Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой сустрэўся з паслом КНР у Беларусі Чжан Вэньчуанем

  • 5

Паміж Беларуссю і Кітаем вялікі парадак дня ўсебаковага ўзаемадзеяння, які патрабуе пастаяннай увагі. Важнасць гэтага адзначыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой 16 кастрычніка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў нашай краіне Чжан Вэньчуанем.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта павіншаваў пасла з пачаткам дыпламатычнай місіі ў Беларусі і пажадаў поспехаў у дзейнасці на карысць дзвюх краін.

"З боку Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі заўсёды можаце разлічваць на поўнае садзейнічанне і падтрымку ў рэалізацыі шматлікіх беларуска-кітайскіх праектаў, - падкрэсліў Дзмітрый Крутой. - Карыстаючыся выпадкам, хачу яшчэ раз павіншаваць у вашай асобе ўвесь кітайскі народ з 75-годдзем утварэння КНР. Пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі дасягнуты эканамічны рост, сацыяльная стабільнасць, поспехі ў барацьбе з беднасцю. Навукова-тэхнічныя дасягненні Кітая паказваюць, што вялікае адраджэнне кітайскай нацыі сапраўды ўражвае ў сусветным маштабе. І наш уклад у развіццё беларуска-кітайскіх адносін, наша ўсепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства таксама павінны дапамагчы вам у тым ліку рухацца наперад".

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама перадаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву ЦК КПК і, у прыватнасці, Міжнароднаму аддзелу, за арганізацыю яго візіту ў верасні ў Пекін. "Упэўнены, што праведзеныя сустрэчы, змястоўныя размовы ва ўсіх органах улады таксама будуць садзейнічаць далейшаму развіццю нашых кантактаў", - адзначыў ён.

Дзмітрый Крутой таксама пацвердзіў запрашэнні члену Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, сакратару Сакратарыята ЦК КПК Цай Цы і загадчыку Міжнароднага аддзела ЦК КПК Лю Цзяньчаа наведаць нашу краіну з візітамі ў адказ у любы зручны для іх час.

Ён паведаміў, што была дасягнута дамоўленасць прапрацаваць у бліжэйшы час тэкст абноўленага мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Адміністрацыяй Прэзідэнта і Міжнародным аддзелам ЦК КПК.

Дзмітрый Крутой асаблівую ўвагу ўдзяліў беларуска-кітайскаму міжрэгіянальнаму ўзаемадзеянню. "Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы ў жніўні з прэм'ер-міністрам Дзяржсавета Кітая Лі Цянам запрасіў у нашу краіну кіраўнікоў кітайскіх правінцый. У нас напрацаваны добры вопыт узаемадзеяння з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, аналагічную работу мы гатовы праводзіць і з кітайскімі правінцыямі. І ў Пекіне мы дамовіліся, што вебарам тры гарады і чатыры правінцыі, з якімі паспрабуем прапрацаваць і візіты, і пагадненні аб зонах паглыбленага эканамічнага развіцця. Праз рэгіянальны трэк мы паспрабуем узаемадзеянне сур'ёзным чынам узмацніць", - падкрэсліў Дзмітрый Крутой.

Асобна Кіраўнік Адміністрацыі адзначыў важнасць вывучэння беларускімі ўстановамі вопыту дзейнасці цэнтра абслугоўвання "Адно акно 1,2,3,4,5" Пекіна. "З улікам таго, што Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адказвае за звароты грамадзян, ваш вопыт выкарыстання самых сучасных тэхналогій, штучнага інтэлекту, нейрасетак менавіта ў рабоце гэтага цэнтра нам быў бы вельмі цікавы", - сказаў ён.

На сустрэчы размова ішла таксама аб арганізацыі кантактаў лідараў дзвюх краін. "Прапрацоўваюцца шэраг візітаў і ў Кітай, і ў Беларусь. Магчыма, адбудзецца сустрэча ў рамках бліжэйшага саміту БРІКС у Казані. Вы ведаеце, што мы маем намер атрымаць статус краіны - партнёра БРІКС. Кітайская Народная Рэспубліка нас у гэтым падтрымлівае", - праінфармаваў кіраўнік Адміністрацыі.

Дзмітрый Крутой высока ацаніў беларуска-кітайскае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне: "Традыцыйна наш эканамічны парадак дня супрацоўніцтва вельмі шырокі - добры тавараабарот, рэкордныя лічбы - больш за $8 млрд. У мінулым годзе рост - амаль на 30%. Шмат праектаў - "Вялікі камень", Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя (трэці этап), новае калійнае прадпрыемства. У хуткім часе будзем адкрываць спартыўныя аб'екты, пабудаваныя з тэхніка-эканамічнай дапамогай Кітайскай Народнай Рэспублікі - гэта нацыянальны футбольны стадыён, басейн міжнароднага стандарту".

Кіраўнік Адміністрацыі таксама падкрэсліў, што Беларусь плануе актыўна падключыцца да ініцыятыў Старшыні КНР па глабальным развіцці.

"Парадак дня супрацоўніцтва Беларусі і Кітая проста вялізны, патрабуе пастаяннай увагі і пастаяннага абмеркавання", - рэзюмаваў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, яшчэ раз падкрэсліўшы высокі ўзровень і маштаб беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

У сваю чаргу пасол КНР адзначыў: "Перш за ўсё хачу вам перадаць цёплае прывітанне і добрыя пажаданні ад Цай Цы і Лю Цзяньчаа. Хачу таксама павіншаваць вас з праведзеным у верасні паспяховым візітам у Кітай, у ходзе якога было дасягнута шмат дамоўленасцей".

Чжан Вэньчуань таксама сказаў: "Мы ведаем, што вы на працягу многіх гадоў на розных пасадах увесь час падтрымлівалі кітайска-беларускую дружбу і супрацоўніцтва". Паводле слоў пасла, беларуска-кітайскія адносіны выбудоўваюцца на прынцыпах узаемадаверу і адкрытасці.

"У 2022 годзе нашы лідары паднялі двухбаковыя адносіны да ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства", - рэзюмаваў кіраўнік кітайскай дыпламатычнай місіі.

Усе навіны