Інтэрв'ю амерыканскай тэлекампаніі CNN
- 11
- 50:49
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 верасня даў інтэрв'ю амерыканскай тэлекампаніі CNN.
Аб магчымасці такога інтэрв'ю Кіраўнік дзяржавы заявіў яшчэ 9 жніўня на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, экспертнай супольнасці і медыя "Вялікая размова з Прэзідэнтам".
У якасці інтэрв'юера выступіў старшы міжнародны аглядальнік тэлеканала CNN у Расіі, кіраўнік карпункта Мэцью Чанс. Журналіст задаў пытанні, якія сталі ўжо традыцыйнымі для заходняй прэсы. У іх аснове - грубыя і адкрытыя фэйкі, большасць з якіх Кіраўнік дзяржавы абвяргаў ужо не раз. Але былі і новыя, прычым зусім неверагодныя.
Тым не менш, беларускі лідар максімальна адкрыта адказаў на ўсе пастаўленыя пытанні. Падрабязна расказаў аб міграцыйнай праблематыцы, назваўшы сапраўдныя прычыны і віноўнікаў сітуацыі, што склалася. Выказаўся пра няўдалых "рэвалюцыянераў", якія збеглі з Беларусі. Пракаменціраваў хлусню і нагнятанне вакол пасадкі ў мінскім аэрапорце самалёта Ryanair. Расказаў праўду аб падыходах краіны ў барацьбе з пандэміяй COVID-19. У інтэрв'ю таксама ўзнімалася тэматыка беларуска-расійскіх адносін.
У самым пачатку інтэрв'ю журналіст прад'явіў Кіраўніку дзяржавы ўжо вядомыя ўсім заезджаныя фэйкі наконт парушэнняў правоў чалавека і прымянення сілы з боку праваахоўнікаў у час падзей мінулага года. Ужо ў гэты момант стала зразумела, што Мэцью Чанс быў нацэлены зусім не на тое, каб задаць пытанні і атрымаць на іх адказы. У парушэнне канонаў журналістыкі ён прапанаваў Аляксандру Лукашэнку, выкарыстоўваючы пляцоўку CNN, папрасіць прабачэння ў беларускага народа.
"Не, мне не хацелася б скарыстацца гэтай магчымасцю, - прама і адназначна адказаў Прэзідэнт. - Калі мне захочацца, то я гэта зраблю праз беларускія сродкі масавай інфармацыі. У нас яны працуюць нядрэнна. А праз CNN - які ў гэтым сэнс? Думаю, што гэта наогул не актуальнае пытанне. У прынцыпе мне прасіць прабачэння няма за што. Апошнія падзеі ў Беларусі якраз пацвярджаюць мой тэзіс".
Аднак журналіст прадаўжаў настойваць, гаварыў пра ўмовы ўтрымання затрыманых і абвінавачаных, спасылаючыся пры гэтым не на дакладныя крыніцы, якія заслугоўваюць даверу, а на звесткі з інтэрнэту і ад нейкіх праваахоўных арганізацый.
У адказ Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў Беларусі няма ні аднаго месца пазбаўлення волі, якое па ўмовах утрымання можна было супаставіць з тым, што робіцца ў Гуантанама або на іншых базах, якія Злучаныя Штаты Амерыкі і Вялікабрытанія стварылі ў краінах Усходняй Еўропы. "Усё пазнаецца ў параўнанні, таму я так адказваю на ваша пытанне. Думаю, што вы не лепш будзеце выглядаць", - заўважыў Прэзідэнт.
"А што датычыцца нашых месцаў утрымання абвінавачаных або тых, хто знаходзіцца пад следствам, паверце: яны не горшыя, чым у Злучаных Штатах і Вялікабрытаніі. Вось гэта я вам магу гарантаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Наконт праваахоўных арганізацый беларускі лідар звярнуў увагу, што іх дзейнасці не заўсёды трэба давяраць. Напрыклад, быў выпадак, калі праваахоўныя арганізацыі ў Сірыі абвінавацілі грамадзян сваёй краіны, расіян і іншых у прымяненні біялагічнай зброі. "Вы нават паказвалі гэта. Як аказалася потым, пастановачныя кадры. А былі ж задзейнічаны праваахоўныя арганізацыі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Можа, і ў выпадку з Беларуссю гэтыя праваахоўныя арганізацыі вам чагосьці там падказваюць".
Журналіст CNN адказы хоць і выслухоўваў, але прадаўжаў настойліва трансліраваць набор фэйкаў, які, як пад капірку, паўтараюць праціўнікі дзеючай улады. Адзін з іх - пра загінулых у выніку масавых беспарадкаў 2020 года. "Я ведаю, што на барыкадах 8 або 9 жніўня, калі "неверагодныя", кіруемыя з-за мяжы, рынуліся на сілы правапарадку, былі прыменены спецсродкі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. У выніку адзін з актыўных удзельнікаў беспарадкаў быў паранены, і Прэзідэнт у курсе гэтага выпадку. "Але гэта ж не паліцэйскія, як у вас кажуць, не міліцыя прыйшла некуды да гэтага чалавека і яго забіла там. Гэтак жа не было. Ён прыйшоў забіваць. Дарэчы, былы зняволены, памілаваны мной", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца іншых выпадкаў гібелі людзей, пра якія згадваў Мэцью Чанс, то гэта не больш чым наўмысныя спробы зваліць усе грахі на прадстаўнікоў улады, упэўнены беларускі лідар. "Можна да гэтага ў той перыяд прыпісаць што захочаце. Нехта ад кавіду памёр, нехта ад астмы памёр, нехта на анкалогію хварэў і памёр. І нашы пратэстуны іх усіх запісвалі ў гэты спіс. А вы іх чыталі і радаваліся, таму што вам, відаць, гэта патрэбна было", - заявіў Прэзідэнт. Ён параіў журналісту сур'ёзна разабрацца ў гэтым пытанні і пры неабходнасці прапанаваў у гэтым сваю дапамогу.
"Я вам прапанаваў бы абмяркоўваць не меркаванні і заявы нейкіх эфемерных праваахоўных арганізацый, а канкрэтныя факты, - заявіў Прэзідэнт. - Усё, што вы пералічылі, гэта фэйк і выдумкі. Я вам гарантую, што гэта фэйк і выдумкі".
"Гэта проста несур'ёзна для канала такога ўзроўню, як CNN, браць з інтэрнэту ўсялякую хлусню. Але, напэўна, гэтага камусьці хацелася, - выказаў меркаванне Кіраўнік дзяржавы. - Я вам не раю паўтараць усё гэта".
Прадстаўнік тэлекампаніі паскардзіўся, што яго спробы запісаць кароткія інтэрв'ю з прахожымі на вуліцах Мінска завяршыліся няўдачай - усе, каго ён прасіў аб гэтым, адмовіліся.
"Вы называлі сябе, хто вы?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
"Вядома", - адказаў журналіст.
"Вы сказалі, што вы з CNN, і людзі з вамі, напэўна, пераважная большасць у Мінску не захацелі размаўляць, так?" - яшчэ раз спытаў Кіраўнік дзяржавы і, атрымаўшы станоўчы адказ, прадоўжыў: "У Мінску вельмі разумныя, адукаваныя, таленавітыя і інфармаваныя людзі. Яны ведаюць, што такое CNN".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна прадстаўнік тэлекампаніі прысутнічала на "Вялікай размове з Прэзідэнтам" і яе выступленне гледачы маглі бачыць у прамым эфіры. "Таму ў Мінску людзі добра ведаюць, што вы як канал загадзя арыентаваны на нешта. І яны проста не захацелі з вамі на гэту тэму размаўляць, таму што ведалі, што вы ўсё роўна ў скажоным выглядзе прадставіце гэту інфармацыю. Вы мне выбачайце, але гэта так", - канстатаваў Прэзідэнт.
"Тое, што з вамі не захацелі размаўляць мінчане... Мэцью, гэта ваша праблема. Вы журналіст, таленавіты чалавек. Вы павінны былі выклікаць людзей на шчырую размову. У вас гэта не атрымалася? Я пры чым тут? Я ў гэтым не вінаваты. Калі вы мяне папрасілі б, каб я ў гэтым вам дапамог, я вам дапамог бы. Але вы мяне аб гэтым не прасілі", - дадаў беларускі лідар.
Аднак журналіст з адмовы мінчан з ім размаўляць зрабіў іншы вывад, які цяжка паддаецца логіцы, але ўкладваецца ў канспіралагічныя тэорыі. Ён палічыў гэта праявай страху, у якім знаходзяцца жыхары Беларусі.
"Атмасфера страху - хлусня. Мэцью, вы хлусіце, - недвухсэнсава парыраваў Кіраўнік дзяржавы. - Вы ж па Мінску хадзілі? Без аховы, без службы бяспекі, вас ніхто не суправаджаў. І я ў вашых вачах сёння не бачу ніякага страху. Дык чаго баяцца нашым людзям?"
"Галоўнае ў іміджы нашай дзяржавы, наша фішка, калі можна так сказаць, у тым, што нашы людзі ні ноччу, ні вечарам, ні днём з маленькімі дзеткамі, у тым ліку ў дзіцячых калясках, не баяцца выходзіць на вуліцу. Гэта наш здабытак, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я гатовы на любым узроўні з любым чалавекам абараняць гэту пазіцыю. Я не веру, што вы, знаходзячыся ў Мінску, нечага спалохаліся. Проста не веру. Гэта загадзя створаная CNN хлусня, або ж, напэўна, камусьці гэта патрэбна".
"Здаецца, вы прыехалі мяне ў нечым абвінаваціць, але я не прад'яўляю вам прэтэнзій. Відаць, такое заданне ў вас", - лічыць беларускі лідар.
Каторы раз за час размовы Мэцью Чанс занядбаў правілы журналісцкай этыкі і сфармуляваў пытанне пра пасадку самалёта з відавочным абвінаваўчым пасылам. "Вы будзеце прадаўжаць настойваць, што была тэрарыстычная пагроза, або прызнаеце, што гэта была спецаперацыя, спланаваная вамі і беларускімі службамі бяспекі?" - спытаў прадстаўнік CNN.
"Я не збіраюся перад вамі нічога прызнаваць. Я не пад следствам. Таму вы выбірайце выразы на ўсякі выпадак", - парыраваў Прэзідэнт.
Што датычыцца таго рэйса, то цяпер Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) даследуе ўсе абставіны здарэння. "Нядаўна ІКАО (міжнародная кампанія, інспекцыя, якую мы клікалі два ці тры месяцы) нарэшце прыехала. Да гэтага часу вынікі не абнародавалі. Вы на якой аснове спрабуеце мне прад'явіць прэтэнзіі? На якой? У вас што, іншыя факты ёсць? Мы свае факты выкладваем на стол і паказваем, як было", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Я нядаўна гаварыў: калі б гэта была спланаваная нашымі спецслужбамі акцыя, калі б гэта было так, як вы гаворыце, - вы перада мной ліслівіце. Таму што правесці спецслужбамі такую аперацыю і не парушыць ніводнага міжнароднага закона і нават інструкцыі - гэта дарагога каштуе. Я не магу сказаць, што нашы спецслужбы сёння, і нават вашы, на гэта гатовы - так правесці гэту аперацыю. Таму гэта ваша выдумка", - заявіў Прэзідэнт.
За праўдзівай інфармацыяй наконт пасадкі самалёта Кіраўнік дзяржавы накіраваў журналіста ў ІКАО: "Калі вы хочаце праўду, звярніцеся хоць бы ў ІКАО. Яны правялі расследаванне. Мы іх пазіцыю ведаем, а вы - не".
Таксама Аляксандр Лукашэнка прапанаваў аказаць садзейнічанне ў арганізацыі сустрэчы Мэцью Чанса з Раманам Пратасевічам: "І вы з ім пагаворыце. І не трэба мне задаваць пытанні аб гэтым. Ён вам раскажа. Ён ужо шмат што расказаў".
Прэзідэнт падкрэсліў, што бяспека палётаў над Беларуссю забяспечвалася заўсёды - і да выпадку з самалётам Ryanair, і пасля гэтага. "Калі вы баіцеся лятаць над нашай тэрыторыяй, магу вам асабіста, і вашай кампаніі, і вашай краіне, і любой іншай гарантаваць поўную бяспеку пралёту над Беларуссю. Так, як гэта было заўсёды. Але калі я і праваахоўныя органы будуць бачыць пагрозу беларускай дзяржаве, мы пасадзім тут любы самалёт - ці гэта Вялікабрытаніі, ці гэта Злучаных Штатаў Амерыкі. Ён неадкладна будзе пасаджаны ў Беларусі, калі мы будзем адчуваць пагрозу. Гэтак жа і вы зробіце. Гэта норма. Таму я тут не выключэнне", - заявіў беларускі лідар.
"Але тое, што вы не лятаеце - бог з вамі. Лятайце праз Паўночны полюс, можна праз Паўднёвы. Гэта ваша права. Я вас прымусіць не магу", - пракаменціраваў Аляксандр Лукашэнка рашэнне авіякампаній некаторых краін спыніць палёты над Беларуссю. "Няма вас тут - лятаюць іншыя, - адзначыў ён. - Нічога, абыдземся".
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што рашэнні авіякампаній былі відавочна не самастойнымі, а прымаліся, каб дагадзіць чыімсьці ўказанням. "Вы каманду далі такую. Яшчэ не паспелі затрымаць гэтага апазіцыянера, пра якога вы гаворыце, а ўжо ўсе ў Еўропе і Амерыцы пасля каманды з Вашынгтона пачалі, як пад капірку, рабіць заявы. Яны былі аднатыпныя. Вазьміце, прачытайце. Гэта сведчыць аб тым, што недзе (можа, у CNN) вы ім прапісалі тэзісы, яны пачалі заяўляць і перасталі сюды лятаць. Ну, бог з вамі. Абыдземся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У ходзе інтэрв'ю Прэзідэнт таксама падрабязна выказаўся па вострай цяпер міграцыйнай праблематыцы, абвергнуўшы фэйкі аб дачыненні Беларусі да сітуацыі, якая складваецца на граніцах з ЕС. "У вас ёсць факты, што я штурхаю гэтых людзей (бежанцаў. - Заўвага) на граніцу з Польшчай? Не і быць не можа", - падкрэсліў беларускі лідар.
У адказ інтэрв'юер Мэцью Чанс сказаў: "Польскі Урад сцвярджае, што бежанцаў дастаўляюць туды сілай, аж да таго, што ім даюць наркотыкі, амфетамін. З тым каб яны вельмі доўга не спалі, каб ім было лягчэй пераносіць халоднае надвор'е. І такім чынам яны аказваюцца ў пастцы ў гэтай сітуацыі. Вы будзеце гэта адмаўляць?"
"Гэта вар'яцтва. Усё, што робіць ваш польскі Урад (маецца на ўвазе моцны ўплыў Захаду, і ў прыватнасці ЗША, на палітыку і ўладу Польшчы. - Заўвага), гэта вар'яцтва. Вы гаворыце, што мы кормім людзей наркотыкамі? Факты на стол! Будуць такія факты, я буду несці адказнасць", - заявіў беларускі лідар.
"Сядзець у Варшаве і малоць языком на розныя тэмы, пазбягаючы адказнасці перад польскім народам за свае ўчынкі - так прасцей. А трэба разабрацца. Чаму вы не хочаце разабрацца, што адбываецца на граніцы? Мы да гэтага гатовы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь не аб'яўляла надзвычайнае становішча, як гэта зрабіў польскі бок на граніцы, запрашае журналістаў прыехаць на граніцу і аб'ектыўна разабрацца ў сітуацыі. "Калі ласка. Мы запрашалі туды, яны сустракаліся з гэтым збеглымі людзьмі", - сказаў ён.
Больш таго, беларускі бок прапаноўваў бежанцам, якія заселі на граніцы, пабыць у Беларусі, асабліва з улікам надыходзячых маразоў. "Мы іх просім: "Вярніцеся да маразоў у Беларусь, пабудзьце ў Беларусі". "Не, нам паабяцалі літоўцы і палякі палітычнае ці якое там прыстанішча, мы чакаем", - расказаў Прэзідэнт. Вось яны тры месяцы чакаюць вырашэння гэтага пытання. Пры чым тут беларусы?"
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што міграцыйныя патокі ідуць у Еўрасаюз не толькі цераз Беларусь, але і, напрыклад, праз Міжземнае мора - Іспанію, Італію, Грэцыю: "Колькі там людзей гіне! Сотнямі. Перасякаючы Міжземнае мора. Тысячы людзей трапляюць у ЕС. Гэтак жа яны пайшлі цераз Беларусь. Яны не да нас ідуць - яны ідуць да вас. Таму што вы іх туды паклікалі. Навошта вы іх туды клікалі?"
"Вы нядаўна публічна паклікалі афганцаў і папрасілі цэнтральнаазіяцкія краіны (былога СССР) і Расію, каб яны ім дазволілі там спыніцца. Вы з амерыканцамі папрасілі. І еўрапейцам далі каманду прымаць усіх. Гэта ж прагучала на вашым канале. Чаму не прымаеце цяпер людзей, якія бягуць ад вайны з тых краін, якія вы разарылі?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
"Таму не трэба на Беларусь валіць. Калі б яны ішлі ў Беларусь і хацелі застацца, а мы іх выкідвалі туды, у Польшчу або Літву, вы прад'явілі б прэтэнзіі. Але сёння няма такіх людзей, якія хочуць у Беларусі застацца, а я іх выкідваю. А вы мёртвых людзей праз граніцу перакідваеце нам", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт у інтэрв'ю чарговы раз абверг фэйкавыя меркаванні аб тым, што беларускі бок выкарыстоўвае мігрантаў, каб адпомсціць Еўрасаюзу за палітыку санкцый, а таксама тое, што там прымаюць у сябе апазіцыянераў.
"Вы можаце чым-небудзь даказаць, што я вырашыў адпомсціць Еўрапейскаму саюзу? Вы мяне што, вар'ятам лічыце?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што Беларусь - гэта параўнальна невялікая па тэрыторыі і насельніцтве краіна. "Я што дзесяццю мільёнамі магу дыктаваць умовы паўмільярду чалавек у Еўрасаюзе? Я не думаю, што вы лічыце мяне вар'ятам. У адваротным выпадку сюды не прыехалі б. Таму я не збіраюся нікому помсціць", - адзначыў Прэзідэнт.
"Помсціць могуць толькі слабыя людзі. Даруйце за нясціпласць, я сябе слабаком не лічу. І не лічу неабходным помсціць Еўрапейскаму саюзу. Не збіраюся. Гэта вы ім помсціце, ваша краіна. Навошта вы выйшлі з Еўрапейскага саюза? (Размова пра Вялікабрытанію, адкуль родам Мэцью Чанс. - Заўвага). Таму што трэба было адпомсціць. А я помсціць не збіраюся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прапанаваў журналісту CNN самому наведаць граніцу і азнаёміцца з рэальным станам спраў. "Я скарыстаюся гэтай магчымасцю, я лаўлю вас на слове. Мы хацелі б наведаць гэтых бежанцаў", - адрэагаваў Мэцью Чанс.
"Не трэба мяне лавіць на слове. Калі я сказаў, што вы можаце паехаць на граніцу і паглядзець, мы вас хоць сёння, хоць заўтра туды адвязём. Вы ў Маскве седзіце, можаце прыехаць у любы час, - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. - Там больш за 30 чалавек, якіх мы апранаем, кормім і абаграваем. А па той бок - калючы дрот і стаяць польскія салдаты з аўтаматамі. І пакажам вам некаторыя рэчы, дзе цкавалі сабакамі людзей, збівалі, прымянялі электрашокеры для таго, каб выціснуць людзей, выкінуць з тэрыторыі Польшчы".
"Яны ж нават не ў Польшчу ішлі і не ў Літву. Яны ішлі ў Германію, куды іх паклікалі", - заўважыў беларускі лідар.
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў Беларусі дастаткова партнёраў і сяброў у свеце, каб абысціся без Еўрасаюза. "Слухайце, мы жылі без Еўрапейскага саюза і яшчэ шмат гадоў пражывём. Акрамя вас свет велізарны. Няхай ён цесны, але ён велізарны. І тое, што нам трэба прадаць (галоўнае пытанне - прадаць тое, што мы вырабляем), усё элементарна можа спажыць Расія. Адна Расія. А ў нас яшчэ ёсць паўтарамільярдны Кітай - нашы сябры. Мы там прададзім яшчэ нешта", - заявіў беларускі лідар.
"Мы прададзім у Турцыі, Іране, Пакістане, Індыі. У нас з імі нармальныя адносіны. Мы абыходзімся без вас. Без вас і без Амерыкі. Абыдземся і ў будучым", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Інтэрв'юер Мэцью Чанс спытаў, што Беларусь паабяцала расійскаму боку ўзамен на дыпламатычную і фінансавую падтрымку.
"Слухайце, у вас англасаксонскае мысленне. Мы ніколі ні з Прэзідэнтам Пуціным, ні на іншых узроўнях не вядзём так размову. Мы чагосьці там, а вы нам заплаціце або мы чагосьці абяцаем. Мы - братэрскія народы, мы - народы ад аднаго кораня - беларусы і рускія", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы, напэўна, лепш за мяне ведаеце, таму што вы з боку: мы абсалютна ні знешне, ні ўнутрана нічым не адрозніваемся адзін ад аднаго. У нас адзіная палітыка, адзіныя мэты. І мы да гэтых мэт рухаемся адным шляхам. І нам не патрэбны ніякія абяцанні. Мы блізкія, родныя народы. І без абяцанняў мы пабудуем сваю будучыню, і нават вы нам перашкодзіць не зможаце", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту было зададзена пытанне адносна расійскіх ваенных аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі, і ці не ператворыцца краіна ў заходні фарпост Расіі.
"Калі вы так баіцеся, што Беларусь можа ператварыцца ў заходні фарпост Расіі, тады навошта вы гэту недарэчную, бязглуздую праводзіце палітыку? Навошта вы нас робіце фарпостам Расіі? Гэта першае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што калі гаварыць па сутнасці, то Беларусь ужо даўно з'яўляецца фарпостам Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі: "У нас створана на гэтым заходнім напрамку адзіная фактычна армія. Адзіная ўзброеная групоўка, асновай якой з'яўляецца беларуская армія. І ў выпадку канфлікту, мы гэта не ўтойваем, нас уся заходняя частка Узброеных Сіл Расіі будзе падтрымліваць. Я вас не палохаю. Я проста вам нагадваю тое, аб чым мы пастаянна гаворым".
"Таму размова аб тым, што некалі будзе гэты фарпост, беспадстаўная. Пры неабходнасці гэты фарпост будзе створаны на працягу месяца. Пры пагрозах", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Што датычыцца баз. Ну вы мяне наогул здзіўляеце. Вы што не ведаеце або НАТА не ведае, якія ў нас базы замежных дзяржаў? У нас няма ніводнай базы ніякай дзяржавы, у тым ліку Расіі. Акрамя дзвюх, можна сказаць, грамадзянскага прызначэння, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта база з савецкіх часоў для ранняга выяўлення пуску ядзерных ракет з вашай тэрыторыі. І другая база - сувязі, праз якую расійскія Узброеныя Сілы ажыццяўляюць сувязь са сваім флотам у Атлантыцы. Вось і ўсе базы. Там усяго, напэўна, 30-40 чалавек служаць. Нашых людзей. Там два-тры афіцэры расіян, астатнія - нашы ваеннаслужачыя. Больш ніякіх баз тут няма".
"Але, Мэцью, гэта - галоўнае для вашых гледачоў, і я не пабаюся гэта сказаць. Калі трэба будзе, то Беларусь ператворыцца ў адзіную базу Беларусі і Расіі. Ваенную базу. Для таго, каб процістаяць вашай агрэсіі, калі раптам вы на гэта вырашыцеся або асобныя суседнія дзяржавы. Вы гэта павінны дакладна разумець", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
"Суверэнітэт і незалежнасць любой краіны не купляюцца і не прадаюцца. Ніякіх цэн тут няма і быць не можа. Тым больш гэта не са мной", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Што датычыцца таго, што Беларусь увойдзе ў склад ЗША, Вялікабрытаніі або Расіі, - гэта абсалютнае глупства. Нядаўна я на гэта пытанне таксама адказваў. Мы з Пуціным, кіраўніцтва Расіі і Беларусі ў цэлым дастаткова разумныя, каб у рамках дзвюх незалежных, суверэнных дзяржаў стварыць такі саюз, які будзе яшчэ мацнейшы за ўнітарнае ўтварэнне, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Такое пытанне (аб страце незалежнасці і ўваходжанні ў склад Расіі. - Заўвага) на парадку дня не стаіць наогул. Гэта выдумка калектыўнага Захаду, як у нас кажуць. Адкрыта вам аб гэтым гавару".
Журналіст у час інтэрв'ю згадаў аб праводзімай у Беларусі рабоце па абнаўленні Канстытуцыі. "Ведаю, што вы кантралюеце гэта пытанне. Хачу спытаць: вы - першы Прэзідэнт Беларусі, як думаеце, ці будзе ў яе другі Прэзідэнт?" - задаў ён пытанне.
"Клянуся, я не збіраюся быць Прэзідэнтам нават да смерці. Клянуся. Усё будзе залежаць ад сітуацыі ў Беларусі. Калі вы, вашы патроны на Захадзе не будуць умешвацца хоць адкуль у нашу сітуацыю і мы будзем адчуваць сябе ўпэўнена і спакойна, як суверэнная незалежная дзяржава, як народ, які заслужыў быць суверэнным і незалежным, паверце, усё здарыцца раней, чым вы думаеце. Але калі толькі вы пасмееце яшчэ раз, як у мінулым годзе, умяшацца ў нашы падзеі, будзе дрэнна. Будзе так, як вы думаеце цяпер", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Інтэрв'юер, канстатаваўшы, што Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца на прэзідэнцкай пасадзе ўжо 27 гадоў, спытаў, калі ён пойдзе ў адстаўку. "Я 27 гадоў, як вы сказалі, на гэтай пасадзе служу свайму народу. Але я яшчэ не дасягнуў таго ўзросту, як у вас у вашым вашынгтонскім "абкаме". Там, па-мойму, Прэзідэнту хутка 90 гадоў. Таму давайце за арыенцір возьмем узрост вашага патрона ў Вашынгтоне. Чаму б і не?" - з іроніяй адзначыў Прэзідэнт.
"Але вы не хвалюйцеся, я не дацягну да гэтага ўзросту. Прэзідэнтам можа быць чалавек столькі, колькі ён пажадае і яго выбера народ. Але калі ён здаровы і можа кіраваць краінай. У нас няпростая сітуацыя. Таму тут павінен быць энергічны, здаровы чалавек, якога выбера народ, і ён будзе жадаць быць Прэзідэнтам. Вось гэтыя галоўныя ўмовы, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але я аб адным сказаў: павінен быць мір і спакой, каб не разбурылася тое, што я ствараў як першы Прэзідэнт Беларусі. Калі вы нас будзеце атакаваць, пастаянна нас бамбіць, пазбаўляць свайго слова, свайго твара і сваёй незалежнасці, я буду вечным Прэзідэнтам. Я буду абараняць тое, што я стварыў разам з беларускім народам нават цаной свайго жыцця".