Сустрэча з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым

  • 6
  • 3:46

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 снежня сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым.

"25 гадоў мы спрабуем стварыць Саюзную дзяржаву. Многія напрамкі былі вызначаны, нешта своечасова не зрабілі, але нямала зроблена. Зразумела, што без размовы на гэту тэму заўтра на Вышэйшым дзяржсавеце кіраўніцтва Расіі і Беларусі мы не абыдземся. Нейкім чынам мы гэту праблему будзем вылучаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы пройдзе ў Мінску 6 снежня пад старшынствам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Старшыні ВДС Аляксандра Лукашэнкі.

Удзел у пасяджэнні прымуць Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, кіраўнікі ўрадаў Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусцін, кіраўнікі палат парламентаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі Валянціна Мацвіенка, Наталля Качанава, Вячаслаў Валодзін і Ігар Сергяенка, якія ўваходзяць у склад Вышэйшага дзяржсавета.

Пасяджэнне пройдзе напярэдадні 25-годдзя з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Яго ўдзельнікі разгледзяць ход выканання Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады, падрыхтаваную Канцэпцыю бяспекі Саюзнай дзяржавы.

На пасяджэнні ВДС будзе разгледжаны і шэраг іншых пытанняў у розных сферах, якія маюць важнае значэнне як непасрэдна для жыцця грамадзян, так і работы галін эканомікі ў Саюзнай дзяржаве. Размова пойдзе аб фарміраванні аб'яднанага рынку электрычнай энергіі, адмене роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве. На парадку дня таксама пытанні, якія датычацца абароны правоў спажыўцоў, процідзеяння незаконнаму імпарту тавараў на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Будзе разгледжана пытанне аб арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў па святкаванні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Дзмітрыем Мезенцавым парадак дня пасяджэння. "Хацелася б ведаць, якія пытанні і ці ёсць якія-небудзь праблемы па парадку дня. Я пазаўчора размаўляў з Уладзімірам Уладзіміравічам (якраз, напэўна, перад сустрэчай у Вас з ім) - у нас там шмат было пытанняў і іншых, але я яшчэ раз яго запрасіў у Мінск і сказаў, што мы з Вамі падрыхтуем як след пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета. Таму трэба яшчэ раз прайсціся па парадку дня і ўдакладніць некаторыя пытанні", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца нашай работы, я ўжо сказаў, што нямала зроблена, асабліва ў галіне правоў чалавека, роўных правоў нашых грамадзян, Расіі і Беларусі. Але думаю, што трэба недзе нам смялей ісці ў гэтым напрамку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што эканоміка - фундамент любых адносін. "У нас ёсць шэраг фундаментальных пытанняў, якія мы павінны, напэўна, у будучым годзе ўжо вырашыць разам з Расіяй. Ужо многае зроблена ў гэтым напрамку, прапрацаваны гэтыя пытанні. Трэба прымаць рашэнне. Але калі прынялі ўжо рашэнне, то трэба выконваць аператыўна. Ніякай бюракратычнай валакіты быць не павінна. І потым, калі прынялі рашэнне, непаразуменняў ніякіх не павінна быць. Мы абмяркуем і з Уладзімірам Уладзіміравічам заўтра, і сёння, калі ёсць неабходнасць, такія пытанні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Парадак дня шырокі, пытанні падрыхтаваны, але, магчыма, ёсць нейкія нюансы, таму давайце абмяркуем іх сёння".

Дзмітрый Мезенцаў у сваю чаргу на сустрэчы адзначыў: "Акцэнт у саюзным будаўніцтве павінен рабіцца на ўзаемавыгадным узаемадзеянні ў сферы эканомікі. Дзякуючы пазіцыі Вашай асабістай, Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна цяпер у кампетэнцыі ўрадаў парадак дня па гуманітарных напрамках: адукацыя, культура, спорт, усё больш увагі ўдзяляецца турыстычным кластарам".