Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс прыняла ўдзел у ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да 76-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі ААН

  • 4

Палажэнні Канвенцыі ААН аб прадухіленні злачынства генацыду і пакаранні за яго захоўваюць актуальнасць і сёння, адзначыла Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта доктар юрыдычных навук Вольга Чупрыс на ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да 76-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі.

"Прыняцце аднаго з ключавых дакументаў у галіне міжнароднага права - Канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб прадухіленні злачынства генацыду і пакаранні за яго - стала знакавай, найважнейшай падзеяй для ўсёй сусветнай супольнасці", - сказала Вольга Чупрыс.

Паводле яе слоў, "юрыдычнае замацаванне ў Канвенцыі паняцця генацыду як выключна цяжкага злачынства супраць міру і бяспекі чалавецтва, якое не мае тэрмінаў даўніны, мела велізарнае значэнне для Беларусі, якая на сваім горкім вопыце адчула жах мільённага знішчэння нашага народа".

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ўпэўнена, што палажэнні Канвенцыі захоўваюць актуальнасць і, на жаль, прымяняюцца цяпер, калі ў асобных краінах атрымліваюць адраджэнне ўльтранацыяналістычныя ідэі.

Вольга Чупрыс заўважыла, што ўсё часцей робяцца спробы сказіць ролю Беларусі і іншых былых рэспублік Савецкага Саюза ў разгроме нацызму. Процідзеянне гэтым негатыўным тэндэнцыям знаходзіцца ў фокусе пільнай увагі Беларусі і асабліва Кіраўніка дзяржавы.

"Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў, што няма больш высакароднай місіі, чым захаванне гістарычнай памяці ў імя светлай будучыні. Гэтыя словы знаходзяць водгук у душы кожнага беларускага грамадзяніна. А нормы аб захаванні гістарычнай памяці і праўды аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны атрымалі замацаванне на ўзроўні нашага Асноўнага Закона - Канстытуцыі", - адзначыла Вольга Чупрыс.

Канстытуцыйныя палажэнні знаходзяць сваё развіццё ў галіновым заканадаўстве, і толькі за апошнія некалькі гадоў у мэтах захавання гістарычнай справядлівасці прыняты шэраг дакументаў. Сярод іх законы аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, аб процідзеянні экстрэмізму, а чырвоным радком вылучаецца Закон "Аб генацыдзе беларускага народа".

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліла паслядоўнасць і выверанасць пералічаных законаў, дадаўшы аб галоўным - яны не з'яўляюцца пустой дэкларацыяй.

"Мы ахоўваем краіну ад фашысцкага зла ўсімі прававымі сродкамі. У прыватнасці, прадугледжана і крымінальная адказнасць за адмаўленне генацыду беларускага народа і рэабілітацыю нацызму", - адзначыла Вольга Чупрыс.

Усе навіны