Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч прыняла ўдзел у семінары "Актуальныя пытанні работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб"

  • 7

Работа з людзьмі - моцны бок нашай дзяржавы, заявіла 27 лістапада Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч на семінары "Актуальныя пытанні работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб".

"Пытанне работы з людзьмі - гэта тэма, мэта, задача № 1. Сёння мы сабраліся, каб абмеркаваць практычныя пытанні, якія ўзнікаюць у нашай штодзённай рабоце, якія ёсць праблемы, ці ёсць неабходнасць удасканалення заканадаўства, абмяняцца вопытам. Таму што гэта вельмі важная тэма, - адзначыла Наталля Пяткевіч. - У 2022 годзе з удзелам Прэзідэнта адбыўся рэспубліканскі семінар-нарада "Актуалізацыя форм і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні", дзе падрабязна ўсе аспекты былі разгледжаны, пастаўлена  задача, вызначаны мэты, перспектывы работы. І цяпер актуальна нам абмяняцца думкамі, што мы зрабілі, што не зрабілі і што нам трэба зрабіць. Патрабуе нашага абмеркавання новая форма работы з электроннымі зваротамі, якая шырока ўвайшла ў наша жыццё".

Работа з грамадзянамі для нашай краіны - тэма вельмі актуальная. "Работа з людзьмі - я глыбока пераканана, гэта моцны бок нашай дзяржавы. У нас яна пастаўлена добра, - падкрэсліла Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. - У нас ёсць выразна наладжаная сістэма пачынаючы ад Прэзідэнта і заканчваючы самым нізавым узроўнем: па вертыкалі, па гарызанталі. У нас ёсць выразная сістэма заканадаўства. Мы шмат працуем у гэтым напрамку. Але гэта адначасова і наш слабы бок. Таму што і праблем у сувязі з гэтым вельмі шмат. Таму што часта недапрацоўкі ў нашай бягучай рабоце самі правакуюць стварэнне нейкіх кропак сацыяльнай напружанасці. Таму што недзе на нейкім узроўні мы не дапрацоўваем. Мама паскардзілася на булінг у сярэдняй школе. Давялося дайсці да Адміністрацыі Прэзідэнта, каб пацвердзіць, што гэты булінг быў. Або, напрыклад, калектыўны зварот ад жыхароў дома, які стаіць на гарантыі, дзе падцякала каналізацыя. Зноў давялося дайсці да верху, каб была выяўлена прычына і ўсё было вырашана. Вельмі шмат зваротаў па транспарце: нясвоечасова прыходзіць, адыходзіць раней, чым па раскладзе. Гэта тое, што можна было вырашыць на самым нізавым узроўні, а не прымушаць людзей праходзіць усе ступені".

"Гэта наша слабае месца, таму што апаненты б'юць менавіта ў гэтым напрамку. І знайсці прычыны, за што зачапіць, мы даём самі і, на жаль, нямала. Напярэдадні выбараў гэта сітуацыя ўзмацняецца, - дапоўніла Наталля Пяткевіч. - Мы знаходзімся пад мікраскопам, і наша задача не даваць прычын, каб нашу добрую работу выкарыстоўвалі супраць нас. Таму мы павінны яшчэ раз паглядзець і прааналізаваць, што можам зрабіць, як мы можам удасканаліць нашу работу".

Усе навіны