Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць
- 44
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 чэрвеня ў час рабочай паездкі даў шэраг дадатковых даручэнняў па далейшым развіцці і добраўпарадкаванні Магілёва.
Спачатку Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці. У прыватнасці, у рэгіёне па выніках студзеня-красавіка дасягнуты добрыя паказчыкі па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (103% да аналагічнага перыяду мінулага года), у будаўніцтве (101,8%), у рознічным тавараабароце ў гандлі (104,2%).
Асобнай тэмай стала рэалізацыя розных праектаў па развіцці гарадской інфраструктуры, якія ўжо рэалізаваны ў Магілёве ў 2017-2020 гадах. Напрыклад, за гэты час былі капітальна адрамантаваны многія аб'екты дарожнай сеткі (Чавуская, Мінская шаша, мост і пуцеправод цераз чыгуначныя пуці па праспекце Міру) і сацыяльнай іфраструктуры (Палац культуры вобласці, тэнісныя корты і футбольны манеж, сярэдняя школа № 46, радзільны дом Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі).
Прэзідэнт азнаёміўся з планамі горада па будаўніцтве і праектаванні шэрага аб'ектаў. У іх ліку - кардыяхірургічны корпус Магілёўскай абласной бальніцы, паліклінікі ў жылым раёне "Казіміраўка", ФАК з басейнамі ў мікрараёне "Фаціна", а таксама будаўніцтва пуцеправода-дублёра па вул.Якубоўскага - Загараднай шашы. Што датычыцца апошняга аб'екта, то Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на крыніцах фінансавання, адзначыўшы, што на будаўніцтва гэтага пуцеправода можна накіраваць сродкі, сэканомленыя пры рэканструкцыі іншых дарог па краіне.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб праведзеных і запланаваных работах па добраўпарадкаванні ландшафтна-рэкрэацыйнага комплексу "Падніколле". Тут, у прыватнасці, прадугледжана ўладкаванне спартыўных і дзіцячых пляцовак, катка з паркавым павільёнам, вяровачнага гарадка, парку атракцыёнаў, пляжнай зоны і ў перспектыве - турыстычнага комплексу. "Чым раней, тым лепш, - пракаменціраваў Прэзідэнт ініцыятыву па ўзвядзенні турыстычнага комплексу. - Людзей шмат, жадаючых наведаць. Чаму не развіваць?"
Заслухаўшы даклад мэра Уладзіміра Цумарава, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Малайчына. Нядрэнна, але гэта яшчэ асобныя зярняткі. Горад павінен быць прыгожым".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што работы па добраўпарадкаванні праведзены і ў іншых абласных цэнтрах, жыхарам якіх ёсць чым ганарыцца.
"Цяпер гэта ўсё трэба аб'яднаць так, каб горад быў цэласным комплексам. Трэба нешта яшчэ нам зрабіць за будучую пяцігодку, каб магіляўчане ганарыліся", - падкрэсліў беларускі лідар, размаўляючы з людзьмі пры наведванні Свята-Мікольскага жаночага манастыра.
Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўспамінамі, што ў гады вучобы ў Магілёве ён таксама бываў на тэрыторыі Падніколля, але тады гэтыя мясціны былі зусім непрывабныя з выгляду. "Гэта сметнік быў", - сказаў ён.
Ён адзначыў, што так склалася, што Магілёў і Брэст у свой час адсталі ў добраўпарадкаванні, у адрозненне ад Гомеля, Віцебска або Гродна. "Але надышоў час, адрадзілі Брэст і многае зрабілі для Магілёва, але яшчэ не ўсё", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівы акцэнт Прэзідэнт зрабіў і на прамысловай сферы горада, даручыўшы правесці ў гэтым плане рэвізію і вызначыцца з тым, як выкарыстоўваць незадзейнічаныя вытворчыя плошчы. "Нельга страціць гэтыя прамысловыя кропкі. Знойдуцца інвестары і з задавальненнем прыйдуць у Магілёў і будуць працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання Свята-Мікольскага жаночага манастыра Аляксандр Лукашэнка запаліў свечкі ў троіцкую бацькоўскую суботу.
Прэзідэнту ў храме падарылі абраз Божай Маці Магілёва-Брацкай з пажаданнямі і словамі, што ён абараняе ад нядобразычліўцаў.
Кіраўніку дзяржавы таксама расказалі аб манастыры, яго развіцці. У прыватнасці, прадэманстравалі адноўлены іканастас. "Гэта сапраўды цуд. Першы раз бачу такі іканастас. Гэта можна параўнаць з піцерскімі храмамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Затым ён каля храма пагутарыў не толькі з прыхаджанамі, але і тымі людзьмі, якія прыйшлі на сустрэчу, даведаўшыся, што прыедзе Прэзідэнт. "Дзякуй, што вы прыйшлі сёння ў гэта святое месца. Паверце, гэта нам вернецца ў сто разоў", - сказаў Прэзідэнт.
Размова была вельмі душэўная. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся асабістымі ўспамінамі аб гародзе, калі вучыўся ў Магілёве, расказаў аб добраўпарадкаванні абласнога цэнтра і далейшых планах наконт гэтага.
Кіраўнік дзяржавы выказаўся і на тэму эпідсітуацыі, адзначыўшы, што паступова ў Беларусі праблема каранавіруса адыходзіць, у тым ліку ў Магілёве сітуацыя цяпер складваецца даволі паспяхова. "Пашанцавала магіляўчанам у тым плане, што нават калі ёсць захваральнасць, то ўжо ў лёгкай форме", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў правільнасць выбранага ў Беларусі шляху барацьбы з захваральнасцю без уводу ўсеагульнага каранціну. Разам з тым ён заклікаў людзей быць акуратнымі, захоўваць неабходныя меры засцярогі, больш праводзіць часу на свежым паветры. "Мы павінны прыгожа прайсці гэты перыяд і перамагчы чатыры-пяць пандэмій, якія сёння ходзяць па нашай краіне - у галіне аховы здароўя, палітыкі, эканомікі, інфапандэмію. Мы іх пераадолеем. Не такія праблемы пераадольвалі", - сказаў беларускі лідар.
Адна з удзельніц сустрэчы падарыла Кіраўніку дзяржавы карціну, якую намалявала 15 гадоў таму, калі яшчэ была дзіцем. На ёй адлюстраваны два анёлы.
Падчас рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка таксама правёў сустрэчу з актывам Магілёўскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы даручыў кіраўніцтву Магілёўскай вобласці звярнуць сур'ёзную ўвагу на прамысловыя прадпрыемствы. Ён нагадаў, як у красавіку мінулага года назначыў экс-міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца губернатарам Магілёўскай вобласці. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён не сумняваўся ў сваім рашэнні. "Я ведаў, што ў Магілёўскай вобласці ён будзе не лішнім", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, што па шэрагу напрамкаў трэба было сур'ёзна выпраўляць сітуацыю.
Перад новым губернатарам была пастаўлена задача: навесці ў вобласці належны парадак. І, як адзначыў Прэзідэнт, кіраўнік Магілёўшчыны актыўна паглыбіўся ў працу. "Для мяне гэта было нечакана - першай просьбай, з якой ён да мяне прыйшоў, была бальніца ў Магілёве", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Леанід Заяц звярнуў увагу на Магілёў, актыўна шукаў на гэтыя мэты фінансаванне. "І сёння я заўважыў, што асобныя мясціны, прыгожыя, дастойныя, якімі можа ганарыцца абласны цэнтр, створаны. Цяпер трэба гэта ўсё ўвязаць - я гаварыў мэру і губернатару - у адзіны комплекс. Трэба зрабіць, каб гэта быў прыгожы горад", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, жыхары павінны зрабіць гэта перш за ўсё для сябе, паколькі ім жыць у гэтым горадзе.
Кіраўнік дзяржавы папрасіў кіраўніцтва рэгіёна звярнуць асаблівую ўвагу на буйныя прамысловыя прадпрыемствы, якія ў свой час былі сапраўднымі гігантамі. Там шмат свабодных прамысловых вытворчых памяшканняў. "Яны моцныя, надзейныя. Мала такіх, якія трэба зносіць. Іх трэба добраўпарадкаваць і разгарнуць там вытворчасці. Трэба па кожным прадпрыемстве, як мы рабілі па паўднёвым усходзе, выпрацаваць канкрэтную праграму. Перш за ўсё, у Магілёве і Бабруйску - двух буйнейшых гарадах (вобласці. - Заўвага)", - адзначыў беларускі лідар.
Гаворачы аб развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па яго даручэнні была прынята спецыяльная праграма, выдзелены сродкі для яе фінансавання. "Праграма прынята, і яна павінна рэалізоўвацца, тым больш там жыве вельмі шмат чарнобыльцаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Не дай бог, вы не рэалізуеце гэту праграму, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Мы павінны людзям там даць не толькі надзею, але і шанц жыць, гадаваць дзяцей".
Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што ў вобласці за апошнія гады сапраўды нямала зрабілі: "Ён мае рацыю (губернатар Магілёўскай вобласці, які зрабіў справаздачу аб выніках работы рэгіёна. - Заўвага БЕЛТА) - нямала зрабілі. Але камусьці засціць вочы, і яны не бачаць. І вы ведаеце чаму".
Як далажыў Прэзідэнту старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, у рэгіёне па выніках 2019 года забяспечана выкананне 4 з 6 ключавых паказчыкаў, што дало магчымасць выйсці з ліку адстаючых, паказаўшы другі рэзультат у краіне пасля Мінскай вобласці.
"Усе галіны эканомікі выйшлі на дадатную дынаміку. Выкананы заданні па прамых замежных інвестыцыях на чыстай аснове, экспарце тавараў, паслуг, па колькасці працаўладкаваных грамадзян на наваствораныя працоўныя месцы", - праінфармаваў губернатар. Паводле яго слоў, мінулы год завершаны з дадатным фінансавым рэзультатам. Адпаведная дынаміка захавана і ў першым квартале гэтага года.
Што датычыцца сельскагаспадарчай галіны, то ў рэгіёне распрацавана праграма развіцця АПК, рэалізацыя якой дасць магчымасць павялічыць выручку сельгасарганізацый ужо ў гэтым годзе як мінімум у 1,3 раза і як вынік - падняць зарплату ў вёсцы.
На асаблівым кантролі мясцовых улад знаходзіцца рэалізацыя інвестпраектаў на прадпрыемствах "Хімвалакно", "Белшына", "Магатэкс", "Завод газетнай паперы", "Омск Карбон Магілёў". "Паспяховае завяршэнне іх рэалізацыі з'яўляецца сур'ёзным рэзервам для росту прамысловасці ўсяго рэгіёна", - лічыць Леанід Заяц.
Ён падкрэсліў, што, як і раней, галоўным прыярытэтам для рэгіёна з'яўляецца павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян. За год уведзены ў эксплуатацыю больш як 40 сацыяльна значных аб'ектаў, у ліку якіх былі і так званыя даўгабуды.
У час сустрэчы Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі ва ўмовах пандэміі навучыліся спраўляцца з гэтай праблемай. Больш таго, у краіне не давялося ісці на крайнія меры.
"Нам пакуль наогул удалося пазбегнуць крайняга сцэнарыя. Прытым мы не закрывалі краіну. Што датычыцца граніц, нам і закрываць не трэба было. Наша ўсё акружэнне закрылася. Мы не закрывалі аэрапорт. Мы паказалі, што ёсць такая Беларусь, што яна стойкая, мудрая, магутная і можа спраўляцца з гэтай пандэміяй", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на крытыку, якая часам гучыць наконт выбранага ў краіне шляху ў барацьбе з захваральнасцю, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ўсе адрозненні толькі ў тым, што не ўводзілі татальны каранцін і каменданцкую гадзіну, не закрывалі людзей у сваіх дамах і кватэрах. "У нас няма той сітуацыі, каб уводзіць каменданцкую гадзіну. Але калі пачалі некаторыя "плявузгаць" у нас у краіне, я сказаў: вы не перажывайце, калі патрэбна, на працягу сутак закрыем. Але трэба ж думаць, як людзі будуць жыць у аднапакаёвай кватэры, а як у інтэрнатах... Я разумеў, які будзе настрой людзей, і з якім настроем выйдуць гэтыя людзі пасля закрыцця, і што будзе потым", - адзначыў беларускі лідар.
"Гэта была цяжкая барацьба, якая сёння не завершана. Сітуацыя кіруемая і краіна кіруемая, і мы можам прыняць любое рашэнне. Але пакуль, дзякуй богу, нам не патрэбны крайнія меры, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нашы ўрачы навучыліся спраўляцца з гэтай хваробай. Яна ў кожнага чалавека можа развівацца па-рознаму. Адсюль і лякарствы патрэбны розныя. Лякарстваў у нас хапае, ахоўных сродкаў дастаткова, і ўрачы прыстасаваліся лячыць гэтыя хваробы".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі не толькі займаюцца тэсціраваннем на каранавірус, але і прыярытэтную ўвагу ўдзяляюць дыягностыцы пнеўманій. "Мною было дадзена строгае ўказанне: усіх, хто звярнуўся, - на КТ. Мы за гэты час закупілі дзясяткі апаратаў і там, дзе патрэбна было, устанавілі. Цяпер нават у Мінску ў паліклініках устанаўліваем. Урачы малайцы, ужо навучыліся, яны бачаць на КТ - звычайная пнеўманія або кавідная. Вось гэта правільны паказчык, - сказаў Прэзідэнт. - І мы можам смела гэтыя паказчыкі апублікаваць і паказаць, хто лепш за ўсё спраўляецца і справіўся на сённяшні момант з гэтай заразай".
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неабходна захоўваць меры засцярогі, аднак падыходзіць да гэтага з розумам. "Трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі і берагчы старых людзей. Не расслабляйцеся ні ў якім выпадку. Паберажыце сябе, але разумна. Не закрываючыся недзе ў кутку, а больш будзьце на свежым паветры", - параіў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра бягучы момант, Прэзідэнт звярнуў увагу, што разам сышліся чатыры "пандэміі" - у ахове здароўя, эканоміцы, палітыцы, а таксама на інфармацыйным полі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі пакуль і няма адказу на пытанне, ці з'яўляецца пандэмія рукатворнай, сёй-той у свеце спрабуе скарыстацца сітуацыяй і псіхозам, які ўзнік. "Ужо ўвесь свет сёння спыніўся, абвалена эканоміка ўсяго свету. А вядучыя кампаніі, мільярдэры і дзяржавы ў кішэню паклалі трыльёны долараў", - дадаў Прэзідэнт.
Такім чынам, за медыцынскай пандэміяй пачалася эканамічная, і яна закранула не толькі краіны ў стадыі развіцця, але і буйныя дзяржавы. Зразумела, уплыў на сабе адчувае і Беларусь са сваёй экспартна арыентаванай эканомікай. "Нам патрэбна валюта, каб жыць. А валюту можна атрымаць, толькі калі прадаваць свой тавар на знешніх рынках", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што нават тыя краіны, якія, валодаючы значнымі запасамі карысных выкапняў, змаглі калісьці накапіць вялікія фінансавыя рэзервы, сёння не раскідваюцца грашыма. "Таму што яны не ведаюць, накрые другая хваля гэтай хваробы свет ці не", - растлумачыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, трэцяя пандэмія - рукатворная суб'ектыўнага характару - палітычная. Перадвыбарная кампанія наклала свой адбітак на ўсё тое, што адбываецца.
Нарэшце, чацвёртая - інфапандэмія, якая аказала моцнае ўздзеянне на людзей.