Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой наведаў выхаванцаў Бялыніцкай спецыяльнай школы-інтэрната ў рамках акцыі "Нашы дзеці"
- 8
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой напярэдадні калядных і навагодніх свят наведаў выхаванцаў Бялыніцкай спецыяльнай школы-інтэрната з падарункамі і віншаваннямі. Візіт стаў часткай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці".
У вялікім навагоднім свяце, падрыхтаваным дзецьмі і педагогамі школы-інтэрната, таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў. Казачны паказ з удзелам галоўных зімовых персанажаў - Дзеда Мароза і Снягурачкі - атрымаўся на славу. Хлопчыкі і дзяўчынкі танцавалі, вадзілі вясёлыя карагоды вакол прыгожа ўбранай ёлачкі і разам з гасцямі запальвалі на ёй рознакаляровыя агеньчыкі. Удзячныя гледачы сустракалі творчыя нумары шчырымі ўсмешкамі і гучнымі апладысментамі.
Дзмітрый Крутой падзякаваў дзецям і педагогам за цудоўнае выступленне, якое дазволіла акунуцца ў навагоднюю атмасферу. "Радасна бачыць вашы шчаслівыя ўсмешкі, - звярнуўся ён да прысутных. - Вы доўга рыхтаваліся, шмат рэпеціравалі, але ўсё роўна глядзіце гэты паказ як першы раз - шчыра ўсміхаецеся і радуецеся. І гэта асаблівасць дзяцей, бо менавіта яны чакаюць Новы год больш за ўсё. Для іх гэта свята звязана з сапраўдным цудам, радасцю і цікавымі падзеямі. І задача дарослых - гэта свята дзеткам забяспечыць".
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што некалькі дзён таму ў краіне стартавала штогадовая акцыя "Нашы дзеці". Яна нацэлена на тое, каб у гэтыя святочныя дні ніводнае дзіця ў Беларусі не заставалася без увагі. "Паверце, дарослыя таксама вельмі хвалююцца, калі едуць у дзіцячыя калектывы, сустракаюцца з дзецьмі і дораць ім падарункі, - прадоўжыў ён. - Для мяне ўдвая гэта хвалююча і прыемна, таму што я нарадзіўся ў Бялынічах. Таму я з вялікім задавальненнем прыняў запрашэнне прыехаць на гэта свята".
На ранішніку 16-гадовая Улада Корж іграе ролю клоўна-снегавічка. Разам з іншымі персанажамі яна танцуе пад вядомую песню "Звенит январская вьюга" са знакамітага савецкага кінафільма пра Івана Васільевіча. Нумар атрымаўся вельмі вясёлы і радасны. "Мы шмат рэпеціравалі, выступалі сёння з цудоўным настроем, - дзеліцца яна. - Надыход навагодніх свят ужо адчуваецца: на вуліцы выпаў снег, а ў нас у школе - госці з падарункамі і віншаваннямі, якім мы дорым радасць і весялосць".
Улада шчыра верыць у Дзеда Мароза, і ў гэтым годзе напісала яму аж два пісьмы, каб усё абавязкова збылося. Яна загадала спартыўны касцюм для танцаў і вялікі бьюці-бокс, паколькі кожная дзяўчына любіць прыгожа апранацца, рабіць макіяж і выглядаць эфектна.
Адна з галоўных роляў у навагоднім паказе дасталася 15-гадоваму Арцёму Клімянкову. Маленькі гномік у яго выкананні атрымаўся вельмі добрым і вясёлым. "Я шмат рыхтаваўся і рэпеціраваў, у адпаведнасці з сюжэтам казкі выходжу на сцэну першы, пачынаю ўпрыгожваць ёлку і клікаць на дапамогу іншых герояў, - дзеліцца ён. - Настрой у мяне добры, бо зусім хутка Новы год. Люблю гэта свята за ўсё добрае - прыбраную ёлачку, падарункі і весялосць. Дзед Мароз кожны раз здзяйсняе мае мары, у гэтым годзе папрасіў у яго плед, каб было ўтульна і цёпла спаць. Жадаю ўсім у гэта свята здароўя, удачы, поспехаў, каб спраўдзіліся запаветныя мары".
Дырэктар школы-інтэрната Аляксандр Мамчанка падкрэсліў, што дзеці заўсёды з нецярпеннем чакаюць зімовыя святы, прыезд доўгачаканых гасцей, падарункі і яркія ўражанні. Яны прадумваюць свае ўбранні, адказна рыхтуюцца да выступленняў, упрыгожваюць класы і калідоры, пішуць пісьмы Дзеду Марозу. Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што Каляды і Новы год - асаблівая пара цудаў і светлых надзей, а таксама веры ў здзяйсненне запаветных жаданняў і ўсё самае найлепшае.
"Акцыя "Нашы дзеці" добрая тым, што аб'ядноўвае ўсіх - дзяцей і дарослых, прадстаўнікоў дзяржаўных структур і проста неабыякавых жыхароў нашай краіны, - адзначыў ён. - Ніхто не застаецца ўбаку ў імкненні падарыць дзецям цеплыню, клопат і ўвагу. Гэта выклікае шчырую ўдзячнасць і сапраўдныя эмоцыі".
У час дзіцячага свята ганаровыя госці самі ператварыліся ў добрых чараўнікоў і прэзентавалі хлопчыкам і дзяўчынкам салодкія пачастункі. Важныя і патрэбныя падарункі былі перададзены самой школе ад Адміністрацыі Прэзідэнта - сертыфікат на набыццё трактара, сучасны мультыборд і кухоннае абсталяванне. Паводле слоў Аляксандра Мамчанкі, такія каштоўныя прэзенты стануць вялікай падмогай у навучальным і працоўным працэсах.
"У нас ёсць прышкольны ўчастак - узворваем каля 70 сотак, а таксама апрацоўваем амаль 1,7 га зямлі, што займаем у мясцовага сельгаспрадпрыемства, - растлумачыў ён. - Вырошчваем практычна ўсе культуры: цыбулю, часнок, кабачкі, гарбузы, моркву, буракі, бульбу, фасолю… У цяпліцы збіраем ураджай памідораў, вырошчваем перцы. Толькі бульбы ў бягучым годзе выкапалі і заклалі на захоўванне 18 т. Усё вырашчанае сваімі рукамі ідзе на агульны стол, дзеці ядуць гэта з задавальненнем. Ёсць у нас і пчальнік, дзе трымаем 16 пчоласем'яў. Дзеці вучацца даглядаць пчол і нават самі атрымліваюць мёд".