Даклад Старшыні праўлення Нацбанка Паўла Калаура і памочніка Прэзідэнта па пытаннях развіцця фінансава-крэдытнай сістэмы Валерыя Бельскага
- 10
- 3:41
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 студзеня прыняў з дакладам Старшыню праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура і памочніка Прэзідэнта па пытаннях развіцця фінансава-крэдытнай сістэмы Валерыя Бельскага.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў паспяховую работу банкаўскай сферы краіны па выніках 2021 года. "Мы, як і дамаўляліся, публічна не абмяркоўвалі доўгі час пытанні фінансаў, крэдытна-фінансавай сферы, усё, што звязана з грашамі. Гэта, напэўна, правільна. Грошы любяць, як вы, банкіры, падкрэсліваеце заўсёды, цішыню. Сённяшняя наша размова абсалютна не звязана з нейкімі праблемамі. Хутчэй, наадварот. У мінулым годзе вы малайцы проста, спрацавалі нядрэнна, уся банкаўская сістэма. Але трэба аддаць належнае і эканоміцы. Эканоміка працавала", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, канстатаваў, што прафіцыт знешняга гандлю па выніках мінулага года склаў $4 млрд. "Таму эканоміка спрацавала, дзякуй богу. У нас усе магчымасці ёсць і ў гэтым годзе выконваць узятыя абавязацельствы і тыя параметры, якія былі вызначаны Усебеларускім народным сходам і намі канкрэтызаваны на гэты год. Мы ж свядома іх прымалі - рост эканомікі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўная задача Нацыянальнага банка і Урада - выкананне намечаных планаў у сферы эканамічнага развіцця краіны.
"Ніякага націску празмернага не будзе ні на вас, ні на памочніка, які займаецца гэтымі пытаннямі, ні Урад. Проста публічна, каб людзі ведалі, хачу вас папярэдзіць і Урад: тое, што мы намецілі - ВУП і іншыя паказчыкі (стабільнасць павінна быць забяспечана, людзі не павінны перажываць) - гэта святое. Не дай бог гэта не будзе выканана. Галоўнае, як вы толькі што прызналі абодва, гэта эканоміка. Усё астатняе другараднае", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Прэм'ер-міністра, кіраўніка банкаўскай сістэмы ёсць усе неабходныя рычагі. "Яшчэ пры назначэнні гэтыя рычагі былі вам перададзены. Прымайце любыя меры. Як я сказаў па ахове здароўя: што хочаце рабіце ў ахове здароўя - лячыце - не лячыце, мацайце, гладзьце, рэжце, адразайце, што хочаце рабіце, - але захавайце жыццё людзей. Гэтак жа і вам у эканоміцы. Вы і Галоўчанка (Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага) і падпарадкаваныя вам структуры. За вами (Валерыем Бельскім. - Заўвага) кантроль", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што па ўсіх пытаннях ёсць выразныя дамоўленасці, а таму як Урад, так і Нацбанк павінны дзейнічаць у адзіным ключы. "Гэтыя размовы - вось, ва Урада ёсць свае паказчыкі, а ў банкаўскай сферы свае: ах бы там інфляцыя, не інфляцыя... Мы па ўсіх пытаннях дамовіліся. І па інфляцыі ў нас паказчыкі ў рамках 6% (у адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2022 год. - Заўвага), і па ВУП, і эканоміка. Усё вызначана. Гэта павінна няўхільна выконвацца. І ўсякія спрэчкі, Валерый Іванавіч, наконт таго, колькі ў нас грашовай масы, які курс рубля, - гэта там, ва Урадзе, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Вось два кіты (кіраўнікі Урада і Нацбанка. - Заўвага), вы трэці. Сядайце, абмяркоўвайце, прымайце меры, але жалезабетонна павінна быць выканана. Не будзе выканана..."
Прэзідэнт растлумачыў, чаму так строга ставіць пытанне: "Таму што вельмі шмат размаўляем апошнім часам, адзін аднаго ўгаворваем наконт выканальніцкай дысцыпліны, яшчэ нейкіх пытанняў, а калі прыйдзем да фінішу, пачынаем шукаць апраўданне. Гэтага быць не павінна".
"Таму хацелася б пачуць сёння не столькі аб сітуацыі на фінансавым рынку (хоць у двух словах - я не выключаю), а аб тым, як будзе працаваць эканоміка. Усё астатняе нам вядома. Калі ёсць нейкія іншыя пытанні, звязаныя з праблемамі санкцыйнага націску, таму што вам таксама даводзіцца нямага зведваць гэтага націску, я думаю, вы аб гэтым скажаце", - дадаў беларускі лідар.