэта ўсё чуюць, і арганізатары", - заявіў беларускі лідар.  

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў адпаведнасці з дагаворам Беларусь павінна была забіраць мігрантаў, якія трапілі ў ЕС праз яе тэрыторыю, і размяшчаць у сябе ў спецыяльных лагерах. "Лагеры павінны былі яны (Еўрасаюз. - Заўвага) пабудаваць, і яны пачалі будаўніцтва, а потым спынілі. А я перастаў іх (мігрантаў. - Заўвага) адтуль забіраць, - сказаў Прэзідэнт. - Яны першымі (спынілі выконваць дагавор. - Заўвага), і не хочуць абмяркоўваць цяпер гэту тэму. Калі мы з Прэзідэнтам Пуціным аб вытоках гаварылі, я яму сказаў, што адсюль усё пачалося".

У гэтым плане Кіраўнік дзяржавы нагадаў і аб уведзеных у адносінах да Беларусі санкцыях: "Табе на шыю накінулі пятлю, заціскаюць і гавораць: абараняй мяне. Я адкрыта ім заявіў аб гэтым у самым пачатку: вы пайшлі на абвастрэнне адносін. Вы нас абвінавачваеце ў гэтым самалёце і іншае, і іншае. Хоць ніводнага факта на стале няма. Вы пачалі ўдушэнне Беларусі".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што калі гаварыў па тэлефоне з в.а. канцлера Германіі Ангелай Меркель, то яна папрасіла яго заняцца рэпатрыяцыяй гэтых людзей. "Я кажу: ведаеце, Ангела, такімі жорсткімі словамі давайце не будзем нават гаварыць, - расказаў Прэзідэнт. - Гэта значыць, хапай адсюль і вывозь сілай. Я ёй адразу сказаў, у канцы ўжо, двойчы паўтарыў: я буду старацца вырашыць гэту праблему да Новага года, таму што яна нам не патрэбна. Людзі боўтаюцца то ў Мінску, у Гродне і іншае. Ведаеце, як рэагуе насельніцтва. Мы будзем прасіць гэтых людзей, якія законна ў нас знаходзяцца па турыстычнай візе ў гасцініцы і іншае, каб яны вярнуліся назад, таму што гуманітарнага калідора не будзе. І я ўжо больш за тысячу вярнуў іх у Ірак, але я ёй прапанаваў вось гэтых (раней Кіраўнік дзяржавы заяўляў, што ў размове з Меркель абмяркоўвалася магчымасць, каб Германія забрала сабе бежанцаў з лагера на беларуска-польскай граніцы. - Заўвага)".

Прэзідэнт адзначыў, што эвакуацыйныя рэйсы былі аплачаны Іракам. Беларусь жа ўжо затраціла на ўтрыманне бежанцаў, паводле даных толькі тыднёвай даўнасці, $12,5 млн. "Цяпер гэта будзе ў два разы больш", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта значыць увесь догляд, харчаванне, абаграванне, лячэнне...", - удакладніў Дзмітрый Кісялёў.

"Абсалютна", - пацвердзіў Прэзідэнт.

"Сусветная арганізацыя аховы здароўя прыслала нейкія там панчохі, пракладкі, памперсы ці яшчэ нешта такое", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы тэму бежанцаў на беларуска-польскай граніцы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сярод арганізатараў іх дастаўкі былі расіяне, уключаючы чачэнцаў. "Гэтыя людзі (бежанцы. - Заўвага) наймаюць прыватнікаў, 350 кіламетраў - 300, і яны на граніцы пад Брэстам і Гроднам. Прыватныя кампаніі, потым таксі, аўтобусы наймаюць... Але тут працавалі праваднікі з Расіі, і "дзякуй" чачэнцам. Вось ужо арганізаваныя людзі. Яны самыя арганізаваныя тут былі, арганізоўваючы паток", - сказаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яны дапамагалі людзям у Беларусі трапіць на граніцу і "магчыма, пераадольваць" яе.

"Кожны дзень ідуць паведамленні: украінцы, немцы, палякі, латышы і два толькі расіяніны там, на тэрыторыі Польшчы, усяго два з соцень ужо, якія забіралі за грошы. $3-4 тысячы каштавала ад граніцы ў Германію перавезці. Вось і вазілі. Значыць, гэта дакладна арганізаваны транзіт, пачынаючы з Ірака, - дапусцім, курды, сірыйцы, іранцы, - і да граніцы з Германіяй. Дакладна арганізаваны", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён таксама нагадаў, што ЕС разарваў дагавор аб рэадмісіі з Беларуссю. "Я адкрыта заявіў: ну што ж, вы разарвалі гэты дагавор, вы перасталі супрацоўнічаць з намі і размаўляць па пытаннях граніцы, ну і Гасподзь з вамі. Вашы праблемы, але, я вам гавару, больш абараняць так, як у мінулым годзе, не буду. Яны ж гэта ўсе чуюць, і арганізатары", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што сярод бежанцаў на беларуска-польскай граніцы некалькі соцень дзяцей і жанчын, трэба адкрыць для іх гуманітарны калідор у краіны ЕС. "Мы ж вывучылі кожную сям'ю, кожнага чалавека, дзіця і жанчыну. Там каля двухсот дзяцей і столькі ж жанчын. Астатнія - мужчыны. Забярыце іх да сябе (у краіны ЕС. - Заўвага), там добрыя сем'і, адукаваныя ў пераважнай сваёй большасці, нармальныя людзі", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт заклікаў ЕС адкрыць гуманітарны калідор. "Ну што такое каля дзвюх тысяч (прыблізная колькасць бежанцаў у лагеры на граніцы з Польшчай. - Заўвага)? Іх жа, вунь, праз Міжземнае мора, Балканы толькі, па-мойму, у мінулым годзе, у гэтым годзе каля 30 тыс. трапіла (у Еўропу. - Заўвага). Ну што такое паўтары-дзве тысячы? Нічога!" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Каменціруючы абвінавачанні Захаду аб нібы выкарыстанні беларускімі ўладамі мігрантаў для дасягнення палітычных мэт, Аляксандр Лукашэнка параіў заходнім краінам "забраць гэты інструмент". "Вось яны бачаць, што ў руках Лукашэнкі нейкі інструмент... Палякі там, амерыканцы перш за ўсё і гэтак далей. Але элементарна забраць з рук Лукашэнкі гэты інструмент - і ўсё пытанне вырашыцца. Ну, лагічна? Ну чаму яны не забяруць у мяне гэты інструмент? Адкрыйце гуманітарны калідор", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што бежанцам, якія знаходзяцца ў Беларусі, накіроўвалася з Украіны кантрабандная зброя, яе перакідвалі ў Беларусь яшчэ і раней, пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тады яе хацелі выкарыстоўваць непасрэдна для ўстаранення Прэзідэнта, тэрарыстычных актаў (напрыклад, была спынена атака на расійскі ваенны вузел сувязі ў Вілейцы) і нападзення на журналістаў.

Як расказаў Кіраўнік дзяржавы, таксама быў зафіксаваны факт трафіка зброі з Данбаса праз расійскую граніцу ў Беларусь. "За два гады адзін выпадак, усё астатняе ішло праз украінскую граніцу. І пачалося гэта да бежанцаў. І мы паказвалі па тэлевізары ўжо гэтыя схроны, мы затрымалі людзей", - адзначыў ён.

Цяпер жа, заявіў Аляксандр Лукашэнка, разлік быў на тое, што бежанцы выкарыстаюць зброю ў адказ на дзеянні польскіх сілавікоў і гэта пакладзе пачатак канфлікту на граніцы. "І малайцы КДБ: яны выявілі спробу перакінуць туды зброю, калі толькі задумвалі, і мы пачалі ахоўваць гэты лагер, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я павінен сказаць, што даўно ўжо сутыкненне адбылося б на граніцы з Літвой і Польшчай. Таму нам даводзіцца ахоўваць гэты лагер ад пранікнення зброі, якая ідзе з зоны баявых дзеянняў, з Украіны, праз украінскую граніцу туды, на тэрыторыю Беларусі".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у час міграцыйнага крызісу на польска-беларускай граніцы з'явілася вялікая колькасць безыменных магіл бежанцаў. Але польскія ўлады ўтойваюць гэту інфармацыю, заявіў Прэзідэнт.

"Там ужо ў лясах у іх безыменных магіл мноства. І хто хавае гэтых людзей? Не ўлада. Яна (там жа надзвычайнае становішча ўведзена) туды нікога не пускае", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што журналісты і міжнародныя наглядальнікі працуюць толькі з беларускага боку граніцы.

"Тыя людзі, якія паміраюць у польскіх лясах... Там, прабачце, валяюцца трупы. І неабыякавыя палякі знаходзяць гэтых людзей у лясах і хаваюць. Таму, вось, сапраўды, безыменныя магілы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У размове з журналістам Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў свае адносіны з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным як братэрскія. "Мы родныя браты. Гэта цяпер ярка праявілася. Мы бачым свет па асноўных напрамках, асноўныя праблемы аднолькава. Мы бачым аднолькавымі вачамі гэты свет. Так, мы можам пераварваць гэта ўсё ў галаве, круціць, вярцець... Можам часам рабіць не заўсёды аднолькавыя з гэтага вывады, у нас могуць быць адрозныя адзін ад аднаго ўчынкі. Але вочы нашы бачаць гэты свет аднолькава", - заявіў беларускі лідар.

"Я ў гэтым пераканаўся, асабліва апошнім часам. І мы сапраўды вельмі глыбока некаторыя рэчы разглядаем. І я бачу, што мы глядзім аднымі вачамі на гэтыя рэчы. У нас вельмі добрыя адносіны", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У час інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў мінулым годзе Кіраўнік расійскай дзяржавы зрабіў не проста як саюзнік, а як сапраўдны сябар і сапраўдны чалавек.

Паводле слоў беларускага лідара, у прэзідэнтаў бываюць і моманты расчаравання адзін адным. "Але я расчароўваўся, пакуль і мне, і Прэзідэнту Пуціну яшчэ раз па галаве не ўдарылі нашы сапраўдныя ворагі. І мы зразумелі, што надышоў час стаць плячо ў плячо і адстрэльвацца", - сказаў ён.

Аб тым, што такія часы настануць, Аляксандр Лукашэнка папярэджваў яшчэ раней, у разгар нафтавай спрэчкі з Расіяй. "І тады я сказаў: пагледзіце, надыдзе час, калі мы будзем плячо ў плячо стаяць і адстрэльвацца. Атрымалася?" - сказаў Прэзідэнт.

"Айчына ў нас адна - ад Брэста да Уладзівастока. І тут сканцэнтраваны дзве дзяржавы - Беларусь і Расія. Дзве дзяржавы вось у гэтай Айчыне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Расія праводзяць узгодненую знешнюю палітыку, развіваюць сумесную групоўку войскаў. "Макей і Лаўроў - мы заўсёды іх адзначаем. Следам ідуць Шайгу і наш Міністр абароны. Нават вось ваеннае супрацоўніцтва ў нас следам ідзе за дыпламатычным, мы падтрымліваем адзін аднаго, - канстатаваў беларускі лідар. - З кім у Расіі (яшчэ. - Заўвага) адзіная армія? Ні з кім. Гэта значыць мы фактычна нясём службу разам. У нас адзіная абаронная прастора".

"Мы размаўляем з табой на рускай мове. Назаві яшчэ адну такую краіну, дзе руская мова дзяржаўная. Добра дзяржаўная, афіцыйная, - дзе вось так вось развіваецца руская мова. Нават на шкоду, па-мойму, нашай нацыянальнай роднай беларускай мове", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго папракаюць у правядзенні такой палітыкі. "Я заўсёды кажу, што нельга прымушаць чалавека гаварыць на нейкай мове. Потым часта прыводжу прыклад. Мне Пуцін гаворыць: слухай, дзякуй табе за рускую мову. Я кажу: пачакай, за што ты мяне дзякуеш? Ну, вось жа, у вас дзяржаўная мова. Слухай, Валодзя, гэта мая мова. Руская мова - гэта мая мова. Мова - гэта жывое. Яна развіваецца: была такая, цяпер такая. І мы былі часткай агульнай імперыі, і мы прымалі ўдзел у развіцці гэтай мовы. Ён гаворыць: пачакай, пачакай, тады а мая дзе руская мова? Я кажу: на Валагодчыне твая руская мова. Але гэта так мы жартуем адзін з адным", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ў інтэрв'ю таксама заявіў, што мае намер наведаць Крым і наконт гэтага ёсць дамоўленасць з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Пачаць такую паездку ён хацеў бы з наведвання Севастопаля. Пры гэтым дакладныя тэрміны, калі магла б адбыцца такая паездка, пакуль не вызначаны.

"Крым дэ-факта - гэта расійскі Крым. Пасля рэферэндуму і дэ-юрэ Крым стаў расійскім", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мае поўнае права на наведванне Крыма, "пад чыім бы ён там пратэктаратам, кіраўніцтвам і чый бы ні быў Крым". "Гэта і мой Крым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ўпершыню на моры ў свой час пабываў менавіта ў Крыме, калі ў яго быў яшчэ толькі адзін старэйшы сын.

Прэзідэнт прадоўжыў: "Мне Прэзідэнт (Уладзімір Пуцін. - Заўвага) прапанаваў: давай калі-небудзь адскочым..." - "Махнём", - падхапіў думку Дзмітрый Кісялёў.

"Так было і сказана. Калі мы на катары з ім, на шхуне "боўталіся" ў Чорным моры. Якраз аб гэтым размова зайшла. Я гавару: ну паказаў бы Крым. Гаворыць, няма пытанняў. Толькі, гавару, давай на самалёце, а не на гэтай лодцы", - расказаў Прэзідэнт.

"Пуцін мне шмат расказваў аб цяперашняй базе ВПС у Севастопалі. Ваенна-касмічных сіл. Вельмі шмат, - адзначыў беларускі лідар. - Я гавару: калі запросіш, тады і паляцім. І я яму прапанаваў тады другую ўмову - у Севастопалі прызямліцца".

"Калі Прэзідэнт ужо туды прыехаў з Прэзідэнтам Расіі, слухайце, якія яшчэ могуць быць прызнанні? Ні для мяне, ні для Пуціна гэта не сакрэт. І, больш таго, гэта проста нейкае пытанне, якога не існуе. Паміж мною і Пуціным такога пытання няма", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне, калі "Белавія" паляціць у Крым. "Хіба мы не лятаем у Крым? Шчыра кажучы, я нават не ведаў, што мы не лятаем у Крым", - адрэагаваў Прэзідэнт.

"Калі не лятае... Калі нам трэба будзе перавезці нашых людзей (а ў нас там і санаторый свой), слухайце, у нас рукі развязаны, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы паляцім тады, калі нам трэба будзе. На жаль, не цераз Украіну. У два разы або ў паўтара далей будзе".

У інтэрв'ю Прэзідэнт Беларусі не абмінуў і ўкраінскую тэматыку.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, розныя ініцыятывы, у тым ліку з яго боку, па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне пастаянна тарпедаваліся ўладамі гэтай краіны. "Паўстае пытанне: чаму? Таму што яны не кіравалі тады, а тым больш цяпер сваёй краінай. Краіна знаходзіцца пад знешнім кіраваннем, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але не я туды ўлез сам. Па волі кіраўніка Украіны і Прэзідэнта Расіі я быў у гэта ўцягнуты. Як чалавек не старонні. Тое, што адбываецца цяпер ва Украіне... Я ўжо тады разумеў, што нам будзе горача ў Мінску".

"Я ніколі ў гэтай сітуацыі і пры такой палітыцы не буду на баку Украіны. Я буду з тымі, хто хоча выратаваць Украіну і не ператварыць яе ў ачаг агрэсіі: а - супраць брацкай Расіі, б - супраць яшчэ больш брацкай Беларусі. Я ніколі не буду на баку таго нацыяналістычнага запалу, які сёння адбываецца ва Украіне. Я буду рабіць усё для таго, каб Украіна стала нашай. Яна наша Украіна. Там народ наш. Гэта не эмоцыі. Гэта мае цвёрдыя перакананні", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Таму, калі Расія апынецца перад агрэсіяй з боку Украіны, мы ў цеснай звязцы юрыдычна, эканамічна, палітычна будзем з Расіяй. Юрыдычна - гэта галоўнае", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра ўкраінскую армію, Прэзідэнт адзначыў, што яна цяпер "мякка кажучы, вельмі нацыяналістычная, калі не сказаць больш".

"Хаця чаму калі? Там ужо некаторыя падраздзяленні, часці і кіраўнікі даходзяць да фашызму. Я гэта бачу. Можа, больш, чым нехта іншы, паколькі гэта побач, пад бокам", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, чаму не атрымалася размясціць беларускіх пагранічнікаў на граніцы Украіны і Расіі. "Для мяне больш чым зразумела, што адбываецца на Украіне і якое выйсце з гэтай сітуацыі. Але гэта выйсце тады не выкарысталі. Я гатовы нават на 400 кіламетрах украінска-расійскай граніцы ўвесці сваіх пагранічнікаў. Я быў гатовы перакрыць гэту граніцу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у разгар вайны на Данбасе ён абмяркоўваў гэта пытанне з расійскім Прэзідэнтам. І тады Уладзімір Пуцін адзначыў нейтралітэт беларускага боку і падтрымаў прапанову. "Але Украіна выступіла супраць. Гэта значыць любыя нармальныя ініцыятывы яны тарпедуюць", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб падзеях 2014 года, беларускі лідар адзначыў, што ўкраінскія ваенныя самі прапанавалі расійскім калегам у 2014 годзе выратаваць Крым ад уварвання НАТА, і аб гэтым далажылі Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Крым перайшоў да Расіі без супраціўлення ўкраінскіх ваенных, паколькі была дамоўленасць з расійскімі ваеннымі. "Яны (украінскія ваенныя. - Заўвага) выйшлі на расіян, гэта было не на самым высокім узроўні... Ваенныя. Была размова (як звычайна... і завязалася размова, малайцы, вядома, украінцы), яны папярэдзілі расіян, што Крым не будзе расійскім, калі мы не ажыццявім пэўныя дзеянні. Ён не будзе і ўкраінскім. А чыім? Натаўскім. Тады НАТА было заточана на Крым. І пасля чарговай сустрэчы з расіянамі... Яны прапанавалі: вы там свайму скажыце Прэзідэнту, што пытанне Крыма трэба вырашаць. Паводле маіх даных, Прэзідэнту Расіі было даложана", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, як Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прапаноўваў экс-прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку аднавіць Данбас.

"Я гавару (тое, што потым і Зяленскаму гаварыў): "Пятро, вайна ў цябе, вайна не ў мяне, не ў Пуціна - на тваёй зямлі. І трэба рабіць усё для таго, каб гэту вайну спыніць. Людзі пакутуюць", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Уладзімір Пуцін прапаноўваў Парашэнку дапамогу ў аднаўленні Данбаса. "Пуцін мне адкрыта аб гэтым сказаў. Я гэта падкрэсліваў. І вы ведаеце, Парашэнка ў рэшце рэшт згадзіўся. Але на працягу месяца ён пачаў усё рабіць наадварот. Чаму? Таму што знаходзіўся пад знешнім кіраўніцтвам", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў, што гатовы спыніць транзіт энерганосьбітаў, калі Польшча закрые граніцу. "Калі мяне будуць "душыць" палякі або яшчэ нехта там, я буду глядзець на нейкія кантракты? Ды аб чым вы гаворыце, - сказаў Прэзідэнт. - Палякі вырашылі закрыць граніцу з Беларуссю - добра, закрывайце. Мы не вельмі часта ездзім у Еўрасаюз. Нашы інтарэсы сёння ў Расіі, Кітаі і на Усходзе больш за ўсё. А калі я закрыю, што будзе тады з гэтым патокам, які ў асноўным у Расію, Кітай ідзе цераз нас?"

Прэзідэнт адзначыў, што трапіць у Расію і далей еўрапейскія тавары цераз Украіну не змогуць. Не наладжаны транзітныя зносіны і цераз краіны Прыбалтыкі. "Толькі Беларусь. Таму, перш чым рабіць з іх боку заявы, трэба ўзяць свае курыныя мазгі ў рукі, як у народзе кажуць, і падумаць, што ты гаворыш. Ён закрые граніцу... Каму ты на шкоду закрыеш? Сам сабе. А потым, ты закрыеш - тады падумайце, як вы энерганосьбіты будзеце купляць у Расіі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў Беларусі ў вучэбным цэнтры ўжо ёсць С-400. У інтэрв'ю ён таксама заявіў, што Беларусі для эфектыўнай абароны ад ракетнага нападзення патрэбны комплексы С-400 і С-500. "Вы ж разумееце, што С-400 і С-500 - гэта дарагія сістэмы. І, давайце шчыра, лішніх сістэм у Расіі сёння няма. Ёсць што ў іх прыкрываць, - адзначыў беларускі лідар. - Мы сёння ППА-шнай сваёй абаронай поўнасцю прыкрываем нашы граніцы, Мінск і гэтак далей. Але для таго, каб быць эфектыўнымі супраць ракетнага нападзення, нам патрэбна якраз С-400, а можа, і С-500".

"Стварылі цэнтр, абучаем. Расія паставіла ў гэты цэнтр С-400. Мы павінны яго бачыць, вывучаць. Ужо ідзе вучоба, трэніроўкі і гэтак далей", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, ён заявіў, што гэта не нейкая вучэбная мадэль, а менавіта баяздольная тэхніка.

"Гэта значыць С-400 цяпер у Беларусі ёсць?" - перапытаў Дзмітрый Кісялёў.

"Так, мы ў гэтым вучэбным цэнтры абучаем нашых хлопцаў. Вось я хачу папрасіць Прэзідэнта (Расіі. - Заўвага), каб гэты комплекс і застаўся тут", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне аб уроне Беларусі ад санкцый Захаду, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён мізэрны на фоне забеспячэння ў краіне эканамічнага росту. "Я не магу сказаць нейкія лічбы гэтага ўрону. Мы спрабуем мінімізаваць (уплыў санкцый. - Заўвага). Зразумела, мы нешта страчваем. Але ў параўнанні з тым, як мы прапрацавалі бягучы год, гэта мізэрна. Гэта мізэрна, я і не даручаю лічыць, таму што даражэй будзе палічыць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі ў перыяд пандэміі не закрылі прадпрыемствы. "Эканоміку не спынілі, і нам пашанцавала ў тым плане", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, растлумачыўшы, што беларускія вытворцы атрымалі шанц развіваць пастаўкі сваёй прадукцыі на знешнія рынкі ў перыяд, пакуль іншыя краіны аб'яўлялі лакдаўн.

"Лакдаўн аб'яўлялі і іншае, а ў нас тавары народнага спажывання (вырабляліся. - Заўвага)... І калі адбылося ў Расіі спыненне, спад, Беларусь спрацавала, і мы прапанавалі на гэты рынак, вы нават не заўважылі, па вялікім рахунку. Гэта значыць у нас быў вялікі рынак і вялікая магчымасць прадаць сваю прадукцыю. Гэта прадоўжылася і ў бягучым годзе. Значыць, экспарт пайшоў добра. Таму ў нас гэты год нядрэнны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Гэта дапамагае нам мінімізаваць страты ад санкцый", - канстатаваў беларускі лідар.

У інтэрв'ю Прэзідэнт назваў увядзенне адзінай валюты з Расіяй больш высокім узроўнем інтэграцыі, да якога бакі яшчэ не падышлі.

"Да адзінай валюты трэба прыйсці "стэп бай стэп". Калі мы з Ельцыным (першы Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын. - Заўвага) падпісвалі пагадненне, мы мелі на ўвазе, што гэта не беларускі і не расійскі будзе рубель. А нейкая іншая валюта. Але паколькі ў нас рубель, у вас рубель, навошта нам выдумліваць і называць яе талер або яшчэ нешта. Так, гэта будзе рубель", - сказаў Прэзідэнт.

Другое пытанне, паводле яго слоў, гэта ўмовы, на якіх будзе працаваць эмісійны цэнтр: "Давайце зробім, як у Еўрасаюзе. Ён павінен быць незалежным. Ён не павінен быць расійскім".

"Гэта (увядзенне адзінай валюты. - Заўвага) больш высокі ўзровень інтэграцыі, да якога мы не падышлі. Падыдзем - будзем вырашаць", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры эканамічнай інтэграцыі павінна захоўвацца канкурэнцыя, але і павінны быць роўныя ўмовы. "Можа, калі-небудзь нашы спецыялісты і вашы згодзяцца і мы прыйдзем да адзінай валюты. Але пакуль мы не можам перайсці на гандаль паміж намі, а гэта вялікія аб'ёмы, гэта пад $50 млрд, мы не можам перайсці на нацыянальныя валюты. Я прапаную: слухайце, давайце пяройдзем на расійскі рубель у гандлі прыродным газам, нафтай і гэтак далей", - сказаў Прэзідэнт.

"І што?"- пацікавіўся Дзмітрый Кісялёў.

"Не (адказ расійскага боку. - Заўвага)", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

На пытанне, чаму так, ён адказаў: "Ну, спытайце ў Мішусціна (Прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін. - Заўвага), у вашых спецыялістаў, чаму яны. А трэба праз гэта прайсці".

У інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што пасля прыняцця 28 саюзных праграм цяпер неабходна ажыццявіць заканадаўчыя змяненні, распрацаваць адпаведныя нарматыўныя прававыя акты, каб рэалізаваць гэтыя праграмы. "І мы пачалі ўжо многае рабіць. Гэта нам дасць адзіную эканамічную прастору, што ў Расіі, што ў Беларусі. Не будзе розніцы ў цэнах. Дапусцім, газ: у нас $128 за тысячу кубоў. У Расіі - да $80. Розніца вялікая. Нам няважна, колькі гэта будзе каштаваць - 300, 400 або 50. Галоўнае, каб для нашых суб'ектаў былі роўныя ўмовы, вось у чым пытанне, - падкрэсліў беларускі лідар. - І да гэтага каб прыйсці, нам трэба вырашыць яшчэ шэраг нейкіх пытанняў: мытня, падаткі і гэтак далей, каб і ў вас людзі бачылі, што ў нас аднолькавае цэнаўтварэнне на прыродны газ, нафту і іншае, і яны разумелі, што Беларусь - гэта не чужая краіна, і яна для Расіі робіць гэта, гэта і гэта. І празрыстасць".

Аляксандру Лукашэнку таксама было зададзена пытанне, ці ёсць патэнцыяльна нейкія межы інтэграцыі Беларусі і Расіі. "Ні ў аднаго працэсу няма ніякіх меж. Па-філасофску гучыць, але гэта так. Ніякіх меж няма", - сказаў ён.

Прэзідэнт у інтэрв'ю выказаўся аб гіпатэтычнай магчымасці прыватызацыі ключавых беларускіх прадпрыемстваў. "Калі я бачу, што яны знікнуць, то я буду катэгарычна супраць такой прыватызацыі", - абазначыў сваю пазіцыю Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт растлумачыў свае падыходы на прыкладзе работы беларускага МАЗа і расійскага КАМАЗа. "Я ж не быў супраць таго, каб было аб'яднанне гэтых прадпрыемстваў. Але я быў катэгарычна супраць, каб наш МАЗ, які робіць добрыя машыны, якасныя, стаў дапаможным цэхам КАМАЗа. Вось я супраць чаго быў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што прапаноўваў на першым этапе не закранаць пытанні ўласнасці, а стварыць сумеснае прадпрыемства. "Пытанне ў мадэрнізацыі, удасканаленні вытворчасці і рынку збыту. Створым СП, адпрацуем рынкі збыту, паглядзім на мадэрнізацыю. Расія багацейшая, пракрэдытуе недзе МАЗ, каб мы ўдасканаліліся і па нейкіх напрамках падцягнуліся, - адзначыў Прэзідэнт. - Недзе вы будзеце падцягвацца да МАЗа па асобных вузлах, агрэгатах, а недзе мы будзем падцягвацца да КАМАЗа. А мадэрнізавацца трэба. І ў вас, што нас прываблівае, крэдытных магчымасцей больш. Падтрымаць гэта аб'яднанне, сумеснае прадпрыемства. Мы, адпрацаваўшы 3-5 гадоў, убачым, як мы будзем. Галоўнае - гэта рынкі, каб не было перашкод для МАЗа на расійскім рынку, для КАМАЗа - на беларускім рынку. І за межамі нашага беларуска-расійскага аб'яднання - у В'етнаме, у Кітаі і гэтак далей - будзем з адзіных пазіцый".

Толькі пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў перайсці ўжо непасрэдна да пытанняў уласнасці. "Калі ўбачым, што гэта дало эфект, тады будзем рэзаць уласнасць, дзяліць і прыватызаваць. Ну што тут неразумнага? Ведаеце, і тады Дзмітрый Мядзведзеў і Пуцін з гэтым згадзіліся, але не згадзіліся вашы кіраўнікі ніжэй. Не, вось прыватызаваць 30%, 20%, ну і пайшло, і паехала, як гэта бывае ў нас. Стоп, у нас так не прынята", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Размаўляючы з журналістам, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што праект абноўленай Канстытуцыі Беларусі будзе апублікаваны да Новага года, а рэферэндум па ёй плануецца правесці ў 20-х чыслах лютага, калі не будзе надзвычайнай сітуацыі.

"Цяпер ён (праект) у мяне на стале. Цяпер я сяджу і гляджу. І кожны радок, як гэта было раней. Канстытуцыя - я яе сам пісаў (размова пра цяпер дзеючую Канстытуцыю. - Заўвага). Юрысты пісалі пяром, а я дыктаваў, таму што я бачыў, я - Прэзідэнт - якія мне патрэбны паўнамоцтвы, каб утрымаць краіну. І цяпер я гляджу, таму што мне яе выносіць на рэферэндум. Цяпер мы яе апублікуем, каля месяца. Я думаю, што тыдні два. А ў лютым у 20-х прыкладна чыслах (яшчэ падумаем, як нам зручней, і згодна з законам, па цяпер дзеючай Канстытуцыі ёсць тэрміны ўнясення на рэферэндум) Канстытуцыя будзе ўнесена мною на рэферэндум", - сказаў Прэзідэнт.

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне, ці адбудзецца і рэферэндум у лютым, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Калі не пачнецца вайна. Не дай бог".

"Я аб гэтым нядаўна сказаў, што мы будзем ісці па графіку і абавязкова правядзём рэферэндум. Ну калі вы (на гэтых словах Кіраўнік дзяржавы зрабіў рукой жэст убок, маючы на ўвазе знешнія сілы і іх спробы дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры і вакол Беларусі. - Заўвага) нас не паставіце перад увядзеннем нейкага надзвычайнага становішча. Але гэта са сферы фантастыкі. Таму я думаю, што ў лютым нам па графіку, як мы і запланавалі, удасца правесці", - дадаў беларускі лідар.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у абноўленай Канстытуцыі ўзмацняецца роля Урада і парламента, надаецца канстытуцыйны статус і прапісваюцца паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу. "Прэзідэнт, як і сёння, будзе фарміраваць Урад, будзе Кіраўніком дзяржавы. Моцная прэзідэнцкая ўлада застаецца", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што пасля прыняцця змяненняў у Канстытуцыю Беларусі адбудуцца новыя выбары ўсіх органаў улады: "І парламента, і прэзідэнцкія, і дэлегатаў Усебеларускага сходу. Нам да прэзідэнцкіх выбараў прыкладна тры-чатыры гады. Яны могуць максімум адбыцца ў тэрмін. Але, магчыма, будуць і датэрміновыя выбары".

"На падставе таго, калі Прэзідэнт так вырашыць. Або ў пераходных палажэннях у Канстытуцыі будуць замацаваны іншыя тэрміны выбараў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандру Лукашэнку было цяжка адказаць на пытанне, ці стане ён удзельнічаць у наступных выбарах. "Не ведаю. Шчыра, не ведаю", - сказаў ён. Паводле яго слоў, гэта будзе залежаць перш за ўсё ад сітуацыі ў краіне.

Адказваючы на пытанне, як ён хацеў бы ўвайсці ў гісторыю, Прэзідэнт заявіў, што не думаў аб гэтым. "Шчыра, я табе клянуся! Я аб гэтым не думаю, таму што не збіраюся сыходзіць ад той вялікай палітыкі, якая сёння ў нас з табой перад вачыма. На жаль, цяжкія часы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ён хоча быць "стваральнікам гэтай дзяржавы".

Кіраўнік дзяржавы назваў рашэнне балаціравацца на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года самым важным рашэннем у жыцці. 

"Я ўжо гатовы быў, каб людзі выбралі свайго новага чалавека. Можна было не ісці на гэтыя выбары, але я зрабіў, прабач за нясціпласць, геніяльна. Да выбараў публічна я сказаў: ведаеце, я не магу не ісці на гэтыя выбары. Калі раптам нешта здарыцца (вайна, перавернуць краіну і іншае) і я не пайшоў на іх, і пасля выбараў гэта адбудзецца, вы ж мяне абвінаваціце, што я ўцёк, я баязлівец. Слухай, я як у ваду глядзеў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён у той сітуацыі вырашыў балаціравацца "не таму, што вялікі, а таму што абараняў сваю справу". "Я сваё абараняў, я ўсё гэта вылепіў сваімі рукамі. Правільна, няправільна, тут можна практыкавацца, як хочаце, але я гэта стварыў, і я абараняў як сваё, - адзначыў ён. - І вось гэта прайшло ўжо, я ў вузкім коле (потым шырокім) гаварыў: гэта было самае важнае ў маім жыцці рашэнне, што я балаціраваўся на гэтых выбарах".
 
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўлады не фальсіфікавалі выбары. "Я хацеў бы бачыць таго аб'ектыўнага чалавека, які сказаў бы, што прэзідэнцкія выбары былі фальсіфікаваны. Хоць людзям у мазгі ўлезлі значна. Але я да чаго гэта кажу? Я ж не вёў прэзідэнцкую кампанію. Я ўжо і людзям гаварыў: слухайце, беларусы, калі вы выбераце новага прэзідэнта, не мяне, я на вас не пакрыўджуся. Час настаў, новыя людзі павінны быць. У мяне гэта галоўны быў пасыл", - сказаў беларускі лідар.
 
"Добра, што я пайшоў на гэтыя выбары. Прабач мне за нясціпласць, гэта выратавала Беларусь. Не таму што я дыктатар", - дадаў Прэзідэнт.
 
Кіраўнік дзяржавы ў інтэрв'ю таксама растлумачыў, чаму не аб'яўляе аб далейшых планах у палітыцы. "Я планую, але я аб гэтым не гавару па той жа прычыне, чаму не гаворыць Пуцін. Калі я скажу, што я заўтра не буду Прэзідэнтам, мы можам уявіць, што адбудзецца", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка назваў сваім галоўным прэзідэнцкім дасягненнем пабудову суверэннай беларускай дзяржавы: "Мы пабудавалі ўпершыню ў гісторыі, гавару ўжо як гісторык, сваю суверэнную і незалежную дзяржаву, якая цэніцца пераважнай большасцю, 100% насельніцтва цэніцца: нацыяналісты - па-свойму, іх працэнтаў 10-12; іншыя людзі, частка грамадства - па-свойму. Пабудаваная незалежная суверэнная дзяржава і з'яўляецца каштоўнасцю".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што калі ў 2020 годзе з'явіўся ў адзін з дзён масавых беспарадкаў у Мінску з аўтаматам у руках ля Палаца Незалежнасці, то быў упэўнены, што страляць не давядзецца.

"Я быў упэўнены, што мне страляць не давядзецца. Таму што тыя, хто там былі, гэта не рэвалюцыянеры. Гэта былі баязліўцы, якім заплацілі грошы, і яны некалькі дзён там, тыдняў хадзілі-хадзілі. Ну так, ганялі іх, штурхалі і іншае. Але так, злёгку. І яны думалі, што, ну, яшчэ раз сходзім. Грошы ж развозілі, раздавалі. А хто яны? Якія ж яны рэвалюцыянеры? Яны - баязліўцы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яшчэ да таго, як ён публічна з'явіўся з аўтаматам, ён праляцеў над праспектам на верталёце. "Я развярнуўся і паляцеў уздоўж праспекта. Спецыяльна на нізкай вышыні, каб яны бачылі", - расказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што хацеў тым самым усім паказаць, што нікуды не збег. Разам з ім быў і малодшы сын Мікалай. "Ён выйшаў не з той мэтай, што я. Ён выйшаў, як было сказана: я выйшаў абараняць тату", - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.

"Я ведаў, што яны подлыя баязліўцы, прадажныя. І калі сказалі, што я збег, я хутка выйшаў, сеў у верталёт і паляцеў непасрэдна над праспектам", - расказаў Прэзідэнт.

У выніку ўдзельнікі масавых беспарадкаў, убачыўшы верталёт, пабеглі прэч. "Я прызямліўся і аж туды выйшаў з аўтаматам. Усе ўзброеныя, служба бяспекі - два чалавекі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта была мая жалезная пазіцыя. Я пужнуць іх, вядома, хацеў, але я разумеў, што яны ўсе збягуць. І яны збеглі".

"Але калі б толькі яны пайшлі штурмам на Палац Незалежнасці (а я пастаянна тут знаходзіўся, тут быў цэнтр кіравання Прэзідэнта, унутры ў мяне былі падрыхтаваныя спецназаўцы), калі б толькі яны сюды рынуліся (а мы ведалі, што ў іх не толькі была халодная зброя, мы не выключалі гэта), мы абаранялі б па ўсіх законах Палац Незалежнасці, у тым ліку і баявой зброяй. Сітуацыя была вельмі сур'ёзная тады", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што калі выйшаў, то быў ужо ўпэўнены, што страляць не давядзецца. Але калі б супраць яго была ўчынена якая-небудзь спроба насілля, то, запэўніў Прэзідэнт, ён зрабіў бы адпаведныя дзеянні ў адказ: "Я з дзіцем выйшаў. І калі б супраць мяне была ўчынена якая-небудзь спроба насілля, ты што думаеш, я глядзеў бы? Ну, калі б толькі застрэлілі адразу. Але я тады не адзін быў. У мяне воіны былі - хлопцы такія, што там паў-Мінска змялі б гэтых нягоднікаў. Таму там не жарт быў".

Ён таксама адзначыў, што сярод удзельнікаў акцый наперадзе было шмат хлапчукоў і школьнікаў, якія наогул не галасавалі і не разумелі, што адбывалася. "У гэтым была і ўся праблема. Ну як супраць гэтых хлапчукоў ваяваць, якім далі на жвачку нейкую капейку?" - заўважыў беларускі лідар.

У інтэрв'ю Прэзідэнт заявіў, што апазіцыя рыхтуе новыя пратэсты ў Беларусі: "Яны да гэтага рыхтуюцца. Нядаўна я атрымаў праграму, жудасная, дзікая, на мой погляд, яўна разлічаная на фінансаванне. Яны разумеюць, што, калі нехта выйдзе, яны выйдуць для таго, каб іх прафінансавалі".Дзеля новага фінансавання арганізатары пратэстаў гатовы падставіць пратэстуючых пад дубінкі праваахоўнікаў.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне аб змесце праграмы апазіцыі, з якой яму давялося азнаёміцца, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў ёй прадугледжаны тры этапы арганізацыі пратэстаў. "Каб вывесці на апошнім этапе людзей на вуліцы, узарваць абстаноўку - гэта трэці этап", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, калі раней Захад разлічваў на дапамогу беларускай апазіцыі ў звяржэнні дзеючай улады і фінансаваў яе, то цяпер забяспечвае збеглых, толькі каб не страціць свой твар. "Гэта спачатку так было, калі яны збеглі туды. Яны думалі: цяпер створым Урад, Лукашэнку знімем, іх пасадзім. Гэта ўжо было ў момант пасля выбараў. Яны спадзяваліся. Цяпер яны не спадзяюцца. Цяпер ім трэба захаваць твар. Таму яны іх трымаюць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што цяпер за мяжой ёсць тры цэнтры апазіцыі. "А паміж імі яшчэ структуркі. Жыць хочацца, есці хочацца. А проста так на Захадзе ніхто не дасць: грошы заканчваюцца. І ў іх пачалася бойка адзін з адным. А Захад гаворыць: вось, Канстытуцыя яшчэ, пацерпім. Калі не перавернеце Беларусь, мы вас фінансаваць не будзем. І паміж імі цяпер ідзе бойка за фінансаванне для таго, каб выжыць", - сказаў ён.

Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне, ці звярталася да яго в.а. канцлера Германіі ў час нядаўніх тэлефонных размоў словамі "спадар Прэзідэнт". "Гэта значыць усе гэтыя размовы пра прызнанне-непрызнанне - усё пустое? Момант ісціны", - заўважыў інтэрв'юер.

"Я нікому не паказваў стэнаграму, гэта ж дыпламатычная... Я яе называў канцлерам, яна мяне - Прэзідэнтам. Усё гэта пустое, абсалютна, гэта дурное нават: вось, Прэзідэнтам яго прызнаюць, не прызнаюць. Слухайце, ды мне ўсё роўна, кім яны там мяне лічаць. Я ж Прэзідэнт Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Слухайце, мяне ў Расіі, Кітаі, Індыі, Турцыі, постсавецкая прастора прызналі Прэзідэнтам і павіншавалі. Мне вось так дастаткова гэтага для таго, каб мая краіна была ўсім неабходным забяспечана", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У інтэрв'ю Дзмітрыю Кісялёву Прэзідэнт сказаў, што праведзеныя ў мінулым годзе прэзідэнцкія выбары ў Польшчы былі сфальсіфікаваны, і Прэзідэнт Анджэй Дуда на самай справе не набраў паловы галасоў.

"Вы ж ведаеце, як перамог Дуда? Ён не набраў 50% галасоў, яму накруцілі", - сказаў беларускі лідар. Адказваючы на пытанне, ці сфальсіфікаваны былі выбары, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Абсалютна".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў Польшчы цяпер моцная апазіцыя. "Цяпер Дональд Туск туды трапіў, у "Грамадзянскую платформу". Гэта ПіС - "Права і Справядлівасць". На чале ўлады гэты з розуму выжыўшы Качыньскі і Маравецкі, Дуда - тройца гэта. Калі апазіцыя ўзнялася пасля выбараў, некалькі тысяч галасоў - менш за працэнт - афіцыйна яму далі, каб яго прызнаць пераможцам", - сказаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, калі апазіцыя выйшла на вуліцы, "амерыканцы тупнулі: стоп, няхай пабудуць, наступныя вы". "Польшча знаходзіцца пад знешнім кіраўніцтвам яшчэ больш, чым Украіна, толькі яны не "пыляць", яны робяць гэта ціха, спакойна. Таму там вялікая частка грамадства не хоча бойкі з Беларуссю. Яны ад нас нічога дрэннага не бачылі. Яны адумаліся сёння, ачухаліся, і яны бачаць, што адбываецца і хто ў гэтым вінаваты", - адзначыў беларускі лідар.

"З прыходам Туска, а гэта моцны палітык, яны там грымнуцца, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Там ёсць з кім размаўляць, там будзе з кім размаўляць, палякі няпросты народ - яны прымусяць любога палітыка рабіць тое, што ім выгадна".

У час інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка расказаў, як яго сын Мікалай спаборнічаў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у стральбе з пісталета.

"Ён валодае. Нядаўна з Пуціным спаборніцтвы праводзіў. Пуцін добра валодае зброяй", - сказаў Прэзідэнт.

"Што, разам стралялі?" - перапытаў Дзмітрый Кісялёў.

"Так, з Пуціным удваіх стаялі на пазіцыі, стралялі", - пацвердзіў Прэзідэнт, удакладніўшы, што стральбу вялі з пісталетаў.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што пісталет - гэта для яго самая цяжкая і нелюбімая зброя.

"Ён (Мікалай. - Заўвага) валодае гэтай усёй зброяй, яго трэніруюць кожны тыдзень па два разы і іншае. Прытым усімі стралковымі відамі зброі. Акрамя пакуль бранятэхнікі (патрабуе, каб я яго адвёз на палігон). Калі-небудзь адвязу, добра", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.