Дрэваапрацоўка

Рэспубліка Беларусь валодае ўнікальным аднаўляльным рэсурсам. Лясамі пакрыта 40,1% тэрыторыі краіны.

Такія сыравінныя запасы прадвызначаюць і шырокае развіццё дрэваапрацоўчай вытворчасці.

Каля 50 буйнейшых прадпрыемстваў і арганізацый, якія вырабляюць шэраг важнейшых таварных пазіцый з драўніны і паперы, уваходзяць у дзяржаўны канцэрн "Беллеспаперапрам", які каардынуе развіццё лесапрамысловага комплексу. Дзейнасць прадпрыемстваў канцэрна падзяляецца на тры сектары: дрэваапрацоўка, вытворчасць мэблі і цэлюлозна-папяровая прамысловасць.

Уся прамысловая палітыка прадпрыемстваў канцэрна і лесапрамысловага сектара краіны ў цэлым будуецца на наяўнасці ўласных драўняных рэсурсаў і іх рацыянальным, высокаэфектыўным выкарыстанні. Стратэгічная мэта галіны - перапрацаваць існуючы запас сыравіны на ўласных прадпрыемствах і забяспечыць рэалізацыю прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.

На сучасным этапе дасягнуць гэтага можна толькі шляхам укаранення новых тэхналогій і стварэння магутных сучасных вытворчасцей.

У 2007 годзе Кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб правядзенні мадэрнізацыі асноўнай базы дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрна "Беллеспаперапрам" і стварэнні новых сучасных вытворчасцей, арыентаваных на выпуск інавацыйнай і імпартазамяшчальнай прадукцыі.

Дзяржава інвесціравала ў гэту сферу больш як $4 млрд. Уклад у тэхнічнае перааснашчэнне ўнеслі і самі прадпрыемствы. Дзякуючы гэтай перабудове арганізацыі канцэрна аснашчаны абсталяваннем вядучых сусветных вытворцаў, на якім шляхам глыбокай перапрацоўкі драўніны наладжаны выпуск шырокага асартыменту запатрабаванай на рынку прадукцыі.

Практычна ўся наменклатура выпускаемых тавараў з'яўляецца як імпартазамяшчальнай, так і экспартна арыентаванай.

У цэлым асартымент прадукцыі арганізацый канцэрна дзякуючы мадэрнізацыі павялічыўся ў два разы, ён ахоплівае больш як 80 відаў вырабаў.

Прадпрыемствы канцэрна вырабляюць у Беларусі амаль пятую частку мэблі, больш як 70% якой экспартуецца.

Беларуская мэбля пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю, Польшчу, Германію, Казахстан, Венгрыю, Літву, Бельгію, Арменію, Злучаныя Штаты Амерыкі, Латвію, Румынію, Францыю, Украіну і іншыя краіны.

У цэлым за кошт тэхнічнага перааснашчэння і стварэння новых вытворчасцей прадпрыемствам удалося істотна пашырыць геаграфію экспарту. Сёння гэта 70 краін.

Увод у эксплуатацыю мадэрнізаваных дрэваапрацоўчых комплексаў значна пашырыў і магчымасці вытворцаў мэблі. За кошт айчынных матэрыялаў - драўняных пліт (ДСП, МДФ) мэблевыя прадпрыемствы пачалі выпускаць эканамічную і запатрабаваную на рынку мэблю. У Беларусі колькасць вытворцаў мэблі складае каля 1300.

Гаворачы пра эканамічны эфект праведзенай мадэрнізацыі, можна адзначыць, што з 2010 па 2021 гады аб'ём вытворчасці мадэрнізаванымі прадпрыемствамі павялічыўся ў супастаўных цэнах у 3 разы. Глыбіня перапрацоўкі сыравіны дасягнула амаль 93% у 2019 годзе. Гэта сведчыць аб тым, што на прадпрыемствах канцэрна практычна безадходная вытворчасць. Забяспечана атрыманне энергіі на ўласных энергацэнтрах, якія таксама былі пабудаваны ў ходзе мадэрнізацыі (доля выкарыстання ў дрэваапрацоўцы драўнянага паліва - звыш 95%).

Цяпер канцэрн прадаўжае рэалізацыю яшчэ некалькіх інвестыцыйных праектаў у сферы цэлюлозна-папяровай вытворчасці.

У галіны велізарны патэнцыял для развіцця. Попыт на паперу, кардон і прадукцыю дрэваапрацоўкі ў свеце расце, вялікія стаўкі таксама робяць на экалагічную ўпакоўку, і ў Беларусі ёсць усе перадумовы для таго, каб заняць гэтыя перспектыўныя нішы.