Сустрэча з Генеральным сакратаром ШАС Нурланам Ермекбаевым

  • 10
  • 6:23

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 студзеня правёў сустрэчу з Генеральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Нурланам Ермекбаевым, які ўзначальвае місію ШАС па назіранні за выбарамі Кіраўніка беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё выказаў удзячнасць за арганізацыю работы місіі ШАС на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, падкрэсліўшы вопыт і прафесіяналізм наглядальнікаў.

"Вы зусім "малады" па пасадзе (з 1 студзеня пачалі работу ў якасці Генеральнага сакратара), але на выбарах у нас вы ўжо другі раз. Таму ўжо вопыт ёсць. Вы, як у народзе кажуць, прыцерліся, ведаеце, дзе могуць быць нейкія недахопы. Ведаю, вельмі актыўна вы і вашы калегі вялі работу тут, азнаёміліся з выбарамі. Паколькі вопыт ёсць, можаце нам і падказаць сёе-тое. Вы добразычлівыя людзі, нашы сябры, таму мы прыслухоўваемся да вашага меркавання. І ведаю, што вы не прытрымліваліся нейкіх загадзя абазначаных інтарэсаў. Мы вам за гэта ўдзячныя", - сказаў Прэзідэнт.

"Нашу пазіцыю ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва вы вельмі добра разумееце: мы будзем усяляк працаваць на тое, каб арганізацыя не толькі развівалася, але і ўмацоўвалася. Для нас гэта вельмі важна. Мы бачым ШАС як арганізацыю, якая ў будучым дакладна будзе сур'ёзным цэнтрам прыцягнення, можна сказаць, цэнтрам сілы", - заявіў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі ганарацца тым, што краіна стала паўнапраўным членам ШАС.

"Словам, дзякуй вялікі вам і вашым калегам. Перадайце маю ўдзячнасць за тую работу, якую вы правялі ў ходзе прэзідэнцкіх выбараў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Нурлан Ермекбаеў у час сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам павіншаваў яго з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах.

"Дазвольце мне павіншаваць вас ад імя нашай місіі наглядальнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з пераканаўчай перамогай. Мы ўжо азнаёмлены з данымі Цэнтрвыбаркама Беларусі. Са свайго боку мы расцэньваем запрашэнне для назірання за выбарамі як знак адкрытасці беларускай дзяржавы да знешняга назірання, даверу і павагі да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва", - падкрэсліў Нурлан Ермекбаеў.

Ён звярнуў увагу, што місія наглядальнікаў ШАС заўсёды захоўвае прынцыпы аб'ектыўнасці і нейтральнасці, у той жа час у арганізацыі лічаць, што выбары ў кожнай краіне праводзяцца перш за ўсё ў інтарэсах народа.

"Усюды неабходна ўлічваць асаблівасці той ці іншай дзяржавы. Вось з гэтага мы зыходзім і ацэньваем толькі сам працэс падрыхтоўкі, правядзення выбараў, але не вынікі выбараў", - сказаў генеральны сакратар ШАС.

"І калі нават ёсць нейкія невялікія тэхнічныя прапановы ад кожнага наглядальніка (у місію ўваходзяць наглядальнікі ад сямі дзяржаў), мы іх выказваем у двухбаковым фармаце кіраўніцтву цэнтральных выбарчых органаў. У цэлым мы бачым вельмі высокі ўзровень, па-першае, арганізацыі гэтых выбараў. Па-другое, высокі ўзровень падрыхтоўкі ўсіх членаў камісій на выбарчых участках. І па-трэцяе, бачым тое, што простыя людзі, выбаршчыкі з вельмі вялікім, шчырым энтузіязмам прыходзяць і хочуць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў адносна будучыні сваёй краіны", - дадаў Нурлан Ермекбаеў.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Гэта самае страшнае, калі табе ўсе вераць і табе абавязкова трэба гэта рэалізаваць. Я ўжо гаварыў, у маім жыцці (ды і, напэўна, любога начальніка, асабліва Прэзідэнта) гэта самая цяжкая ноша".

"Вы, напэўна, заўважылі, што мы ж не закрываліся, мы запрашалі ўсіх, хто хоча прыехаць у Беларусь. І журналісты, і палітычныя дзеячы, і дэпутаты парламентаў іншых краін. Многія скарысталіся гэтым, акрамя Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека - БДІПЧ АБСЕ. Мы іх запрасілі, у іх было дзесяць або колькі там дзён для таго, каб прыехаць і паназіраць за гэтымі выбарамі. Не прыехалі. Ну, не прыехалі - прыехалі тыя, хто хацеў. Таму чаго нас у гэтым папракаць", - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Еўрапейскім саюзе яшчэ задоўга да правядзення выбараў падрыхтавалі сваю рэзалюцыю аб іх непрызнанні. "Яшчэ датэрміновае галасаванне не пачалося, а яны падрыхтавалі ўжо сваё заключэнне аб тым, што яны выбары не прызнаюць, што яны недэмакратычныя і такія-сякія. Як можна ацэньваць працэс, калі яго няма яшчэ? Такім чынам, яны тут праваліліся і вельмі сур'ёзна. Мы спакойна гэта ўспрымаем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы ведаем, што вы аб'ектыўныя людзі, разумееце не горш за іх і можаце ацаніць і заканадаўства аб выбарах, і сам працэс. Таму нам дастаткова заключэнняў і вашых, і СНД, і дэпутатаў іншых краін", - дадаў Прэзідэнт. 

На выбары ў Беларусь таксама прыехала вялікая колькасць незалежных міжнародных наглядальнікаў з розных рэгіёнаў свету. Акрэдытацыю атрымалі журналісты вядучых сродкаў масавай інфармацыі. "Я ўчора ім амаль пяць гадзін адказваў на ўсе пытанні, якія яны задавалі. І дрэнныя, і добрыя", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. 

"Таму мы былі адкрыты. Скажу вам шчыра. Нам не трэба было ні закрывацца, ні якія-небудзь рэсурсы адміністрацыйныя выкарыстоўваць і гэтак далей: гэта было б на шкоду. Гэта негатыўна ахарактарызавала б выбары. Таму мы рабілі ўсё адкрыта", - заявіў беларускі лідар. 

Паводле яго слоў, нават калі паступалі запыты на наведванне прыгранічча або воінскіх часцей, нікому ў гэтым не адмаўлялася. Журналістам дазволілі прысутнічаць і пры падліку галасоў. 

"Хочаце паглядзець - я гавару, ну пакажыце ім (упершыню!) гэтыя кіпы бюлетэняў, калі яны раскладзены і ідзе падлік галасоў, няхай яны не перашкаджаюць вам працаваць, няхай здымаюць, няхай фатаграфуюць. Але паказвалі ўжо ўсё. Усё паказалі, што хацелі. Таму я не ведаю, якія могуць быць прэтэнзіі на выбарах. Тэхнічныя, магчыма. Дык вы нам - і вы, і СНД - скажыце. Мы людзі разумныя, адукаваныя, паправім", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.