Цырымонія ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам

  • 36
  • 28:54

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў навуковым і навукова-педагагічным работнікам дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара. Урачыстая цырымонія адбылася 31 студзеня ў Палацы Незалежнасці.

"Літаральна тыдзень таму, уручаючы Знак якасці лепшым беларускім прадпрыемствам, я гаварыў аб тым, што важнейшымі апорамі суверэннай дзяржавы з'яўляюцца ў тым ліку традыцыі. Тыя, якія сфарміравала само жыццё і якія ўкараніліся ў грамадскай свядомасці. Сённяшняя наша сустрэча адносіцца да такіх традыцый, калі у канцы студзеня мы збіраемся з нагоды Дня навукі, каб ушанаваць новых дактароў навук і прафесараў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што Беларусь за гады сваёй незалежнасці пабудавала сур'ёзную навуковую і вытворчую базу, якая дае магчымасць паспяхова развіваць эканоміку, павышаць узровень і якасць жыцця людзей, умацоўваць абараназдольнасць краіны.

"Дзякуючы намаганням многіх пакаленняў нашых беларускіх вучоных, спецыялістаў сёння айчынная навука ўпэўнена развіваецца па ўсіх напрамках. Кожны з вас - прыклад для калег, якія, ідучы за вамі, вучацца гэтак жа верыць у сябе, ставіць перад сабой вялікія мэты і цвёрда, упарта ісці да гэтых мэт", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі прадоўжаць развіваць нацыянальныя навуковыя школы ў тым ліку для таго, каб даць новым пакаленням маладых вучоных шырокае поле магчымасцей для самарэалізацыі.

"Мы жывём у эпоху небывалага навуковага прагрэсу. Але час не выбіраюць. Выбірае сам час. Гэта ён сёння ставіць нам задачы адна складанейшая за іншую. Задачы, якія без навукі, без вас, паважаныя вучоныя, вырашыць немагчыма. Далей рухацца без рэальнай навукі немагчыма. Адсюль і стаўленне дзяржавы да навукі", - заўважыў беларускі лідар.

"Нам у бліжэйшыя гады трэба істотна паскорыць інтэлектуальную мадэрнізацыю нашай эканомікі. Толькі пры такой стратэгіі магчымы прарыў, які забяспечвае новую якасць жыцця. І, я нават сказаў бы, выжывальнасць любога грамадства", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Каб вы разумелі вастрыню моманту. Сёння навука азначае незалежнасць дзяржавы. Тэхналогіі захапілі свет, а краіны, якія валодаюць імі, не проста багацеюць, але ўжо дыктуюць правілы жыцця, актыўна фарміруюць новае светаўладкаванне. І суровая праўда жыцця ў тым, што мы вымушаны змагацца за сваё месца ў новым высокатэхналагічным свеце", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"У бліжэйшы час мы сустрэнемся ў Нацыянальнай акадэміі навук з навуковай грамадскасцю і прадметна абмяркуем пытанні, якія сёння стаяць перад дзяржавай і навукай. Але хачу яшчэ раз дакладна абазначыць маю пазіцыю. Наш прыярытэт - прыкладныя навуковыя даследаванні ў тых сферах, дзе ў нас ёсць сур'ёзныя кампетэнцыі і якія запатрабаваны эканомікай і самім жыццём. Пад гэтыя задачы мы заўсёды знойдзем сродкі і створым самыя спрыяльныя ўмовы для вучоных", - запэўніў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што гэта цырымонія - прызнанне заслуг кожнага з яе ўдзельнікаў, а таксама важных для краіны поспехаў і дасягненняў. "Яны дэманструюць патэнцыял і магчымасці нашага народа, а таксама сілу яго інтэлекту, - адзначыў Прэзідэнт. - Я ад душы дзякую за вялікую творчую працу, мэтанакіраванасць, адданасць любімай справе, якой вы прысвячаеце сваё жыццё. Перакананы, што вы яшчэ шмат зробіце на карысць Беларусі. Я хацеў бы, каб вы маглі зрабіць многае для нас".

"Я вельмі паважаю працу вучоных, схіляюся перад працай вучоных. Наколькі гэта магчыма, разумеючы, што без навукі ніяк, дапамагаў вучоным. У гэтай пяцігодцы ўвага будзе яшчэ больш пільная. Але гэта ўвага не так - агулам і без разбору. Я сказаў, чаму больш будзем удзяляць увагу - тое, што патрабуецца на рынку сёння і ў грамадстве (не толькі ў нашым), тое мы і будзем падтрымліваць. Тое, што прыносіць грошы, сродкі. І як бы ні было цяжка, мы апошнія грошы аддадзім для вучоных, але патрэбны вынік. Без выніку ніякай падтрымкі быць не можа", - заявіў беларускі лідар.

"Мы будзем вас падтрымліваць па канкрэтных напрамках - тое, што прыносіць вельмі вялікую карысць. Калі ўклалі рубель і 15 рублёў будзе аддача, - дзверы для вас будуць адчынены заўсёды", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У час размовы з вучонымі Прэзідэнт нагадаў ім аб сваіх даручэннях па лёне. "Калі шчыра, то я ад Інстытута лёну не ў захапленні. Прынамсі ў сябе вы навучыліся вырошчваць лён (не прычэпішся: выдатны, кожны год гэта бачу), але я вам даручаў стварыць сістэму па ўсёй краіне, каб быў вынік, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы аднавілі і льнонасенстанцыі, таму што без насення які можа быць даўгунец, і гэтак далей. Але эфекту мы не атрымалі. Таго, аб чым дамаўляліся. Улічыце, што патрэбны вынік. Падумайце, як мы будзем вырошчваць лён".

Прэзідэнт падкрэсліў, што лён - гэта нацыянальны сімвал і важная культура для Беларусі.

"Я, памятаю, збіраў капейкі па краіне для таго, каб мадэрнізаваць Аршанскі льнокамбінат. Робім выдатныя рэчы там. Можа, нашы жанчыны не зусім разумеюць, што такое лён, але пакрыху пачынаюць разумець. І пасцельныя рэчы, і адзенне. Так, яно, магчыма, больш мнецца і іншае, але незаменнае для здароўя. Нават спецыялісты кажуць, што мы паспяхова змагаемся з анкалогіяй, выкарыстоўваючы льнопрадукцыю. Для нас, для ўсяго свету гэта вельмі актуальна. Таму лёну быць, але патрэбны вынік", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у лабараторных умовах беларускія вучоныя ствараюць добрыя ўзоры, а вось на палях справы ідуць горш. Адпаведна, вытворчасці не забяспечаны якаснай сыравінай.

"Таму давайце дамовімся, што з гэтага года мы прадметна пачнём рэалізоўваць хаця б тое, што я вам даручыў. Калі нешта трэба, вы скажыце. Толькі не расказвайце мне, што ў вас севазварот не той, што лён праз 5-7 гадоў вяртаецца на адно і тое ж месца і нехта гэтага не хоча рабіць. У вас у руках усе паўнамоцтвы і рэсурсы, рабіце. Нам патрэбны лён", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што льнопрадукцыя запатрабавана на замежных рынках. Аж да таго, што скупляецца нават не самая якасная сыравіна.

"Я ўжо не гавару пра добры лён. З'ездзіце ў Оршу паглядзіце: збіралі па ўсім свеце абсталяванне для таго, каб мадэрнізаваць ільнокамбінат. Ніхто лёнам практычна ўжо не займаецца. Сабралі, зрабілі гэтыя лініі - робім сёння добрую прадукцыю. Вучоныя пакуль адстаюць. Таму звярніце на гэта больш сур'ёзна ўвагу", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Доктар палітычных навук, прафесар, дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Леанід Мальцаў, выступаючы на цырымоніі, звярнуў увагу, што на сваіх папярэдніх пасадах атрымаў вялікі вопыт канкрэтнай рэальнай дзейнасці па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі.

"Менавіта гэты вопыт я выкарыстоўваю у сваёй навуковай і выкладчыцкай дзейнасці. Ваша пастаянная ўвага да пытанняў забеспячэння нацыянальнай бяспекі, паглыбленне ў існуючыя праблемы прымушае мяне заўсёды шукаць максімальна эфектыўныя шляхі вырашэння гэтых праблем, у тым ліку і дасканала вывучаць вопыт іншых дзяржаў", - сказаў ён Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

Леанід Мальцаў прадоўжыў: "Сёння, калі супраць нас вядзецца так званая гібрыдная вайна, вельмі важна, з аднаго боку, выкрываць ідэалагічныя дыверсіі і фэйкі, а з другога - развіваць нашу паліталагічную навуку. У нас склалася ўнікальная палітычная сістэма. Самае галоўнае, што яна адпавядае нацыянальным інтарэсам, адпавядае нашым нацыянальным каштоўнасцям. Яна пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца".

"Як вядома, навука павінна асвятляць шлях практыкі. Таму паліталогія павінна і можа прапанаваць напрамкі далейшага развіцця нашай палітычнай сістэмы, - выказаў упэўненасць прафесар. - Напрыклад, як нам неабходна далей развіваць пытанні грамадзянскай супольнасці, партыйнага будаўніцтва. Нам не трэба некага капіраваць, нам трэба, вядома, вывучаць вопыт і іншых дзяржаў, але выкарыстоўваць гэты вопыт толькі ў адпаведнасці з нашымі нацыянальнымі каштоўнасцямі".

Ён звярнуў увагу, што такая работа вялася і вядзецца: "Пастаянна вялася дэталёвая работа па падрыхтоўцы новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Цяпер ідзе распрацоўка пытанняў ідэалагічнай бяспекі. Пачата навуковая работа па тэме ўмацавання народаўладдзя. У рамках павышэння кваліфікацыі, падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў у Інстытуце дзяржаўнай службы мы глыбока вывучаем пытанні забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Прычым робіцца гэта, як і патрабуецца, практыка-арыентавана".

Леанід Мальцаў выказаў удзячнасць Аляксандру Лукашэнку за ўвагу да беларускай навукі, падтрымку вучоных.

Рэагуючы на выступленне Леаніда Мальцава, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на яго багаты кіраўніцкі вопыт на чале розных сілавых структур, уключаючы пасады Міністра абароны і Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі. Спецыялісты высокага ўзроўню, якія маюць вопыт работы на дзяржслужбе, ёсць і ў іншых ВНУ. Увесь гэты шмат у чым унікальны вопыт цяпер трэба перадаць выкладчыкам, а таксама студэнтам і слухачам Акадэміі кіравання.

"Акадэмія павінна стаць вядучай. Не таму, што яна пры Прэзідэнце. А таму, што хутка гэтыя "акадэмікі" будуць кіраваць краінай. Гэта вярхушка, там жа і перападрыхтоўку праходзяць некаторыя", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што некаторыя не толькі маладыя, але і старэйшыя выкладчыкі, якія ўжо доўга працуюць у навучальнай установе, "некалькі адарваліся ад жыцця". "Дык вось ваша задача спусціць іх на гэту грэшную зямлю. Як вы сказалі, зрабіць практыка-арыентаваным наша навучанне і нашу навуку. На такіх, як вы, спецыялістаў я разлічваю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я вас пераканаўча прашу, каб вакол вас фарміравалася гэта здаровае ядро, якое на зямлю будзе спускаць усіх тых, хто, як вы правільна сказалі, прывык хапаць чужы вопыт і пераносіць у Беларусь".

"Гэта не наш шлях. Мы ішлі ад зямлі, мы рабілі тое, што трэба было людзям. Пакрыху паднімаліся наверх і стварылі тое, што народу падабаецца. Апошнія выбары гэта прадэманстравалі. Можа, камусьці не падабаецца. Але народу гэта падабаецца. Мы гэта для людзей робім. І мы гэта павінны захаваць. Роля вучоных павінна быць неймаверна высокая, вучоных усіх напрамкаў: ад гісторыкаў, палітолагаў да вучоных, якія займаюцца сельскай гаспадаркай", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт удакладніў, што для фундаментальнай навукі таксама адводзіцца важная роля і ёй прадоўжаць удзяляць увагу, але толькі ў тых напрамках, "якія будуць замыкацца на наша жыццё, на нашу практыку".

Для Беларусі цяпер няма неабходнасці ўкладваць значныя фінансавыя сродкі ў фундаментальныя навуковыя даследаванні па шырокім спектры напрамкаў, як гэта рабілі ў свой час, напрыклад, у Савецкім Саюзе. "Трэба, не трэба - развівалі. Спатрэбіцца. Сапраўды, веды за плячамі насіць не будзеш, яны заўсёды спатрэбяцца. Але ў нас няма столькі сродкаў, і неабходнасці сёння такой няма". Для таго, каб рухацца наперад і развівацца, трэба займацца тымі сферамі, дзе ў Беларусі ўжо назапашаны добры вопыт і кампетэнцыі, упэўнены Прэзідэнт.

Менавіта так адбываецца, напрыклад, з машынабудаваннем. У Беларусі даўно склалася моцная навуковая школа ў гэтым напрамку дзейнасці, ёсць прамысловыя прадпрыемствы з багатым вопытам укаранення распрацовак і вытворчасці. Цяпер аказалася запатрабаванай вытворчасць электратранспарту. Вось на гэтым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, і неабходна засяродзіць намаганні і вучоных, і практыкаў. "Тое, што патрабуе наша жыццё, нашы людзі, - на гэтым павінна быць сканцэнтравана ўвага", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы арыентаваў усіх на актыўную, інтэнсіўную работу. "Мы ўсё ўмеем рабіць, нас губіць лянота, мы лянівыя", - заўважыў ён. Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на важнасць імпартазамяшчэння: "Давайце мы зробім самі. На жаль, мне даводзіцца нашых спецыялістаў вельмі сур'ёзна ў гэтым плане падштурхоўваць. Часам, як вы кажаце, дыктатарскімі метадамі. А куды дзявацца. Трэба выжыць, трэба выстаяць", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў аб важнасці практыкаарыентаванасці ў навуцы, адзначыўшы, што паступова і беларускія вучоныя сталі гэта ўлічваць у сваёй дзейнасці. Але рабіць гэта, паводле слоў Прэзідэнта, трэба значна хутчэй.

"Навука нарэшце пакрыху, але пачынае ў гэтым напрамку разгортвацца. Але толькі пачынае разгортвацца. А мы ўжо ўсе павінны быць там, у гэтым працэсе, калі мы хочам выжыць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Выбары - гэта не толькі перамога. Я ж разумею, чаго хочуць людзі. Але без саміх людзей мы гэтага не зробім. Без навукі тым больш, - прадоўжыў ён. - Гэта пяцігодка - не толькі пяцігодка моладзі. Гэта пяцігодка вучоных. Мне няважна, якія вы будзеце - маладыя, пажылыя, сярэдняга ўзросту або зусім старыя. Галоўнае, каб вы маглі генерыраваць не толькі ідэі, але і іх сур'ёзна распрацоўваць і рабіць іх прыкладнымі для нашага жыцця, для нашай эканомікі. Гэта галоўнае. Будзе эканоміка - будзе і краіна".

Аляксандр Лукашэнка таксама абмеркаваў з вучонымі наступствы надзвычай цёплай зімы.

Звяртаючыся да дырэктара Інстытута аховы раслін Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандра Запрудскага, Прэзідэнт спытаў: " У сувязі з неверагоднай зімой (такога наогул ніколі не было), што нам чакаць вясной?"

Вучоны растлумачыў, што цяпер спецыялісты ўжо манітораць абстаноўку ў рэгіёнах, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці. "Сочым за фітасанітарнай абстаноўкай. Вядома, яна будзе няпростая. Яшчэ паглядзім, які будзе люты. Перадаюць замаразкі. У цэлым гэта спрыяльна для нас і неспрыяльна для насякомых-шкоднікаў. Вядома, трымаем руку на пульсе і пры неабходнасці праводзім абследаванне, - сказаў ён. - У нас на кантролі ўсе вобласці, раёны ў плане аховы раслін".

"На што звярнуць увагу неабходна перш за ўсё?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

"Перш за ўсё на масавы вылет шкодных арганізмаў, шкоднікаў", - растлумачыў вучоны. Ён удакладніў, што калі раней ключавым паказчыкам для вызначэння фітасанітарнай абстаноўкі быў красавік, то "цяпер ужо ў лютым і сакавіку трэба больш пільна і ўважліва глядзець".

Гаворачы аб зімоўцы сельскагаспадарчых пасеваў, Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў заўважыў, што цяперашняя зіма - выключная для Беларусі. "Мы праводзім абследаванне пасеваў па ўсіх рэгіёнах. Вучоныя бяруць пробы, глядзяць за станам", - расказаў ён.

"Гэта значыць расліны ў спакоі, спяць?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

"Пакуль у спакоі. Калі нават пачнуцца хаця б маленькія маразы, у прынцыпе, усё захаваецца, ніякіх праблем і небяспек, спадзяёмся, не будзе", - адзначыў Уладзімір Гусакоў.

"На наступным тыдні замаразкі будуць і будуць скачкі да мінус 15 пры праясненнях. Мінус 12-13 градусаў замаразкі будуць, але праз тыдзень гэты скачок зноў пойдзе ўніз і, як вы гаворыце, мы спадзяёмся, што бліжэй да адзінкі або мінус трох маразы будуць. Калі поўдзень, то гэта не зусім страшна. Там у нас вялікіх маразоў пакуль не будзе. Можа, да сакавіка мы вытрымаем. Раней давядзецца падкарміць пасевы, паколькі яны зрасходавалі нямала пажыўных рэчываў", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы выпрацоўваем рэкамендацыі для ўсіх рэгіёнаў, для ўсіх гаспадарак, як дзейнічаць", - дадаў кіраўнік НАН.

Дыпломы доктара навук Кіраўнік дзяржавы ўручыў 11 вучоным.

У іх ліку доктар фізіка-матэматычных навук, дацэнт, прафесар кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій БДУ Аляксандр Палякоў. Вучоная ступень доктара прысуджана яму за развіццё тэорыі працэсу рэцыркуляцыі аптычных сігналаў у замкнёных валаконна-аптычных сістэмах са спектральным раздзяленнем інфармацыйных каналаў. Атрыманыя вынікі з'яўляюцца асновай для стварэння вымяральнікаў розных фізічных велічынь. Могуць выкарыстоўвацца ў спецыялізаваных аптычных працэсарах, лазернай касмічнай сувязі і ў падземных валаконных сістэмах аховы перыметра для кантролю падыходаў да забаронных зон рэжымных і стратэгічных аб'ектаў.

Вучоная ступень доктара хімічных навук прысуджана дацэнту, загадчыку кафедры экалагічнай хіміі і біяхіміі Інстытута імя А.Д. Сахарава Белдзяржуніверсітэта Сіямаку Насеру Шахабу за распрацоўку фізіка-хімічных асноў стварэння плёначных палярызатараў на аснове пафарбаваных палімераў і палімерных кампазітаў для вадкакрышталічных індыкатараў і ўстройстваў оптаэлектронікі. Вынікі выкарыстаны ў вытворчасці паляроідаў пры вырабе дазіметраў, вытворчасці прыбораў праверкі сапраўднасці дакументаў, дэфектаскопаў.

Дацэнт, начальнік Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Іван Палявода ўдастоены вучонай ступені доктара тэхнічных навук за распрацоўку комплекснай ацэнкі вогнеўстойлівасці сучасных будаўнічых канструкцый з высокатрывалага, мадыфікаванага і цэнтрыфугаванага бетонаў, танкасценных і папярэдне напружаных канструкцый. Устаноўлены заканамернасці іх паводзін і механізмы разбурэння пры пажары, распрацаваны метады вызначэння межаў вогнеўстойлівасці і эфектыўныя рашэнні вогнеаховы. Гэта дае магчымасць пры праектаванні мадэляваць жыццёвы цыкл будынкаў у асаблівых разліковых сітуацыях пажару і гарантаваць пажарную бяспеку будынкаў і збудаванняў.

Вучоная ступень доктара сельскагаспадарчых навук прысуджана дацэнту, загадчыку лабараторыі селекцыі лёну-даўгунцу Інстытута лёну Віктару Богдану за новыя навуковыя і практычныя вынікі ў селекцыі лёну-даўгунцу, якія ўключаюць стварэнне генетычнага фонду лёну-даўгунцу (628 узораў з 33 краін свету) і вылучэнне генаў гаспадарча карысных прыкмет.

Яшчэ адзін доктар сельскагаспадарчых навук - дацэнт, дырэктар Інстытута аховы раслін НАН Беларусі Аляксандр Запрудскі. Ён удастоены гэтай вучонай ступені за распрацоўку і ўкараненне навукова абгрунтаванага комплексу асноўных агратэхнічных і аграхімічных прыёмаў тэхналогіі вырошчвання кармавых бабоў на зерне.

Вучоная ступень доктара гістарычных навук прысуджана дацэнту, рэктару Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыне Кітурка за вывучэнне дзейнасці дзяржаўнай мытнай службы ў 1764-1795 гадах. Атрыманыя вынікі выкарыстоўваюцца пры выкладанні ў ВНУ, а таксама пры стварэнні музейных экспазіцый і навукова папулярных выданняў па айчыннай гісторыі.

Дацэнту, прафесару кафедры акушэрства і гінекалогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ Ірыне Верас прысуджана вучоная ступень доктара медыцынскіх навук за распрацоўку і ўкараненне ў практычную ахову здароўя новага комплексу праграм дыягностыкі, прагназавання і лячэння пасляродавага эндаметрыту. Прымяненне гэтага комплексу дае магчымасць выявіць гэту паталогію на ранніх стадыях і своечасова назначыць тэрапію - даказана яго эфектыўнасць у зніжэнні мацярынскай захваральнасці ў 2,4 раза і паляпшэнні рэпрадуктыўнага здароўя жанчын.

Вучоная ступень доктара медыцынскіх навук прысуджана дацэнту, прафесару кафедры псіхіятрыі, наркалогіі, псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДМУ Таццяне Емяльянцавай за распрацоўку і ўкараненне метадаў дыягностыкі, рэабілітацыі і абілітацыі, медыка-сацыяльнай экспертызы дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ), а таксама з іншымі расстройствамі нейрапсіхічнага развіцця, у тым ліку расстройствы аўтыстычнага спектра. Ажыццяўленне распрацаванай праграмы рэабілітацыі і абілітацыі дае магчымасць скараціць да 5 гадоў тэрмін аднаўлення жыццядзейнасці дзяцей з СДУГ.

Яшчэ адзін доктар медыцынскіх навук - дацэнт, намеснік дэкана лячэбнага факультэта БДМУ Аляксей Кадушкін. Вучоная ступень прысуджана яму за распрацоўку метаду прагназавання эфектыўнасці прымянення глюкакартыкоідаў у пацыентаў з абвастрэннем хранічнай абструкцыйнай хваробы лёгкіх. Метад дазваляе ажыццяўляць персаніфікаванае лячэнне пацыентаў, якія пакутуюць на гэта захворванне.

Вучоная ступень доктара медыцынскіх навук таксама прысуджана дацэнту, начальніку кафедры ваенна-палявой хірургіі Ваенна-медыцынскага інстытута БДМУ Дзмітрыю Клюйко за распрацоўку, навуковае абгрунтаванне і ўкараненне ў клінічную практыку новага персаніфікаванага падыходу да аказання медыцынскай дапамогі пацыентам са спаечнай хваробай органаў брушной поласці. Гэта дало магчымасць дабіцца адсутнасці смяротных зыходаў і скараціць колькасць пасляаперацыйных ускладненняў у 3,4 раза.

Доктарам медыцынскіх навук таксама стаў рэктар Віцебскага медуніверсітэта Аляксей Чуканаў за распрацоўку і ўкараненне ў клінічную практыку міжраённых рэсурсных цэнтраў прэнатальнай дыягностыкі Рэспублікі Беларусь высокаэфектыўных метадаў дародавай дыягностыкі парокаў развіцця ў плода, якія садзейнічаюць зніжэнню прэнатальных страт і інвалідызацыі дзяцей.

Атэстаты прафесара Прэзідэнт уручыў доктару біялагічных навук, прафесару, члену-карэспандэнту НАН Беларусі, акадэміку-сакратару Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі Алегу Баранаву (спецыяльнасць "біялогія"), прафесару, загадчыку кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміру Дулаву (мастацтва), прафесару, загадчыку кафедры комплекснага вывучэння развіцця КНР Белдзяржуніверсітэта Руслану Есіну (паліталогія), доктару тэхнічных навук, прафесару, намесніку старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Дзянісу Капскаму (транспарт), доктару медыцынскіх навук, прафесару, прафесару 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ Іне Казыра (медыцына), доктару палітычных навук, прафесару, дырэктару Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Леаніду Мальцаву (паліталогія), доктару медыцынскіх навук, прафесару, загадчыку Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Ганне Парцянка (медыцынская біялогія).