Пасяджэнне Савета Бяспекі
- 17
- 10:46
Праект абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі 20 лютага быў вынесены на пасяджэнне Савета Бяспекі на чале з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прыняты ў 2010 годзе дакумент не страціў сваёй актуальнасці. Больш таго, выбудаваная ў адпаведнасці з яго палажэннямі сістэма нацыянальнай бяспекі прадэманстравала сваю эфектыўнасць у тым ліку ў самы востры перыяд знешняга націску на Беларусь.
"Апрабаваны на многіх краінах механізм так званага палітычнага тэрарызму ў свой час тут не спрацаваў. І сёння мы цалкам адэкватна рэагуем на чарговыя кінутыя нам выклікі - правакацыі, санкцыі, палітычныя ўльтыматумы і іншае. Але ўсе выпрабаванні - гэта перш за ўсё вопыт. А вопыт - гэта бясцэнны матэрыял для распрацоўкі стратэгіі далейшага развіцця. Адаптацыя Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі пад рэаліі сённяшняга дня - цалкам лагічны і вельмі своечасовы крок", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў сучасны міжнародны парадак дня вярнуліся элементы "халоднай вайны" - гонка ўзбраенняў і ядзерны шантаж з боку лідараў асобных заходніх дзяржаў.
"Відавочны рост пагроз агрэсіўнага нацыяналізму і экстрэмізму ў розных формах іх праяўлення. Узнімае галаву ідэалогія неафашызму. Не зніжаюцца рызыкі распаўсюджвання наркотыкаў, гандлю людзьмі, нелегальнай міграцыі, якія таксама выкарыстоўваюцца для дасягнення палітычных мэт. Тэндэнцыя да глабальнай культурнай уніфікацыі, у тым ліку пад нетрадыцыйныя з'явы, ставіць пад пагрозу аснову асноў нацыянальнай дзяржавы - нашы маральныя прынцыпы, спрадвечныя каштоўнасці, гістарычную памяць", - сказаў Прэзідэнт.
Гэта адбываецца на фоне збяднення экасістэмы, няхваткі рэсурсаў, глабальнага змянення клімату, росту нагрузкі на навакольнае асяроддзе, дэмаграфічнага крызісу, небяспекі новай хвалі розных пандэмій.
"Усе гэтыя пагрозы ўзніклі не ўчора. Геапалітычны інтарэс да Беларусі з боку заходняга гегемона - гісторыя не аднаго стагоддзя. Але тэхналогіі і метады вядзення гібрыдных войнаў пастаянна ўдасканальваюцца. А мы павінны глядзець яшчэ далей і працаваць на апярэджанне", - заявіў беларускі лідар.
Ён нагадаў, што даручэнне мадэрнізаваць Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі было дадзена ім на VI Усебеларускім народным сходзе.
"Як дакладвае Дзяржсакратарыят, праект гэтага дакумента гатовы. Нам трэба будзе ацаніць, наколькі ён адпавядае абстаноўцы, якая складваецца ў свеце і вакол нашай краіны. Ці сувымерная прапанаваная сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі з новымі рызыкамі, выклікамі і пагрозамі?" - абазначыў тэму для абмеркавання Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка паставіў перад удзельнікамі пасяджэння некалькі галоўных пытанняў.
Па-першае, ён пацікавіўся, якія новыя пагрозы нацыянальнай бяспецы і іх крыніцы абазначаны ў праекце канцэпцыі, а таксама якія новыя палажэнні ўключаны: "Галоўнае: ці забяспечана пераемнасць асноўных прынцыпаў палітыкі дзяржавы ў сферы нацыянальнай бяспекі?"
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім фундаментальным патрабаванні да любых пераўтварэнняў - не ламаць, а ўдасканальваць.
Па-другое, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў лютым мінулага года прайшоў рэферэндум, на якім была прынята абноўленая Канстытуцыя. У Асноўны Закон уключаны пералік найважнейшых для беларускага грамадства палажэнняў. "Якім чынам яны адлюстраваны ў канцэпцыі і якое развіццё пры гэтым атрымалі?" - запатрабаваў далажыць Кіраўнік дзяржавы.
Па-трэцяе, за мінулы перыяд у Беларусі як незалежнай, суверэннай дзяржавы ўзніклі новыя нацыянальныя інтарэсы. "Яны таксама патрабуюць канцэптуальнага замацавання ў сістэме забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Наколькі поўна і аб'ектыўна гэтыя інтарэсы адлюстраваны ў канцэпцыі? Ці прадугледжаны дадатковыя меры па іх абароне?" - спытаў Прэзідэнт.
Па-чацвёртае, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў адрозненне ад шэрага краін, у тым ліку постсавецкай прасторы, дзе такія дакументы маюць закрыты характар, у Беларусі дамовіліся, што нічога ўтойваць не будуць. "Гэта маё прынцыповае патрабаванне вы таксама ведаеце. Мы адкрыта павінны заявіць аб прыярытэтах, паказаць сусветнай супольнасці транспарэнтнасць нашай палітыкі, надзейнасць Беларусі як адказнага партнёра. Але нашы партнёры пры гэтым павінны ведаць, што беларуская міралюбнасць не сінонім ахвярнасці. У выпадку любой агрэсіі, як я ўжо не раз гаварыў, адказ будзе хуткім, жорсткім і адэкватным. Ці адлюстроўваюць новыя палажэнні канцэпцыі гэту светапоглядную пазіцыю беларусаў, якія даўно вычарпалі ліміт войнаў і рэвалюцый?" - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на тым, што гэты дакумент павінен быць адкрытым і зразумелым: "Неабходна дакладна абазначыць, якія выклікі для Беларусі мы бачым і як плануем ажыццявіць сваю бяспеку. Ці ўдалося вырашыць гэту задачу? Як праходзіць работа па грамадскім абмеркаванні канцэпцыі? Далучалася навуковая, экспертная супольнасць да яе распрацоўкі ці гэта кабінетны дакумент, чаго быць не павінна?"
Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што цяпер зацвярджэнне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі як аднаго з найважнейшых дакументаў у жыцці краіны з'яўляецца адным з асноўных паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу. "Таму распрацаваны дакумент павінен быць гатовы да першага склікання яго дэлегатаў ужо ў новым канстытуцыйным статусе. Гэта значыць, на першым пасяджэнні УНС мы ўнясём для абмеркавання і зацвярджэння гэты дакумент. І калі дэлегаты Усебеларускага народнага сходу падтрымаюць яго, ён уступіць у сілу", - сказаў беларускі лідар.
Адным з дакументаў, вынесеных на разгляд, стаў праект Закона "Аб народным апалчэнні". Каб не было інфармацыйных спекуляцый на гэту тэму, Аляксандр Лукашэнка адразу растлумачыў: "У нашай дзяржаве выбудавана эфектыўная сістэма абароны дзяржавы. Яе аснова - Узброеныя Сілы. Менавіта яны вырашаюць найбольш важныя задачы, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўсіх намаганняў дзяржавы па яе абароне".
У той жа час, звярнуў увагу Прэзідэнт, барацьба са злачыннасцю, ахова грамадскага парадку і грамадская бяспека - сфера кампетэнцый органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў і ў мірны, і ў ваенны час. Для забеспячэння спакойнага функцыянавання дзяржаўных органаў і арганізацый, аб'ектаў эканомікі, інфраструктуры Беларусі ва ўмовах ваеннага часу створаны тэрытарыяльныя войскі. Іншыя сілавыя органы ў рамках кампетэнцыі вырашаюць таксама задачы па забеспячэнні абароны дзяржавы, адзначыў беларускі лідар.
"Але сітуацыя няпростая. Я ўжо не раз гаварыў: кожны мужчына (ды і не толькі мужчына) павінен умець, як мінімум, абыходзіцца са зброяй. Хаця б для таго, каб у выпадку неабходнасці абараніць сваю сям'ю, свой дом, родны куток зямлі і, калі спатрэбіцца, краіну, без якой не будзе ні кутка, ні дома, нічога іншага. Многія гэта разумеюць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што раней ён паставіў задачу Міністэрству абароны сумесна з Міністэрствам унутраных спраў прапрацаваць пытанне стварэння народнага апалчэння. Праект адпаведнага Закона быў падрыхтаваны і вынесены на разгляд пасяджэння Савета Бяспекі. Акрамя таго, як дакладвалі раней Прэзідэнту, была праведзена апрабацыя на практыцы арганізацыі народнага апалчэння - быў створаны адзін з яго галоўных элементаў. Гэты вопыт таксама стане тэмай абмеркавання на пасяджэнні Савета Бяспекі, уключаючы пытанні колькасці і дзеянняў народнага апалчэння па выкананні пастаўленых перад ім задач.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем удзельнікаў пасяджэння адносна абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Усе дзяржорганы і ведамствы падтрымалі прапанаваныя змяненні. Цяпер дакумент будзе абмяркоўвацца ў грамадстве: на дыялогавых пляцоўках, у працоўных калектывах. Прапановы грамадзян таксама будуць улічвацца пры яго дапрацоўцы.
Што датычыцца законапраекта аб народным апалчэнні, удзельнікі пасяджэння Савета Бяспекі адобрылі аснову дакумента. Разам з тым Прэзідэнт даручыў яшчэ раз абмеркаваць і дапрацаваць гэты дакумент з усімі структурамі, каб пазбегнуць бюракратыі і прававых калізій. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асноўныя паўнамоцтвы па фарміраванні народнага апалчэння павінны быць у мясцовай вертыкалі ўлады, рэгуляваць яго дзейнасць будуць старшыні аблвыканкамаў.