Цырымонія ўручэння сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці
- 18
- 13:58
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўручыў першыя ў гісторыі суверэннай Беларусі Дзяржаўныя знакі якасці прадстаўнікам прадпрыемстваў, прадукцыя якіх удастоена гэтай высокай ацэнкі. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася 23 студзеня ў Палацы Незалежнасці.
"Любая суверэнная, незалежная дзяржава, якая сябе такой лічыць, павінна мець свае сур'ёзныя традыцыі, якія ўкараніліся ў свядомасці людзей. І я вельмі спадзяюся, што сённяшні знакавы дзень ва ўсіх сэнсах стане такой традыцыяй", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы цырымонію.
Прэзідэнт нагадаў, што роўна год таму быў заснаваны Дзяржаўны знак якасці - атрыбут афіцыйнага прызнання, а цяпер вызначаны першыя ў гісторыі маладой незалежнай беларускай дзяржавы ўладальнікі гэтай найвышэйшай узнагароды.
"Гэта вядомыя ўсім маркі, пра якія мы з гонарам гаворым: "Зроблена ў Беларусi". Яны прайшлі жорсткі адбор на адпаведнасць крытэрыям інавацыйнасці, тэхналагічнасці, бяспекі і шэрагу іншых. У лінейцы пераможцаў нашы знакамітыя аўтатэхніка і прадукты, якія палюбіліся мільёнам людзей на розных кантынентах. Дзіцячае харчаванне, якім кормяць малышоў нават у далёкай Афрыцы. І, вядома ж, вырабы з беларускага лёну, аднаго з нашых нацыянальных сімвалаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, спіс намінантаў мог быць яшчэ большым, паколькі дастойных нямала. У конкурсе ўдзельнічала амаль 220 арганізацый-вытворцаў, на атрыманне знака якасці прэтэндавала 660 тавараў.
"Гэта было спаборніцтва мацнейшых і роўных. І тым каштоўней перамога для тых, хто перамог. Рэспубліканская атэстацыйная камісія і самыя строгія суддзі - каля 50 тыс. беларускіх грамадзян-спажыўцоў - вызначылі дваццатку самых знакавых айчынных тавараў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мэта адраджаемай традыцыі - стварыць механізм унутранай канкурэнцыі, пры якім захаваць гэты ганаровы знак стане не менш важным і, магчыма, нават больш цяжкім, чым атрымаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што на цырымоніі прысутнічаюць далёка не ўсе, хто прывёў свой тавар на вяршыню поспеху, прычым каманднага поспеху. "Ён немагчымы без умелага кіравання і працы тых, хто стварае на прадпрыемстве ўнікальныя прадукты, - канструктары і праекціроўшчыкі, рабочыя і тэхнічны персанал, сэрвісныя брыгады, маркетолагі і іншыя. Словам, гэты поспех складзены з намаганняў соцень і тысяч людзей. Усім вам - вялікі дзякуй. Вы сапраўды героі сённяшняга дня", - заявіў беларускі лідар.
"Год якасці і цяперашняя пяцігодка якасці - самая актуальная стратэгія развіцця на гэтым гістарычным этапе, наш адказ на выклікі часу, пытанне нацыянальнага суверэнітэту", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што цяпер час вельмі жорсткай канкурэнцыі ва ўсіх сферах - ад вытворчасці да грамадзянскай супольнасці. І на ўсіх узроўнях - ад асабістай прафесійнай рэалізацыі да ўмацавання пазіцыі краіны ў глабальным светапарадку.
"Якасць - адначасова і канчатковы вынік, і шлях. Гэта наш асноўны рэсурс разам з працавітасцю, інтэлектам і дысцыплінай, дзякуючы якім мы жывём у незалежнай краіне насуперак беспрэцэдэнтнаму націску. Трыццаць гадоў - мірных і стваральных, - канстатаваў Прэзідэнт. - Наша краіна будзе канкурыраваць у сваёй вытворчасці заўсёды, таму што тое, што мы вырабляем (нават добрай, высокай якасці), вымушана будзе канкурыраваць з іншымі дзяржавамі, якія вырабляюць такія ж прадукты".
"Пачаўшы з вырашэння надзённых пытанняў выжывання ў пачатку свайго шляху, мы цяпер выйшлі на траекторыю развіцця. Развіцця, я вельмі спадзяюся, сур'ёзнага", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, недзе рывок ужо забяспечаны, напрыклад, па прадуктах харчавання, а недзе зроблены зачын на будучыню - у дрэваапрацоўцы, электратранспарце. "Упор трэба рабіць на тое, што мы ўмеем вырабляць, і тое, для чаго ў нас ёсць сыравіна", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
"Як бы ні ставілі нам палкі ў колы, ключавыя галіны эканомікі даюць прырост. ВУП у 2024 годзе склаў 104%. Як бы ні спрабавалі нам перакрыць кісларод, беларуская прадукцыя экспартавалася ў 154 краіны на агульную суму звыш $50 млрд. І мы нават выйшлі на 14 новых рынкаў збыту", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У краіне будуюцца новыя аб'екты, прадаўжаецца развіццё транспартнай і жыллёва-камунальнай інфраструктуры, укараняюцца сучасныя тэхналогіі ў вытворчасць. "Задаволенасць спажыўцоў прамысловай прадукцыяй склала амаль 97%", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Аб'яўленая пяцігодка якасці - чарговая планка, і вельмі высокая, заявіў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, яна не проста стане арыенцірам для работы галін эканомікі, але закране ўсе сферы дзяржавы і грамадства.
"Мэта - забяспечыць новую якасць нашага жыцця, імкненне да якой павінна стаць складам мыслення, нацыянальным стылем, калі хочаце, перадавацца з пакалення ў пакаленне", - заявіў беларускі лідар.
"Вынікі Года якасці, якія мы сёння падводзім, - гэта вынік дзесяцігоддзяў нашага развіцця. Таму заканамерна, што выстаўка нашых дасягненняў "Мая Беларусь" у новым Мінскім міжнародным выставачным цэнтры стала галоўнай падзеяй мінулага года. Я спадзяюся, што да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне гэты выставачны цэнтр стане яшчэ прыгажэйшым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Менш як за месяц выстаўку наведалі звыш 300 тыс. чалавек. Яны ўбачылі вынік каласальнай, сапраўды гераічнай працы.
"Махавік пераемнасці павінен працаваць так, каб ніякі ўплыў звонку не змог пахіснуць закладзеныя намі ўстоі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў удзячнасць усім, чые прафесіяналізм, талент, мэтанакіраванасць далі магчымасць дастойна выканаць пастаўленыя задачы. "У сучасным свеце інакш не выжыць", - заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў першых уладальнікаў Дзяржаўнага знака якасці: "Кожны з вас ведае, што перамога дасталася не дзякуючы раптоўнаму шанцаванню або траплянню ў скарацечны трэнд. Гэта вынік упартай, адказнай працы, настойлівасці і адданасці справе, дысцыпліны і імкнення быць лепшымі за іншых і нават лепшымі за сябе ўчарашніх".
"Такіх добрасумленных вытворцаў, як вы, мы будзем заўсёды падтрымліваць, - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. - Жадаю ўсім вам новых поспехаў. Менавіта яны робяць дзяржаву моцнай і квітнеючай. Толькі ў нашых руках будучыня, у якой мы хочам і будзем жыць. Ад гэтага нікуды не дзецца, таму што час выбраў нас, і мы, асабліва вы, хто сядзіць тут, якраз адпавядаем гэтаму часу".
Указ аб заснаванні Дзяржаўнага знака якасці Прэзідэнт падпісаў у студзені 2024 года. Знак уяўляе сабой пяцівугольнік чырвонага колеру, у цэнтры якога размешчана стылізаваная выява перавернутай літары "К" і надпіс "Беларусь". Пяць вуглоў знака сімвалізуюць якасць беларускай прадукцыі, якая дасягаецца спалучэннем пяці паказчыкаў вытворчасці: бяспекі, экалагічнасці, інавацыйнасці, тэхналагічнасці і эстэтычнасці.
У групе прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння Дзяржаўны знак якасці прысвоены кар'ерным самазвалам "БЕЛАЗ-7513"; трактару BELARUS-1222.3; аўтамабільнаму шасі МАЗ-631228-8575-012; жняярцы для збожжавых культур ЖЗК-9-2 (камплектацыя 01) вытворчасці Гомельскага завода ліцця і нармалей; легкавым шынам 215/60R17 мадэль BEL-402 96H, 225/65R17 мадэль BEL-411 102H (ААТ "Белшына"); мікрасхеме рэгулюемага стабілітрона К1242EP1БП (IL431АМ-1) вытворчасці ААТ "ІНТЭГРАЛ".
Дзяржаўны знак якасці таксама прысвоены групе прамысловых тавараў для насельніцтва. Гэта льняныя камплекты пасцельнай бялізны гандлёвай маркі "Поле кветак", артыкул 24С7 (РУП "Аршанскі льнокамбінат"); ламінаванае падлогавае пакрыццё VIVAFLOOR (ААТ "Гомельдрэў"); серыя вырабаў мэблі "Алезі" П1.350 (мэбля для спальні) вытворчасці "Пінскдрэў"; эмаль ПФ-115 (ААТ "Лакафарба").
Адзначаны знакам якасці і харчовыя тавары: лінейка чорнага горкага шакаладу без дабаўлення цукру (СААТ "Камунарка"); згушчанае малако з масавай доляй тлушчу 8,5 працэнта (ААТ "Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат"); пшанічная мука вышэйшага гатунку марак M54-28 і М54-25 (ААТ "Лідахлебапрадукт"); лініі прадуктаў "Мясныя падушачкі" (ААТ "Брэсцкі мясакамбінат"), сухія малочныя сумесі для харчавання дзяцей ранняга ўзросту BELLAKT PREMIUM 1 і BELLAKT PREMIUM 2; сыр цвёрды "Брэст-Літоўск вытрыманы" з масавай доляй тлушчу ў сухім рэчыве 45% (ААТ "Савушкін прадукт"); хлеб "Каравай Прыдзвіння" (ААТ "Віцебскхлебпрам").
Пастанова аб прысваенні прадукцыі Дзяржаўнага знака якасці была прынята Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
"Я яшчэ раз віншую вас. Вы першыя і адзіныя. І іншых не будзе. Да вас будзе прыкавана самая сур'ёзная ўвага. Вас нехта будзе падтрымліваць, хваліць, нехта будзе моцна лаяць. Але вы першыя, вы на вачах ва ўсіх, - адзначыў на завяршэнне цырымоніі Кіраўнік дзяржавы. - Вы будзеце героямі не толькі сённяшняга дня, але, можа, нават цэлы год. Мы на вас будзем раўняцца. І на Мінскай міжнароднай выстаўцы для вас будзе адведзена цэнтральнае месца".
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што, стаўшы першымі, утрымаць гэты ўзровень будзе няпроста. "Але я ведаю - вы ўтрымаецеся. І не проста ўтрымаецеся, а створыце новыя інавацыйныя прадукты, тавары, якія будуць канкурыраваць на міжнародных рынках. І мне ніколі не будзе за вас сорамна, прадстаўляючы і прадаючы вашы тавары ў іншых дзяржавах", - упэўнены Прэзідэнт.
Ён пажадаў усім здароўя і радасці, заўсёды эмацыянальна адчуваць сябе на ўздыме.


