Сустрэча з дэлегацыяй Панафрыканскага парламента
- 11
- 6:25
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня правёў сустрэчу з дэлегацыяй Панафрыканскага парламента, у час якой пацвердзіў гатоўнасць Беларусі да развіцця адносін з краінамі кантынента.
Гэта першы візіт такой прадстаўнічай дэлегацыі Панафрыканскага парламента ў Беларусь. На чале дэлегацыі - Старшыня гэтага парламента Фарчун Зефанія Чарумбіра. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што даўно сочыць за развіццём адносін паміж парламентам Беларусі і Панафрыканскім парламентам. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта пад старшынствам Фарчуна Зефаніі Чарумбіры ўзаемадзеянне стала больш актыўным.
"Тое, што мы рушылі наперад у наладжванні супрацоўніцтва, для мяне нядзіўна. Вы ж, спадар старшыня, - зімбабвіец, а значыць, прадстаўнік вельмі дружалюбнай нам дзяржавы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён папрасіў пасля вяртання перадаць самыя цёплыя пажаданні свайму сябру - Прэзідэнту Зімбабвэ Эмерсану Мнангагву. "Чакаем яго з візітам у Мінску ў бягучым годзе, - сказаў Прэзідэнт. - Калі вы з ім прыедзеце, мы таксама будзем рады".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь падтрымлівае партнёраў з Афрыкі ў імкненні вырабляць прадукты харчавання за кошт унутраных рэсурсаў і быць незалежнымі ад знешніх фактараў. "З 2020 года Зімбабвэ сумесна з намі паспяхова ажыццяўляе праграму механізацыі сельскай гаспадаркі. Вы павінны быць упэўнены, што мы будзем прадаўжаць гэты свой рух, калі вам будзе выгадна. Інтарэс да беларускага вопыту развіцця аграсектара ёсць у Егіпта, Алжыра, Мазамбіка, Эфіопіі, Кеніі, Нігерыі і іншых дзяржаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"У цэлым наша супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі выглядае шматабяцальным. Мы бачым інтарэс і з вашага боку", - заявіў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу на тое, што да сустрэчы далучыліся прадстаўнікі розных рэгіёнаў Афрыканскага кантынента. Гэта старшыня Нацыянальнага савета правінцый Парламента Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Рэфілве Мцвені-Цыпане, член Панафрыканскага парламента, дэпутат Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Каба-Вердэ Карла Саланге Фортэс Ліма і член Панафрыканскага парламента, дэпутат Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Кенія Эстэр Мутані Пасарыс.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі надаюць вялікае значэнне развіццю ўсебаковага партнёрства з ПАР. "Гэта датычыцца здабычы карысных выкапняў, узаемадзеяння ў сферах энергетыкі, сельскай гаспадаркі, навукі і адукацыі. Важнае месца займае праект па зборачнай вытворчасці трактароў на аснове беларускіх тэхналогій", - пералічыў Кіраўнік дзяржавы напрамкі для развіцця супрацоўніцтва.
Беларуска-кенійскія адносіны таксама ўпэўнена развіваюцца. "У канцы 2023 года ў мяне адбыліся вельмі канструктыўныя, сардэчныя і дружалюбныя перагаворы ў Найробі з Прэзідэнтам Кеніі Уільямам Рута. Спадзяюся на наша далейшае ўзаемадзеянне. Я афіцыйна запрасіў Прэзідэнта Кеніі наведаць Беларусь з афіцыйным візітам і чакаю яго ў любы час, - сказаў Прэзідэнт. - Ведаю пра зацікаўленасць Кеніі ў забеспячэнні харчовай бяспекі, развіцці прамысловасці. Мы можам унесці свой уклад у рэалізацыю гэтых важнейшых задач".
Што датычыцца адносін з Каба-Вердэ, то яны пакуль не маюць актыўнага характару. "Але апошнія гады мы ўдзяляем вялікую ўвагу Заходняй Афрыцы. У рэгіёне рэалізуецца шэраг перспектыўных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, барацьбы з надзвычайнымі сітуацыямі. Разлічваю, што ваш прыезд у Мінск надасць імпульс далейшым кантактам", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да Карлы Саланге Фортэс Лімы.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў гатоўнасць да дыялогу з афрыканскімі дзяржавамі. "Хацеў бы пачуць вашы ўражанні ад наведвання Беларусі, пажаданні і прапановы аб супрацоўніцтве ў канкрэтных галінах. Вельмі важна наладзіць нам з вамі цеснае супрацоўніцтва. Гэта было б добрым вынікам вашага знаходжання ў Беларусі і сігналам для кіраўніцтва вашых краін, ды і іншых краін Афрыкі", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Старшыня Панафрыканскага парламента Фарчун Зефанія Чарумбіра ў сваю чаргу павіншаваў беларускага лідара з уражальнай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах.
"Мы лічым, што народ Беларусі скарыстаў сваю свабодную волю ў выказванні свайго жадання бачыць Вас Прэзідэнтам. Таму я віншую Вас з такой уражальнай перамогай. Такая велізарная колькасць галасоў на Вашу карысць паказвае, што людзі ў Рэспубліцы Беларусь упэўнены ў Вас, яны давяраюць Вам", - сказаў Фарчун Зефанія Чарумбіра.
Ён таксама адрасаваў словы ўдзячнасці кіраўніцтву абедзвюх палат беларускага парламента за запрашэнне членаў Панафрыканскага парламента для назірання за выбарамі.
У прадаўжэнне размовы Фарчун Зефанія Чарумбіра растлумачыў, што Панафрыканскі парламент з'яўляецца кантынентальным органам, у ім прадстаўлены 55 дзяржаў - членаў Афрыканскага кантынента, кожная з якіх накіроўвае толькі 5 прадстаўнікоў. Таму, паводле яго слоў, усе наглядальнікі, якія былі ў Беларусі, прадстаўляюць інтарэсы і галасы мільёнаў жыхароў Афрыкі.
Характарызуючы свой візіт у Беларусь, Старшыня Панафрыканскага парламента падкрэсліў: "Я рады ўдзельнічаць у сапраўды цёплых, дружалюбных сустрэчах, якія, я ўпэўнены, унясуць свой уклад у развіццё нашых адносін не толькі з парламентам Беларусі, але і з народам гэтай краіны ў самых розных галінах - сельскай гаспадарцы, прамысловасці. Нам патрэбны гэтыя сувязі".


