Сустрэча з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым

  • 10
  • 2:56

Падрыхтоўка да правядзення чарговага пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы абмеркавана 22 студзеня на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі і Старшыні ВДС Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым.

"Пасяджэнне ВДС (вышэйшы орган нашай Саюзнай дзяржавы) - парадак дня прыкладны ёсць, скажам так. Ніхто нікому не забараняе ўносіць прапановы і змяненні аж да разгляду і зацвярджэння яго ў тым ліку на пасяджэнні ВДС. Прыярытэтнае пытанне - выкананне саюзных праграм, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы заўсёды канстатавалі, што мы тут нядрэнна працуем. Размова будзе сур'ёзная, прынцыповая".

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што напярэдадні пасяджэння ВДС плануецца правесці перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у фармаце сам-насам. "Абмяркуем прынцыповыя пытанні. Калі будуць нейкія дапаўненні да таго парадку дня, які прапанаваны, мы непасрэдна на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета ўнясём такія прапановы", - заявіў беларускі лідар.

Ён папрасіў Дзмітрыя Мезенцава далажыць, наколькі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы гатовы да правядзення мерапрыемства: "Як праводзіць будзем, якія асаблівасці? Можа, трэба прымаць якія-небудзь рашэнні, цяжкасці, складанасці? У гэтым плане што ў нас?"

Дзяржсакратар падзякаваў за магчымасць сустрэчы, у час якой ён праінфармаваў аб дзейнасці Пастаяннага камітэта СД, а таксама аб узаемадзеянні бакоў у фарматах Саюзнай дзяржавы. Паводле слоў Дзмітрыя Мезенцава, пасяджэнне ВДС "мае асаблівае значэнне". Што датычыцца парадку дня гэтага мерапрыемства, то, як паведаміў Дзяржсакратар, на зацвярджэнне прэзідэнтаў Беларусі і Расіі будзе вынесены праект дакумента аб новым трохгадовым перыядзе рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні СД - на 2024-2026 гады.

"На пасяджэнні Савета Міністраў (Саюзнай дзяржавы. - Заўвага) 29 лістапада зацверджаны праект Дэкрэта Вышэйшага дзяржсавета, які падводзіць вынік работы над 28 саюзнымі праграмамі і які вызначае, калі падтрымаеце Вы і Уладзімір Уладзіміравіч (Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. - Заўвага), члены Вышэйшага дзяржсавета, новы трохгадовы этап, уключаючы 2026 год, па рэалізацыі асноўных палажэнняў Дагавора аб стварэнні СД", - сказаў Дзмітрый Мезенцаў.

Ён падкрэсліў, што дзякуючы рашэнню кіраўнікоў дзяржаў, прынятаму ў лістападзе 2021 года, па фарміраванні 28 саюзных праграм быў новы перыяд эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі. "Гэта комплексны, узаемаўвязаны маштабны дакумент, які вывеў сістэму адносін у СД на прынцыпова іншы ўзровень", - адзначыў Дзяржсакратар.