Нарада па стварэнні партовых магутнасцей для экспарту беларускай прадукцыі
- 7
- 4:29
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня правёў нараду па стварэнні партовых магутнасцей для экспарту беларускай прадукцыі.
"Як мы раней дамаўляліся, сёння абмяркуем пытанне перавалкі беларускіх знешнегандлёвых грузаў, зразумела, у першую чаргу вялікія аб'ёмы калійных угнаенняў. Цяпер слабым звяном у ланцужку паставак з'яўляецца партовая інфраструктура і яе даступнасць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, для Беларусі цяпер выпаў добры шанц стварыць уласную партовую інфраструктуру. "Аб чым мы ўвогуле даўно марылі. Расійская Федэрацыя адкрыла для нас дзверы на ўсіх узроўнях. Прынамсі, з боку Прэзідэнта Расіі, з якім я вёў і вяду перагаворы па гэтых пытаннях, перашкод ніякіх няма, выключная падтрымка. Ці так гэта на вашым узроўні, я хацеў бы сёння пачуць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Па даручэнні Прэзідэнта Урад павінен быў падлічыць усе магчымыя варыянты. Ён пацікавіўся прапрацаванымі варыянтамі, коштам і тэрмінамі будаўніцтва, акупнасцю і магчымымі рызыкамі. "Сёння мы павінны вызначыцца, які напрамкак для нас больш зручны, выгадны па лагістыцы. Пабудаваць порт трэба хутка і з мінімальнымі затратамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"У нас няма часу чакаць, пакуль пабудуецца тая ці іншая інфраструктура ў якім-небудзь порце. Размова ідзе сёння перш за ўсё аб паўночна-заходнім рэгіёне Расійскай Федэрацыі. Прэзідэнт Расіі асабіста паказаў мне ўсе парты Піцера і вакол яго (ён ведае гэта дасканала) і прапанаваў: выбірайце любы напрамак. Але я яму сказаў, нам ужо сёння трэба грузіць. Кажа: любую кропку - і пачынайце грузіць. Таму, я так вобразна часта гавару, пакуль будзем будаваць, мяшкамі будзем грузіць. Зразумела, 12 мільёнаў тон і больш мяшкамі не загрузіш, але тым не менш гэта сведчыць аб тым, што мы ўжо сёння павінны літаральна на кожным свабодным квадратным метры расійскіх партоў грузіць свае тавары", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускія кампаніі ўжо вядуць гэту работу. "Але трэба паскарацца. Таму давайце абмяркуем пытанне перспектыўнае і бягучае, як будзем працаваць. З боку дзяржавы павінна быць поўная падтрымка. Такую ж падтрымку я атрымаў і ад Прэзідэнта Расіі. Скажыце, што трэба для таго, каб больш аператыўна будаваць і сёння ў існуючых партах (вы ведаеце, дзе ёсць свабодныя магутнасці) грузіць нашы грузы", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры ў сувязі з тым, што беларускі бок быў фактычна пазбаўлены ўласнасці ў клайпедскім порце.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што акрамя санкцый адносна транспарціроўкі калію, Літва таксама фактычна забрала ўласнасць беларускага прадпрыемства ў Клайпедзе. Як вядома, з 2013 года "Беларуськалій" з'яўляецца ўласнікам 30% акцый клайпедскага тэрмінала сыпучых грузаў BKT.
"Мала таго што гэтыя санкцыі незаконна ўвялі, дык яшчэ і фактычна забралі вашу ўласнасць", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў нарады.
"Адабралі", - удакладніў Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.
"Гэта не павінна беспакарана прайсці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Прадумайце і мне далажыце, якія меры мы можам і прымем у бліжэйшы час і ў сярэднетэрміновай перспектыве. Адбіраць уласнасць нікому не дазволена. Мала таго што там нашы санаторыі, дзе мы лячылі чарнобыльцаў, як ты кажаш, адабралі (размова пра санаторый "Беларусь" у латвійскай Юрмале, які вымушаны быў спыніць работу з-за санкцый. - Заўвага), дык і тут. Гэта ж немалыя грошы. Таму меры павінны быць прыняты як сёння-заўтра, так і паслязаўтра".