Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой прыняў удзел у пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы
- 5
Захаванне гістарычнай памяці - канстытуцыйны абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі, заявіў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы.
"Мы сёння ўспамінаем падзеі, звязаныя з Рыжскім мірным дагаворам, нявыгадным для нашай краіны, з пачаткам Першай сусветнай вайны, з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", - сказаў Дзмітрый Крутой. Гэта значыць, насычаны сапраўды гістарычна знакавымі датамі год, дадаў ён. "Год, што паказвае, якая колькасць выпрабаванняў выпала для нашага народу, для тэрыторыі Беларусі, якая з'яўляецца фактычна скрыжаваннем паміж Усходам і Захадам. Таму захаванне гэтай памяці - канстытуцыйны абавязак кожнага грамадзяніна нашай рэспублікі", - падкрэсліў Дзмітрый Крутой.
Паводле яго слоў, актыўна развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва ў справе захавання гістарычнай памяці. "Сёння праходзіць пасяджэнне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы, які ў новым складзе перазацверджаны Прэзідэнтам нашай краіны, і даручана Адміністрацыі Прэзідэнта каардынаваць усю гэту работу, усе нашы дзяржаўныя органы, абласныя выканаўчыя камітэты, у тым ліку міжнароднае супрацоўніцтва, якое найбольш актыўна, вядома, развіваецца з Расійскай Федэрацыяй", - адзначыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
"Пасля 2020 года спробы перапісаць гісторыю сталі яшчэ больш актыўнымі з боку і нашай збеглай апазіцыі, і заходніх палітыкаў. Барацьба за захаванне нашага гістарычнага мінулага, на жаль, з'яўляецца не менш важнай і не менш вострай, чым эканамічнае процістаянне, інфармацыйная барацьба ці нават недзе ваенная. Ідзе барацьба за розумы. Таму задача нашага савета, у які ўваходзяць вядучыя гісторыкі, грамадскія дзеячы, якія займаюцца гістарычнымі даследаваннямі - аператыўна рэагаваць на ўсемагчымыя правакацыі, фэйкі, што ліюцца на нашу краіну штодзень. І прадаўжаць захоўваць гэту цвёрдую лінію - наша асноўная задача", - падкрэсліў Дзмітрый Крутой.
Цяпер ідзе работа над планам мерапрыемстваў па святкаванні 80-годдзя Вялікай Перамогі. Ён распрацоўваецца таксама з улікам вопыту правядзення года 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Стаіць задача - не канцэнтраваць усё ў Мінску, больш яркіх, знакавых мерапрыемстваў правесці ў кожнай вобласці. "Безумоўна, мы будзем далучаць нашых міжнародных партнёраў, - адзначыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - У хуткім часе адбудзецца Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы. Там гэта тэма таксама будзе абмяркоўвацца - як і якія мерапрыемствы нам з Расійскай Федэрацыяй у рамках Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы правесці, прафінансаваць у наступным годзе. Адпаведны пералік заявак ужо ёсць. Трэба іх уважліва вывучыць і прааналізаваць".