Даклад па пытаннях дзейнасці Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў

  • 10
  • 4:40

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 лістапада заслухаў даклад па пытаннях дзейнасці Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

На мерапрыемства да Кіраўніка дзяржавы былі запрошаны старшыня дзяржаўнага грамадскага аб'яднання Ігар Шуневіч і віцэ-прэм'ер Леанід Заяц.

Звяртаючыся да Ігара Шуневіча, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Наколькі я разумею, вы ініцыявалі гэту размову ў сувязі з тым, што прынятае рашэнне ва Урадзе не зусім тое, што хацела б грамадства".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе гэтыя пытанні будуць разгледжаны на дзяржаўным узроўні без якога-небудзь ведамаснага падыходу. "Вы ж разумееце, ёсць дзяржаўныя інтарэсы, асабістыя, інтарэсы грамадства. Але трэба зрабіць разумна - так, як гэта лепш для дзяржавы і для людзей, якія ў нас сёння знаходзяцца ў нашай арганізацыі", - сказаў беларускі лідар.

У прадстаўленым Прэзідэнту пераліку пытанняў была тэма, якая датычылася вытворчасці боепрыпасаў для гладкаствольнай зброі. "Нічога тут дрэннага я не бачу. Давайце падумаем, як гэта лепш зрабіць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

На парадку дня таксама пытанне карэкціроўкі заканадаўства па абароце зброі і боепрыпасаў. "Таксама можам разгледзець гэта пытанне", - адзначыў Прэзідэнт.

Адна з тэм для абмеркавання датычылася рэгулявання колькасці жывёл і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. "Пытанне супердзяржаўнае, вельмі важнае для іміджу нашай краіны ў тым ліку", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Асобнае пытанне датычылася статута грамадскага аб'яднання. "Што там такое, аб чым не дамовіліся ва ўрадзе?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

Ён таксама выказаў гатоўнасць абмеркаваць і шэраг іншых пытанняў, якія будуць на карысць дзяржавы: "Накшталт таго, што недзе там у Мінску, наколькі я памятаю, вы прэтэндуеце на нейкі асобны будынак, і да гэтага часу пытанне нібыта не вырашана. І шэраг праблем, якія трэба вырашаць, і яны застопарыліся на ўзроўні службовых асоб органаў улады да Прэзідэнта".

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў заснавала знакі "Вялікая беларуская пяцёрка" і "Вялікая беларуская сямёрка", якімі будуць узнагароджваць за трафейнае паляванне. Першы такі знак перададзены Аляксандру Лукашэнку Ігарам Шуневічам у час сустрэчы.

"Дазвольце я Вам прадстаўлю наша новаўвядзенне з мэтай папулярызацыі палявання ў краіне, у тым ліку трафейнага палявання, прыцягнення замежных паляўнічых і развіцця ўнутранай канкурэнцыі. Мы пайшлі па шляху агульнасусветнага трэнду паляўнічай індустрыі і стварылі такую намінацыю ў Беларусі. Яна называецца на наш манер "Вялікая беларуская пяцёрка" і "Вялікая беларуская сямёрка", - растлумачыў Ігар Шуневіч.

Знакі для трафейных паляўнічых выраблены ювелірамі з выкарыстаннем каштоўных металаў - золата і серабра. Для мужчын прызначана "сямёрка", для жанчын - "пяцёрка". Каб атрымаць узнагароду, яны павінны здабыць на працягу 5 гадоў трафеі так званай залатой якасці, якія абазначаны ў спецыяльным палажэнні. Традыцыйна беларускай "пяцёркай" прынята лічыць лася, аленя, казулю, воўка і кабана. Яе ўзялі ў якасці асновы для мужчынскай намінацыі. Такім чынам, уладальнік "Вялікай беларускай сямёркі" павінен здабыць лася, аленя, казулю, воўка і кабана плюс зубра і глушца. Для жанчын з гэтага пераліку знялі зубра і воўка.

Паводле слоў кіраўніка БТПР, аналагічныя рэйтынгі існуюць у іншых краінах свету і пры стварэнні айчыннага знака спецыялісты абапіраліся на вопыт Афрыкі. У прыватнасці, сярод паляўнічых добра вядома "вялікая афрыканская пяцёрка", куды ўваходзяць слон, насарог, леапард, леў і буйвал.

Першы экзэмпляр беларускай узнагароды Ігар Шуневіч перадаў Кіраўніку дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не з'яўляецца паляўнічым, таму ўзнагароду перадасць у музей.

У час сустрэчы з Прэзідэнтам старшыня БТПР таксама расказаў аб дзейнасці арганізацыі і яе рэфармаванні, якое працягваецца. "Паўтара года таму я дакладваў прапанову па рэфармаванні. Яно ідзе сваім парадкам, і асноўныя рашэнні прыняты ўжо. Таварыствам за гэты перыяд зроблены значныя крокі ў напрамку ўдасканалення не толькі работы грамадства, але і, як вы справядліва заўважылі, па-дзяржаўнаму, паляўнічай індустрыі ў цэлым у краіне", - сказаў ён.

Як падкрэсліў Ігар Шуневіч, паляванне - традыцыйны беларускі занятак і галіна, у якую дзяржава ўкладвае велізарныя матэрыяльныя сродкі, і, адпаведна, павінна атрымліваць аддачу.