Развіццё фармацэўтычнай прамысловасці ў Рэспубліцы Беларусь

Для ўдасканалення сістэмы кіравання фармацэўтычнай галіной у мэтах выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2017 года №258 створаны холдынг "Белфармпрам".
Фармацэўтычная прамысловасць

Кіруючай кампаніяй холдынга выступае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Кіруючая кампанія холдынга "Белфармпрам". У склад холдынга ўваходзіць 8 арганізацый, у тым ліку 6 вытворцаў лекавых сродкаў, адна навуковая арганізацыя і адна арганізацыя - вытворца вырабаў медыцынскага прызначэння. З холдынгам супрацоўнічаюць 24 фармацэўтычныя арганізацыі рознай формы ўласнасці і ведамаснай падпарадкаванасці, а таксама 3 вытворцы медыцынскіх вырабаў. Фармацэўтычная прамысловасць Рэспублікі Беларусь дынамічна развіваецца: калі ў 2012 годзе прамысловую вытворчасць лякарстваў ажыццяўлялі 25 арганізацый, то ў 2022-м - ужо 43.

У агульным аб’ёме вытворчасці лекавых сродкаў доля арганізацый - удзельнікаў холдынга "Белфармпрам" складае каля 60%.

У 2022 годзе выраблена арганізацыямі холдынга фармацэўтычнай прадукцыі на суму Br 953,8 млн, што ў фактычных цэнах у 4,8 раза больш, чым у 2012 годзе.

На долю арганізацый - удзельнікаў холдынга "Белфармпрам" па выніках 2022 года прыпадае больш за 48% ад усіх экспартных паставак айчынных лекавых сродкаў.

Фармацэўтычная прадукцыя арганізацый - удзельнікаў холдынга экспартуецца ў 26 краін. У структуры экспарту пераважаюць Расійская Федэрацыя, Казахстан, Азербайджан, Кыргызстан і Грузія.

Для павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных лекавых сродкаў вядзецца планамерная мадэрнізацыя і тэхнічнае перааснашчэнне фармацэўтычных вытворчасцей. За 2012-2018 гады ў галіне рэалізавана 33 інвестыцыйныя праекты з аб'ёмам інвестыцый больш за $250 млн.

Праводзіцца работа па сертыфікацыі прамысловай вытворчасці лекавых сродкаў і фармацэўтычных субстанцый на адпаведнасць патрабаванням належнай вытворчай практыкі (GMP) Рэспублікі Беларусь, краін Еўрапейскага саюза (EU), PIC/S, FDA (ЗША). Сертыфікавана ўжо каля 90% усіх вытворчых участкаў арганізацый. Для развіцця экспартнага патэнцыялу атрыманы сертыфікаты адпаведнасці стандарту GMP-PIC/S Украіны і GMP-EU Румыніі.

У рэспубліцы зарэгістравана 5,6 тыс. найменняў лекавых сродкаў і фармацэўтычных субстанцый, з якіх больш за 1,6 тыс. айчыннай вытворчасці: 1 578 найменняў - генерычных, 86 - арыгінальных і 22 - інавацыйныя. Яны адносяцца да розных фармакатэрапеўтычных груп: проціпухлінныя лекавыя сродкі, для лячэння сардэчна-сасудзiстых захворванняў, процігрыбковыя, процівірусныя і антыбактэрыяльныя, а таксама для лячэння захворванняў апорна-рухальнага апарату, стрававальнага тракту, абмену рэчываў і інш.