Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Кубы Мануэлем Марэра Крусам
- 7
- 4:22
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада сустрэўся з Прэм'ер-міністрам Кубы Мануэлем Марэра Крусам.
"Рады бачыць пасланца Вострава свабоды ў Беларусі. Гаварыць нешта пра беларуска-кубінскія адносіны, характарызаваць іх, я думаю, няма ніякай неабходнасці: мы заўсёды падтрымлівалі з вамі цёплыя і дружалюбныя адносіны. Вы павінны ведаць, што і ў далейшым мы будзем прытрымлівацца гэтых жа падыходаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на дыпламатычным і палітычным узроўні (можна нават сказаць, на ідэалагічным) краіны прытрымліваюцца адзіных падыходаў і не маюць разыходжанняў у поглядах. "Але Вы як чалавек практычны, які ўзначальвае Урад, добра разумееце, што асновай усяго гэтага, фундаментам з'яўляецца эканоміка, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы і вывучаючы ўвесь спектр гандлёва-эканамічных адносін, я выявіў, што нам трэба сур'ёзна эканамічныя і гандлёвыя пытанні падцягваць да пытанняў палітычных. Вывад з майго боку адзін: гандлёва-эканамічныя адносіны значна адстаюць ад палітычных і гуманітарных".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, некаторыя пытанні не вырашаюцца дзесяцігоддзямі. Яны абмяркоўваюцца на розных узроўнях, але руху па іх ніякага няма. "Нам трэба правесці рэвізію нашых адносін і вычленіць тыя напрамкі, па якіх мы будзем супрацоўнічаць, і вырашаць тыя праблемы, якія сёння трэба вырашыць, але яны не вырашаны", - сказаў беларускі лідар.
"Нязменным было і застаецца тое, што мы як высокатэхналагічная краіна будзем выбудоўваць нашы адносіны з Лацінскай Амерыкай. І, зразумела, кропкамі апоры будуць заўсёды служыць Куба, Венесуэла, Нікарагуа ў першую чаргу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ваш візіт мы разглядаем менавіта ў гэтай плоскасці. Мы вельмі разлічваем, што значна прыбавім у нашых гандлёва-эканамічных адносінах. Гэта ж не варта, што ў нас гандлёвы абарот ледзь перавальвае за 10 мільёнаў долараў".
Прэзідэнт прапанаваў кубінскаму боку выкарыстоўваць лепшыя кампетэнцыі дзвюх краін, каб паглыбіць гандлёва-эканамічныя адносіны і ўзняць іх да ўзроўню палітычных і гуманітарных.
У сваю чаргу Мануэль Марэра Крус падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы і цёплы прыём, арганізаваны ў Мінску для кубінскага боку. "І за ўсю тую цеплыню, якую мы адчуваем з моманту прыбыцця і што дае нам магчымасць адчуваць сябе як дома", - дадаў ён.
Прэм'ер-міністр таксама перадаў прывітанні ў адрас Аляксандра Лукашэнкі ад кіраўніцтва Кубы і асабіста ад Прэзідэнта Мігеля Марыа Дыяс-Канеля Бермудэса, які, паводле яго слоў, вельмі цёпла ўспамінае свой візіт у Мінск у 2019 годзе.
"Я вельмі ўважліва выслухаў Вас і цалкам згодны. Вы зрабілі самы дакладны аналіз двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі. Я падзяляю Ваша меркаванне, - сказаў Мануэль Марэра Крус. - Мы таксама нацэлены на тое, каб прапанаваць змяніць гэту сітуацыю".
Паводле яго слоў, прэм'ер-міністрам Беларусі і Кубы неабходна правесці комплексную работу, каб змяніць да лепшага сітуацыю, якая склалася, і напоўніць супрацоўніцтва канкрэтнымі праектамі.