Даклад аб развіцці горада Мінска

  • 8
  • 6:55

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 мая заслухаў даклад аб развіцці горада Мінска.

На сустрэчу з Кіраўніком дзяржавы былі запрошаны мэр Мінска Уладзімір Кухараў, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў, упаўнаважаныя Наталля Качанава і Іван Кубракоў.

На парадку дня стаялі актуальныя пытанні жыццядзейнасці горада - добраўпарадкаванне, рэалізацыя інвестпраектаў, развіццё сістэмы аховы здароўя, удасканаленне мясцовага самакіравання.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу знайсці канчатковыя развязкі ў адносінах да шэрага даўгабудаў і замарожаных аб'ектаў у цэнтры сталіцы.

"Найперш, хацелася б пачуць, як развіваюцца інвестыцыйныя праекты, якія не проста абазначаны, а ўжо многія пачаты ў горадзе. І, перш за ўсё, што ў нас з бяльмом на воку - гэта газпрамаўскі аб'ект. Якая там сітуацыя? Калі руху па-ранейшаму няма… Хоць, як мне гавораць, яны плацяць шалёныя штрафныя санкцыі. Але справа не ў санкцыях. А справа ў тым, што не можа ў цэнтры Мінска на галоўным праспекце за агароджай стаяць незразумела што", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Напярэдадні сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі я хацеў бы ведаць, што там у нас адбываецца. Я ўжо яму нагадваў неяк, акрэсліваў гэта пытанне на ўзроўні прэзідэнтаў. Ён тады вельмі строга адрэагаваў. Але, відаць, "Газпрам" гэтага не пачуў. Таму калі яны не хочуць на гэтай пляцоўцы працаваць, павінен быць выразны адказ: "так" або "не", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Па-другое, размова ішла пра яшчэ адзін даўгабуд - шматфункцыянальны гасцінічна-дзелавы комплекс "Магніт Мінска". Рэалізацыяй гэтага праекта займаецца іранская кампанія "Кейсан". "Гэта наогул пытанне ўжо даўняе. І вось падобныя праекты", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў гасцінічна-дзелавы комплекс "Шантэр Хіл" на праспекце Пераможцаў. "Праўда, пабудаваны, акуратны стаіць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Будаўніцтва комплексу пачалося ў 2016 годзе пры ўдзеле ў якасці генпадрадчыка кітайскай кампаніі. Цяпер заказчыкам па праекце з'яўляецца беларуская кампанія "Наванеп", а раней у гэтай ролі выступала кампанія "Інтэрсэрвіс".

"З гэтым аб'ектам што мы будзем рабіць? Словам, трэба прыняць рашэнне", - акрэсліў пытанне Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падкрэсліў, што ў цэнтры сталіцы недапушчальна мець такія даўгабуды і замарожаныя аб'екты і неабходна аператыўна знаходзіць рашэнне па такіх праблемных пытаннях: "Ды не, да пабачэння, накіроўваем у даход дзяржавы, як гэта мы рабілі па многіх аб'ектах, якія былі не дабудаваны або замарожаны. Але дазваляць вось такі разбой сярод белага дня ў цэнтры горада мы не можам. Зразумела, аб чым ідзе размова. Гэта не першая ўжо размова".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Уладзімір Кухараў ужо на працягу двух гадоў узначальвае Мінгарвыканкам, але па адчуваннях - пяцігодку. "Таму настаў час зверыць гадзіннікі і абмеркаваць тыя праблемы, якія сёння, магчыма, у горадзе ёсць. А яны ёсць і заўсёды будуць", - сказаў Прэзідэнт.

У час даклада Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў фарсіраваць рэалізацыю праекта па будаўніцтве ў Мінску эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу "Паўночны бераг".

"Вы разумееце, што калі б гэты аб'ект будаваўся, то, напэўна, у нас нават будаўнічых магутнасцей у Мінску не хапіла б для таго, каб яго будаваць. Там мы павінны тэмпы фарсіраваць. Нам вельмі выгадны аб'ект", - падкрэсліў беларускі лідар.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў удакладніў, што ў рамках праекта прадугледжаны ўкладанні ў аб'ёме Br10 млрд.

"Тады мы лічылі $4 млрд. Гэта вельмі вялікі праект. Гэта можна задзейнічаць усіх нашых будаўнікоў аж на пяцігодку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Мінск павінен быць прыкладам для іншых рэгіёнаў краіны па добраўпарадкаванні і развіцці мясцовага самакіравання. Ён нагадаў, што тэма ўдасканалення мясцовага самакіравання ў сталіцы ўжо абмяркоўвалася раней і патрабаванне Прэзідэнта - каб Мінск у гэтым плане быў прыкладам. "Хацеў бы пачуць вашы меркаванні ў плане кіравання горадам - як тут улада функцыянуе, што будзе далей", - дадаў беларускі лідар.

Размова ішла таксама аб добраўпарадкаванні горада. "Мінск - твар краіны, і на прыкладзе Мінска мы павінны паказаць рэгіёнам, як ён павінен развівацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пакуль, паводле слоў Прэзідэнта, тэмпы добраўпарадкавання горада недастатковыя і трэба павялічыць маштабы работ. "Па 2-3 участкі - гэта не нашы тэмпы. Трэба азадачыць усіх. У нас 9 кіраўнікоў адміністрацый - няхай арганізоўваюць людзей, задзейнічаюць мясцовае самакіраванне, жыллёва-камунальную гаспадарку, але так, каб мінчане ганарыліся сваім горадам", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адной тэмай, якую ўзняў Прэзідэнт, стаў стан спраў у сферы аховы здароўя сталіцы. Было адзначана, што раней Мінск у параўнанні з іншымі рэгіёнамі адставаў па асобных паказчыках, у тым ліку па наяўнасці аб'ектаў, аказанні медыцынскай дапамогі. Кіраўніка дзяржавы цікавіла і эпідэміялагічная абстаноўка ў Мінску, а менавіта ўзровень захваральнасці на COVID-19, дынаміка распаўсюджвання гэтага захворвання. Адказныя асобы далажылі Прэзідэнту, што паказчыкі захваральнасці на каранавірус у Мінску ніжэйшыя, чым фіксаваліся раней, калі сталіца была лідарам сярод рэгіёнаў па распаўсюджванні COVID-19.

Важным пытаннем, якое абмяркоўвалася ў Кіраўніка дзяржавы, стала забеспячэнне ў сталіцы парадку і бяспекі. "Мы павінны ўдзяляць гэтаму асаблівую ўвагу. На жаль, Мінск быў не на вышыні ў 2020 годзе. Але ў той жа час гэта нам урок - у якім напрамку трэба дзейнічаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна Прэзідэнт засяродзіў увагу на рабоце па падборы кадраў. "Зразумела, усе пытанні вырашаюць кадры. Што змянілася з вашым прыходам на працягу гэтых двух гадоў у кадравых адносінах? - спытаў беларускі лідар мэра Мінска Уладзіміра Кухарава. - Давайце будзем шчырымі, што ў кадравых адносінах, патрыятызме, надзейнасці гарвыканкам быў не на першым месцы. Што змянілася?"

Шэраг пытанняў Аляксандр Лукашэнка адрасаваў таксама памочніку Прэзідэнта - інспектару па Мінску Аляксандру Барсукову і ўпаўнаважаным Наталлі Качанавай і Івану Кубракову. "Я папярэджваў вас, як упаўнаважанага па горадзе, разам з Міністрам унутраных спраў і памочнікам: кадры, кадры, кадры, - сказаў Прэзідэнт. - Памылак быць не павінна. Я не штурхаю вас да таго, каб вы галовы ўсім знімалі, запіхвалі некуды людзей, крыўдзілі і гэтак далей. Але, калі ты не гатовы і не павінен працаваць у дзяржаўных органах улады, ты там быць не павінен. Калі ты хочаш краіне і Мінску прынесці карысць - калі ласка".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка спытаў, як выбудоўваецца ўзаемадзеянне паміж гарадскімі ўладамі і Урадам і ці ёсць нейкія праблемы па гэтай лініі. "Ці ёсць у вас прэтэнзіі нейкія да Урада? Можа, ёсць нейкія непаразуменні? Хоць, Наталля Іванаўна (Качанава. - Заўвага), Вы павінны былі ўрэгуляваць гэтыя пытанні як вышэйшая службовая асоба, кантакт гарвыканкама, Урада. Быццам бы, горад не крыўдзім, але, магчыма, ёсць нейкія праблемы", - адзначыў беларускі лідар.