Даклад аб зацвярджэнні Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2025 год
- 14
- 23:19
Асноўнай мэтай Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы з'яўляецца стварэнне і развіццё інфраструктуры краіны: інжынернай, сацыяльнай, вытворчай і абароннай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 студзеня ў час даклада аб зацвярджэнні Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2025 год.
Кіраўнік дзяржавы напярэдадні, прымаючы кадравыя рашэнні, звярнуў увагу адказных службовых асоб на тое, што не падпісаў унесены яму на разгляд праект Указа аб зацвярджэнні Дзяржінвестпраграмы і вярнуў дакумент Ураду. "Важнейшы дакумент. Я яго не падпісаў, як звычайна вярнуў Ураду. Вы мне зноў выкідваеце, і тры або чатыры чалавекі прыйдуць мне дакладваць. Тыя, хто рыхтаваў гэту праграму. А дзе альтэрнатыўны пункт гледжання? Ці ўсё мы там будзем будаваць, ці туды мы грошы накіруем? Вось гэтага бяздумнага быць не павінна, - запатрабаваў напярэдадні Аляксандр Лукашэнка. - Менш мерапрыемстваў, менш тузаць людзей. Трэба засяродзіцца на канкрэтных пытаннях".
У выніку на даклад Прэзідэнту аб зацвярджэнні Дзяржінвестпраграмы запрошаны шырокі склад удзельнікаў, уключаючы кіраўніцтва Урада і шэрага міністэрстваў, а таксама Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Бяспекі, Камітэта дзяржаўнага кантролю, мінскіх абласнога і гарадскога выканкамаў.
Прэзідэнт пачаў мерапрыемства з чарговага папярэджання аб тым, што 2025 год будзе няпростым, не менш складаным, чым 2024-ы, дакладна.
У цяперашняй сітуацыі абапірацца пераважна на ёмістасць суседняга, расійскага, рынку немагчыма, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Прагноз расіян па ключавых індыкатарах развіцця вельмі асцярожны: рост эканомікі ў межах 1,5-2,5%, двухзначныя банкаўскія стаўкі, растучы дэфіцыт бюджэту (больш за 1,2 трлн рублёў)", - заўважыў Прэзідэнт.
Разам з тым беларускі Урад устанаўлівае паказчыкам эфектыўнасці сваёй работы ў бягучым годзе ВУП вышэйшы за 104%. "Нядрэнна", - даў сваю ацэнку Кіраўнік дзяржавы. Асноўнай крыніцай росту ВУП заяўлены інвестыцыі на ўзроўні амаль 108%. Плануецца асвоіць амаль Br50 млрд. Гэта прыкладна 18% ВУП Беларусі.
"Урад і Адміністрацыя Прэзідэнта бачаць асноўнай мэтай выхад на парог бяспекі па інвестыцыях не ніжэйшы за 20% ВУП. Толькі пры такім узроўні мы зможам забяспечваць рост эканомікі ў будучым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. І адразу абазначыў важнае пытанне: наколькі гэта лічба абгрунтавана.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што структура інвестыцый па напрамках фінансавання практычна не мяняецца. У яе ўваходзяць тры ключавыя блокі. Ільвіную долю займаюць праекты рэальнага сектара (прыкладна 60% інвестыцый). На будаўніцтва жылля прыпадае каля 20%. Апошні блок - інжынерная, транспартная, сацыяльная інфраструктура (каля 20%), будаўніцтва якой - адказнасць дзяржавы. "Гэтыя аб'екты мы фінансуем у рамках дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і такіх жа рэгіянальных праграм", - удакладніў Прэзідэнт.
Кансалідавана з усіх бюджэтаў на названыя мэты спатрэбіцца каля Br6,5 млрд. У дзяржаўную інвестыцыйную праграму ўключаны аб'екты верхняга ўзроўню на Br2,2 млрд, у рэгіянальныя заяўлена больш як на Br4 млрд.
"Асноўная мэта названай праграмы - стварэнне і развіццё інфраструктуры краіны: інжынернай, сацыяльнай, вытворчай і абароннай, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым накіраванасць праграмы, размеркаванне яе сродкаў паміж абазначанымі сферамі павінны строга адпавядаць рэаліям часу".
"Нараўне з будаўніцтвам дарог, школ і бальніц трэба не забываць пра стварэнне сучасных вытворчасцей, а таксама аб'ектаў, дзякуючы якім мы будзем спакойна жыць пад мірным небам", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы, указаўшы на неабходнасць пры гэтым правільна расстаўляць прыярытэты.
Напрыклад, калі размова заходзіць пра будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў, то варта зыходзіць менавіта з гэтых прыярытэтаў і будаваць новыя школы, бальніцы, дзіцячыя сады і да таго падобнае толькі там, дзе яны сапраўды неабходны. А ў іншых выпадках, магчыма, больш мэтазгодна арганізаваць падвоз дзяцей. "Мы пачынаем у мікрараёнах будаваць школы і дзіцячыя сады. Я ўжо гаварыў: можа, падвезці дзетак у гэтыя школы і дзіцячыя сады", - заўважыў Прэзідэнт. Акрамя таго, у многіх бацькоў, асабліва ў Мінску, ёсць магчымасць і самастойна гэта рабіць. "Калі сям'я знайшла магчымасць купіць два-тры аўтамабілі на сям'ю, то пяць кіламетраў можна падвезці дзетак? Хоць бы ў гэты час, калі трэба эканоміць кожную капейку. Непапулярную рэч гавару напярэдадні выбараў. Але які папулізм можа быць?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Такі ж падыход, зыходзячы з прынцыпаў неабходнасці і эфектыўнасці, павінен быць, паводле слоў Прэзідэнта, і адносна будаўніцтва дарог. "Дарогі - святое. Мы аб гэтым ужо гаварылі і многае зрабілі ў гэтым плане. Транзітная краіна. Не будзе дарог - людзі перастануць сюды ездзіць, перамяшчацца праз Беларусь. Хоць, здаецца, сёння ў Еўропу і назад няма дарог больш. Усё праз Беларусь. Трэба разумець, што для нас гэта - добра. Людзі едуць, вязуць грошы, працуе гандаль, купляюць тавары, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Людзі з задавальненнем купляюць прадукты харчавання, іншыя нашы тавары, адзенне. Не трэба будзе траціцца прадпрыемствам і везці некуды гэтыя тавары. Яны з высокай дабаўленай вартасцю вывозяцца ў іншыя краіны. Таму дарогі трэба будаваць". Праўда, яшчэ не ўсе ў Беларусі ўсведамляюць, якія рэсурсы неабходны для падтрымання дарожнай сеткі ў добрым стане, і гэту работу з насельніцтвам трэба ўзмацняць. "Калі кожная сям'я мае два-тры аўтамабілі, зразумела, яны хочуць перамяшчацца па нармальных дарогах. Праўда, людзі не зусім разумеюць, што гэта нятанна каштуе і за гэта трэба плаціць", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Улічваючы важнасць бягучага года, трэба будаваць і ўводзіць аб'екты з хуткай аддачай і комплексным эфектам. Гэта электрасеткі, дарогі, сувязь. Відавочна, што іх наяўнасць дазволіць прадаставіць больш вытворчых пляцовак, палепшыць лагістыку, - акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. - Увогуле, неабходны гаспадарскі падыход да размеркавання існуючых рэсурсаў".
У час мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы крытычна выказаўся наконт планаў па будаўніцтве некаторых аб'ектаў, якія не адносяцца да першачарговых або найбольш запатрабаваных, у тым ліку для патрэб сілавых структур. Напрыклад, гэта датычылася ўзвядзення пляцаў і спартпляцовак для ваеннаслужачых.
"Хачу папярэдзіць людзей у пагонах: лішніх грошай не будзе. Там, дзе можам абысціся (без фінансавання. - Заўвага), павінны абысціся", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мы дамовіліся, што не муштра павінна быць ва Узброеных Сілах. Ва Узброеных Сілах павінны быць падрыхтаваныя ў фізічных адносінах людзі. Я ў якасці прыкладу гавару. Але калі недзе нешта трэба, вы скажыце, мы прымем рашэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што адна з першых яго прэзідэнцкіх праграм уключала тры ключавыя элементы: экспарт, жыллё, прадукты харчавання. "Экспарт зноў становіцца найважнейшым элементам у нашай эканоміцы. Вырабляем шмат, палавіну спажываем, палавіну трэба прадаць", - адзначыў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў пра нядаўнюю размову з Міністрам замежных спраў, якому дакладна пастаўлена задача развіваць у першую чаргу гандлёва-эканамічныя сувязі з іншымі краінамі. "Яго папярэдзіў: не толькі ніякіх турыстычных паездак не павінна быць за межы краіны. Паехаў член Урада, вышэйшая службовая асоба, губернатар, Прэзідэнт, Прэм'ер - значыць, адтуль мы павінны прывезці два-тры істотныя пытанні для нашай краіны. Мы павінны за нешта зачапіцца. Калі ў Амане пабыў Прэм'ер, а потым яшчэ і Прэзідэнт, там вызначаны напрамкі нашай работы - давайце працаваць. Павінен быць вынік", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Вызначана, што Міністр замежных спраў будзе кожны месяц дакладваць Кіраўніку дзяржавы аб выніках.
"Яшчэ раз паўтараю па выканальніцкай дысцыпліне. Нічога не трэба выдумляць: дамовіліся - трэба зрабіць", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Ні адной капейкі нельга траціць на тое, без чаго мы можам абысціся. Усякія офісы, канторы і іншае - у нас гэтага "барахла" хапае. Дзяржаўныя яны, для МУС, дзяржслужачых - няважна для каго", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на ключавым прынцыпе, якім трэба кіравацца: "Эканомія, эканомія, эканомія".
У сувязі з гэтым Кіраўніком дзяржавы адводзіцца асаблівая роля Камітэту дзяржаўнага кантролю. "Галоўнае ваша пытанне - гэта грошы, бюджэт, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Старшыні КДК Васіля Герасімава. - Вось туды вы павінны глядзець і ўнікаць. І кантраляваць адпаведна Урад, міністраў, усіх, хто стаіць за гэтымі грашамі".
Адно з важнейшых пытанняў Прэзідэнта па Дзяржінвестпраграме датычылася яе эфектыўнасці для эканомікі. У агульным аб'ёме з рэспубліканскага і рэгіянальных бюджэтаў запланавана інвесціраваць па розных напрамках Br6,5 млрд (у тым ліку Br2,2 млрд на аб'екты Дзяржінвестпраграмы). "Грошы немалыя. І калі мы па-гаспадарску, эфектыўна ўкладзём гэтыя грошы, мы атрымаем добры эфект, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Кожны ўкладзены рубель павінен даваць максімальную аддачу".
Менавіта для дэталёвага абмеркавання гэтага пытання і ўсебаковага разгляду Дзяржінвестпраграмы Прэзідэнт прыняў рашэнне правесці мерапрыемства ў больш шырокім складзе перш, чым падпісаць адпаведны Указ. "Я яе не падпісаў адразу, яшчэ раз не прааналізаваўшы з міністрамі, віцэ-прэм'ерамі, якія вельмі ў гэтым зацікаўлены, і прадстаўнікамі губернатарскага корпуса, Міністрам фінансаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Для пачатку я назначыў нараду. Праўда, у Адміністрацыі Прэзідэнта (я ўжо Дзмітрыю Мікалаевічу (Крутому. - Заўвага) гаварыў) аж тры чалавекі або чатыры мне запрасілі для абмеркавання, - растлумачыў Прэзідэнт. - А што я буду абмяркоўваць без Аляксандра Генрыхавіча (Турчына. - Заўвага), без мэра Мінска, якія львіную долю інвестыцыйнай праграмы спажываць павінны або спажываюць? Што я без віцэ-прэм'ераў буду абмяркоўваць? Мне Галоўчанка або Чабатар раскажуць аб праграме? Павінна быць альтэрнатыўная думка".
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу на недапушчальнасць неабгрунтаваных трат. "Нельга траціць грошы проста так!" - заявіў ён, дадаўшы, што цяпер некаторыя зыходзяць з прынцыпу "не вазьму з бюджэту я, возьме нехта іншы". І ад такіх падыходаў трэба, безумоўна, пазбаўляцца.
"А Прэм'ер з Міністрам фінансаў на гэта спусціўшы рукавы глядзяць. Вось таму я не падпісаў адразу гэту інвестыцыйную праграму. Думаю: давайце паглядзім, давайце па-гаспадарску падыдзем да гэтага", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэты год, як і ўся пяцігодка, будуць няпростымі. "Я гавару гэта шчыра. Ніхто з кандыдатаў у прэзідэнты, вы разумееце, гэтага не бачыць, таму што не валодае той інфармацыяй (якой валодае дзеючы Кіраўнік дзяржавы. - Заўвага). Таму я вам гавару як дзеючы Прэзідэнт. І паўгода таму пачаў вас папярэджваць. Вось яно і атрымліваецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У ліку асноўных фактараў, якія ў той ці іншай ступені будуць уплываць на сітуацыю ў краіне, Прэзідэнт адзначыў эканамічныя паказчыкі ў Расіі. "Асноўны наш рынак - Расія. Ён і будзе асноўным рынкам. Але нам трэба разумець, што на расійскім рынку будзе вельмі складана. На рынку СНД будзе не прасцей, не проста", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму трэба варушыцца. Трэба пражыць не толькі будучы год, але і пяцігодку выцягнуць так, каб ганебна і сорамна не было перад будучымі пакаленнямі", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў усім прысутным пра выканальніцкую дысцыпліну і неабходнасць дасканалай прапрацоўкі ўсіх прымаемых рашэнняў з пункту гледжання інтарэсаў краіны і эфектыўнасці для эканомікі.
"Калі вы хочаце працаваць - працуйце, - звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў мерапрыемства і ў іх асобе да ўсіх адказных службовых асоб. - Калі вы не хочаце працаваць - скажыце. Ужо выраслі сярэдняга ўзроўню маладыя людзі, якія хочуць працаваць, а не спрабуюць нейкія адпіскі закідваць Прэзідэнту. І атрымліваецца: адны збеглыя і іншыя чакаюць, калі здохне Прэзідэнт: "Вось памрэ, голас у яго не той, цяжка яму гаварыць". Ды не дачакаецеся. А другія сядзяць як мышы пад венікам і думаюць: "Пранясе". Не пранясе".
Прадаўжаючы размову пра Дзяржінвестпраграму, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба канцэнтраваць фінансаванне на тых аб'ектах і галінах, якія здольны даць хуткую аддачу. У якасці прыкладу ён прывёў сельскую гаспадарку і канкрэтна вытворчасць малака. "Калі ў нас малако без праблем прадаецца і малакапрадукты, дык, можа, сапраўды пабудаваць малочныя цэхі, малочнатаварныя комплексы і прадаць гэта малако?" - прапанаваў Прэзідэнт.
"Трэба паглыбляцца. Трэба думаць, за кошт чаго мы можам атрымаць пэўныя даходы, за кошт чаго мы можам развівацца, улічваючы тую сітуацыю, якая складваецца вакол краіны. Вось да чаго я вас заклікаю", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.
Раней Прэзідэнт першапачаткова не зацвердзіў прапанаваны яму дакумент, сабраўшы мерапрыемства на гэту тэму ў пашыраным складзе, каб з удзелам кіраўнікоў рэгіёнаў, кантралюючых органаў і іншых адказных комплексна абмеркаваць прынцыповыя пытанні.
Як адзначыў Міністр эканомікі Юрый Чабатар, Дзяржаўная інвестыцыйная праграма - гэта асноўны фінансавы дакумент краіны па рэалізацыі важнейшых дзяржбудоўляў з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага бюджэту. На рэалізацыю праграмы ў бягучым годзе плануецца накіраваць Br2,2 млрд.
Аляксандр Лукашэнка адразу паставіў прынцыповае пытанне аб тым, што змянілася ў прадстаўленым на разгляд Кіраўніка дзяржавы дакуменце пасля яго даручэння дадаткова прааналізаваць і выключыць усё лішняе. Тым больш што праект праграмы прайшоў праз так званы фільтр - Адміністрацыю Прэзідэнта. "Праз Адміністрацыю Прэзідэнта нічога шкоднага на стол Прэзідэнта не павінна класціся", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт на шэрагу канкрэтных прыкладаў звярнуў увагу, што безгаспадарчасці і лішніх трат быць не павінна. "Дробязі ўсюды па краіне выліваюцца ў мільярды, - заўважыў ён. - А вы нагой да Селіверстава (Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў. - Заўвага) дзверы адчынілі - ён вам мільярды гэтыя аддаў. На пагашэнне крэдытаў, яшчэ для нечага. А па-гаспадарску падысці?"
Паводле слоў Юрыя Чабатара, Дзяржінвестпраграму можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі. Першае - мерапрыемствы. Сярод іх меліярацыя, будаўніцтва арэнднага жылля і іншыя. "На гэта прадугледжана больш як Br900 млн. Так, у 2025 годзе плануецца меліяраваць 110 тыс. га зямель. Частка сродкаў прадугледжана ў Дзяржінвестпраграме. Будзе ўзведзена не менш як 145 тыс. кв.м арэнднага жылля ва ўсіх рэгіёнах для медыкаў, настаўнікаў, работнікаў дэфіцытных спецыяльнасцей, пабудавана каля 100 км лесагаспадарчых дарог", - пералічыў ён шэраг прадугледжаных у дакуменце артыкулаў расходаў.
Яшчэ адзін пункт - пагашэнне крэдытаў, раней выдадзеных на важныя будоўлі, якія ўжо завершаны. Напрыклад, грошы выдзяляліся на будаўніцтва інтэрнатаў ВНУ, хірургічнага корпуса па вуліцы Сямашкі ў Мінску, авіярамонтнага завода ў Нацыянальным аэрапорце.
Аднак Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на эфектыўнасць патрачаных сродкаў. Напрыклад, у мінулым годзе нямала ўкладзена ў меліярацыйныя работы. "А вы мне цяпер павінны далажыць, што вы пракантралявалі, што гэтыя гектары ўведзены ў строй і яны сёння выкарыстоўваюцца, - акрэсліў важны бок пытання Кіраўнік дзяржавы. - Вось яшчэ праблема. Грошы ўклалі. Калі гэта не аўтобусная вытворчасць (дзе можна ўсё паштучна палічыць. - Заўвага), хто там будзе ведаць... А ёсць аддача ці не?"
Ёсць пытанні ў Прэзідэнта і наконт згаданага гашэння крэдытаў. "Васіль Мікалаевіч (Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў. - Заўвага), вы павінны цвёрда разумець і ведаць, як тут ідуць справы. І не проста тэарэтычна, агулам. А на лічбах", - адзначыў беларускі лідар.
Юрый Чабатар прадоўжыў свой даклад, адзначыўшы, што другі блок інвестпраграмы - гэта ўжо канкрэтныя аб'екты. Такіх больш за 80 на Br1,1 млрд. Сярод іх 22 рэспубліканскія масты і дарог на Br606 млн.
"Наконт дарог і мастоў. Зноў: Сівак (адказны за транспартную сферу Анатоль Сівак. - Заўвага) палічыў; добра, калі яшчэ Сівак, - ведамства палічыла кошт мастоў і дарог, і вы хуценька ў праграму ўключылі. Нікому няма справы. Ні вам, ні Герасімаву", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён растлумачыў, што мае на ўвазе. Напрыклад, нават па шляху свайго праезду Прэзідэнт не раз звяртаў увагу і даваў даручэнні наконт празмернасці прыдарожнага абсталявання. А канкрэтна - устаноўкі шумазасцерагальных шчытоў. Недзе такія канструкцыі сапраўды неабходныя, але месцамі імі фактычна абгарадзілі лес, патраціўшы дарэмна грошы. Больш таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім даручэнні па высадцы дрэў і зялёных насаджэнняў уздоўж дарог, якія не толькі дапамагаюць пазбавіцца ад празмернага шуму, але і з'яўляюцца куды больш экалагічным рашэннем, чым шчыты.
Яшчэ Дзяржінвестпраграмай прадугледжана ўзвядзенне аб'ектаў сацыяльнай сферы. Напрыклад, плануецца завяршыць раённую бальніцу ў Паставах, інфекцыйную бальніцу ў Віцебску, школу і паліклініку ў Астраўцы. Прадоўжыцца будаўніцтва РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах і РНПЦ "Маці і дзіця" ў Мінску. Будуць рэалізаваны праекты, якія маюць эканамічны эфект, і здольны забяспечыць развіццё вытворчай сферы.
Прэзідэнт і на прыкладзе медыцынскіх устаноў прапанаваў падумаць над тым, што і дзе сапраўды неабходна, і на што ў першую чаргу расходаваць сродкі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў ахове здароўя ў першую чаргу ёсць вузкія месцы ў рэгіёнах. Гэта датычыцца работы ФАПаў, чэргаў у паліклініках.
"Дык, можа, туды накіраваць гэтыя грошы? Пачынаючы з зарплат і іншага. Вось у чым пытанне. Вось у чым праблема - каб мы лічылі кожную капейку. Я не гавару, што нам не трэба бальніц. У нас людзі маюць праблему анкалогіі, сардэчна-сасудзістыя захворванні. Давайце туды інвесціруем грошы, каб ратаваць людзей. Можа, замест таго, каб жалезабетонныя будаваць "палацы", накіраваць больш грашовых сродкаў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Цяпер у нас кавід, грып, усякая зараза. Мы дзе вакцыны бяром? У Расіі. А чаму свае не вырабляем? Трэба грошы - давайце туды праінвесціруем і запатрабуем".
Па выніках абмеркавання Кіраўнік дзяржавы даручыў канчаткова дапрацаваць праект Дзяржінвестпраграмы.