Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы
- 37
- 2
Пасяджэнне Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы прайшло 6 снежня ў Мінску пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі, Старшыні ВДС Аляксандра Лукашэнкі. Для ўдзелу ў мерапрыемстве ў Мінск прыбылі Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, вышэйшыя службовыя асобы і прадстаўнікі расійскага Урада.
Сімвалічна, што пасяджэнне адбылося напярэдадні 25-годдзя з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
"Сёння можна з упэўненасцю канстатаваць, што ў 1999 годзе наш разлік аказаўся правільным: толькі ў саюзнай "двойцы" мы найбольш поўна змаглі рэалізаваць увесь набыты вопыт і патэнцыял на прынцыпах узаемнага даверу і партнёрства", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, існуючыя двухбаковыя адносіны дэманструюць "моцную сілу ўзаемнага прыцягнення, якая грунтуецца на агульных мове і навукова-тэхнічнай школе, падобных ментальнасці і культурных традыцыях, агульнай гісторыі".
"Створаны ўнікальны сусветны вопыт: "дзве краіны - дзве эканомікі - адна эканамічная прастора". Гэты вопыт правераны часам і даказаў сваю слушнасць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага націску захаваны базавыя галіны эканомікі, не парушана фінансавая сістэма, беспрацоўе знаходзіцца на мінімальных значэннях, даходы і накапленні грамадзян растуць. Мы не проста выстаялі. Мы сталі мацнейшыя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прывёў толькі некалькі лічбаў эканамічнай статыстыкі. У параўнанні з 1999 годам, калі быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, у абедзвюх краінах значна вырас аб'ём ВУП: прыкладна ў 2,5 раза. Беларуска-расійскі тавараабарот таксама паступальна павялічваецца. У мінулым годзе ён дасягнуў амаль $55 млрд, а ў 2024-м пры ўмове захавання бягучых тэмпаў росту краіны разлічваюць выйсці прыкладна на $60 млрд.
"Але неабходна задаць сабе пытанне: ці ўсё мы прадугледзелі і зрабілі, каб такі прагрэс быў пастаянным і не зведваў ніякія ваганні? Для таго каб спраўляцца з усё новымі выклікамі, патрэбна скаардынаваная і адказная работа ўрадаў, усіх сектараў эканомікі. Паколькі з-за асаблівасцей бягучай сітуацыі нам даводзіцца вырашаць прынцыпова новыя задачы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт абазначыў некалькі стратэгічных напрамкаў далейшага развіцця інтэграцыйнага аб'яднання.
"Перш за ўсё неабходна зняць баласт праблем, вакол якіх мы топчамся не першы год ужо. Такія праблемы ёсць. Уладзімір Уладзіміравіч (Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. - Заўвага) учора на пасяджэнні ў Маскве сказаў: не трэба саромецца гаварыць аб тым, што не дапрацавалі - людзі зразумеюць. Лічу, што задача нумар адзін - рэалізацыя адзінай эканамічнай палітыкі і забеспячэнне роўнасці правоў грамадзян на нашай саюзнай прасторы. Нам пакуль не ўдалося выйсці на той узровень самадастатковасці і незалежнасці нашага аб'яднання, пры якім мы маглі б ажыццяўляць доўгатэрміновае планаванне свайго развіцця і былі б абаронены ад знешняй кан'юнктуры і розных выклікаў", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аб адзінай эканамічнай палітыцы
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, інструменты вырашэння гэтай задачы зразумелыя: скаардынаваная прамысловая палітыка, агульныя падыходы да забеспячэння харчовай бяспекі, адзіны энергетычны рынак, планамернае дасягненне тэхналагічнага суверэнітэту і рацыянальнае імпартазамяшчэнне. Важна таксама ліквідаваць перашкоды, што засталіся ў двухбаковым гандлі, падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мы пачалі ўжо рэалізацыю сумесных праектаў у такіх галінах, як мікраэлектроніка, станкабудаванне, авіябудаванне, суднабудаванне. Але пакуль рухаемся не зусім хутка. На сённяшні дзень рэалізуецца толькі 27 імпартазамяшчальных праектаў. Для аб'яднанага рынку Беларусі і Расіі, аб'ём якога ацэньваецца ў $2 трлн па сукупным ВУП, гэта лічба павінна быць, я думаю, у сотні разоў большая", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Выгаду ад такіх праектаў атрымаюць як у Беларусі, так і ў Расіі, перакананы кіраўнік дзяржавы. У абедзвюх краінах дзякуючы кааперацыі ствараюцца новыя рабочыя месцы, з'яўляецца новая інавацыйная прадукцыя.
Яшчэ адным істотным крокам у саюзным будаўніцтве стала фарміраванне аб'яднанага рынку электрычнай энергіі. "Для функцыянавання раўнапраўнага і справядлівага эканамічнага асяроддзя мы разлічваем на больш хуткі запуск аб'яднаных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Работа па гэтых напрамках у нас разгорнута", - сказаў Прэзідэнт.
Аб забеспячэнні роўнасці правоў грамадзян
Але што б ні ставілі на мэце Беларусь і Расія, будуючы Саюзную дзяржаву, яе асноўная мэтавая аўдыторыя - іх грамадзяне, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Тыя, хто верыць у нас, давярае нам, разлічвае на ўважлівае рэагаванне на іх патрэбы. Таму асобая тэма - забеспячэнне роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - За мінулую чвэрць стагоддзя шмат што вырашана ў пытаннях міграцыі, сацыяльна-працоўных адносін, аховы здароўя".
Так, адсутнічаюць абмежаванні на перамяшчэнне па тэрыторыі абедзвюх дзяржаў. Забяспечаны роўныя правы ў сферах працоўнай дзейнасці, прызнання працоўнага стажу і аховы працы. Урэгуляваны пытанні пенсійнага забеспячэння і сацстрахавання. Усім грамадзянам аказваецца хуткая і неадкладная медыцынская дапамога. Толькі ў 2023 годзе ў Беларусі атрымалі медыцынскую дапамогу амаль 60 тыс. грамадзян Расіі. Аказваецца падтрымка сем'ям з дзецьмі і асобным катэгорыям насельніцтва.
"І што нас вельмі радуе: на любыя святочныя дні і наогул Беларусь - самая прывабная краіна для турыстычных паездак такой гіганцкай краіны, як Расія, - сказаў Прэзідэнт. - Але яшчэ многае трэба зрабіць. Кожны чалавек павінен на справе, без абмежаванняў адчуць усе перавагі нашага саюза".
Аб транспарце і лагістыцы
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія экспартныя грузы пайшлі праз расійскія парты, што прынесла ўзаемную выгаду. З аднаго боку, гэта вырашыла задачу Беларусі па арганізацыі лагістыкі экспарту, з другога - дало істотную прыбаўку да прыбытку расійскіх кампаній.
"Але незадзейнічаных рэзерваў пакуль вельмі шмат. На чарзе - рэалізацыя праекта па Паўночным марскім шляху. Мы паспрабавалі ўжо транспартаваць грузы па гэтым шляху - атрымліваецца добра", - заявіў Прэзідэнт.
Расійскія партнёры таксама працуюць над пілотным праектам па стварэнні высакаскораснай чыгуначнай магістралі Масква - Санкт-Пецярбург. "Разлічваем на яе прадаўжэнне па маршруце Масква - Мінск. Вашу, Уладзімір Уладзіміравіч, заяву аб тым, што такая магістраль з Масквы праз Мінск да Брэста будзе, натхніла беларусаў, таму што вельмі шмат людзей перамяшчаецца з Мінска ў Маскву і нядаўна мы былі вымушаны яшчэ два паязды дабавіць", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аб ваенна-палітычнай бяспецы
"Само жыццё прымушае нас звяртаць асаблівую ўвагу на абараназдольнасць нашых дзяржаў. З падпісаннем Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы і міждзяржаўнага Дагавора аб гарантыях бяспекі мы выходзім на беспрэцэдэнтны ўзровень стратэгічнага саюзніцтва і каардынацыі дзеянняў у ваеннай сферы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць не дапусціць парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі і Расіі, захаваць суверэнітэт і незалежнасць, а галоўнае - сфарміраваць гарантыі мірнага жыцця для грамадзян абедзвюх краін.
"Толькі наш намер падпісаць гэты дагавор вельмі ўзрушыў нашых, як вы гаворыце, "партнёраў" на Захадзе. Гэта, напэўна, нядрэнна: яны гэта заўважылі", - сказаў Прэзідэнт.
Аб планаванні і пераразмеркаванні працоўных рэсурсаў
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што кожны год расійскі рынак працы прываблівае значную колькасць беларусаў, што азначае няхватку рабочых рук у самой рэспубліцы.
"Тая ж праблема, што і ў Расіі. Нам патрэбна ўзгодненая палітыка ў гэтай галіне і дзейсныя прававыя механізмы, якія ўлічваюць інтарэсы абодвух бакоў", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што на парадку дня Саюзнай дзяржавы заўсёды прысутнічаюць асаблівыя, свяшчэнныя тэмы. У маі 2025 года беларусы і расіяне разам з іншымі народамі былога СССР, з тымі, хто падзяляе гэтыя каштоўнасці, адзначаць 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
"Гэта важнейшая памятная дата для нашых людзей, звязаных агульнай гісторыяй, блізкіх духоўна і культурна. Гэтак жа, як і нашы продкі 80 гадоў таму, 9 Мая мы разам на Краснай плошчы ўспомнім ахвяр той страшнай вайны і адзначым важную гадавіну гістарычнай Перамогі савецкага народа над фашызмам", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што парадак дня цяперашняга пасяджэння, як заўсёды, насычаны. У ім канкрэтныя пытанні, якія хвалююць жыхароў абедзвюх краін, даюць магчымасць палепшыць умовы функцыянавання эканомік і ўмацаваць бяспеку Беларусі і Расіі.
У сваім выступленні Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што інтэграцыя на справе прыносіць адчувальную карысць грамадзянам Беларусі і Расіі. "Гэта пераканаўча сведчыць аб правільнасці выбранага намі стратэгічнага курсу на ўсёабдымнае супрацоўніцтва і фарміраванне адзінай эканамічнай, гуманітарнай, абароннай прасторы Расіі і Рэспублікі Беларусь", - заявіў расійскі лідар.
Ён адзначыў, што за чвэрць стагоддзя з моманту падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расія і Беларусь сумесна правялі сапраўды маштабную работу. "Маючы на ўвазе ў першую чаргу паглыбленне інтэграцыі ў сацыяльна-эканамічнай, гуманітарнай сферах, уніфікацыю заканадаўства дзвюх краін, а таксама прынятыя меры па надзейным забеспячэнні агульнай абароны і бяспекі", - пералічыў Прэзідэнт Расіі.
"Галоўнае, што расійска-беларускія адносіны саюзніцтва, стратэгічнага партнёрства выбудоўваюцца на непахісных прынцыпах дружбы і добрасуседства, узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго. Нашы краіны і народы аб'ядноўвае агульная гісторыя, сямейныя і сваяцкія вузы, што склаліся паміж многімі расіянамі і беларусамі, прыхільнасць да адных і тых жа маральных і духоўных каштоўнасцей", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
Ён таксама канстатаваў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы актыўна развіваюцца гандаль і інвестыцыйныя абмены, пашыраюцца шматпланавыя дзелавыя кантакты і кааперацыйныя сувязі, ствараюцца ўмовы для ўстойлівага росту эканомік дзвюх краін. Актыўна развіваецца і супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Беларусь і Расія таксама падзяляюць погляды на сітуацыю ў рэгіёне і свеце, паслядоўна падтрымліваюць адна адну ў міжнародных справах.
Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ў Мінску Беларусь і Расія прынялі важныя рашэнні ў розных галінах.
Былі разгледжаны два значныя дакументы ў сферы бяспекі. Беларусь і Расія заключылі міждзяржаўны Дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі дзвюх дзяржаў - Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Таксама зацверджана Канцэпцыя бяспекі Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, лідары дзвюх краін падпісалі міждзяржаўны дагавор, які прадугледжвае паэтапнае фарміраванне з будучага года аб'яднанага рынку электраэнергіі СД. Прыняты рашэнні, якія датычацца адзіных правіл абароны правоў спажыўцоў у СД, мер па процідзеянні незаконнаму імпарту тавараў на тэрыторыю СД, а таксама па ўстанаўленні камфортных тарыфаў для карыстання паслугамі сувязі і перадачы даных на тэрыторыі СД, што павінны пачаць дзейнічаць з 1 сакавіка 2025 года. Да важнай юбілейнай даты, якая адзначаецца ў 2025 годзе - 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, - прыняты план мерапрыемстваў, якія пройдуць на тэрыторыях Беларусі і Расіі.
Адбылася таксама цырымонія спецыяльнага гашэння паштовых блокаў да 25-годдзя з дня падпісання Дагавора аб Саюзнай дзяржаве (8 снежня 1999 года). У ёй прынялі ўдзел прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі вышэйшыя службовыя асобы абедзвюх краін.
Пасля цырымоніі падпісання дакументаў Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы "ў сувязі з усталяванымі добрымі, братэрскімі адносінамі" ўзняць яшчэ адно пытанне. Яно, паводле слоў беларускага лідара, на самім пасяджэнні ВДС не абмяркоўвалася, але гэту тэму Прэзідэнт закрануў у час нядаўняга саміту АДКБ у Астане.
"Пытанне вельмі сур'ёзнае, і лепш няхай гэта будзе адкрыта, чым потым будуць розныя канспіралагічныя падыходы, як і праблемы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь вельмі непакоіць сітуацыя ў Заходняй Еўропе, асабліва паблізу беларускіх граніц з боку Польшчы і Літвы. "Мы ацэньваем гэта як небяспеку яшчэ большую, чым з боку ваюючай Украіны", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў непасрэднай блізкасці ад беларускай граніцы размяшчаюцца войскі Польшчы, Літвы, туды сцягваюцца ўзброеныя сілы НАТА з іншых дзяржаў, у тым ліку з Германіі. "Інакш кажучы, сітуацыя вельмі напружаная. Польшча траціць вялікія рэсурсы на ўзбраенне сваёй арміі. Калі яны хочуць у міры з намі жыць, як яны заяўляюць, навошта тады траціць мільярды долараў на ўзбраенне? - рытарычна запытаў Аляксандр Лукашэнка. - Словам, нас гэта вельмі насцярожвае. І гэта пагроза ўжо нашай сумеснай групоўцы (Саюзнай дзяржавы. - Заўвага)".
У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуўся да Уладзіміра Пуціна: "Я хачу публічна папрасіць вас, каб новыя сістэмы ўзбраення, і перш за ўсё "Арэшнік", былі размешчаны на тэрыторыі Беларусі. Гэта сур'ёзна супакоіла б некаторых, якія ўжо гатовы ваяваць супраць Беларусі".
На яго думку, такое размяшчэнне мэтазгодна і ў рамках прынятых нядаўна Канцэпцыі бяспекі і Дагавора аб гарантыях бяспекі ў СД. "У нас ёсць пэўныя месцы, дзе мы можам размясціць гэту зброю. З адной толькі ўмовай - што цэлі для гэтай зброі будуць вызначацца ваенна-палітычным кіраўніцтвам Беларусі. А пакуль вы нас навучыце карыстацца гэтай зброяй, калі гэта будзе зроблена (будзе прынята станоўчае рашэнне па размяшчэнні ў Беларусі. - Заўвага), каб спецыялісты Расійскай Федэрацыі абслугоўвалі і ажыццяўлялі пускі па вызначаных цэлях баявымі зарадамі "Арэшніка". Вы гэта ўмееце рабіць, вы гэта прадэманстравалі нядаўна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што гэта значна ўзмацніла б абарону Саюзнай дзяржавы і, вядома, беларускай тэрыторыі. "Нас папракаюць: ядзерная зброя, ядзерная зброя - размясцілі і гэтак далей. Гэта ("Арэшнік". - Заўвага) не ядзерная зброя, але вельмі эфектыўная, - заўважыў беларускі лідар. - Яшчэ раз прашу вас разгледзець. Гэта была б добрая падтрымка не толькі маёй просьбы, але і беларускага народа".
Уладзімір Пуцін у сваю чаргу нагадаў, што па выніках пасяджэння быў падпісаны дагавор аб гарантыях бяспекі. Гэты дакумент вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны Беларусі і Расіі з прымяненнем усіх існуючых сіл і сродкаў. "Менавіта таму мы пайшлі на тое, каб задаволіць запыт Рэспублікі Беларусь у размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Паводле слоў расійскага лідара, такія найноўшыя ракетныя сістэмы, як "Арэшнік", не маюць аналагаў у свеце. "Па дзвюх прычынах. Па-першае, гэта, у адрозненне ад зброі масавага знішчэння, высокадакладная зброя, яна б'е не па плошчах і дабіваецца рэзультату не за кошт сваёй магутнасці, а за кошт дакладнасці. Другое - у выпадку групавога прымянення аднаго, двух, трох комплексаў па сіле ўдару яна з'яўляецца такой жа, як ядзерная, але не заражае мясцовасць, не мае ніякіх радыяцыйных наступстваў, паколькі няма ніякага ядзернага кампанента ў баявой частцы гэтых ракет", - растлумачыў Уладзімір Пуцін.
"Лічу размяшчэнне такіх комплексаў, як "Арэшнік", на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь магчымым. Гэта стане магчымым, думаю, у другой палавіне наступнага года: па меры нарошчвання серыйнага выпуску такіх комплексаў у Расіі і па меры паступлення гэтых ракетных сістэм на ўзбраенне расійскіх войскаў стратэгічнага прызначэння. Гэтыя комплексы будуць паступаць на ўзбраенне ў РВСП (ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння. - Заўвага) Расіі і паралельна пачнём іх размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі, - заявіў расійскі Прэзідэнт. - І, вядома, тут ёсць шэраг тэхнічных пытанняў, якія павінны быць вырашаны спецыялістамі, а менавіта вызначэнне мінімальнай далёкасці з улікам прыярытэтаў забеспячэння бяспекі Рэспублікі Беларусь".
"Тут спецыялісты павінны папрацаваць, але, думаю, што такія магчымасці ёсць. З улікам таго, што на гэта спатрэбяцца мінімальныя затраты: у Беларусі засталіся пэўныя інфраструктурныя магчымасці яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Таму размяшчэнне такіх комплексаў у Беларусі будзе звязана з мінімальнымі затратамі на падрыхтоўку інфраструктуры. І, зразумела, нягледзячы на тое, што яны будуць уваходзіць у комплекс РВСП Расіі, тым не менш вызначэнне аб'ектаў паражэння на тэрыторыі верагоднага праціўніка, безумоўна, будзе заставацца за ваенна-палітычным кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь. Гэта відавочна, я лічу", - сказаў расійскі лідар.
Гэтыя пытанні, паводле яго слоў, будуць абмеркаваны ў рабочым рэжыме. "Магу толькі адразу сказаць (спецыялісты гэта добра разумеюць): чым меншая далёкасць, тым большая моц баявой часткі", - дадаў Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго вельмі задавольвае такі адказ. "Я скарыстаўся нашым сяброўствам у тым плане, што калі хочаце ад Пуціна нешта атрымаць, дабіцеся, каб ён публічна нешта паабяцаў", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Пасля завяршэння пасяджэння ВДС Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прадоўжылі размову ўжо ў нефармальным ключы ў дамашняй абстаноўцы.